РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хут
Паліморфны дэман з рысамі Хатнiка, Хлеўніка і «русалчынага брата». Лічылася, што Х. можа мець рознае аблічча, быць жывой істотай і неадушаўлёным прадметам: яго бачылі як малога чалавечка, нібы хлопчыка, але ён можа перакінуцца ў розныя рэчы — старое кола, сукаватае палена, сухі корч і да т. п. З русалкамі яго родніць паходжанне: Х. праяўляецца звычайна ў тых дварах, дзе калісьці жылі людзі, разбэшчаныя дочкі якіх знішчалі сваіх пазашлюбных дзяцей, хавалі іх няхрышчанымі патаемна. Магчыма, «малалецтвам» Х. тлумачыцца яго гуллівасць, дураслівасць. Ён можа пажартаваць з госця — схаваць яго шапку, рассыпаць гарох ці боб з кораба вечарам і да раніцы яго пазбіраць. Карміць яго трэба рытуальнай і заадно традыцыйнай дзіцячай ежай — яешняй, печанай у місцы з разбоўтаных яек з малаком і аздобленай малымі абаранчыкамі, што ўжывалася на вяселлях, хрэсьбінах, на Купаллі, у траецкіх дзявочых абрадах. На посілак Х. клікалі асобным заклікам, падобна да таго, як клікалі дзядоў: «Хут, хут, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку!» Часцей за ўсё Х. нябачны, аб ім мяркуюць па яго дзеяннях. Ён любіць забаўляцца з хатняй жывёлай, якую асобіну палюбіць, тая расце, папраўляецца, іншую ганяе цэлую ноч па хляве, яна пакутуе, худзее. Добра дагледжаны Х. садзейнічае дабрабыту сям’і, ноччу носіць гаспадару снапы з чужых палёў, грошы са схаваных скарбаў. Разам з тым Х. гняўлівы і помслівы: пакрыўджаны чымсьці, ён жорстка помсціць — спаліць увесь двор, пры тым агонь не закранае суседзяў, сам назірае за пажарам, перакінуўшыся ў нейкі непатрэбны прадмет. Калі хто здагадаецца і перанясе яго з пажарышча ў свой двор, у таго ён будзе жыць і спрыяць росту яго багацця. Пра чалавека шпаркага ў працы казалі: «Ці ня хут яму памагае?» Паданні пра Х. і жывая вера ў яго існаванне занатаваная на паўночным захадзе Беларусі, у Мядзельскім р–не. Найбольш блізкімі сваякамі Х. з’яўляюцца літоўскія бйтварасы.
Глядзіце таксама: Змей1 Цмок
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.