РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Явар
 
(Ягор)
Белы клён з сямейства псеўдаплатанавых, прыгожае, велічнае дрэва, улюбёнае дрэва беларускай вуснапаэтычнай спадчыны, хоць у прыродзе Беларусі яно адсутнічае. Важнае месца Я. у нашай духоўнай спадчыне тлумачыцца незвычайным яго паходжаннем. Я. — гэта моладзец, ператвораны ў дрэва праз праклён маці (часам бацькі) або па сваёй волі пад ціскам абставін ды інш. Я. вырастае таксама на магілцы чалавека, і па асобных прыкметах людзі здагад-ваюцца, што ў ім жыве душа палеглага. Найбольш выразна міф пра паходжанне Я. выступае ў баладах, дзе ён з’яўляецца асновай некалькіх сюжэтаў. Найбольш поўным варыянтам такога міфа стаў сюжэт, дзе метамарфоза хлопца ў Я. адбываецца праз праклён бацькоў, прытым праклёну падлягае ўсё, што звязана з ім: «Бадай, сыночак, яварам, // А конічак — каменем, // А шапачка — купінкай, // А хустачка — рэчанькай, // А паясочак — сцежачкай!»
 
Я. часта выступае ў пары з жано-чым дрэвам, якое ўзнікае ў выніку ператварэння жанчыны, — ліпай, бярозай, вярбою, калінай. Я. і бяроза ці іншае названае вышэй дрэва вырас-таюць на могілках атручаных маткай сына і нявесткі, яны схіляюцца адзін да аднаго, злучаюцца галінкамі, зліпаюцца лісточкамі, паказваючы ўсім, што душы загінуўшых жывуць у дрэвах і што каханне іх несмяротнае. Два Я. вырастаюць таксама на могілках знішчаных хлопчыкаў-двайнюкоў, сыноў каралевіча. Попел ссечаных Я. лізнула авечка, прывяла двух баранчыкаў, якія сталі хлопчыкамі і расказалі бацьку ўсю сваю гісторыю. Існуе сюжэт балады, дзе жонка заклінае мужа ў Я. за нявернасць, сама перакідваецца рэчкай, дзеці ручайкамі.
 
Я. — галоўны раслінны сімвал беларускай традыцыйнай спадчыны — выступае ў якасці Сусветнага дрэва, задаючы трохроўневую вертыкальную структуру космасу, а таксама маркіруе цэнтр сусвету, змяшчаючыся ў закрытай прасторы двара, дзе пэўныя рашэнні прымае Бог: «Паглядзі на двор ты на новенькі, // Што на дварэ праява стала: // Стаіць явар, тонкі, высокі, // Тонкі, высокі, лісцем шырокі, // Пад яварам столічак стаіць, // Каля століка крэселькі стаяць, // Крэселькі стаяць, святочкі сядзяць. // У адным крэселькі гасподзь бог сядзіць, // Гасподзь бог сядзіць, кнігі чытаіць, // Кнігі чытаіць, святкі збіраіць, // Святкі збіраіць і рассалаіць». 3 яварам звязваецца станаўленне сусвету ў той час, калі не было яшчэ ні неба, ні зямлі, а толькі было шырокае мора, на тым моры з’явіўся «явар зялёны». Гл. таксама Дрэвы, Расліны.
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.