Нікому
З часоў прыгону
|
|
|
|
I Скончыўся дзень працы, Сонейка зайшло, Вечарок асеньні Сходзіць на сяло. Станавяцца ў хатах Дзяды па кутох, Час агонь паліці, Ночкі цень залёг. Пук лучынак ёмкі, Дзяўчынка, нясі, Пры сьвятле іх будзем Гутарку вясьці. Раскажу вам тутка Здарэньне адно, – За часоў прыгону Здарылась яно. Слухаць толькі ўважна, Не перабіваць. Сьціхлі. Ладна! Толькі З чаго б тут пачаць?
|
II Гэй, думка ўдалая, Ты мяне нясі Па роднай старонцы – Па Белай Русі! Нясі ў час мінулы, Як горасна тут Год таму з паўсотні Жыў наш бедны люд. Сьмерць ішла ня ў часе, Дый не к аднаму, Жаліцца ў няшчасьці Не было каму. На бяду і гора, На сьлёзы і жаль Паншчына спраўляла Свой прадсьмертны баль. Хоць мінуў даўно ўжо Час той – ліхадзей, Але не мінула Памяць у людзей.
|
III Сярод гор пясчаных Ды панскіх лясоў Расьселася вёска Зь якіх хат са сто. Жыве ў гэтай вёсцы Душ якіх зь пяцьсот, – Працуе на пана Ўвесь гэты народ. Пан што хоча робіць. Грозен яго кнут, Лье пот, кроў і сьлёзы Зацяганы люд. За віну малую Розгамі сякуць, За праступак большы Ў рэкруты здадуць. Бацька робіць «дзела», Ў салдатах сынок, Бярэ за каханак Пан жонак, дачок.
|
IV Вось у гэтай вёсцы, У сям’і аднэй, Вырасла дзяўчына, А ўсіх прыгажэй! Звалася Аленай Дзяўчынка-душа, Ну... і пакахала Шчыра Тамаша. I Тамаш Алену, Ой, не ад таго; Сказаць пра іх любасьць Можна шмат чаго. Любіліся шчыра Пара галубкоў, Дый ня мелі шчасьця Для сваіх галоў. Бор над іх бы доляй Плакаў і шумеў... Аленку-красуню Пан на воку меў.
|
V Раз, пекна прыбраўшысь, Быццам на кірмаш, Пайшлі ў двор да пана Алена й Тамаш. Прыйшлі. Пан к ім выйшаў, А яны да ног: «Пазволь пажаніцца Нам, ясны панок!» «Жаніцеся! – што ж там... – Кажа пан з двара. — Калі ж будзе шлюб ваш?» – «Панок, на Пятра». Як прыйшлі, йдуць нашы Дамоў жаніхі. Весела варкочуць... Пан добры такі. I няўцям ім, бедным, Што за імі ўсьлед Ліха злое пхнецца I натворыць бед.
|
VI Грыміць палац белы – Ў пана йдзе банкет, Гуляе магнаціва Гулка, на чым сьвет. Сталы паўнютэнькі Яды дарагой, Дарагія віны Ліюцца ракой. Бяз сораму жарты У п’яных пайшлі, Аж іх жонкі, дочкі Са стыду ўцяклі. I гэтага толькі Хацеў зброд п’яны. – Дзевак сюды! Дзевак! – Крыкнулі паны. Гаспадар гасьцінны Ўгадзіць рад гасьцям. – Тут Алену ўспомніў, К якой лас быў сам.
|
VII А Тамаш з Аленай – Муж і жонка ўжо – I ад шлюбу едуць Роднаю мяжой. Дамоў едуць хутка, Ён штось шэпча ей, Яна вочкі спусьціць, Стане ружавей. Але не пашэньціць, Мабыць, маладым: Кепскія варожбы Пападаюць ім. Перабег дарогу Заяц разы два, Груган закружыўся, Гукнула сава. З трывогай друг к дружцы Маладыя льнуць... Каб хаця ім, бедным, Злых прыгод мінуць!
|
VIII Вечар. Ціха ў вёсцы, Раптам грук такі! Гоман. Коней ржаньне, Бразгаюць званкі. Ўехала дружына – Той цьвяроз, той п’ян, – Сходзяць маладыя На белы дыван. Выслана да хаты Сьцежка палатном, Ідуць маладыя За ручку ўдваём. Бацька з маткай века Ад дзяжы дзяржыць, А на ім – гарэлка I хлеб-соль ляжыць. Музыка марш грае, Аж трасецца пол. Пад векам дружына Йдзе ў хату за стол.
|
IX Малады на куце Ўсеўся з маладой, Побач – асістэнты Падрад чарадой. П’юць, ядуць, гамоняць, Смутку ані-ні, Скрыпачка заводзіць, Кліча да гульні. Мілая пацеха Ў вочах маладых Сьвеціцца, як сонца, Аж б’е жар ад іх. Раптам – дзіва! зь дзесяць Панскіх гайдукоў Улятае ў хату, Як дзікіх зьвяроў «Дзе, – крычаць, – Алена? Маладая дзе? Да сябе на гулі Пан яе заве!»
|
X Зьнямела дружына, Зьнямеў малады, Трэба ж, не ставала Гэтакай бяды. Зналі, на якія Гулі клікаў пан, Што ўчыніць з Аленай Распусны тыран. Здрыгнуў Тамаш страшна, Пабялеў, як труп, Слупам вочы сталі, I сам стаў, як слуп, На тое ж Аленку Ўзяў жонкай цяпер, Каб над ёй глуміўся Распасьвены зьвер?! I схапіў няшчасны Точаны тапор, Ажна ўсіх затрэсла Жудасьць, як віхор.
|
XI «Гэй, вы, служкі пана! – Крыкне так Тамаш. – Подлыя вы самі, Падлейшы пан ваш! Гэй, скажыце, шэльмы, Кату свайму там: Ня дам яму жонкі, На ганьбу ня дам. Хоць згнію ў астрозе Ці ў віры на дне, – Няхай жа ня будзе Ні пану, ні мне!» I сякерай гахнуў, Як вокам міргнуць, Па абух ўпілася Ў Аленіну грудзь. Рухнула Алена На дол без жыцьця, Крывёй цёплай, сьвежай Залітая ўся.
|
XII Так сышло вясельле Нашай маладой, – Засыпалі грудзі Зямелькай сырой. Над яе магілкай Праз доўгія дні Вырас клён і ліпа Роўнай вышыні. Зімой клён і ліпку Засьцілае сьнег, А мароз знаходзіць Там сабе начлег. Летам клён і ліпку Зелень адзяе, Сонца й вецер гулі Заводзяць свае. Людзі й тут па-свойму Нейкі знак знайшлі: Людскія назовы Дзераўцам далі.
|
XIII Ад гэтай прыгоды Шмат гадоў прайшло, Няпамяці зельлем Шмат што зарасло. Засталіся толькі Ў думках з году ў год Крыўды, што ў час гэты Выцерпеў народ. Зь дзедаў на унукаў, З бацькоў на дзяцей Ланцугом пляцецца, Што было даўней. І гэта здарэньне, Сьпісанае вам, Расказаў мне так жа Стары дзед Адам. Вам яшчэ цікава, Як век дажылі Той Тамаш і пан той На гэтай зямлі.
|
XIV Тамаша ў кайданы Закулі ў той час I ў Сібір саслалі; Там ён, бедны, згас. Доўга цягаў тачку Пад звон ланцугоў I памёр далёка Ад родных куткоў. Пан жа, як, вядома, Як і кожны пан, Панаваў час нейкі, Цёнгле сыт і п’ян. Пасьля ўсё ж са злосьці Павесіўся ён, Як на зямлі нашай Мінуўся прыгон. Палац стаіць пусткай, Жыць няма ў ім як, – Здані ў ім здаюцца, Быццам помсты знак.
|
|
|
|