РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падвей
Шкадлівы вецер, верагодна тое, што і віхор; хвароба, выкліканая гэтым ветрам, “ветравое ліха”. Сваім нападам ён можа скруціць чалавеку галаву, руку ці нагу, адняць мову. П. можа быць самародны ці насланы: “Падвейно, вражэ чалавечэ, [ з ] чаго ж ты збуяўся: ці ты з ветру, ці ты з пяску, ці ты з вады, ці ты з агню, ці ты насланы?” Лічылася, што благі вецер можа наслаць чараўнік, але і кожны чалавек мог выклікаць вецер у спякотны дзень на полі рэзкім свістам, толькі рабіць гэта было небяспечна, можна было наклікаць віхор. П. у замове “Ад падвею” называецца “нячыцстым нячысцікам”, паганцам: “Ты з паганага ўмываўся, та паганым запаразаўся”. П. разганяюць па полі тры браты і тры сястры, яго вылечвае (выганяе) Прачыстая ці сам Хрыстос: “… Ісус Хрыстос сядзіць, із дзвюх чашэй мёд – віно пералівае, а із трэцяй падвей выганяе”. Падвею супрацьпастаўляецца “вецер ціхі”. Да яго звяртаюцца, каб забраў назад “ветравое ліха”, дадзенае чалавеку. Анёлы таксама ўяўляюцца абаронцамі людзей, яны адбіваюць “усіх наглых урагоў і злыя ветры – падвеі, буры злыя”. У замовах ад падвею гаворыцца пра 12 вятроў, альбо 12 віхроў, хоць, магчыма, гэтая сакральная лічба не адпавядала колькасці рэальных разнавіднасцяў вятроў, з якіх вядомы П., віхор, буйны вецер, ціхі вецер, бура, вея. Апошняя назва звязаная з моцным зімовым ветрам, які гоніць, правявае снег. Шкоднай вея не лічыцца, хоць і замятае ўсе сцежкі – дарожкі. Створаны Максімам Багдановічам вобраз П., ветру, што гуляе ў заснежаным полі, больш стасуецца да веі, бо П. – найперш шкадлівы, хваробатворны павеў ветру, незалежны ад пары года і іншых абставін. Каб засцерагчыся ад віхору, трэба паказаць яму такі пашыраны абярэг, як кукіш, і ўзлаваны П. прімчыць міма, не закрануўшы чалавека. П., як і іншыя паветраныя персанажы (напрыклад, Змей), меў і надзвычай выразную эратычна – сексуальную функцыю. Так, герой беларускай чарадзейнай казкі асілак Іван Падвей нарадзіўся ў царэўны – прыгажуні “ад падвею” – скразняку.
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.