Зьмяніць кірунак, здрадзіць Краю
Суровы лёс ня змусіць нас,
Мы будзем роднай Беларусі
Сынамі вернымі ўвесь час.
Янка Золак
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     МЯСЬЦІНЫ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     МІФАЛОГІЯ     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
БЫЦЬ СУЧАСНЫМ      В. Кустава   3.XII.2009         прагляд

Заўжды пачувала сябе беларускай, дакладней, спачатку, калі была маленькая зусім, я была беларусачкай. А потым яшчэ й ліцьвінкай зрабілася, калі гісторыю пачала вывучаць. Увесь мой род “па кудзелі” размаўляў спрадвеку па-беларуску: і прапрабабуля Аўгіньня, і прабабуля Усьціньня, і бабуля Валяньціна, і мама мая Зося. Я нарадзілася зь генам беларускасьці. У сям’і заўжды гучалі народныя песьні, шмат вершаў, на Каляды прыходзіла поўная хата гасьцей: цудоўныя мастакі, артысты, пісьменьнікі, музыкі… Калі са стрыечным братам Алесем гасьцілі ў бабулі, яна вучыла нас любові да прыроды, да неба, да беларускага неба, да сябе ў беларускім… Кожны вечар яна выводзіла нас на гаўбец ці на ганак, каб перад сном мы паглядзелі на нябёсы, атрымалі ад іх сілу жыцьця і міласэрнасьці. Мабыць, і беларускасьць мая ад Бога і ад роду.

Дом літаратара ў Менску быў мейсцам, дзе я бавіла вольны час ў маленстве (там працавала бабуля), шмат у мяне што з гэтым мейсцам зьвязана, рознага: і шчасьлівага, і жалобнага… І як з Васілём Быкавым разьвітваліся, і як з Анатолем Сысам… І першыя канцэрты Данчыка з Барткевічам, Сокалава-Воюша… Заўжды была пэўная, што песьня “Беларусачка” у выкананьні Данчыка гучыць менавіта для мяне, што мне яна і ахвяраваная. І ў мяне быў аргумэнт нават: дзьве даўгія русыя касы, пра якія ён сьпяваў.

У чатыры гады я лічыла цалкам дзіцячымі вершамі, да прыкладу, «Заяц варыць піва» Уладзімера Караткевіча і «Пагоню» Максіма Багдановіча. Яшчэ не вымаўляючы «р», сьпявала сабе паўсюль: «Толькі ў сэлцы тлывожным пачую…» - і ў мяне мурашы беглі па сьпіне… Што казаць, я плакаць пачынала, калі прамаўляла, навучаная Юрыем Авяр’янавым, купалавы “Ворагам Беларушчыны” - ад гонару, ад абсалютнага шчасьця, што я – беларусачка, ліцьвінка, што я - чыясьці спраўджаная будучыня… Было такое шчасьце ў мяне.

У восем гадоў, запомнілася, выступала на вялікай сцэне Дома Літаратара разам зь Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, Сяргеем Законьнікавым, Алегам Атаманавым на сьвяткаваньні Пятых угодкаў прыняцьця закона аб мовах і чытала верш, які пачынаўся радкамі: “Я ведаў, што стаяла за гэтым словам: Беларусь – за тымі мёртвымі крыжамі, аднаму Богу падуладнымі…”. Беларускасьць і Боскасьць былі непадзельна зьнітаваныя ў маёй душы.

У шостай клясе ў мяне выйшла першая кніга “Кроў Сусьвету” — і я адчула адказнасьць за свае словы. І вырашыла сачыць за сваёй мовай, нават на ўроках расейскай мовы і літаратуры размаўляла па-беларуску. Такім чынам, мяркую, выпрацоўвалася пазыцыя. Такая трэніроўка была – вучыцца гаварыць сваё, нават калі яно ўрожкі з ўсім ды ўсімі ідзе. Цікава, што і бальшыня маіх аднаклясьнікаў мяне падтрымала. А некаторыя таксама пачалі размаўляць са мной і з настаўнікамі па-беларуску. А таксама я была прыдумала, каб казаць не “беларуская мова”, а “наша мова”, так яно неяк на падсьвядомым узроўні лягчэй разумелася: па-наску і размаўляй, калі нашая, калі твая.

Быць беларусам – гэта значыць ня толькі быць духоўна напоўненым і трывала стаяць на зямлі, знайсьці сваё мейсца, а таксама – гэта і быць прыцягальным, быць цікавым, быць жаданым, быць закаханым, быць камусьці неабходным, зрэшты, быць сучасным… Хаця б раз у сваім жыцьці трэба паспрабаваць стаць беларусам!.. Яно таго вартае!

У маім жыцьці былі тыя шчасьлівыя шчымлівыя моманты, калі да мяне падыходзілі людзі і казалі, што мае вершы сталіся для іх тым трамплінам, па якім яны пераляцелі зь Мінску ў Менск. Беларускасьць – гэта вірус. І я ўсьцешаная, што мая справа, і сама я хворая на беларускасьць ды заразная ёю. І на нашым рахунку багата ахвяраў. Зважайце! Калі Вы чытаеце гэтыя радкі – Вы ўжо беларус!


http://budzma.org/projects/belarus/valyeryya-valyaryna-kustava-byc-suchasnym.html

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 02.02.2010