Беларусь, Беларусь... гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
І магутны, тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёй жывой...
Уладзімер Жылка
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     МЯСЬЦІНЫ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     МІФАЛОГІЯ     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
НЕЧАРОЎНАЕ АПАВЯДАНЬНЕ      А. Беланожка   2010         прагляд

– У тваім апавяданьні не хапае казачнасьці. Яно зусім нечароўнае! – сказаў Віталь, перагарнуўшы апошнюю старонку сшытка, і выпэцкаў далонь: на аркушы яшчэ не пасьпеў высахнуць атрамант.

Арына выбралася з-пад стала, дзе нешта шукала, запаліла позіркам сьвечку, якая стаяла на краі стала, і апусьціла вочы:

– Мы знаёмыя ўжо дваццаць гадоў, зь дзіцячага садка, і ты мяне заўсёды вінаваціш у тым, што я вельмі прыземленая. Што б я ні зрабіла – для цябе ў гэтым мала ўзьнёсласьці і палёту... Я ізноў згубіла недзе запалкі. Пасунься, будзь ласкавы, каб я цябе не апякла!

Віталь пасунуўся ўбок. Сьвечка, што ружавела побач зь ім, успыхнула ад узмаху веек Арыны. Па сталовых прыборах разьлілося жоўтае сьвятло.

Стол быў сьвяточна ўбраны.  На абрусе, нібы на ўзьлётнай паласе, роўным шэрагам стаялі талеркі, падобныя на міжпланэтныя караблі, на якіх вось-вось адправяцца ў вялікае касьмічнае падарожжа смажаныя карпы, сарамліва прыкрытыя лісьцікамі салату, тарталеткі і іншыя апэтытныя стравы. У крыштальных заломах келіхаў зіхацелі маленькія сонейкі.

– Сама гатавала? – спытаўся Віталь, недаверліва павёўшы брывамі.

– Сама.

– Не мані! Можа, табе было крыху... ленавата?

Арына зачырванелася:

– Сёньня адключылі электрычнасьць.

– Ізноў? Што ж у цябе за жытло такое: ніколі не бывае электрычнасьці!

– Уяві сабе! Гэта выдаткі пражываньня ў доме на ўскрайку горада! – Арына зьняла паркалёвы фартух і павесіла яго на цьвік ля дзьвярэй. – Цэлы вечар палю сьвечкі! А ў мяне пліта – электрычная, ты ж ведаеш. Так што з гатаваньнем я сабе крыху дапамагла...

– Скажы прасьцей: ізноў начаравала!

– Няхай будзе так. Але стравы ад гэтага прэснымі ці штучнымі не зрабіліся, усё так, як ты любіш, акрамя солі – вось табе сальніца, ты заўсёды скардзішся, што я недасольваю, салі сам!

– Ты забылася пакласьці мне відэлец! – усьміхнуўся Віталь.

Арына паглядзела на драўляную палічку, дзе ў паўзмроку блішчэлі металічнымі бакамі лыжкі, нажы і відэльцы, і ўзьняла руку. Адзін відэлец падскочыў на паліцы, а пасьля, нібы да магніту, прыцягнуўся да яе далоні. Арына працерла яго мяккай блакітнай сурвэткай і працягнула Віталю. Ён зрабіў удзячны ківок галавою.

– А хочаш, яны для цябе патанчаць? – какетліва спытала Арына. Не дачакаўшыся адказу, пстрыкнула пальцамі. Вадаправодны кран засьпяваў саксафонам, сальніца зашастала маракасам, з залы пачуліся гукі раяля. Лыжкі, нажы і відэльцы ўзьняліся і, як па сцэне, пачалі рухацца па паліцы пад музыку.

– Хопіць, хопіць гэтай д'ябальшчыны!

– Сёньня мой дзень нараджэньня! Хто вінаваты, што я кожны год накрываю гэты вялікі стол і запрашаю ўсіх знаёмых, а прыходзіш толькі ты? Гэта сьвята – дык будзьма весяліцца! Праграма ў нас такая, – сказала Арына і села насупраць Віталя, – спачатку джаз у выкананьні ансамбля «Трынаццаць лыжак», потым факстрот – яго прэзентуюць нам патэльні ды рондалі, за ім поўнае выданьне твораў Коласа пакажа нам польку – цотныя тамы будуць выступаць у пары зь няцотнымі, – і, нарэшце, «Сабачы вальс» – яго будуць танчыць «сабачкі»  на зашпільках і курыныя костачкі. А калі скончыцца віно... я забяруся з нагамі на стол і да сьвітанку буду чытаць табе свае вершы і апавяданьні, у якіх зусім няма казачнасьці. Дарэчы, аб віне! Зусім забылася!

Арына ўстала, адчыніла дзьверы балкона, працягнула руку ў цемру, і празь імгненьне ў пакоі зьявіліся дзьве бутэлькі зь зялёнага шкла.

– Дзе ж мой штопар? – азірнулася Арына і прыкусіла губу.

– Дазволь мне, – сказаў Віталь. – Я мужчына. Я ўмею адкрываць бутэлькі і бяз штопара.

Ён узяў відэлец і праціснуў корак унутр. У келіхі палілося густое чырвонае віно. Віталь працягнуў адзін Арыне:

– Калі ласка!

– Дзякуй. Можаш нават курыцу падзяліць – як мужчына.

– Гэта я заўсёды гатовы! – Віталь адкасаў манжэты, узяў нож і пачаў звыклымі рухамі рэзаць белае мяса. –  Паслухай... нам трэба сур'ёзна пагаварыць.

– Не жадаю губляць час на сур'ёзныя размовы ў такі вечар! Чакай...

– Арына зажмурылася і сьціснула кулакі. Радыёпрымальнік замаўчаў. Насьценны гадзіньнік захрыпеў і спыніўся. Моль, што лятала вакол сьвечкі, замерла ў паветры. – Вось цяпер можна. Я крыху прыпыніла час. Зусім ненадоўга, так што хутчэй кажы, што хацеў, і прыступім да сьвяточнай вячэры!

Віталь уваткнуў нож у курынае сьцегнейка:

– Я ведаю. Ведаю, што ты можаш спыняць час, лятаць, перасоўваць рэчы ў прасторы, нават чытаць мае думкі – і ніяк не магу прывыкнуць да гэтага. Ужо дваццаць год ніяк не прывыкну. Калі ты была дзяўчынкай, гэта было ня так уяўна, як зараз. Я цябе баюся.

– Табе гэта не падабаецца?

– Мне дрэнна ад таго, што ты такая толькі са мной! Ніводны чалавек на зямлі ня ведае, якая ты! Для мяне гэта пакута...

Арына памаўчала і ўзнагародзіла Віталя невыносна доўгім позіркам, пасьля чаго перапытала:

– Ня ведае? А ты ніколі не задумваўся, куды гэта я зьнікла на тры гады?

Віталь цікаўна паглядзеў на Арыну. Яна ўздыхнула і ціха прамовіла:

– Я была ў спэцшколе для «незвычайных» дзяцей. Мяне забралі сілком. Ты ніколі не адчуваў сябе падвопытным трусам? Вось, паглядзі, – Арына падняла валасы з шыі, дзе чырванела некалькі плям, – гэта ад электродаў. У іх там паўнютка прыбораў, і ўсе б'юцца токам! З тае пары я электрычнасьць не пераношу!

– Дык вось чаму ў цябе ніколі не бывае сьвятла!

– Так, я наўмысна яго адключаю! Мне нават бяскрыўдны тостэр падаецца жудаснай прыладай для катаваньняў!

Арына пачала расьціраць зьбялелыя далоні. Зрабіла вялікі глыток віна, закашлялася:

– Халоднае! Трэба было пагрэць... не люблю халоднае. Нас там... нас трымалі ў халодных пакоях. Як у морзе. Праводзілі экспэрымэнты па замаруджваньні фізіялагічных працэсаў. Фізіялагічных – і разумовых. Усё вышуквалі, пры якіх умовах «незвычайнасьць» зьнікае і зьяўляецца ізноў! Хочаш, нешта пакажу?

Віталь кіўнуў. Арына закасала рукавы і паклала на стол рукі:

– Ты раз-пораз пытаешся, чаму я не нашу адкрытае адзеньне. Вось, падзівіся. Шнары. Гэта ад іголак. А вось гэта – рознымі рэчывамі прыпальвалі. Хацелі дазнацца, загоіцца ці не. У кагосьці сышло зусім, нават сьлядоў не засталося. А ў некаторых, як у мяне, зацягнулася, але ня зьнікла. Я цяпер асуджаная нават улетку хадзіць з доўгімі рукавамі. Калі надзяваю суколачку, усе ў жаху шэпчуць: «Наркаманка!» – і пальцамі ў мой бок тыкаюць.

Віталя перасмыкнула: ён тузануў плячыма і адвёў вочы.

– Нас вучылі перасоўваць розныя аб'екты. Спачатку дробязь - запалкі, алоўкі... пасьля пачалі вывозіць усіх разам на палігоны, каб мы сілаю думкі рухалі машыны, цягнікі... хадзем сюды! – Арына пацягнула Віталя на балкон і старанна зачыніла за сабою зашклёныя дзьверы, каб не выстуджаць пакой.

Пад балконам, на пляцоўцы  каля прыдарожнай кавярні, стаяла вялізная фура. Арына прыжмурылася:

– Так... там – абсталяваньне. Нейкія станкі, я ў гэтым не разьбіраюся. Ведаю толькі, што яны металічныя і таму цяжкія. Глядзі! – яна падняла руку і накіравала далонь на фуру.

Фура пакацілася наперад. З кавярні выбег перапалоханы дальнабойнік, гучна закрычаў па-турэцку і кінуўся даганяць свой груз.

Арына выцерла пот зь ілба:

– Вось так. Даўно не трэніравалася, стамілася. А калісьці мы маглі паасобку рухаць цэлыя саставы! Цяжка было, гублялі прытомнасць, спыняліся сэрцы... мяне таксама аднойчы рэанімавалі. Потым мы прывыклі.

Арына павярнулася і ўвашла ў пакой праз зачыненыя дзьверы. Вінавата засьмяялася, адчыніла балкон, каб упусьціць Віталя.

– Я ня ведаў, што ты можаш хадзіць празь сьцены! – сказаў той.

– Я таксама ня ведала. Даведалася на другім годзе знаходжаньня ў спэцшколе. Мне сяброўка паказала, як гэта робіцца, гэта вельмі проста, нават ты зможаш, калі захочаш! Я тройчы намагалася зьбегчы, але зьдзейсьніць уцёкі ня так лёгка: там паўсюль датчыкі! Налі мне яшчэ віна, – Арына працягнула Віталю пусты келіх. Ён напоўніў яго духмянай вадкасьцю і спытаўся:

– А што – потым? Для чаго гэта ўсё было патрэбна?

Арына павярнулася да яго сьпіной і расплікнула гузік каўняра:

– Паглядзі... там, паміж лапатак.

Віталь пацягнуў каўнер Арынінай кашулі ўніз. Паміж яе лапатак чарнеў штрых-код і лічбы «0875».

– Што гэта?

– Гэта мой асабісты нумар. Мне яго вытатуіравалі на трэцім годзе навучаньня. Пасьля я дазналася, што з нас будуць рабіць спэцатрад для апэрацый у «гарачых кропках» і сакрэтных шпіёнскіх місій. Нас пачалі вучыць страляць і яшчэ... рознаму.

– Напрыклад?

Арына пляснула ў далоні. Моль, што вісела ў паветры, працягнула сваё бясконцае падарожжа вакол сьвечкі. Арына паглядзела на інсекту – і моль упала мёртвай на стол.

– Жабкі, белыя лабараторныя пацучкі... нас прымушалі забіваць іх позіркам. Потым – коткі. Я не хацела забіваць. Жанчына не павінна забіваць, яна павінна даваць жыцьцё! Але мяне навучылі зьнішчаць каго заўгодна – і не навучылі ажыўляць. Я не жадала несьці сьмерць! Ты сабе не ўяўляеш, якіх намаганьняў мне каштавала ўпэўніць дарослых акадэмікаў, што сімптомы «незвычайнасьці» ў  мяне скончыліся! Мне паспрабавалі сьцерці памяць і адаслалі дадому. Але з памяцьцю яны прагадалі: я памятаю ўсё. I нікому не кажу. Ведаеш толькі ты! Не вінаваць мяне ў гэтым: сябры заўсёды цягнуць на сабе тайны адзін аднаго, як крыжы. Табе дастаўся вось такі крыж. Будзь мужным.

Арына замаўчала. Віталь таксама маўчаў, спыніўшы позірк на пустой бутэльцы.

Арына ўздыхнула:

– Людзі прагнуць цудаў... яны жадаюць быць чараўнікамі. Яны ня ведаюць, што гэта за мілата – быць такім, як усе! Калі ты «іншы», табе пад скуру абавязкова ўжывяць правады, на табе паставяць кляймо, цябе прымусяць скарыстоўваць сваю сілу супраць людзей, якім ты не жадаеш нічога благога! Я пішу аб вялікім шчасьці – быць звычайным і проста жыць! Не патрабуй ад мяне чароўных казак. Ой, ледзь не забылася! Глядзі!

Арына паднесла далонь да молі. Моль затрапятала і ўзьляцела.

– Я навучылася рабіць гэта сама. Не так даўно. Магу ўваскрашаць пакуль што толькі розных кузюрак і маленькіх мышэй. Я буду стараннай! Я малайчына?

– Ты малайчына, – адказаў Віталь і пагладзіў Арыну па галаве.

– Але... самы час павячэраць! – Арына пляснула ў далоні.

Насьценны гадзіньнік разьмерана зацікаў, з радыёпрымальніка палілася прыгожая музыка. Арына падчапіла тонкімі пальчыкамі курынае крылца, што яшчэ дымілася на гарачым паддоне, паклала яго сабе на талерку і раптам схапіла Віталя за рукаў:

– Пойдзем! Пойдзем са мной!

– Куды? – зьдзівіўся ён.

– Магу я зрабіць падарунак лепшаму сябру? – сказала Арына, апранаючы паліто.

Яны выйшлі з дому, перасяклі начную трасу і патрапілі на поле, ахінутае начным змрокам. Над полем у бяздоннай вышыні зьзялі буйныя зоркі.

– Будзь пільны, – Арына паглядзела ўверх, паправіўшы валасы, раскіданыя ветрам, – зараз пакоціцца зорачка, і ты зможаш загадаць што-небудзь! Жаданьне  гарантавана споўніцца! Я пачынаю лічыць! Раз... два...

Па трасе праехала фура – тая самая, якую Арына некалькі хвілін таму ледзьве не адправіла ў рэйс без кіроўцы.

– ...тры!

Зь небасхілу скацілася зьнічка. Яна ляцела павольна, пакідаючы за сабой прыгожы бліскучы шлейф.

– Пасьпеў? Ты пасьпеў? Тады давай вернемся і, нарэшце, павячэраем! А што ты загадаў?

– Хіба можна гаварыць уголас пра свае жаданьні?

– Мне – можна! Гэта ж была мая зорка!

– Я загадаў, каб ты... каб ты болей ня ўмела чараваць. I склала самае чароўнае апавяданьне на сьвеце!

Адзнакi: 10.0 /1 Водгукі(1)
Дадаў PL 30.01.2010