РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ядвігін Ш.
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бярозка
...
        Даждаўся Лявон, што яго пацеха Марыська выцягнулася ўгару, як тая маладая, тладкая бярозка. Ад хлапцоў адбою не было, i хоць сэрца кроўю аблівалася, a пара падышла замуж аддаваць.
        Справіў Лявон вяселле як мае быць: каб у сэрцы дзіцячым на доўгія годы добрая памятка асталася i каб перад людзьмі сораму не было; але, як прыйшлося расставацца з дачушкай, сплакаўся, бедны, як бобр: быццам чуяла сэрца нешта нядобрае. ён і кажа ёй на апошнім адвітанні:
        — Слухай, пацеха мая, адну цябе толькі я маю i адну табе толькі даю раду: калі цябе прыцісне горкая доля, калі табе будзе вельмі цяжка жыць, што i змогі не будзе вытрываць, не жалься нікомунікому, хіба знойдзеш такую спрыяючую верную душу, як спрыяла i верная была для цябе душа твайго бацькі; не знойдзеш — ідзі лепш у лес, выберы, каторае табе спадабаецца, дрэва i яму, толькі яму аднаму, маё ты дзіцятка, душу сваю адкрывай, жаль свой вылівай...
        Прайшло нямала часу. Паехаў Лявон дачкі даведацца. Вылецела Марыська з хаты, кінулася бацьку да кален; прыпала пасля галоўкай да грудзей бацькавых, але ўскорасці, як бы засаромеўшыся, адскочыла, спусціла вочкі i стаіць, уся збялеўшая, толькі губкі дрыжаць...
        Доўга Лявон моўчкі ўглядаўся на сваю пацеху, a пасля памалу падышоў да яе i глухім, быццам не сваім голасам стаў дапытваць:
        — Цяжка?
        — Ой, цяжка, татачка!— уздыхнуўшы, адказала дачка.
        — Жалілася?
        — Жалілася, — вышаптала Марыська.
        — Каму?
        — Бярозцы.
        — A больш?
        — He знайшла каму.
        — Нясі сякеру, пакажы мне гэтае дрэва.
        Хістаючыся, як маладая ад буры бярозка, ішла наперадзе Марыся, a за ёй, як хмара, сумны ішоў з сякерай Лявон...
        — Вось тая, на ўзгорку, — здалёк паказвала рукой Марыся. — Ой, татачка, — жалілася яна, — якая гэта была пекная бярозка, якая гладкая! Якія пекныя былі на ёй галінкі, a на галінках паўнюсенька зялёненькіх бліскучых лісточкаў!.. Лявон маўчаў.
        — ... Татачка! што ёй зрабілася? Гэта ж цяпер лета... Чаму яна ўчарнела? Чаму здрабнелі,
        Лявон маўчаў.
        — ...Чаму жаўцеюць галінкі свае яна ўніз апусціла, быццам яны плачуць?.. Я так любіла,a яна ўмір...
        He паспела слова скончыць Марыся, як цяжка грукнуў па дрэве абух... Як падстрэленая птушка, скокнула яна i схапіла за руку старога:
        — Татачка, не чапай!! He чапай, родненькі мой! — прасіла Марыся. — Баліць... баліць...
        Але Лявон, нічога не кажучы, ізноў стукнуў абухом па дрэве; рэха не адазвалася — стук быў глухі, як бы гэта не па дрэве, a na зямлі стукаў... Марыська стаяла воддаль, заламаўшы рукі, i глядзела быццам на нешта вельмі страшнае, толькі з вачэй яе сыпаліся адна за адной слязінкі, як сыпаліся пажоўклыя лісточкі з здрыгануўшайся пад абухом бярэзіны... Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару і, адагнуўшыся, са ўсяго маху запусціў сякеру ў бярозу і, павярнуўшы тапарышча набок, адшчапіў вялікую трэску. Дрэва заскрыпела, запішчала, быццам стала жаліцца, як тое дзіця... a зпад Лявонавай сякеры шчэпкі ляцелі i ляцелі...
        Але нядоўга яму прыйшлося працаваць: нагнуўся Лявон, глянуў на падсечанае месца, ткнуў туды тапарышчам і, адагнуўшыся, глыбока-глыбока ўздыхнуў...
        — Марыська, дзіцятка маё, — дрыжачым голасам пачаў Лявон, — бачыш? Гэта ж тут усяго на палец абалоні! A там — там парахня, адна парахня!.. A ведаеш чаму, гаротніца ты мая? Ведаеш? Гэта ж твой боль, гэта ж твой жаль спарахнілі гэту бярозку,— бо ты доляй сваёй жалілася ёй. Дрэва i то спужалася такой долі... Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ёй было штораз цяжэй, a ты, маё гаротнае дзіця, успомні, ты тады мела хвіліны, падобныя да шчасця...
        I Лявон, узяўшы рукамі галоўку сваёй пацехі, моцна прыціснуў да сябе, a Марыська, тулячыся да бацькавых грудзей, прашаптала:
        — Татачка, a чаму паміж людзей я не знайшла, каму пажаліцца?
        Лявон маўчаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.