РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бутэльчына, альбо Прэзідэнт на дрэве
1
        Яхім Памазок – ветэран BAB i калгасны качагар па сумяшчальніцтве. Ягоная жонка Кацярына доўга рабіла ў калгасе даяркай, зарабіла паўкілё металёвых узнагародаў на грудзі i звалася майстрам машыннага даеньня. Яхім, што прынёс з вайны ўсяго адзін ордэн, вядома ж, зайздросьціў жонцы i хацеў, каб яго звалі майстрам цэнтральнага ацяпленьня. Званьне тое, аднак, не прышчапілася да Памазка, можа, з тае прычыны, што быў ён сьпец іншае справы, пра якую не любіў казаць. Але ён стараўся. У партыі браў удзел амаль пяцьдзесят год, часам актыўнічаў, аднойчы нават абі­раўся ў раённы савет, ды няўдала. Сябры суцяшалі: яшчэ ня вечар. З тваімі заслугамі напэўна можна дачакацца лепшага – вунь колькі старых бздуноў сядзяць дэпутатамі, чым ты за іх горшы?
        Той дзень яны трохі прыклаліся да чарговай бутэльчыны – там жа, у качагарцы на сконе дня. Замурзаную бутэльчыну прынёс маладзейшы Яхімаў напарнік Юрка Дзядзенка, нядаўні механізатар, якому трактар вясной пераехаў нагу, i ён рабіў у качагарцы. Зрэшты, як заўжды, галоўны Юркаў клопат палягаў наконт выпіўкі. Гэтую бутэльчыну ён пepaxaпiў у знаёмага хлапца з «Сельгастэхнікі», які ў сваю чаргу прывёз яе ад адной бабкі з хутару, дзе тая гнала адмысловае па тым часе пітво. Усе, каму давялося паспытаць яго, казалі: бярэ, бы зьвер. У качагарцы тае пра­дукцыі яшчэ не каштавалі.
        Не пасьпелі дружбакі выцягнуць з бутэльчыны куртаты, нібы абгрызены, папяровы корак, як у кацельнае сутарэньне ўвапхнуўся трэці сабутэльнік – былы аграном Ладуцька. Гэты меў даўно адпрацаваны ў такіх выпадках нюх i не пудлаваў ніколі. Часам сябры былі ня супраць ягонага ўдзелу (калі выпівону хапала), часам наракалі – калі таго было мала, але заўсёды дзяліліся па-справядлівасьці. Той раз бутэльчына выдалася нішто сабе – большая за паўлітра, а што да яе зьмесьціва, дык спрактыкаваныя пітакі вызначылі адразу. Ладуцька аж скалануўся ад задавальненьня: ай, халера, бярэ! Бярэ, пацьвердзіў i Памазок, глыкнуўшы з заскарузлай ад бруду шклянкі. Па чарзе выпілі ўтрох, закусілі цыбулінай з салам ды абкрышаным кавалкам хлеба. Большага ім i ня трэба было – галоўнае выпіць ды закурыць. Натуральна, не марудзячы, выпілі i яшчэ, а затым дадалі. Менавіта тады ў зачыненыя на крук дзьверы качагаркі пастукалі – моцна, патрабавальна, як гэта звычайна рабіла хіба Памазкова жонка або хто з начальства. Кампанія сьпярша прыціхла, а пасьля Памазок падняўся. Паводле нейкіх толькі яму вядомых прыкметаў ён сьцяміў, што то ня жонка i ўжо не старшыня – хтось іншы.
        I праўда, то была паштарка Рыбакова Анюта, якая з парогу сунула Яхіму пакамечаны, са сьнежнай крупкай блакнот – тэлеграма вам, расьпішыцеся.
        Дрыготкай рукой Памазок крамзануў сваё прозьвішча i разгарнуў аркушык тэлеграмы. Міжнародная, аднак, значылася буйна ўгары, а ўнізе быў нейкі тэкст, які Яхім ня мог прачытаць без акуляраў i аддаў мала­дзейшаму Юрку. Той моўчкі прачытаў i, дзіўна якочучы, бокам паваліў­ся з табурэткі на падлогу. Памазок няўцямна пaзipaў на яго. Паперыну ўзяў Ладуцька. Маё віншаваньне, маё віншаваньнe, замармытаў ён i аж крыкнуў: «Юрка, кроў з носу бутэльку!» – «Але што?» – няўцямна ўтаропіўся ў яго Яхім. «Што? А во што, чытаю: «Містэру Памазку Яхіму Найвышэйшы дзяржаўны савет дэмакратычнай рэспублікі Памазоніі віншуе вашую вялікасьць з абраньнем на высокую пасаду прэзідэнта рэспублікі Памазоніі якую належыць заняць 22 лістапада білет авіякампаніі Люфтганза да шчасьлівага спатканьня подпіс найвышэйшы савет».
        Памазок зьняможана апусьціўся на абабітую цыратай табурэтку, ён не разумеў нічога: «Каго? Мяне? Якім прэзідэнтам? Якой Памазоніі?» «Цябе, цябе, ось жа напісана», – тыцкаў яму тэлеграмай у твар Ладуцька. Юрка Дзядзенка, ад’енчыўшы сваё, сеў роўна на лаўцы i высалапіў ад зьдзіўленьня вочы, бы ўпершыню ўбачыў напарніка, які ўсё паўтараў няўцямна: «Я – прэзідэнт?» – «Ты, ты, ось жа напісана. Юрка, бягом за бутэльчынай», – камандаваў былы аграном.
        I праўда, Дзядзенка паслухмяна падыбаў на сваёй кульбе да дзьвярэй, а Пама­зок усё ня мог чагосьці зразумець. Найперш ці не правакацыя тое, арганізаваная міжнародным імперыялізмам або сусьветным сіянізмам? I дзе тая Памазонія, якой ён ніколі ня чуў нават, што за краіна? Добра, калі сацыялістычная, а калі... I чаму яго ў прэзідэнты, ці ён прасіўся? Найперш карцела паслаць ycix на тры літары ды вярнуцца да таго, што было. А было няблага, яны спакойна выпівалі... Але ж Юр­ка пайшоў па гарэлку, мабыць, нягожа падводзіць сяброў, гарачыцца, лепей узважыць усё як мае быць. «Во i добра, што тады цябе ў райсавет пракацілі», – сказаў Ладуцька. «Чаму гэта – добра? – зьдзівіўся Памазок. – Няварты ці што?» – «Варты, варты, але тады б прэзідэнтам ня стаў. А так – прэзідэнт, віншую», – амаль лісьліва мовіў Ладуцька. А й напраўду, падумаў Яхім, нашто адмаўляцца? Калі што, качагарка ад яго не ўцячэ. А там, можа, хоць дзяшовую іншамарку прыдбаць, а то зяць ужо воўкам глядзіць, яшчэ дачку кіне. Але ж – жонка, раптам задумаўся Яхім, як яна да таго паставіцца? Прэзідэнтша ж...
        Яго клопатны роздум перапыніў Дзядзенка, які, канешне ж, прынёс і бутэльчыну. А з ім у качагарку напхнулася i яшчэ выпівохаў розных узростаў – ужо ўсе ведалі Памазкову навіну i прагнулі яе абмыць. У кацельні стала цесна ад людзей, якія абступілі Яхіма. Кожны стараўся павіншаваць ці хоць пахваліць, а то i даць параду: «Ну, пашэньціла чалавеку! Памазок там навядзе парадак! Слухай, ты там адразу – дэмакрацію к ногцю! Калі што – мы на падмогу. Але ўжо там пап’еш гарэлачкі...»
        Памазок усьмешыста маўчаў, яму ўжо не цікава стала размаўляць з гэтымі людзьмі i адказваць на іхнія досьціпы. Галоўнае – ён паверыў у сваю ўдачу i амаль пераканаў сябе, што ўсё правільна. Іначай i не магло быць. Ён – прэзідэнт рэспублікі Памазоніі, пэўна ж, высакаразьвітай, не якой-небудзь адсталай краіны. Адсталая краіна яго прэзідэнтам не выбірала б. Канешне, ён там ня быў, але не сказаць, што зусім незнаёмы з «капстранамі» – колісь у вайну браў Берлін i нават адзін раз пераспаў у мокрым шынялі на іхняй пярыне. Нічога асаблівага. Праўда, тады ён быў радавы, не сяржант нават, а тут – адразу ў прэзідэнты. Граматы меў няшмат – сем класаў, але павінна хапіць. Расьпісацца ўмеў прыстойна, асабліва калі пакласьці локці на стол, а для прэзідэнта тое, мабыць, галоўнае.
        I тут ён здагадаўся, чаму ў прэзідэнты Памазоніі абралі менавіта яго. Уся справа ў прозьвішчы. Ці не паходзяць ягоныя продкі Памазкі з тае Памазоніі? Добра ж вядома, што заўсёды i ўсюды цягнуць сваіх людзей – хоць з калгаса ў раён ці з раёну ў сталіцу. Гэтак i ў іншую краіну. Калі так, дык ўсё зразумела i, ма­быць, законна. Няма пра што турбавацца.У той дзень надвячоркам ён ужо не пайшоў у качагарку, на ягонай зьмене яго падмяніў напарнік. Рана ўстаўшы назаўтра, пачаў рыхтавацца ў дарогу. Найперш аднёс у майстэрню боты. Боты, канешне, ня новыя, але калі падбіць падмёткі, дык яшчэ паслужаць i ў той Памазоніі. Па дарозе зайшоў у цырульню. Увогуле падстрыгаць не было чаго – даўно ўжо ад ілба да патыліцы пралягала шырокая лысіна, ды ўсё ж... Калі стаў прэзідэнтам, дык хацеў выглядаць адпаведна. Мабыць, у дарогу трэба было б мець які чамаданчык, ды ў местачковых «Таварах паўсядзённага попыту» чамаданаў не было. Давялося пазычыць невялічкі куфэрак у Сьцяпаніхі, які застаўся ад зяця, што колісь зьбег ад дачкі на БАМ. Спрытны куртаценькі гальштук пазычыў у агранома – казалі, бяз гальштука там будзе нягожа. Можа, i праўда. З жонкай сталася горш – два дні сварыўся. Сьпярша ягоная Кацярына была катэгарычна супраць, каб ён куды ехаў, а пасьля, заплакаўшы, заявіла: i я з табой. Яхім стаяў на сваім: паеду адзін. А як абжывуся, тады паклічу цябе. «Чорта ты паклічаш, там сабе маладзейшую знойдзеш...» Ледзьве адчапіўся ад жонкі.
        Праводзілі прэзідэнта Памазоніі сьціпла i непрыкметна. Купка дружбакоў прыйшла на засьнежаны аўтобусны прыпынак, куды ён прыпёрся за паўгадзіны раней часу. Ззаду ішла сплаканая жонка, усё бубніла сваё: «Ну паглядзіце, здурнеў стары. Ну куды ён прэцца?» – «Ладна, ня плач, прэзідэнтшай будзеш», – суцяшаў яе Ладуцька, які трымаўся ля сябра неяк дужа блізка i сардэчна, быццам што хацеў сказаць асаблівае. Ён i сказаў, як Кацярына адвярнулася: «Можа, там, гэта, i мяне куды... Каб па аграрнай часьці. А то тут, ведаеш... Памазгуй, Яхімка». Яго перапыніў Юрка Дзядзенка, які прыстыргікаў на прыпынак, канешне, не з пустымі рукамі. «Трэба аглаблёвую!» – прапанаваў ён, адкаркоўваючы бутэльку, якую спаважна перадаў напарніку-прэзідэнту. Той трохі выпіў, затым выпілі Дзядзенка, Ладуцька, абодва браты Целяпенчыкі i напасьледак да бутэлькі прыклалася заплаканая Кацярына. Тады і перастала плакаць. Тут якраз падкаціў аўтобус. «Ну – пакеда, чакайце на госьці», – махнуў з аўтобусных дзьвярэй Памазок. Невялічкая грамадка засмучаных землякоў засталася на аўтобусным прыпынку.
        Як ён ехаў аўтобусам да станцыі, пасьля цягніком да Масквы i там праходзіў доўгую шаталомную працэдуру ў міжнародным аэрапорце – мала што запомніў, усё нібы плыў у разрэжаным алкагольным тумане, хаця i быў цьвярозы, бы шкельца. Ды так сталася, што ўсё было ня ў знак, – ішоў не туды, рабіў ня так i ня тое. Яго раз за разам асаджалі i тузалі, нават лаяліся – усе гэтыя міліцыянеры, жанчыны з пагонамі i нават дзяўчаткі, зусім лагодныя з выгляду, але што да яго, дык з яўна металічнымі позіркамі. Яму так i карцела абурыцца, сказаць ім, хто ён i куды едзе. Ды ўсё ж чалавек ён быў сьціплы, асабліва сярод незнаёмых людзей, i трываў. Трохі ачомаўся толькі ў самалёце, як мілае дзяўчо ласкава папыталася, што ён будзе піць? Ён зірнуў на стос бутэлек у калясцы i ткнуў заскарузлым ад торфабрыкету пальцам у самую знаёмую – во гэта. Дзяўчо наліла з напарстак «Сталічнай», i тады Памазок, можа, упершыню схамянуўся – а ці туды ён едзе. Калі выпіць даюць – курам на сьмех!
        У самалёце ён хутка заснуў лёгкім сном праўдзіўца, ня грэшніка, ведама ж нямала натузаўшыся ў дарозе. Прачнуўся, як падкацілі каляску з харчам, ды столькі, што ледзьве зьмясьцілася ўсё на маленькім адкідным століку. Тады зноў далі вы­піць – паўшклянкі кіслага віна, якое ён не ўзлюбіў з часоў дружбы з братушкамі. А во ягонаму суседу – выгалястаму буржую ў стракатым пінжаку, налілі чагось, пэўна, мацнейшага, а пасьля і яшчэ дабавілі. Памазку таксама захацелася такога, але ён ня ведаў, як папытацца, i трываў. Хай, думаў, дацягну да Памазоніі, а ўжо там...
        Самалёт ішоў над аблокамі, унізе, мяркуючы па ўсім, быў акіян, гля­дзець там не было на што, i ён зноў заснуў. А як прачнуўся, дык аж спалохаўся, што спозьніцца – усе паўскоквалі з месцаў, пачалі цягнуць свае валізкі, апратку, – мабыць, прыехалі. Па гучнай сувязі ў самалёце пра штось аб’яўлялі, але хіба зразумееш, пра што? I тады Памазок падумаў: ці знойдзецца хто ў Памазоніі, каб разумеў па-нашаму? Але наўрад. Калі ўжо ў Менску мала хто разумее, дык чаго чакаць у заморскай краіне. Гэта яго пачало турбаваць.
        Дарма, аднак, тое яго турбавала – ужо на першай паліцэйскай загародцы, нават не запытаўшыся, яго пазналі, i два маладыя, дбайна апранутыя чалавекі кудысь павялі праз агромністы гаманкі аэрапорт. Як толькі выйшлі на сьпякотную вуліцу пад шэрагам высачэнных пальмаў, падкаціў даўгі аўтамабіль, і тыя паслужліва расчынілі дзьверы – сядай, пан прэзідэнт. Ён i сеў. Пасьля селі яны – адзін наперадзе, другі, што нёс ягоны перавязаны дзяжкай куфэрак, побач. Як яны ехалі, Памазок ва ўсе бакі круціў галавой, дужа яму тут было цікава. Людзей на вуліцах сноўдала процьма – белых, чорных i нейкіх невялічкіх жаўтлявых, міма праносіліся статкі аўтамабіляў, i тут, i там стаялі купкі плячыстых «гарылаў» у камуфляжнай форме жабінага колеру. Што шмат паліцэйскіх, Памазку спадабалася: значыць, будзе парадак у ягонай Памазоніі, такі ж, як i ў Беларусі. Хіба палкі ў гэтых былі надта кароценькія, ня тое, што ў беларускіх – трэ будзе падоўжыць, пачаў уваходзіць у дзяржаўны клопат новы прэзідэнт. Ён спрабаваў загаварыць з канваірамі, але абодва маўчалі, бы нямкі. Тады i ён змоўк, падумаўшы: можа, яны саромеюцца яго, бо ўсё ж маладзейшыя, а ён стары, ды не абы-хто – прэзідэнт!
        Яны доўга ехалі па зіхоткіх ад шыльдаў вуліцах невядомага гораду, затым праз нейкі дзівосны лес з велізарнымі, проста гіганцкімі дрэвамі. Гэткіх сукаватых дрэваў не расло на Памазковай радзіме, у густое сучча ўгары не прабівала на­ват яркае сьвятло фараў. А як аўтамабіль спыніў­ся, зьдзіўленьню Памазка не было мяжы. Сярод лесу ярка асьветлены электрычнасьцю раскашаваў палац. Чырвоная жвіровая дарожка, шырокія прыступкі i над імі калоны. Бог ты мой, якія гэта калоны – белыя i таўшчэзныя, з пакручастымі загагулінамі на вяршках, якія нібы ўкручваліся ў прыцьмелае неба. Задраўшы ад захапленьня голаў, Памазок аж спыніўся, але да яго штось гукнуў той, што ішоў ззаду, i ён подбегам дагнаў пярэдняга, які ўжо расчыняў высачэзныя дзьверы ў палац.
        Усё тут наскрозь было заліта электрычнасьцю, чырванела дыванамі ў доле. На ягоным шляху маўклівымі слупамі стаялі нейкія людзі, у чорным i камуфляжы, па безьлічы новых прыступак яго павялі ўгору. Сьпярша ён пачаў лічыць тыя прыступкі, налічыў пяцьдзесят i кінуў. Затым яны кудысь шпарка ішлі праз пакоі i па калідорах, цемнаватых i сьвятлейшых, i ўрэшце, як ён зразумеў, прыйшлі. То быў вялізны, бы вакзальны, пакой з блішчастым i сьлізкім паркетам, на сярэдзіне якога блішчэў бакамі нейкі агромністы шкляны каўпак. У прыцемках прыгледзеўшыся да яго, Памазок зразумеў, што пад каўпаком ложак. Вялізны шырокі ложак з бялізнай, на якім ці не яму сёньня спаць? Абодва ягоныя канваіры дзесь зьніклі, замест іх зьявілася чорненькая жанчынка з дужа белымі зубкамі i ў белым фартушку. Яна паставіла на столік пры каўпаку блішчасты падносік і, усьміхнуўшыся, выйшла. Памазок адразу паці­кавіўся, што на падносе, – але нічога здатнага ня ўбачыў. Пара нейкіх зялёных фруктаў, шклянка жоўтага соку, малако ў кубку i ўсё. Hi чарчыны, ні бутэльчыны. Скупыя, аднак, людзі ў гэтай Памазоніі, падумаў прэзідэнт. Хаця не сказаць, каб бедныя.
        Трохі патупаў з кутка ў куток гэтай стадолы, паслухаў цішыню. Абышоў вакол каўпака, пастукаў пальцам па ягоным шкле – тоўстае халера. I навошта? Hixтo болей да яго не заходзіў, i прэзідэнт, памарудзіўшы, сьцягнуў з ног боты. Спаць – ведаў з часоў даўняй салдатчыны – было заўсёды найлепшым выйсьцем. Як у вайну, так i ў міры.
        Прачнуўся, мусіць, зарана, вылез з-пад каўпака, сеў у крэсла i сядзеў. Чакаў. Скрозь было ціха, чуваць толькі, як за акном у гольлі дрэваў шу­галі птушкі, акурат як у садку за качагаркай – сініцы. Тады ён пайшоў шукаць месца, дзе можна б справіць сваю патрэбу. Тыцнуўся ў адны дзьверы – зачыненыя, у другія – таксама. Тады знайшоў трэція, адразу, як адчыніў ix, навакол пыхнула сьвятлом, ярка высьвеціла ўсё, i Бог ты мой, што ён згледзеў! Думаў – туалет, а тут аказалася адмысловая туа­летная зала, усе сьцены i столь – бялюткія i люстраныя, як i ванны ды розныя ракавіны i ўнітазы. Шмат што навакол аздоблена золатам, невядомага начыньня – бы ў кабінеце зубнога доктара. Ён дакрануўся да аднае кнопкі, ды аднізу як плясьне ў твар – аж вылаяўся, падумаўшы, аднак, што, мабыць, гэтак нягожа. Напалохаўшыся, адразу падаўся да выхаду. Падумаў, можа, дзе знойдзецца болей звыклае месца, тут пэцкаць што ў яго не хапіла адвагі.
        Як ён вярнуўся да свайго каўпака, зноў расчыніліся нейкія дзьверы i ў пакой увайшла мажная белая жанчына – зноў з маленькім падносі­кам у руках. Штось буркнуўшы, яна паставіла падносік на месца ўчарашняга, які ўзяла з сабой. Наважыўшыся, Памазок пастукаў па баку каўпака –навошта гэта? Думаў, не зразумее, аж зразумела i сказала: пук-пук ноу. I ўсьміхнулася. Надзіва i Памазок зразумеў: то ад куляў, а ён думаў... Але што з таго вынікае?
        Трохі азадачаны, падышоў да свайго сняданку – зноў высокая шклянка соку, нешта цёплае ў малюпасенькім чайнічку, скрылёчкі сыру i маленькая булачка. Выпіць жа зноў не было ні кроплі.
        Не пасьпеў ён падумаць, што зьесьці, як расчыніліся дзьверы i ў пакой шпарка ўвайшлі яго ўчарашнія маладыя канваіры. Адзін з ix моўчкі, але выразна кіўнуў на дзьверы. «З куфрам?» – папытаўся Памазок, паказваючы на свой пакінуты пры ло­жку багаж. Той крутнуў галавой – значыць, без багажу, зразумеў Памазок i падняўся.
        На гэты раз яны нікуды не паехалі, толькі ішлі доўгімі калідорамі – быццам у другі канец палацу, дзе зноў апынуліся нібыта ў больніцы – усё тут было гэткае белае і сьветлае. Наўкола зьзялі нейкія прыборы, крэслы, люстэркі. Людзі, пераважна жанчыны, былі апранутыя ў белыя зграбныя халацікі. Заўважыўшы ягоны зьбянтэжаны выгляд, адна, дужа белазубая, мовіла: імідж, імідж, ды ён не зразумеў – які імідж? Але яго прымусілі распрануцца ў дужа шыкоўным і вялікім прылазьніку, і як толькі ён, голы, пераступіў парожак, яго тут жа абдало сьцюдзёным струменем зьверху. Скалануўшыся ад нечаканасьці, ён не адразу знайшоў што пакруціць, каб пацепліць ваду. Неяк абмыўся збольшага, праклінаю­чы, аднак, гэты залішні шык. Але разумеў, канешне, што, мабыць, так трэба, што гэта – ня дома. Ды і ён не качагар. Усё ж – прэзідэнт.
        Як памыўся, распараны, надзеў на сябе белы тоўсты халат, што вісеў на залачонай вешалцы побач, і выйшаў. Тут яго зноў абступілі жанчыны, усе ў чысьценькім белым, нібы даяркі. I, адвёўшы ў надзвычай сьветлы кабінет, пасадзілі ў крэсла. З ycix бакоў зьзялі люстэркі, і з іх ашаломлена пазірала ягоная аздаба. Жанчыны пачалі штось абмяркоўваць, як ён здагадаўся, – ягоны выгляд. Ён і сам з цікавасьцю паглядзеў на сябе. Канешне, не маладзён, зашмат зморшчын на цёмным, нібы апечаным твары дый выгляд надта заклапочаны, бы вінаваты. Але што зробіш? Найперш узяліся за яго парэпаныя ў качагарцы рукі, паклалі іх на бялюткія сурвэткі, дзе мазалі, мачылі i церлі. Мабыць, кепска, аднак, адці­раліся ўедлівыя сьляды торфабрыкету з яго замазалелых рук. Ды майстрыцы стараліся. Асабліва наконт вялікага пальца з крывым заскарузлым кіпцем, які яны i пілавалі, i шліфавалі, – усё роўна той заставаўся крывы i непрыгожы. Далей, ужо ў другім крэсьле яго далікатна стрыглі, галілі шчокі, парфумілі i макіяжылі – наводзілі незвычайны шык на яго прэзідэнцкі твар. Пасьля ўсяго наклеілі на лысіну ладны кучаравы хамлак i пад нос – зухавата-бухматую паску вусоў. Усё тое было відаць у люстэрках, i Памазок толькі зьдзіўляўся, як з нядаўняга качагара выходзіць зухаваты фарсісты замежнік. «Імідж, імідж», – усё шчабяталі майстрыхі, i ён спакваля зьмірыўся з сваёй нялёгкаю доляй. Але што ж, мусіць, доля таго вымагала.
        I праўда, з аграмаднага крэсла ён устаў зусім іншым, чым нядаўна садзіўся туды, i пачувацца стаў адпаведна. Найперш – прыбыло сілы i нават гонару. А як у наступным пакоі пачалі мераць яму гарнітуры, дык ён аж спадабаўся сабе – такіх файных апратак ён ня толькі ніколі ня меў, але i ня бачыў. Хіба ў тэлевізары. Чорны, бы смоль, пінжак з бялюткаю хустачкай у кішэньцы, такая ж белая сарочка i гальштук. Чаравікі замянялі двойчы, пакуль не прынесьлі дужа блішчастыя на высачэзных абцасах, ад чаго ён куды як падвысіўся ростам. З насалодай пратупаў па люстраным паркеце – лясь, лясь... Добра стаць прэзідэнтам!
        Настрой яго трошкі пагоршаў, калі ў іншым пакоі, куды яго затым прывялі, вялізны паліцай ці вайсковец падаў яму штось няўклюднае i цежаленнае. «Што гэта?» – зьдзівіўся Памазок, і здаравяк адказаў: «Панцірблёк!» Бесцырымонна зьняўшы з яго пінжак, той навесіў на ягоныя плечы дзьве засланкі – сьпераду і ззаду. Памазок аж прысеў. «Але ж цяжкі», – мовіў ён, ды здаравяк толькі выскаліў свае конскія зу­бы. Як надзеў зьверху пінжак, дык стаў сам ня свой – нейкі камлюкаваты, здаравенны i таўсты. Ад нядаўняе Памазковай шчуплыні не засталося і сьледу.
        Затым далі трошкі спачыць у прахалодзе з пальмай над высокай за­шклёнай стольлю. На нізенькі, таксама шкляны столік прынесьлі дзьве шклянкі – з сокам i лёдам, да якіх Памазок i не дакрануўся нават. Што яму сок, калі карцела чагось зьесьці і, канешне, глыкнуць з такой ператомы. Дома гэткай парой ужо быў пасьнедаўшы, а то i паправіўшы галоўку, – калі было трэба. Але тут у яго не пыталіся, i ён ня ведаў, што i як сказаць. Ды во прыйшлі ажно тры вайскоўцы, сапраўды, быццам гарылы – усе ў камуфляжы i малінавых бярэтах, з вялізнымі рэвальверамі на баку. Зноў яго павялі. Адзін iшoў наперадзе, два ззаду – зноў нібы канваіры. Але Памазок ужо не баяўся, яго нядаўняя няёмкасьць збольшага мінулася, у новай аздабе ён пачуваўся амаль упэўнена, нават зьявіў­ся гонар. Ішоў, шырока сігаючы на высокіх абцасах i няўзнак пaзipaў на сябе ў люстэркі, якіх багата траплялася па баках, зусім не пазнаючы ў гэтым вусатым таўстуну сябе – колішняга калгаснага качагара. Доўгі стракаты гальштук целяпаўся каля матні.
        Урэшце невялічкі канвой спыніўся каля нейкіх зачыненых дзьвярэй, трошкі счакаў, i дзьверы шырока, на абедзьве палавіны расчыніліся. Тут яго прапусьцілі наперад, Памазок увайшоў у вялізную залу, ад парогу якой адзін супраць другога стаялі два шчыльныя шэрагі вайскоўцаў. Усе былі ў аднолькавым камуфляжы, толькі адзін шэраг быў у бярэтах малінавага колеру, а другі – маркоўнага. Шэрагі штось гаркнулі, падобна – вітаньне, на што Памазок паціху кінуў сваё – дабрыдзень, іншага ён ня ведаў. Наводдаль у канцы залы месьціўся аздоблены золатам стол з адным крэслам, у якое, як зразумеў Памазок, яму належала сесьці. Што ён i зрабіў без замінкі. Тады з шэрагу малінавых бярэтаў выйшаў самы тоўсты вайсковец i пачаў прамаўляць. Прамаўляў гучна i доўга, аж гуло ў высокім падстольлі, малінавыя прытым зьзялі вачыма, а твары маркоўных наадварот – корчыліся ад злосных грымасаў. Але ўсе стрымана маўчалі. Пасьля таўстуна малінавых таксама грымотным голасам пачаў мовіць яшчэ болей тоўсты i аграмадны маркоўны. Памазок зьніякавела сядзеў на краі крэсла. Ягоная душа ўпершыню адчула, што гэтае прэзі­дэнцтва можа дабром ня скончыцца.
        Як тыя два бугаі адкрычэлі свае прамовы, аднекуль збоку вынік непрыкметны малады чалавек з папкай i паклаў перад прэзідэнтам дзьве старонкі нейкага кароценькага тэксту. Тут жа зьявілася прыгожая асадка з залатым шлячком. Па­мазок сьцяміў, што трэба падпісаць. Што там надрукавана, было невядома, тэксты былі аднолькавага памеру, а вярш-кі – з прыгожа намаляванымі пеўнямі. Але пеўні былі неаднолькавыя. Памазок ад нараджэньня быў хлопец прыкметлівы, i цяпер згледзеў, што адзін певень быў нібы ў пер’і, а другі – нібы абскубаны. Які з іх на­лежала падпісаць першым, было невядома.
        Між тым, абодва шэрагі зацята чакалі, скіраваўшы на яго нейкія дужа непрыемныя ваўкаватыя позіркі.
        Памазок пасунуў да сябе тую паперчыну, дзе быў певень з пер’ем, i адразу адчуў, што памыляецца – левы шэраг малінавых заварушыўся, зласьліва загуў. Та­ды ён адсунуў паперчыну i пацягнуў руку да іншае – з абскубаным пеўнем, i тут жа настырчыўся шэраг маркоўных. Д’ябал іх ведае, як было зрабіць, каб дагадзіць абодвум? Трохі счакаўшы, бы ў роздуме, Памазок зноў падсунуў ранейшы аркуш i нават пасьпеў вывесьці першую літару П...
        Падпісваючы, ён адным вокам працягваў сачыць за шэрагамі i адразу згледзеў, як аднекуль ад дзьвярэй паявіўся падобны на д’ябалёнка, невялічкі прыгнуты чалавечак з даўжэзным кулямётам у руках. Кінуўшы асадку, Памазок, бы на фронце, кульнуўся пад стол, як залу аглушыла грымотная кулямётная чарга. Ад стала паляцела ўгару ашмоцьце папераў, трэскі; Памазка, бы кувалдай, выцяла ў грудзі, i ён дагары нагамі сьлізгануў ад стала па паркеце. Адчуваў, што жывы, але ўскочыць ня мог, да яго падбеглі нейкія людзі, паднялі i хуценька павялі праз бакавыя дзьверы з праклятай залы. Дзіўна, але людзі навокал былі нават спакойныя, нібы нічога асаблівага i ня здарылася. Дый ніхто болей не пацярпеў, можа, не спалохаўся нават. Дрыжучы ад страху, Памазок даў садраць з сябе ператвораны ў аш­моцьце шыкоўны пінжак i з удзячнасьцю падумаў пра свой выратоўчы панцыр.
        У гэтых пакоях, куды прывялі Памазка, вайскоўцаў не было ніводнага, вакол тоўпіліся цывільныя – добра апранутыя, усе скрозь вусатыя мужчыны розных узростаў. Памазок пакратаў свой вус – той аказаўся на месцы. А во хамлак з лысіны дарэшты зьмяло чаргой, i прэзідэнт падзівіўся, як блізка яго мінула пагібель. Ён усё яшчэ ня мог акрыяць ад прыкрага здарэньня, каб усьміхнуцца, тады як усе навокал аж расплываліся ў лагодзе добразычлівасьці. У Памазковай душы другі раз мільганула сумненьне наконт слушнасьці сваёй паездкі. Як тут з ім абышліся! Але, падобна, тое нікога, апроч яго, не клапаціла.
        Неўзабаве яму прынесьлі новы, яшчэ болей шыкоўны гарнітур – чорны, з малюсенькімі бліскаўкамі па тканіне i новы даўжэзны гальштук – малпы сярод пальмаў. Гальштук асабліва спадабаўся Памазку, i ён пaпpaciў служку, каб той завязаў яго яшчэ даўжэй, чым ранейшы. Такія даўгія гальштукі тут былі ва ўcix. Як яго апранулі, тады зноў кудысь павялі разам з грамадою гаваркіх мужчынаў. Памазок паныла i моўчкі ішоў. Ажыў толькі апынуўшыся ў прасторнай асьветленай зале з багата накрытым сталом, на якім выразна тырчэлі рыльцы бутэлек. I тады ён падумаў, што ўсё ж гэта краіна, мабыць, не такая i кепская, як ён сьпярша меркаваў.
        Як пачалі рассаджвацца за сталом, нейкі сівавусы мажны мужчына, можа, туташні тамада, пацягнуў яго ў канец стала да крэсла, адметнага сярод іншых дужа выкрутасьлівым падплечнікам. Памазок, можа б, i сеў на яго, калі б насупраць на стале было штось болей прывабнае, чым жоўтае пітво ў графіне. Крэсла выразна не здалося Памазку выгодным, ён ужо нагледзеў для сябе лепшае – каля невялічкай, але прывабнай купкі бутэлек. Там ён i сеў. На адмысловае ж крэсла змушаны быў сесьці той белавусы; лакей зважліва памяняў іхнія карткі, што былі расстаўленыя перад кожным месцам.
        Упершыню за ранак Памазок перавёў дух i ўжо стаў забывацца на прыкрае здарэньне. Пакуль побач гаманілі, ён засяродзіў увагу на дзьвюх бутэльках, адна з якіх здалася яму знаёмай. Як лакеі з-за плячэй пачалі наліваць бакалы, Памазок паказаў свайму – во гэту, i той зважліва наліў яму, – праўда, ня ў самы вялікі фужэр. Памазок на тое паморшчыўся, але змоўчаў – хай! Можа, не апошняя, мабыць жа прэзідэнцкі тэрмін не на адзін год. А калі што, дык можна i падоўжыць...
        З таго адмысловага крэсла з фужэрам жоўтага соку ў руцэ ўстаў сівавусы – мабыць, каб мовіць тост. Памазок з гатоўнасьцю працягнуў руку да свае чаркі, як перуновы выбух абрушыў усё – i стол, i гасьцей, i ўсю гэтую залу. Засыпаны друзам Памазок апынуўся далёка ў куце, побач цяжка пляцнулася долу ўзьнятае выбухам грузнае цела сівавусага тамады. Адусюль сыпалася тынкоўка, трэскі ды кавалкі мэблі, бітае шкло бутэлек, енчылі людзі. Памазок на кукішках падаўся між акрываўленых целаў у той бок, дзе, памятаў, былі дзьверы.
        Зрэшты, ён мог бы i не турбавацца пра дзьверы, – як трохі асеў пыл, дык убачыў, што канца палацу як не было – скрозь грувасьціліся кавалкі сьценаў, каменьня, знадворку тырчэў абломак калоны. Уцалелі хіба нейкія прыступкі з парэнчынамі, да якіх i падаўся Памазок. Абы прэч з гэтага жахлівага палацу...
        Ён мкнуў прэч, а прыступкі вялі, куды самі хацелі – унутр i ўгару. I ён бег па іх, пасьля задыхана плёўся, бо блізка ўнізе ўсчалася страляніна i чуліся крыкі. У нейкім сьцішаным закутку скінуў з сябе свой цяжкі панцыр, які ўжо не было сілы трываць на плячах. Ён прагнуў выбавіцца з гэтага муру, кідаўся па ягоных заблытаных пераходах, пакуль незнарок не апынуўся на даху. Але, можа, i до­бра, што на даху, тут нікога не было i можна было аддыхацца. Дах быў вялізны i плоскі, з рознымі папярэчынамі i надбудоўкамі ў доле. Зьнізу Памазок ня быў бачны, i тое абна­дзейвала. Можа, яму пашэньціць перахавацца да ночы, а ноччу ён бы як-небудзь уцёк. Памазок ужо набыўся ў гэтай краіне, болей яму не хацелася. Ён ужо амаль пераканаўся, што зрабіў памылку, калі паквапіўся на тое прэзідэнцтва.
        Унізе між тым усчалося штось неверагоднае – падобна, ішоў бой, як на вайне. Чуліся выбухі, стрэлы i гучныя каманды вайскоўцаў. Але хто – на каго, хто – за каго, зразумець было немагчыма. Трохі ачомаўшыся, Памазок памкнуўся зірнуць з даху, падкраўся да карнізу, ды зараз жа кулямётная чарга ледзьве ня зьнесла яму галаву. Памазок порстка пляснуўся долу – значыць, за ім сачылі. Ляжаў, думаў, што, пэўна, гэта маркоўныя, якім ён не дагадзіў. Тады ён на кукішках падаўся да іншага боку даху, дзе, можа, былі малінавыя, – ужо гэтым ён паспрыяў, пад­пісаўшы іхняга пеўня. Можа, яны яго ўратуюць? Але толькі ён глянуў з-за нейкага коміну ўніз, як адтуль зноў грымнула пара чэргаў, якія дашчэнту зьнесьлі цагляны верх коміну. Здаецца, ягоны шлях уніз быў адрэзаны з абодвух бакоў. Што было рабіць прэзідэнту гэтай дурной краіны?
        Унізе тым часам доўжылася гамана, крыкі, час ад часу гахалі выбухі гранатаў. Па карнізах паддашша лапаталі кулі – яго намагаліся выбіць адсюль. Але ён не такі дурны, каб пакідаць сваё месца, сваю Брэсцкую крэпасьць. Ён будзе сядзець тут да апошняга i загіне героем. Хай ведаюць, якія прэзідэнты растуць у партызанскай рэспубліцы.
        Але пакуль ён быў жывы, і, нямала стаміўшыся, прысеў каля нейкае бетоннай папярэчыны. Горш за ўсё, што на гэтым даху не было засені, а з паўдзённага неба неверагодна горача паліла сонца. Памазок даўно быў мокры ад поту i незнарок прыгадаў, колькі на тым стале было настаўлена рознага пітва. Ды нікому нічога не дасталося, – во чортава краіна! Каб жа хоць не было, як на ягонай радзіме, а то... То не даюць, то страляюць, а ты бегай з раніцы галодны i дашчэнту цьвярозы. У такі момант тужлівай скрухі побач штось шлёпнулася долу – ён азірнуўся: то была гронка бананаў. Але адкуль? Памазок паўзіраўся ў недалёкае гольле дрэваў, што месцамі былі вышэй даху, i ўбачыў там малпу. Тая сядзела на тоўстым суку i сьмешна крывіла свой рухавы зморшчаны тварык, – бы насьміхалася над чалавекам. «Во, дзіва, – падумаў Памазок, – тут яшчэ i малпы. Трэ будзе не забыцца расказаць пра тое дома...»
        Але да дому, мабыць, было далёка, – нешта дужа застралялі ў дальнім, разбураным канцы палацу. З бананам у руцэ Памазок падаўся туды i хутка сьцяміў – з таго боку лезьлі. Пераскокваючы папярэчыны, ён кінуўся ў другі канец даху, ды й там не было спакою. Там таксама спрабавалі ўскараскацца да яго – да сьцяны падагналі вялізны аўтамабільны кран. Адзіны бясьпечны бок быў пад дрэвамі, дзе разьлягаў парк. Не мару­дзячы, Памазок разьбегся, як колісь у маладосьці, i скокнуў на бліжні сук. Ён удала ўчапіўся, напружыўся i апынуўся на суку зьверху. Тут была прыемная засень, зводдаль на суках расьсеўся з паўтузін малпаў, якія адразу ж усчалі абураны вэрхал. «Ну, чаго злуецеся? – падумаў Памазок. – Самі ўладкаваліся, а мне не даюць...»
        Не зважаючы на іхняе якатаньне, ён падаўся па суку далей ад даху, захінуўся за тоўсты шурпаты ствол. Але што рабіць далей, як ратавацца? Во ўлез, дык улез, паквапіўся на прэзідэнцтва, дурань... I яму нясьцерпна захацелася тады ў сваю дымную, сьмярдзючую ад торфу качагарку...
        Аднак доўга сумаваць па качагарцы не давялося, – падобна, яго заўважылі, i першая чарга зьнізу прашыла кулямі лістоту дрэва. Малпы спу­джана загаласілі, заверашчэлі на ўсе свае дзікунскія галасы i сыпанулі па гольлі на суседняе дрэва. Намагаючыся з ycix сваіх ня надта багатых сіл, Памазок таксама падаўся за малпамі. З сука на сук, з дрэва на дрэва. Аднаго разу ледзь не зваліўся, няспрытна ўхапіўшыся за крывы сук, але ўтрымаўся. Абы прэч ад тае прэзідэнцкае згубы, дзе яго хацелі забіць.
        Але на яго няшчасьце, дрэвы гэтага парку скончыліся, далей разьлеглася пус­тая лугавіна, дзе звычайна гулялі ў гольф. Зьнізу ўсё стралялі, у лістоце шчоўкалі разрыўныя – гэткія, як у тую вайну пад Познаньню, дзе яго параніла дробным асколкам у зад. Цяпер пакуль што Бог сьцярог, куля не зачапіла. Але ж як ратавацца? Хіба што вышэй? I Памазок палез па суках угару, прадраўся амаль да вяршыні. Далей ужо не было куды. Мабыць, з долу яго ўжо было нялёгка згледзець, хоць адтуль усё стралялі – ці не па ўcix дрэвах. Дзесь прарэзьліва верашчэлі малпы, а ён прытуліўся да таўставатай крывулякі дрэва i ня дыхаў. Думаў: можа, пабягуць за малпамі, а яго ня ўбачаць?
        Ды дзе там – згледзелі. Праз гольле бачна было, як два вайскоўцы, утаропіўшыся ў яго, ужо паднімалі ўгару свае аўтаматы. Адчуваючы, як яны вось-вось джагнуць чаргой, Памазок роспачна закрычаў, бы малпа на дрэве...
        – Ну, якога д’ябла ўзьлез i крычыш? – пачуў ён на роднай мове. – Катлы халодныя, ці хочаш сістэму размарозіць? Чаго сядзіш там? Зусім здурнеў ці што?
        Памазок недаўменна зацепаў вачыма – унізе ля топкі стаяў раззлаваны старшыня i мацюкаўся на качагара, які немаведама чаго сядзеў пад стольлю, учапіўшыся за трубы. У доле ляніва варушыліся-уставалі Юрка Дзядзенка i Ладуцька – церлі заспаныя вочы. Але як яны трапілі ў Памазонію, – таго Памазок ня ведаў.
        Усё яшчэ нічога не разумеючы з таго, што адбывалася, Памазок асьцярожна зьлез з трубаў.
        – Ці што засталося ў бутэльцы? – прамармытаў ён, ні да кога не зьвяртаючыся. I зразумеў, што марна: парожняя бутэлька валялася ў доле акурат каля старшынёвых ботаў.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.