РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Радаўніца
 
(Радуніца, Радуніцкія дзяды)
Язычніцкае веснавое свята ўсходніх славян, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Памінальны абрад адбываўся непасрэдна на могілках у аўторак на “правады” (паслявелікодны тыдзень). На Р. кожная сям’я ішла памінаць родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі, дзе прыводзілі ў парадак магілы блізкіх. Расцілалі на насыпе абрус і пачыналі памінальную трапезу, якая нагадвала стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куццю, мяса і інш.) і гарэлкі пакідалі “для мёртвых”. У размовах успаміналі нябожчыкаў, часта гучалі галашэнні. Рэшту памінальных страў раздавалі жабракам. Правядзенне Р. заканчвалася застоллем дома ці ў карчме. (Казалі: “На Р. да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць”). У некаторых мясцінах Палесся Р. падмянялася т. зв. “наўскім вялікаднем” (праваслаўная царква звязвала з Р. свята ўваскрэсення Хрыстовага), які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня. На У Беларусі функцыю Р. выконвалі летнія (траецкія) дзяды. З днём правядзення Р. звязваліся разнастайныя народныя назіранні і павер’і. Калі яе прыход супадаў з маладзіком – чакалі добрага ўраджаю, калі ж месяц быў у апошняй квадры – прадказвалі няшчымніцу. На Р., якая мела назву “вялікадня мёртвых”, не пажадана было нічога садзіць і сеяць. Правядзенне абрадавых рытуалаў на Р. калісьці накіроўвалася на тое, каб задобрыць душы продкаў, заслужыць іх садзеянне ў жыцці і гаспадарцы. Трывалае існаванне Р. і ў наш час тлумачыцца душэўнай патрэбай жывых ушанаваць памяць памерлых.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.