РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Русалкі
Дэманічныя істоты жаночага роду, насельнікі азёраў і рэк. Р. узнікаюць у выніку ператварэнняў маладых тапельніц–самазабойцаў, дзяцей, праклятых яшчэ ў мацярынскім улонні, немаўлят, што нарадзіліся мёртвымі, ці загубленых (задушаных, утопленых) адразу пасля нараджэння. Адрозніваліся Р. няхрышчаныя і пахрышчаныя, на апошніх з адлегласці дзевяці крокаў можна было заўважыць знак крыжа на грудзях.
 
Паводле народных уяўленняў, душы мёртванароджаных альбо памерлых да хрышчэння немаўлят на працягу сямi гадоў лётаюць па паветры з жаласнай просьбай, каб iх пахрысцiлi. Калi хто, пачуўшы iх, прамовiць: «Крэшчаю вас у iмя Айца i Сына i Святога Духа», то гэтыя душы ўзносяцца ў неба, у адваротным выпадку на зыходзе сямi гадоў яны ператвараюцца ў Р.
 
На выгляд Р. у народнай традыцыі малююцца досыць аднастайна: неапранутыя дарослыя дзяўчаты і малыя дзяўчынкі з распушчанымі доўгімі валасамі, русымі ці зялёнымі накшталт водарасцяў ці асакі, амаль празрыстым пяшчотным целам, вялікімі грудзямі, блакітнымі прыгожымі вачыма, якімі яны завабліваюць ахвяру, толькі тая трапіць да іх, вочы Р. становяцца нерухомымі, ашклянелымі, як у нябожчыкаў. Жывуць Р. у празрыстых палацах пад вадой пад уладай ненавіснага Вадзяніка. З вады могуць вылезці на кароткі час, пакуль высахнуць іх валасы. Толькі на восьмым тыдні пасля Вялікадня, на русалчын тыдзень, гэта абмежаванне здымаецца, і Р. могуць хадзіць па лугах, па нівах, гаях, гушкацца на галінках бяроз, прыходзіць у паселішчы. У канцы гэтага тыдня ладзілі спецыяльны абрад «провадаў русалкі», калі праводзілі русалку «з двору да бору», з гэтага часу яны не турбавалі ўжо людзей: «Правяду русалачку да бору, // А сама вярнуся дадому, // Штоб русалачка па жыту не хадзiла // Да нашага жыцечка не ламiла. // Наша жыцечка таненька, // А ў каласочку жаўценька».
 
Злоўленая і прыведзеная ў хату Р. можа служыць гаспадару цэлы год, не размаўляючы і не ўжываючы ежы, жывячыся толькі парай з гаршкоў (як і ўсе дзяды–нябожчыкі). Р. можа аддзячыць жанчыне, што падорыць ёй сарочку ці хоць прыкрые русалчына дзіця пялюшкай («На граной нядзелi русалкi сядзелi, // Рана–рана, русалкi сядзелi! // Прасiлi русалкi у дзевак сарочак, // Рана–рана, у дзевак сарочак! // У дзевак сарочак, у маладзiц намётак, // Рана–рана, у маладзiц намётак…»). Да каго дакранецца ўдзячная Р., таму будзе спор у працы і ва ўсім.
 
Р. завабліваюць у ваду людзей усіх узростаў, але найперш маладых хлопцаў. Пакаханага тапельца Р. песціць, ахоўвае, а старога, непрыгожага выпіхвае на бераг. Абараніцца ад нападу гурта Р. вельмі проста, дастаткова мець пры сабе жалезную булаўку, шпільку: варта ўкалоць адну Р., як усе з крыкам разбягаюцца і знікаюць. Нязведаўшы ў жыцці шчасця кахання і мацярынства, Р. зайздросцяць закаханым парам, што гуляюць ля рэчак ці іншых вадаёмаў, і стараюцца ім нашкодзіць. Усё гэта не замінала спачувальнаму стаўленню людзей да Р., бо яны — вынік злога лёсу ці людской жорсткасці, слабасці, яны прадукт чалавечай недасканаласці.
Глядзіце таксама: Свіцязянкі
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.