РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Асінае гняздо
...
        Даўно ўжо асталяваліся тут восы. Ні для кога гэта не было ні дзівам, ні клопатам вялікім: ну, жывуць — няхай сабе здаровыя жывуць. Чым, напрыклад, аса горш ад авадня або сляпня! І то брыда, і то брыда. Але калі прырода пусціла іх на свет, то, можа, яна мела на гэта свой погляд.
        Не мы будзем папраўляць тое, чаго недарабіла або перарабіла натура. Кепска было толькі адно — восы залішне высока неслі сябе і ўсім у вочы казалі, што восы — гаспадары над усімі мошкамі на свеце, і крыху прыціскалі другую машкару. Карысным дзелам, як, напрыклад, збіраць па крышанчыку мёд, ім [займацца] не хацелася, яны часта заляталі ў вуллі, паквапныя на дарэмшчынку, і кралі або разбоем забіралі гатовае.
        Праўда, не заўсёды ўдавалася ім гэта зладзейская работа, але клопату рабілі даволі працавітым і спакойным пчолкам. А іншы раз пчолкі прытвараліся, што нічога не бачаць, каб толькі не рабіць калатні, і дазвалялі ім жыць у тых закутках, дзе жылі і самі.
        Другая людская мошка сказала б за гэта дзякуй, а восы пазіралі на гэта іначай, бо былі надта хванабэрыстыя.
        — Э, — казаў ім самы галоўны, — будзьце смелымі: бачыце, як усе дагаджаюць нам. Але каб быць смелым, то для гэтага трэба быць дужым, а каб быць дужым, то трэба мець цвёрды грунт пад нагамі і ясна пачуваць і ведаць, дзеля чаго ты жывеш на свеце. Чаго мы жывём? Жывём, каб панаваць. А каб магчы панаваць, то трэба другіх заправіць служыць сабе. Дык дзе ж наш грунт? У чым наша сіла?
        Восы маўчалі.
        Я пэвен у тым, што некаторыя з іх ведалі адказ на гэта пытанне, — прынамсі, такі, які вымагаў асіны цар, але маўчалі: яны хацелі паказаць, што іх самы галоўны і ёсць самы разумны. Колькі часу маўчаў і самы галоўны.
        Пераканаўшыся, што ніхто з яго залежных не сцяміць адказаць, асіны цар павярнуўся да сваіх залежных задам, паставіў угару вусы, вынуў джала і сказаў:
        — Во ў чым наша сіла!
        Усё асінае гняздо так і загуло ад радасці.
        І пачалі восы гадаваць свае джалы. Пайшла трывога па ўсім царстве ўсялякіх кузурак: нядобрае, відаць, задумляюць гэтыя разбойнікі восы.
        На каго ж яны першыя накінуцца? На каго рыхтуюць свае джалы?
        Пчолы думалі, што на іх. Пакідалі і яны збіраць мёд, давай таксама вастрыць джалы. Няма чаго есці зімою, прыходзіцца часамі з голаду пухнуць.
        Чмель, той самы спакойны і разважны чмель, што так хораша звінеў вясною над краскамі, пастанавіў:
        — На нас, чмялёў, точаць свае зубы чортавы восы. Дык хвароба ж вам і скула ў бакі!
        Давай і чмялі глыбей рыцца ў зямлі, таўшчэй высцілацца мохам.
        — Будзе бура, біцца будзем, — гуў цяпер сярдзіта чмель.
        Мухі лёталі, як шалёныя, не ведаючы, за што ўляпіцца, і давай без толку грызці жывёлу і чалавека. Нават камар і той збіраў сілы, не ведаючы сам навошта.
        Цяжка стала мошкам. Восы, бачачы ўсё гэта, яшчэ больш захванабэрыліся.
        Каб крапчэй чуць пад нагамі грунт, схаўрусаваліся яны з шэршнямі. Яшчэ большая трывога пайшла між машкары: шэршань — гэта не жарты. Перш-наперш веліч яго кідалася ўсім у вочы — амаль не з вераб'я ростам. Сам такі рыжы — жывот ды галава. Праўда, шчэплены яны вельмі тандэтна: варта было толькі крэпка стукнуць у гэтага ідала, каб галава і жывот параскідаліся кожнае па сабе. Цяжка стала жыць мошкам.
        Толькі і гутаркі было ў іх, што аб восах, аб іх хаўрусе з шэршнямі.
        Да гэтай гутаркі сталі прылучацца чуткі аб тым, што восы пачалі накідацца і кусаць другіх мошак.
        А шэршні ўляцелі ў дупло асіны і выгналі адтуль камароў і мошак, і самі сталі там жыць.
        — Не, — гаварыў камар, — далей так жыць няможна... Што з таго, што ў мяне доўгі нос, якім я пракусваю скуру людзям і жывёле, калі ім карыстацца нельга, бо за восамі свету няма?
        Аж заплакаў, бедны.
        — У нас у вуллі вятры веюць, а збіраць мёд баімося, — жаліліся пчолкі.
        — Між гэтых лясоў лётаць небяспечна, — гаварылі тысячы другіх мошак.
        А восы і шэршні важна гулі ў жэрале старасвецкага дуба, што рос над крыніцай. Старому дубу за доўгія часы абрыд усякі шум, — старому хацелася крыху адпачыць ужо, а тут навязаліся гэтыя дармаеды.
        Учуў стары дуб гутаркі мошак, скалыхнуўся магутнымі сукамі, усміхнуўся і сказаў:
        — Чым так жыць, то лепш памерці вам!
        — А што рабіць?
        — Што рабіць? А навошта вам вашы джалы?
        — Так, так, так! — загулі мошкі. — Скарыстаем нашы джалы!
        Стары дуб радасна ўсміхнуўся. Згінуць восы і шэршні, спакайней будзе на свеце.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.