РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зімою
1
Калядная ночка ўвесь сьвет пакрывае,
Па белай ад сьнегу зямельцы снуе;
Мяцеліца ў полі сапе, завывае,
Сьвіст віхраў спакойна заснуць не дае.
 
У коміне вецер заціхнуць ня хоча, –
Заносіцца песьняй магільнай, дзікой;
То стогне, то плача, то дзіка рагоча,
Як быццам сьмяецца зь нядолі людской.
 
Дарожкі і сьцежкі занесла віхура,
Ня знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар;
Воўк выйшаўшы зь лесу, скаголіць панура, –
Каб чым пажывіцца – пакінуў гушчар.
 
І сіняе неба ад зор не рунее,
I месяц дзесь згінуў, ня ходзіць па ім,
Штохвіля цямней ноч, мароз не вальнее,
Сьнег сыпле і сыпле, як прыскам якім.
 
Бяда падарожнаму гэткай парою
Дарогу вялікую перабываць, –
Як стой загавеціся можна душою,
Сьняжніца – засыпаць, зьвяр’ё – разарваць!
 
Але вось у гэту рабінаву ночку
Бач, нехта ня вытрываў, полем ідзе,
Руку апірае на тонкім кіёчку,
На плечах і сьпераду ношку нясе.
 
Хто гэткі шалёны ў такую завею
Пакінуў хацінку, ў дарогу пайшоў?
Аж жудка на сэрцы, душа ажно млее:
Там зь дзіцем кабета пляцецца дамоў!
 
Гістор’я старая: убогая дзеўка
Пайшла ў двор на службу для хлеба куска,
Пайшла, паганяная гора прыпеўкай,
Ад хаты радзімай, сьвятога кутка.
 
Семнаццаты год шоў прыгожай Ганулі,
Век самы, што толькі жыві, прыпявай!
Сам век, што ахвоціць да працы, да гуляў,
А што ўжо любіцца – на ўсё забывай!
 
На звадку для хлопцаў, на зайздрасьць дзяўчатам
Слыла паваблівай дзяўчынай яна,
І гэта павабнасьць яе стала катам:
Скасіла і радасьць, і песьні спрытна.
 
О, моладасьць, моладасьць! Сколькі з табою
Прыгод падчас горкіх ідзе для людзей!
Ты сэрца узбурыш, гульнеш ты з душою,
Ты, ломячы думкі, кроў смокчаш з грудзей.
 
Я так жа, змагаючы долі завею,
Надзеі вялікія сьніў, будаваў, –
Ты ж, моладасьць, мачыхай стала маею...
Эй, што гаварыці! Цябе я ня знаў!
 
Прыхільна дзяўчына на сьвет гэты боскі
Глядзела і верыла зьменным людзям;
От, знама, прастачка, дзіцё нашай вёскі,
Што зь беднасьці, зь невуцтва знанае нам.
 
Нямала ў дварэ слуг, шмат хлопцаў ўсялякіх, –
Сумленных, праўдзівых і шэльмаў благіх.
Цімох жа найлепшы: няма ў ім ніякіх
Паступкаў нягодных, як ёсьць у другіх.
 
Дзяўчына прыгожая, хлопец прыгожы, –
Вось пара ўжо сэрцаў, вось пара людзей,
Што могуць забыцца на ўсё, на сьвет Божы,
Як кроў маладая заходзіць жывей.
 
Хто з нас не любіўся, хто ўцехай каханьня
Хоць міг сваіх лет маладых не правёў?
Сам-насам дзяўчыны з малойцам шаптаньня,
Двух сэрцаў хто слухаў вясёлых размоў?
 
Цімох і Гануля – вось роўная пара:
Яна бедна дзеўка, ён бедны дзяцюк;
Любілісь і мелісь пабраціся зара,
Дый здрадзіла шчасьце, мінула іх рук.
 
Гаротнага хлопца пагналі далёка,
Пагналі ў салдаты на зьдзекі, на плач;
Засталася Ганна адна-адзінокай,
А з доляй – хоць сонца, хоць сьвету ня бач!
 
Сягоньня, во ў гэткую сьцюжу пляцецца,
Пляцецца зь няшчасьцем, з пацехай сваёй,
Хоць вые віхура, хаўтурна сьмяецца,
Як людзі, так дзіка рагоча над ёй.
 
Ідзе і ідзе, а сьнягамі дзьме неба,
Дзіцё ў руках плача. Ноч, жудка... бяда.
Ў катомцы на плечах нясе булку хлеба
I сала фунт – служкі за труд – каляда.
 
Па гурбах, па наспах ідучы сьняжаных,
Змаглася, халодны пот цела заліў,
А рукі і ногі мароз неспыняны
Даўно замарозіў, даўно зьнечуліў.
 
Чуць дух пераводзіць, зьліпаюцца вочы,
Яшчэ дабыла сіл, ды дзе больш дабыць?
Скасіліся ногі, ямчэй вецер скочыў,
Схіснулася й зь дзіцем, і з хлебам ляжыць!
 
Ляжыць сярод поля шырокага
Ў пасьцелі пуховай са сьнегу.
Спачні зь дзіцянём, адзінокая, –
Вам лепшых ня знаці начлегаў!
 
Ня бойцеся!.. Ўтуліць ад холаду,
Спаўе, як пялёнкай, сьнег белы,
Зацягне вам песьню мяцеліца,
Воўк жальбай завые скалелы.
 
Але віхраў сьвісты магільныя
I воўчыя выцьці пад борам
Няхай не пужаюць вас, бедныя,
Сваім нелюбым загаворам.
 
I неба хай гэта вас хмарнае
Ня страшыць сваёй цемнатою,
I доля вам гэта цяперашня
Хай вельмі ня здасца благою.
 
Ці ж хаты для вас былі лепшымі,
Як гэтая сьнежная ніва?
Скажы ты мне, маці бязмужняя,
Была ж ты дагэтуль шчасьліва?
 
Жыла ж з табой моладасьць ясная,
Вясёлыя песьні ці пела?
Былі ж для цябе людзі добрымі,
Іх злосьць над табой не шалела?
 
Падумай, падумай, гаротная!
Я ў песьню пралью твае думы,
I разам сьпяём гулкім голасам
Пад дзікай мяцеліцы шумы.
        
*

Бядак жыве толькі сягоньня,
Дзён лепшых яму не чакаць;
Цар-голад няшчаснага гоне
Крывавага хлеба шукаць.
 
Пакінуўшы родную хатку,
Калі йшчэ такая дзе ё,
Замучан бядой даастатку,
Ідзе, каб здабыць на жыцьцё.
 
Ідзе, а пражорнікаў вочы
Цікуюць з усіх са старон;
Ідзе, а ці днём, ці уночы,
З дарогі зьбіваецца ён.
 
Так, блудзячы, валіцца ў сеткі,
Расстаўленыя спатайка,
I сілаў ня раз апасьледкі
Ссуць п’яўкі, вужы зь бедака.
 
Заплацяць пагардаю дзікай
За кроў, за мазолі, за труд,
Дадуць медзяка для прыліку,
Што ліў пот ня толькі за кнут.
 
Як выціснуць дух увесь чыста,
Прызнаюць няздатным к труду,
Прагоняць на шляхі цярністы,
Прагоняць на сьлёзы, бяду.
 
I пойдзе бядак нешчасьлівы,
Здароўя упякаўшы цьвет,
Празь цёмныя боры, празь нівы
З жабрацкаю торбаю ў сьвет.
        
*

Што? – дрэмлеш ужо ты, дзяўчына?
Ня сьпі, яшчэ штось прапяём!
Эй, што там, каліна-маліна!..
Запейма – пець лёгка ўдваём!
 
А будзе цікавая песьня,
Бо выкажа думы твае.
Ну, слухай, хоць сэрцу балесьне –
З тваёй мая доля пяе!
 
Ты помніш, як маці цябе твая родная
Дзень першы у лапці абула,
Як ты, падрастаючы, цьвёрдую, зрэбную
Кашулю на целе пачула.
 
Галела, калела у полі ты з пугаю,
Куску жадна будучы хлеба,
Па лесе, па пасецы з стадам цягалася,
Патолі ня знала ад неба.
 
Пякло лета сьпёкай, ты, ўся зацяганая,
Зьлівалася потам крывавым,
А восень студзіла бязьлітасна,
Трос вецер адзеткам дзіравым.
 
Ці йшла ты на поле шырокае, вольнае,
Ці з стадам вярталася з поля,
Ніхто не вітаў цябе шчыра, прыветліва,
Ні свой, ні чужы і ні доля.
 
Вось вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю,
Ды горкім жыцьцё было далей:
Бацькі твае бедна і трудна жыць мусілі –
У людзі чужыя паслалі.
 
Паслалі па цьвёрды па хлеб на пакідзішча,
На зьдзек, на бадзяньне няміла,
I ты без апекі прытульнай, бяз бацькаўскай
Навекі сябе загубіла.
 
З насьмешкай благой на цябе, заблудзіўшую,
Цяперака ўсе паглядаюць;
I сэрца крывёю тваё абліваецца,
І вочы у сьлёзах плываюць.
 
У губу ня лезе яда гаспадарская –
Кусок іх палічаны кажны;
Ў калысцы ад крыку дзіцё захліпаецца, –
Патомак твой плача сярмяжны.
 
Бацькоў гэтым грэхам сваім не пацешыла –
Ўжо зь дзіцем ты лішняя ў хаце;
На службе цябе разьлічылі, адправілі –
Ня стала там хлеба дзіцяці.
 
І што ж цябе, маці, чакае, бязмужняя?
Ня бачыш ты сьвету, ў сьвет глядзя,
Ня ўзложыш вянка ты ўжо болей дзявочага,
Ня сядзеш ужо на пасадзе.
 
Навекі твая ўжо зламаная моладасьць,
Асуджана мучыцца вечна,
І ў гэтай дарозе, у гэту мяцеліцу
Ты, сапраўды, шчасьліва, бясьпечна.
 
Сьнег так адусюль спавівае пялёнкаю
Сваёй прыліпаючай, белай,
І сыспаду мякка, і зьверху накрытая,
Начлегаў такіх ты ня мела.
 
Ня мела папраўдзе, бо гэтак во соладка
Зь дзіцём – бачу я – ты заснула.
Сьпі!.. Пэўна, і песьні маёй, табе выснутай,
Усёй ты, бядачка, ня чула.
 
Сьпі, сьпі! покі сонца на небе нячулае
Узойдзе гуляці над сьветам;
А можа, засьні лепш навекі, няшчасная,
Як маеш з жыцьцём біцца гэтым.
 
Вечна ня можа мучыць мяцеліца,
Вечна ня можа ноч панаваць;
Зімняе неба сонейкам беліцца,
Вецер нямее, хмар не відаць.
 
Іскрыцца поле сьнежнае, белае,
Бор гутарлівы ціха стаіць,
Воўчая песьня, дзікая, сьмелая,
Жудасна ў полі ужо не гудзіць.
 
Радасна ўсходзіць раніца стройная,
Сьвеціць для сьнегам засланай зямлі;
Вакол абшары, ўсе дзіўна-спакойныя,
Шалы віхураў як не былі.
 
Гоманы, скрыпы зь вёскі даносяцца,
I там ужо сонца робіць сваё;
Па саламяных стрэхах дым коціцца –
Знак, што пад імі госьціць жыцьцё.
 
Будзяцца людзі, з хат выбіраюцца
Яркі калядны дзень прывітаць;
Цёплая пара з губ выбіваецца,
Шэрань на бровах, шчокі гараць.
 
Бабы заняты важнай заняткаю, –
Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць, –
Зь нейкай паважнай ходзяць аглядкаю,
Сьвята сягоньня – бліны пякуць.
 
Рана і жонка ўстала Рыгорава, –
Мужа з дарогі жджэ і дачкі;
Носіць ваду, змарылася здорава,
Печ падтапіла, ставіць гаршкі.
 
Можа, яна ужо разы і сотнія
Глянула ў шыбы з хаткі на двор;
Мучаць старую думкі маркотныя:
Штосьці ня едзе з Ганнай Рыгор.
 
Выехаў ўчора цёмнаю раніцай,
Меўся вярнуцца нанач дамоў;
Праўда, кабылка худа, чуць цягнецца,
Але вялікі ужо час прайшоў.
 
Што за прычына, што так задлякаўся, –
Трудна згадаць, хоць як варажы,
Ці мо дзе ў гурбу сьнежную ўпякаўся,
Ці мо начуе у Рубяжы?
 
...Скрыпнулі сані... У вокны марозныя
Хутка, пакуль там бегчы на двор,
Вочы свае Рыгорыха сьлёзныя
Ўставіла й бачыць: узьехаў Рыгор.
 
– Дзе ж ты дзеў Ганну? – у мужа пытаецца.
– Няўжо, – ён кажа, – Ганны няма?
I абаім ім сэрца сьціскаецца,
Дум усялякіх хлынула цьма.
 
Ганна з двара ужо іншай дарогаю
Йшла, як ехаў Рыгор па яе;
Думаў, што дома. Бачыць з трывогаю:
Дома няма. Дык дзе ж яна, дзе?
 
Дарма шукаці рвуцца ў аколіцы,
Ў вёсцы пытаці, на мшы даваць;
Дарма ён стогне, а яна моліцца:
Ганны нідзе няма, не чуваць.
 
Толькі ад часу, як гэта сталася,
Гутарка ходзіць так па сяле: –
Ў сьнег як зямелька ўся адзявалася,
Неба мяцеліцу грозну пашле, –
 
Ночнай парою з бара недалёкага
Нейкае зданьне – глянуці страх –
Чуць лезе з гурбаў, зь сьнегу глыбокага,
Йдзе на дарогу з ношкай ў руках.
 
Хто йдзе ці едзе, страх таму гэтае
Дзіва сустрэці, голас пачуць, –
Страшная мара, напаўадзетая,
Зблытаны косы, вочы пякуць.
 
Грудзь да касьцей дзявоцкая вырвана,
Ранай адною сьвеціцца ўся,
Стане... кроў люне чырвана-чырвана;
Рукі калышуць мару-дзіця.
 
Тулаў дзіцяці толькі хістаецца,
Ручак, галоўкі, ножак няма;
Да падарожных зь ім падбліжаецца,
Жальбу заводзіць жудка сама.
 
Жаліцца ўперад, посьле жалобную
Страшную песьню сьлёзна пяе;
Гэткую песьню чуем падобную,
Як сьмерць запусьціць джгалы свае.
 
Аб тых, што зь сьветам гэтым разлучаны,
Аб затрутым бяз часу жыцьці,
Аб маці зь дзіцем плача замучанай,
Моліць крыху сагрэць, падвязьці.
 
Хрысьцяцца людзі, чуючы гэтае,
Мейсца мінаюць тое барзджэй,
Зданьне зноў у лесе зь песьняй нясьпетаю,
Зь дзіцем, з катомкай нікне сваей.
 
Памяць аб гэтым людзі вясковыя
Шчыра гадуюць, вера жыве:
Яміну тамка ў гушчы сасновае
«Ганьніным Ярам» вёска заве.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.