РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Абрус
 
(Настольнік)
Тканы, вязаны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Лакальная назва скацерка. Абавязковы атрыбут традыцыйнай сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (уваходзіў у пасаг нявесты, ім накрывалі стол на каляды, вялікдзень і інш. святы). Апрача утылітарнай і абрадавай, выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні інтэр’ера вясковай хаты.
 
А. звычайна складаўся з адной або дзвюх сшытых полак ільняной даматканіны, выкананай у тэхніцы двух-, шматнітовага бранага, ажурнага, пераборнага ткацтва. А. упрыгожвалі вышываным, абіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам ігольчатых карункаў (рошва, расшыўка), пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя А. з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. Асобную групу складаюць вышываныя па плеценай, вязанай або тканай сетцы А., якія былі пашыраны ў 1930 – 40 – я г. Пры стылявым адзінстве А. маюць пэўныя рэгіянальныя адрозненні ў тэхніцы ткання і прыёмах аздаблення, што складваліся на працягу стагоддзяў і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вызначаюцца тонкія льняныя 4-, 8-, 16- нітовыя А. Віцебшчыны. Для А. Магілёўшчыны характэрны простыя ўзоры, выкананыя ў сціплай каларыстычнай гаме. Багаццем арнаментальных форм, разнастайнасцю сродкаў аздаблення вылучаюцца А. Гомельшчыны. На Тураўшчыне А. аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона – чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх А. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія А., тканыя з высакаяснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія А., дэкарыраваныя ляхавіцкія А., уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Цікавыя мотальскія А., белае поле якіх падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дапаўненнем некалькіх радоў раслінна – геаметрызаванага арнаменту. Тканыя А. Панямоння і Цэнтр. Беларусі рабілі стрыманымі па каларыту, бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя А. Сучасныя А. вырабляюць з ільняных, баваўняных, шаўковых нітак. Лепшыя ўзоры бел. традыцыйных А. выкарыстоўваюцца мастацкімі промысламі.
Абрус
Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна
Абрус вязаны кручком
Лоеўскі раён. 1930-е гг.
Абрус
Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна
Абрус
Вёска Сычоўка Мсьціслаўскага раёна. 1930-я гг.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.