РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вуціны статак
...
        Нeвялічкі вуціны статак рыхтаваўся ў вырай.
        На азёрах ужо ўсталявалася восень, стала сьцюдзёным паветра, дзьмулі напорыстыя паўночныя вятры. Колькі дзён запар зь няласкавага хмарнага неба чуліся разьвітальныя крыкі журавоў – тыя ўжо ляцелі туды, дзе грэла сонца, была цеплыня і шмат корму. Вуціны статак яшчэ там ня быў; вутачкі вывеліся апошняй вясной у тутэйшым возеры, за лета падрасьлі сярод трысьнягу ды асакі і дбалі толькі пра адно – як наесьціся. Сёлета з кормам стала кепска, ад няспынных дажджоў вада ў азёрах стаяла высокая, падтапіла берагі сенажацяў; буза, якую заўжды падабалі вуткі, апынулася глыбока пад вадой, даставаць зь яе корм было нязручна і цяжка. Ды й корму там чамусь усё менела, бо здатныя мясьціны пазамывала пяском з раскапаных экскаватарамі берагоў. Вуткі да восені пачуваліся слабымі, кепска расьлі і заўсёды былі галодныя.
        Стары вуцяк ужо колькі дзён адчуваў пэўны трывожлівы неспакой – трэ было ляцець. Вадзяное птаства падпарадкоўвалася інстынкту, спрадвечнай птушынай волі, якая пэўнаю восеньскаю парой гнала птушак на поўдзень, дзе быў паратунак ад голаду й сьцюжы. Але гэты малады статак ня ведаў таго і, мусіць, мала што адчуваў. Змучаныя летнім недаяданьнем вуткі не пераставалі куляцца ў вадзе куцымі задкамі і шныпарыць па дне нястомнымі дзюбамі.
        Неяк ураньні, як трохі пасьвятлела неба, нізка над хмарамі, лапочучы крыльлем, праляцеў вуціны шнурок, – гэта выправіўся ў вырай суседні статак з бліжняй затокі. Адчуўшы чарговы прыступ неспакою, вуцяк трохі прыўзьняўся ў вадзе і трывожліва заляскатаў крыльлем, даючы тым знак увагі свайму невялічкаму статку. Але ніводнай зь ягоных вуцятаў не было побач. Тады ён хуценька паплыў уздоўж трысьнягу гэтага даўжэзнага, на колькі вёрстаў возера і хутка ўбачыў усіх. Ягоныя вуткі зь нейкай неранейшай жвавасьцю куляліся ў мутнай вадзе, і вуцяк зразумеў: яны патрапілі на спажыву.
        Тутэйшы бераг быў голы, без травы і кустоў. Наводдаль за гарбатым пагоркам высіліся два закапцелыя коміны, у неба зь якіх няспынна плыў дым. Увогуле тут было зацішна, пагорак затуляў невялічкую затоку ад сьцюдзёнага паўночнага ветру. Але неверагодна, каб тут выдалася кормнае месца, ды, мусіць, так. Інакш бы вуткі не мітусіліся з такой жвавасьцю, нібы ў апошні раз прагнучы наесьціся. Вуцяк таксама нырнуў паблізу, звыкла працерабіў дзюбкай па мяккім дне і адразу адчуў і сьцяміў, адкуль корм. У вадзе, схаваны пад крутым берагам, тырчэў канец бэтоннай трубы, зь якой штось плыло ў возера – мутнае, але прыемнае на смак.
        У той дзень вуткі добра напіхалі свае тугія вальлі, пад вечар ледзьве варушыліся на вадзе і заначавалі купкай у недалёкім рэдзенькім трысьнягу. Вуцяк, які таксама з поўным вальлём прыплыў туды апошні, стомлена задрамаў, закалыханы на дробных хвалях, маючы пэўны намер заўтра ляцець.
        Але назаўтра, як толькі ў небе над возерам стала віднець, вуціны статак навыперадкі памкнуў з трысьнягу ў затоку. Вутачкі адразу пачалі апантана куляцца, ныраць – сілкавацца. Мусіць, перад адлётам нягожа было надта набіваць свае вальлі, але вуцяк ня мог перапыніць іхную прагнасьць. Ды і сам ахвотна падсілкоўваўся разам, думаючы: хай наядуцца, а ўжо затым ён іх падыме ў палёт. Мусіць, такой жа думкі была і старая вуціха-маці, якая напачатку падплыла да вуцяка, коратка крэкнула і адразу падалася да статку. Яна і падрослых вутачак не пакідала без нагляду, хоць порсткія дочкі ўжо ня надта і слухалі яе. Ня тое што некалі малыя…
        Гэтаксама ва ўвішняй мітусьні прамінуў і другі дзень. Вуткі ўволю наеліся, і ледзьве прыплылі ўвечары ў зацішны трысьнёг. За імі прыплыў вуцяк, і ўвесь невялічкі статак супакоена зазыбаўся на ціхай вадзе.
        Назаўтра ранкам вуцяк выплыў з трысьнягу першым і гучным ляскатам крылаў падаў знак сабрацца да яго бліжэй. Вуціны статак адразу ажывеў, абудзіўся, але да вуцяка падплылі толькі тры вутачкі, астатнія порстка пашыбавалі пад кормны абрыў. То ўжо было непаслушэнства, вуцяк гатовы быў моцна абурыцца. Але ня ўмеў як – вуціная мова была памяркоўная і скупая. Свой новы сыгнал крыламі ён адрасаваў да вуціхі, якая была таксама скіравала за вуткамі. Тая змушаная была вярнуцца, нешта пракрэкала, што на вуцінай мове магло значыць: дай вуткам паесьці! Вуцяк даў папасьвіцца, але да паўдня, ня болей. У паўдзён ён там жа, пад абрывам, крыламі і гукам даў зразумець статку, што трэба канчаць сілкавацца, пара ў вырай. Яны на возеры апынуліся ці не апошнія. Як бы не спазьніліся.
        Яго, аднак, кепска слухаліся, некаторыя ўсё спрабавалі ныраць, нібы баючыся страціць апошнія, здатныя да таго хвіліны. І вуцяк сьцяміў, што марныя яго захады, тым болей што і вуціха неўзабаве далучылася да неслухаў. Адна толькі меншанькая вутачка Шарэчка гайдалася каля вуцяка-бацькі, здаецца, маўкліва падзяляючы ягоны клопат.
        Вуткі яўна ня мелі ахвоты нікуды ляцець, ім няблага стала і тут.
        Вуцяк ня ведаў, што зь імі рабіць, як растлумачыць, што то – небясьпечна. Калі яны спозьняцца, у паднябесьсі іх можа захапіць непагадзь, а то й сьнег, яны загінуць, не даляцеўшы да цёплага выраю. А то яшчэ ўдараць маразы, і возера замерзьне. Тады яны застануцца бяз корму і прападуць таксама. Свой клопат ён з абурэньнем, гучна крэкаючы і хлопаючы па вадзе крыльлем, давёў статку, як той урэшце наеўся, і вуткі перасталі ныраць. Ды яму ня надта паверылі. Сапраўды, дагэтуль жа было не сьцюдзёна, даволі зацішна ў гэтай прыхаванай за пагоркам затоцы. А галоўнае – нагрэтая за лета вазёрная вада здавалася цяплейшаю за паветра, зь яе не хацелася вылазіць. Ды вуцяк ведаў, што так будзе нядоўга, што возера ўрэшце замерзьне. А лёд – пагібель для вуцінага племя. Ды на ўсе ягоныя захады вуткі не адгукаліся, ня верачы яму. Вуціха-маці коратка і выразна павяла крылом – у адзін бок, затым у другі, што значыла: можа, замерзьне, а можа, і не. Затое тут корм.
        Так, тут быў корм, які ўжо праклінаў вуцяк, бо той корм зьявіўся дужа не ўпару, – ня там і не тады, калі быў патрэбны. Цяпер тая нечаканая сытасьць пагражала згубіць вутак. Як і іхная згаладнелая сквапнасьць. Вуткі за некалькі дзён прыкметна пацяжэлі і з заўжды туга набітым вальлём выглядалі няўклюдамі. З такім вальлём вельмі проста было нават не ўзьляцець у паветра, а ня толькі адолець даўгі і турботны шлях у цёплыя краі. Але што мог вуцяк?
        Ён мог бы ляцець адзін або з Шарэчкай, якая пакуль што слухалася яго. Але ён не хацеў кінуць астатніх, гэтых пражэрлівых, сквапных дурніц, якія не хацелі разумець, што іх чакае. Вуцяк так затрывожыўся, што сам перастаў ныраць у мутную ваду, адно кружыў у затоцы ды ляскаў па вадзе крыльлем, тым выказваючы свой клопат і гнеў. Ды, здаецца, на вуцяка ўжо перасталі зьвяртаць увагу.
        Аднойчы ўранку ён згледзеў, як стравянелы пагорак зводдаль нібыта пакрыўся плесьняю – то браўся першы перадзімовы іней; у паветры надта марозіла. Але вада ў затоцы па-ранейшаму была цёплая, спрэс над ёю курэла лёгкая, празрыстая пара, у якой асабліва жвава пачуваліся вуткі. Вуцяк тады зрабіў ці не апошнюю спробу вывесьці іх на возера і ўзьняць на паветра. Але неўзабаве сьцяміў, што ніводная зь іх ужо не паднімецца – так усе ацяжэлі ад празьмернай сытасьці. І ўсё ня кідаюць ныраць – наядацца. Кожнага дня пад вечар туга набівалі абвіслыя вальлі. Корму ля трубы ня менела.
        Вуцяк быў ужо не малады векам, аж тры восені запар лётаў у вырай і кожную вясну вяртаўся на сваё возера. І ён ня мог не разумець, чым скончыцца вуцінае непаслушэнства. Ён толькі ня ведаў, як сам павінны паставіцца да таго. Але і ратавацца самому таксама ўжо рабілася позна. Тады ён меў апошнюю размову з вуціхай-маці, якая адна магла яму паспрыяць. Ды не схацела. Мабыць, як заўжды, не хапіла яе вуцінага розуму.
        Між тым на берагі лёг першы лёгкі зазімак. Пагорак забялеўся пад сьнегам, нават стаў прыгажэйшы, чым быў дагэтуль. А затока ўсё дымелася пад цёплай духмянай парай. У ёй надзвычай порстка і ўвішна пачуваліся вуткі. Аднойчы ўранку вуціха-маці так і сказала вуцяку: дарма турбуесься: тут будзе ня горш, чым у выраі. Тут – цывілізацыя, труба пракорміць. А мароз? – запярэчыў вуцяк. А марозу, можа, і ня будзе, адказала вутка. Не было ж яго ўлетку…
        Вуцяк разумеў, што яна памыляецца, але ня ўмеў як пераканаць яе ў тым. Асабліва, калі яе падтрымалі астатнія вуткі. Нават яго ўлюбёная Шарэчка і тая апошнім часам надта ацяжэла і болей трымалася на вадзе каля маці. Вуцяк усё болей заставаўся ў адзіноце і парой пачынаў сумнявацца ў сваёй праўдзе. А можа і насамрэч марозу ня будзе? Не бывае ж яго на поўдні, куды лятуць птушкі ў вырай.
        Але то – на поўдні. Тут жа была калі й ня поўнач, дык нешта блізкае да яе. Чакаць чагось ладнага, мабыць, тут было марна. Ды вуткі, як і людзі, мелі патрэбу заўжды спадзявацца на лепшае. А што лепшае – падманная рэч, вуткі таго не разумелі.
        Неяк уначы стала дужа сьцюдзёна, азяблыя вуткі ледзьве дачакаліся раньня. І тады ўбачылі, што бераг у трысьнягу ўзяўся прыгожым тонкім лядком. Некаторыя нават паспрабавалі яго дзюбкамі, на смак ён падабаўся і хутка таяў. Каб выплыць у затоку, яго лёгка праламвалі вальлямі і лапкамі і так дапяліся да кормнай трубы. Але назад статак ужо не пасьпеў – трысьнёг за дзень спрэс паўмярзаў у лёд. Вуціха-маці тады ўскараскалася на ледзяны закраек і валюхаста пашкандыбала пешшу. За ёй гэтаксама няўклюдна пабрылі вуткі, – ім карцела начаваць там, дзе прывыклі. Вуцяк туды не пайшоў і застаўся на вольнай вадзе ў затоцы.
        Але і затока вузела. Мароз паволі і настойліва пашыраў на возеры свае ледзяныя абшары. Праз колькі дзён у затоцы застаўся невялічкі лапічак чыстай вады ўздоўж берагу. Там увесь дзень і сноўдалі вуткі. Праўда, ня ўсе. Іншыя вылязалі на лёд і паныла сядзелі, нібы чагось чакаючы. Сярод іх быў вуцяк. Ён ужо нікуды іх ня клікаў – не было куды клікаць. Ён толькі маўкліва дакараў сябе, што не намогся ў свой час змусіць іх падняцца ў вырай. Але як было адарваць згаладнелы статак ад багатага корму? Цяпер навошта корм?
        Начавалі цяпер у цеснай палонцы, і неяк уранку згледзелі, што коміны, якія вытыркаліся ўдалечы з-за засьнежанага пагорку, перасталі дыміць. Тое вутак ня надта спалохала. Спалохаліся яны, калі адчулі ў вадзе, што з бэтоннай трубы не цячэ нічога. Вуткі ня ведалі, што гэта збанкрутаваў завод, і труба перастала дзеяць. Як і ўсё астатняе на заводзе. А вузкая палонка тым часам усё вузела. Пакуль лёд аканчальна не самкнуўся зь берагамі.
        …Як зноў настала вясна і стомленыя статкі гусей, журавоў ды вутак пачалі вяртацца з далёкга выраю, яны ў азёрнай затоцы не знайшлі нікога.
        Толькі рэшта мокрых стракатых пёрак дзе-нідзе гайдалася ў трысьнягу і ля берагу. То было усё, што засталося ад сытага бясьпечнага вуцінага статку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.