РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Начніца
 
(Начніцы)
Міфічная істота, у якую пасля сваёй смерці ператворана жанчына, што ніколі не мела дзяцей праз шальмоўства альбо праклятая людзьмі, таксама персаніфікацыя адпаведнай дзіцячай хваробы. Н., залазячы ў калыску ці пад калыску, не дае дзецям спаць, казыча іх, дакучае, з-за чаго дзіця плача ўсю ноч. Н. дае ссаць свае грудзі, у якіх замест малака атрута, і ў выніку дзіця хварэе, пакутуе і пры незнаходжанні лячэння памірае. У якасці абярэгу ад Н. рабіліся лялькі з ануч, расстаўляючы якія на кожным акне, казалі: “Глядзеце, лялечкі, каб мой маленькі спаў!” Ад гэтага Н. павмнны мінуцца. На Лоеўшчыне лічылі, каб засцерагчы дзіця ад Н., трэба абавязкова спяваць. Сцвярджалася таксама, што Н., як настане ноч, лазяць па птушыных гнёздах, выпіваюць яйкі і ядуць птушанятак.
 
На Случчыне верылі, што найбольшы разгул Н. – лета, момант максімальнага росквіту ўсёй расліннасці, што паказвае на іх пэўную сувязь з вегатыўнымі сіламі і родніць з русалкамі. Час іх з’яўлення – ад заходу сонца і да першых азнакаў світанку. Свае ігрышчы голыя Н. у выглядзе маладых дзяўчат ладзяць на глухіх лясных азёрах, суправаджаючы іх шалёным піскам і рогатам. Пры гэтым над возерам сцелецца густы туман. З надыходам дня хаваюцца ў вадзе.
 
Вобраз Н. багата якімі рысамі судачыняецца з вобразамі гэткіх жаночых персанажаў, як Лаўма (параўн. літ. Фразеалагізм laume periasi “лаўмэ парыцца” пра туман надвадой). Магчыма, Н. звязаныя з адной з версій т. зв. “асноўнага міфа” (паводле Вяч. Ус. Іванава і У. М. Тапарова), што, аднак, патрабуе больш дакладнай аргументацыі.
Глядзіце таксама: Паўночнікі
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.