РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рай2
 
(Раёк)
Вобраз пераважна жнiўных песняў; мiфiчная iстота, надзеленая антрапаморфнымi рысамi: ён можа хадзiць («Хадзiў Раю па вулiцы»), пытацца дарогi, размаўляць, «жнейкам яйкi даваць, канчаць жыта жаць запрашаць». Р. як мiфiчная iстота ў сваiх функцыях непасрэдна судачыняецца з апошнiмi каласамi (якiя таксама могуць мець найменне Р.) з iх асноўным прызначэннем забяспечыць плён налета. Менавiта гэтага чакаюць, патрабуюць ад Р. Як паведамляе Ч. Пяткевiч, Р. — гэта «дэман», якi клапоцiцца пра зжатае збожжа, у прыватнасцi, пра звезенае ў стадолу да поўнага абмалоту. Пажадана было, каб усе стадолы былi ўзятыя Р. пад ягоную апеку адначасова, i таму кожны, хто яшчэ не пачынаў звозiць снапы, убачыўшы першы воз з iмi, запрашаў Р. да сябе, тройчы кажучы: «Рай, Рай, iдзi к нам!» (Рэчыцкае Палессе).
 
Iмя Рай, Раёк выяўляе паранімічныя сувязі як з пчалiным роем, што заканамерна ў кантэксце ўсёй жнiўнай абраднасцi, так i з iмем хрысцiянскага святога Юр’я — апекуна селянiна ў розных гаспадарчых работах (параўн. форму яго імя —Юрай). Вяч. Ус.Iванаў i У. М. Тапароў тлумачаць iмя Р. як вытворнае ад слова «рай» у функцыi абазначэння мiфiчнага (Сусветнага) i рытуальнага дрэва. Акрамя больш вiдавочнага падабенства жнiўнага райка i пчалiнага рою як сiмвалаў багацця мiж iмi iснуе i архаiчная сувязь. «Семантычная нейтралiзацыя тэрмiнаў рай (слав. *rajь) i рой (слав. *rojь) у iх сучаснай памяншальнай форме раёк толькi рэалiзуе iх спрадвечную сувязь —дрэва, якое заключае ў сабе рой пчол» (В. Цярноўская).
 
Славянскае *rajь звязана з iндаiранскiм rвy– — «багацце; шчасце». Таму можна лiчыць, што беларускi Р. захаваў старажытную канкрэтную семантыку — багацця, дастатку, урадлiвасцi. Ужо сам прыход такой iстоты на падворак быў актам магiчным, заклiнальным, накiраваным на забеспячэнне плёну i здароўя на год наступны.
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.