РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вужалкі
Дочкі Змяінага цара. У сваёй знешнасці спалучалі антрапа- і зааморфныя рысы: да паловы мелі выгляд прыгожых дзяўчат з доўгімі распушчанымі валасамі, а замест ног быў нібыта змяіны хвост. Звычайна яны жылі ў лесе ці паблізу вадаёмаў. Вельмі любілі сядзець на старых раскідзістых дрэвах і часаць залатымі грэбнямі валасы. Нягледзячы на незлічоныя багацці свайго бацькі ( пад яго аховаю знаходзяцца шматлікія скарбы), В. зусім не маюць вопраткі. Аднак яны не адмаўляюць сабе ў дарагіх аздобах: каралях, бранзалетах, ад якіх у сонечны дзень ідзе такое ззяне, нібы само сонца скацілася ў лес. Калі нейкі чалавек знойдзе ўпрыгожанне, згубленае В., ён стане шчаслівы і не будзе баяцца змяінага ўкусу. В. не робяць чалавеку ніякай шкоды, але вакол месца іх знаходжання кішма кішыць гадаўё. Гэтак Змяіны цар ахоўвае сваіх дачок. На магчымага крыўдзіцеля В. могуць абрынуцца ўсялякія няшчасці, якія загубяць і яго самаго, і ўвесь яго род. Згадкі пра В. сустракаюцца на Вілейшчыне.
           У. Васілевіч

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.