РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Абрадавы касцюм
Адзін з важных кампанентаў традыцыйнай і сучаснай абраднасці беларусаў. У шырокім сэнсе ўключае адзенне, галаўны ўбор, абутак, упрыгожанні і інш. асесуары, што прызначаюцца для нашэння ў час пэўнага абрадавага дзеяння (гл. Абрады). Характар абраду вызначаў матэрыял і тэхнічныя сродкі выканання касцюма, мастацкае аздабленне, асаблівасці апранання, нашэння, распранання. Абрадавы касцюм цесна звязаны з духоўным жыццём народа, з яго звычаямі, рэлігійна-магічнымі, эстэтычнымі ўяўленнямі.
 
Абрадавы касцюм спалучае некалькі функцый. Важнейшыя з іх – абрадавая, знакавая (знакі маёмасных, сацыяльных адрозненняў, канфесіянальнай, нацыянальнай, рэлігійнай і інш.), святочная, эстэтычная, практычная, вытворчая, магічная і інш. Для А. к. характэрна шматзначнасць магічнай сімволікі. У беларускім абрадавым касцюме прасочваецца апатрапейнае (гл. Апатрапей) сімволіка (пакрывала маладой, выкарыстанне маладымі футравага або суконнага адзення, ужыванне ў пахавальным касцюме чырвоных нітак замест абор), кантактная магія. Абрадавы касцюм вясенне-летняга цыкла з ужываннем зеляніны павінен быў спрыяць урадлівасці. З гэтай жа функцыяй звязана і старажытная семантыка чырвоных ромба – геаметрычных узораў на кашулях жанчын, звычай рытуальнага пераапранання ў адзенне іншага полу.
 
У традыцыйнай абраданасці беларусаў ужываліся спецыяльна падрыхтаваны касцюм або святочнае і штодзённае адзенне, якое дапаўнялася асобнымі элементамі і атрыбутамі.. У бел. вяселлі асаблівая ўвага надавалася галаўному ўбору і прычоскі дзеючых асоб. Ва ўбранні маладой вянчальным уборам быў самаробны або куплены вянок з зялёнай руты, барвінку ці мірту, з жывых ці сухіх штучных вошчаных ці папяровыхкветак. Ззаду да вянка прымацоўваліся разнаколерныя стужкі ці вэлюм. Каса ў маладой звычайна была распушчаная. Пасля вянчання каса падбіралася пад галаўны ўбор, надзяваўся чапец, завязвалася намітка або хустка. У некаторых рэгіёнах правую або левую руку маладой перавязвалі ручніком, які не здымаўся на працягу ўсяго вяселля. Характэрнымі элементамі А. к. маладога былі світка, аўчынная шапка, упрыгожаная вяночкам з зеляніны ці чырвонай стужкай, шыйная хустка. Маладым і дружкам прышпільваліся кветкі на грудзях. Асобныя знакі – ручнікі, павязаныя праз плячо, чырвоныя стужкі, галінкі з кветкамі, прышытыя да шапак, своеасаблівы галаўны ўбор вылучалі шафера, маршалка, свата і сваццю, дружак. Атрыбутам абрадавага касцюма старшага свата быў бізун і ручнік, павязаны праз левая плячо пад правую руку.. У пахавальных абрадах шырока ўжывалася традыцыйнае адзенне, а таксама спецыяльна падрыхтаваны святочны або вянчальны касцюм. Мужчынам закладвалі за пояс нож, кашалёк з грашыма, у труну клалі шапку. Маладую дзяўчыну адзявалі як пад вянец. Адна з асаблівасцей абрадавага касцюма каляднага, масленічнага перыяду – пераапрананне пад жывёл, персанажаў бытавога характару, “нячыстую сілу”. У абрадавым касцюме вясенне-летняга цыкла шырока выкарыстоўвалася разнастайная зеляніна. На Купалле плялі і надзявалі на галаву вянкі з кветак і аржаных каласоў, “вадзілі куст” – дзяўчыну, упрыгожаную зялёнымі галінкамі, кветкамі, вянкамі. Асаблівасць абрадавага касцюма перыяду ўборкі ўраджаю – перавясла са жмені жыта, вянок з лепшых каласоў, кветак і траў. У сучасных звычаях і абрадах адначасова з аслабленнем або знікненнем рэлігійна-магічнай сімволікі прыкметна павялічваецца значэнне эстэтычнай функцыі абрадавага касцюма. У развіцці сучаснага абрадавага касцюма з аднаго боку прасочваецца збліжэнне з традыцыйным гарадскім касцюмам, з другога – назіраецца арыентацыя на мясцовыя традыцыі мясц. культуры. Суадносіны агульнасавецкіх і этнічных прыкмет у абрадавым касцюме па-рознаму праяўляюцца ў розных рэгіёнах, сярод пэўных сацыяльных і прафесіянальных груп. Найбольшая стойкасць традыцый характэрна для сучаснага вясельнага і асабліва пахавальнага абрадавага касцюма. Маладую дзяўчыну і ў наш час хаваюць у вясельным касцюме. Пры жалобе жанчыны надзяваюць чорны галаўны ўбор, часам – і чорныя панчохі, адзенне.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.