РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ян Баршчэўскі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шляхціц Завальня
1
        Дзядзька мой пан Завальня, досыць заможны шляхціц на загродзе, жыў у паўночным і дзікім баку Беларусі. Яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марской затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад – разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу – пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай прыгожая; па лугах разліваецца вада, і ў паветры над возерам ў і лясах гучаць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.
        Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў ён з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плылі па возеры, адкрывалася ўся будова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў, не іначай як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было зазвычаена, што пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці зборшчык ахвяраванняў, ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказваў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.
        Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў, расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгай размовы пра сёе-тое, кажа мне:
        – Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу, чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары распавядзі мне што-небудзь цікавае.
        Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў – не займальная рэч для таго, каго не цікавіць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі адзінай гісторыяй была Біблія, са свецкіх жа даданняў ён дзесьці вычытаў, што Аляксандр Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна, і такая чалавечая смеласць яго, дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых простанародных аповесцях. Блізу дзесятай гадзіны вечара, калі сельскія жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць новыя аповесці, а ён сказаў так:
        – Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння адчуваю, што не хутка засну. Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў коратка пра самых галоўных грэчаскіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:
        – Гэтай басні прыпомніць няможна, дужа цяжкая.
        – А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? – пасля доўгага маўчання перапыніў дзядзька.
        – Але, некалі верылі ва ўсё гэта паганцы, бо было яно да нараджэння Хрыстовага. Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.
        – I такому вас вучаць езуіты ў школах, навошта ж гэта прыдасца?
        – Хто вучыцца, – адказаў я, – той павінен пра ўсё ведаць.
        – Ну, то кажы далей.
        І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:
        – Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашаму, тут нічога ні прыпомніш.
        Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.
        На другі дзень ён як сельскі гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, закрычаў:
        – О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага прозвішча тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.
        У час майго побыту ў дзядзькавым доме, мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэчаскіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з «Адысеі» мудрасць Уліса на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз: – А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на лбе. Але ж і хітрун гэты Уліс – напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.
        Не мог таксама ён забыць шостай песні з Вергілія, дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:
        – Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі – ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая у іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!
        Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.
        – Амаль год не маў выпадку быць у гэтым горадзе.
        – Калі надарыцца там бьщь, добра было б даведацца ад ксяндзоў езуітаў, як вучацца мае Стась і Юзік. О, не кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць. Я, будучы ў Полацку, і мая нябожчыца жонка, вечная ёй памяць, прасілі ксяндза-прэфекта, каб не шкадавалі розгаў. Розгаю дух святы дзетак біць радзіць, Розга аніяк здароўю не вадзіць. О, гэта цудоўныя вершы – розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавяцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам – толькі кара Божая!
        Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгару. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер. Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што жыве за гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта была сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:
        – Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнай кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай,– як толькі замёрзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.
        Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы.
        Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў – і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды з'явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць гоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат новых і такіх разумных апавесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.
        Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнай зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самой прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.
        Гэта падарожныя,– адказаў ён,– дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.
        Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.
        Пан Завальня меў звычай рабіць гэта ў кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць І паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, радаваліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начной цямрэчы святло партовага ліхтара, радаваліся і з'язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам да прыдарожнай карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.
        Вецер не спыняўся, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у зачыненыя вароты і крычаць:
        – Рандар! рандар! адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць: рандар! рандар! адчыні вароты!
        На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:
        – Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут ня рандар жывець, а пан Завальня.
        – Ах, паночак (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас пераначавацъ, ноч цёмная, нічаго не відна, і дорогу так замяло, што і найсці няможна.
        – А ці ўмееце казкі ды прыказкі?
        – Да ўжо ж як-небудзъ скажым, калі толькі будзе ласка панская.
        Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач выходзіць дзядзька і кажа:
        – Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-небудзь з вас павінен распавесці мне цікавую казку.
        – Добра, паночык, – адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.
        Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў у пакой да майго дзядзькі, ён даў ім яшчэ па кілішку гарэлкі, пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці.
        Кабета тая незвычайна прыгожая. Вопратка яе – белая, як снег, на галаве – чорны ўбор, і чорная хустка накінута на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слезы. Яна з'яўляецца найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. Бачылі яе таксама пад дрэвамі або пасярод поля. Пасля захаду сонца яна сядае на камяні, наракае на лес жаласным голасам і заліваецца слязьмі. Кажуць, тыя, хто набліжаўся да яе, чулі такія словы: «Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!»
        Калі я ехаў з Полацка, на папасе, апавядаў мне карчмар, што там, вобліз дарогі, за бярозавым гаем стаіць пустая хата. Ля яе быў адно невялікі вішнёвы садок. Жыў там даўней селянін, якога з усёй радзінаю выслалі паны кудысьці далека, забраўшы ў яго колькі кароў і коней.
        Iшоў там убогі сляпы, якога вёў маленькі хлопчык. Пачуўшы ў тым доме журботны спеў, яны падумалі, што там ужо нехта жыве. Дык ідуць туды жабраваць. Заходзяць у хату, сляпы заспяваў песню: «О Збавіцелю наш Пане».
        – Дом без дзвярэй і вакон, ніхто тут не жыве,– сказаў хлопчык сляпому. – Дарэмна толькі звярнулі з дарогі.
        Але тут пасярод хаты з'явілася кабета ў жалобнай вопратцы і са смутным тварам.
        – Маліцеся! – кажа. – Усюды ёсць Бог, які будзе вам дапамагаць. – Кінула жменю срэбраных манет сляпому ў шапку і імгненна знікла. Гэты ўбогі, ходзячы ад хаты да хаты, паказваў тыя грошы, на якіх з аднаго боку былі выявы каралёў, а з другога – Пагоня. Непадалёку ад дарогі, калі едзеш на Віцебск, стаіць пустая каплічка. Там, пасля заходу сонца, бачылі, што яна плакала, седзячы на парозе, і яе маркотны голас далёка адзываўся. Рознае думалі людзі пра гэтую Плачку. Адны баяліся, што яна вяшчуе нейкае вялікае няшчасце, вайну, паморак або голад ва ўсім краі.
        Па вёсках старыя людзі гаварылі між сабою пра гэтую кабету, заўсёды прадказваючы нешта дрэннае. Некаторыя ж з маладых мелі думку зусім іншую. Яны даводзілі, што там, дзе з'яўляецца Плачка, напэўна, скарб у зямлі. І ўся ваколіца гэтую думку ўпадабала. На канцы тае вёскі жыў убогі чалавек, які даўней увесь свет абышоў. Вярнуўшыся да сваёй сям'і, жыў толькі з міласці. Ён часта паўтараў усім такія словы:
        – Браты! Слёзы і нараканні гэтай жанчыны абяцаюць вам не золата і срэбра. Кабета плача на парозе забытае вамі святынь Вы думаеце толькі пра багацце, а вас чакаюць беднасць і пакуты.
        Аднаго дня, пасмяяўшыся са слоў гэтага старога, вырашылі: калі ўсе будуць спаць, ісці туды і выкапаць з зямлі скарб.
        Старая капліца была за чатыры вярсты ад вёскі. Дык колькі маладых сялян, узяўшы з сабою струмант, борзда выправіліся туды, каб пачаць свае пошукі раней, чым заспявае першы певень.
        Прыйшлі на месца. Змрочны выгляд той ваколіцы наводзіў на іх неспакой і страх. Непадалёку шумеў густы яловы лес, там маркотна вухала сава, і месяц вельмі рэдка паказваўся з-за чорных хмараў. Капліца, нібы магільны помнік, стаяла на пагорку ў засені бяроз.
        Шчыравалі ўсю ноч. Выкапалі глыбокія ямы ў некалькіх мясцінах, але знайшлі толькі спарахнелыя дошкі ды чарапы. Зразумелі, што былі тут калісьці могілкі, хоць і не ацалела на паверхні знакаў, апрача некалькіх ледзь прыкметных абымшэлых камянёў. Улетку ноч кароткая. Вось ужо на ўсходзе пачынае ружавець ранак. Шукалі дарэмна. Дык засыпалі ямы і вяртаюцца дахаты. Узыходзіла сонца. Заспяваў у небе жаўрук, і імгла ўжо знікала. Бачаць перад сабою недалёка ад дарогі ля кустоў ляшчыны – стаіць Плачка, тварам на ўсход. У руках ветрык матляе яркую стужку, тая трымціць у паветры, як бліскавіца. Толькі адзін з іх сказаў: «Пайшлі смела да яе» – прывід імгненна знік.
        На тым месцы, дзе стаяла Плачка, вісела велізарнае асінае гняздо. Жамярыцы, што заляталі і выляталі з гэтага гаязда, снавалі ў ранішніх сонечных промных, нібы залатыя іскры.
        – Паслухайце мае рады, – сказаў адзін з іх. – Мы абвяжам асінае гняздо хусткаю. Прыйдзем да старога, разбудзім і скажам, што ля капліцы выкапалі скарб і частку ахвяруем яму. А калі ўстане з пасцелі, укінем яму ў вакно асінае гняздо. Няхай ашалее стары. Усе пагадзіліся. Разбудзілі старога, укінулі ў хату асінае гняздо, а самі, смеючыся, уцяклі. Дзіва нечуванае! Стары бачыць перад сабою рассыпанае на зямлі золата. I калі задуменна глядзеў на гэта, кажуць, з'явілася перад ім кабета, тая самая, што плакала на парозе старое капліцы, і сказала:
        – Бяры палову гэтага золата сабе, а другую – раздай убогім. Бог дапамагае маім пакутным дзецям.
        Сказаўшы гэта, яна ўмомант знікла. У інфлянтах жа было такое здарэнне. У маёнтку пана М. узвышаліся руіны нейкага старажытнага замка. Кажуць, што ў пракаветныя часы быў там горад, бо цяпер паводка размывае часам пясок і дастае да падмуркаў старажытных камяніц. Там часта знаходзяць шкляныя або ржавыя жалезныя рэчы, што даўней рабілі дзеля аздобы, а зрэдчас медныя і срэбныя грошы, што вякамі ляжалі ў зямлі.
        Сюды штовечар, пасля захаду сонца, прыходзіла Плачка. Яна вешала на руіны вянкі палевых красак, садзілася на камень і, ламаючы рукі, залівалася слязьмі. Не адзін прахожы, чуючы здалёк яе нараканні, смутны вяртаўся дадому і апавядаў пра гэта іншым.
        Былі такія цікаўныя, што чуючы лямант дзіўнае кабеты, падышлі ў вечаровым змроку да яе і са слоў, якія пачулі, зразумелі, што нейкая нешчаслівая маці плача па сваіх дзецях. Але толькі надумалі ісці да яе і запытацца, хто яна і якая напаткала яе нядоля, ужо больш не бачылі яе і голас не адзываўся да наступнага вечара.
        Не зразумеў ніхто, што за ўсім гэтым хаваецца. Розныя здагадкі хадзілі па наваколлі. Усюды гаварылі пра яе толькі як пра дзіўную камету, што з'яўляецца на небе ў выглядзе вогненнай мятлы. Хацелі даведацца, дзе яна жыве і адкуль прыходзіць, але ўсё марна, нібы які дух, апускалася яна на зямлю і знікала ў паветры.
        Кажуць, што і сам пан М. не пярэчыў гэтым дзіўным апавяданням, бо таксама і ён сустрэў яе аднаго разу, вяртаючыся позняй парою дахаты, і чуў, як плакала яна на руінах замка. Не разумеў пан гэтае праявы, аднак, разважаючы, паверыў тым людзям, якія думаюць усё жыццё пра выгоду, хочуць, каб чароўны дух спяваў ім толькі пра золата і срэбра і паказваў скарбы, схаваныя ў зямлі. Дык паклікаў пан аканома і такі даў яму загад:
        – Збірай людзей, і заўтра пачынайце капаць на замкавых руінах. Там у зямлі мусіць быць золата, бо як іначай растлумачыш тую праяву? Пэўна, Плачка хоча паказаць нам нейкія скарбы, якія ўзнагародзяць нас за гэтую працу.
        – Я чуў словы той Плачкі. Яна аплаквала смерць нейкіх нешчаслівых дзяцей, а пра скарбы, схаваныя ў зямлі, і не ўспамінала. Гэтая таямніца нам недаступная. Мне здаецца, тут нейкае папярэджанне і перасцярога.
        – Ты падобны да пушчыка ці то да савы, якая страшыць людзей жахлівымі прароцтвамі. Я ні ў што такое не веру і не хачу спрачацца пра гэтую таямніцу. Даўно быў у мяне намер раскапаць руіны. Можа, знойдзем там памяткі старажытнасці. Дзеля гэтага не шкада і працы. А калі хто думае, што гэты скарб будзе ў абліччы Плачкі, дык і гэта нядрэнна. Што б там ні было, заўтра пачнём раскопкі.
        – А калі скарб зачараваны і вартуюць яго злыя духі, ды немагчыма яго дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю, – тады толькі час страцім, а калі і здабудзем што, дык больш будзе бяды, як чаго добрага. Бо я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваныя скарбы, і калі нехта ўзяў з іх толькі пенязы, таму нейкая хвароба скруціла абедзве рукі.
        – Брыдка слухаць. Пляцеш лухту, як дурны мужык. Мне ніякі пенязь не шкодзіць.
        – А чаму ж разумныя і багатыя паны пакутуюць ад нуды і хвароб?
        – Годзе. Збярэш заўтра людзей і вядзі на руіны. Я сам прыеду і пакажу, дзе пачынаць.
        Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд; згорбіўся ён і пайшоў выконваць панскі загад.
        Яшчэ толькі паказалася сонца, а гурт сялян ужо стаяў на руінах і чакаў каманды. Калі прыехаў пан М., дык загадаў капаць глыбока на тым самым месцы, дзе заўсёды бачылі на камені Плачку.
        Дол быў глыбейшы, чым на паўтара локця. Знайшлі мураваны склеп, дык раскапалі і вакол, каб адкрыць з усіх бакоў засыпаныя зямлёю сцены. Людзі працавалі не адзін дзень. Адпачынак іх быў кароткі: апоўдні, у самую спякоту. Нарэшце знайшлі жалезныя дзверы. З абодвух бакоў гэтага склада былі маленькія вакенцы, на якіх яшчэ моцна трымаліся жалезныя праржавелыя краты.
        Выламалі дзверы і адчынілі гэты склеп, куды стагоддзяў колькі не заглядваў сонечны прамень, – глуха там, бы ў магіле. Заходзяць з агнём. Усіх апанаваў страх: паўсюль – пасярод і ля сцен – у розных паставах ляжаць шкілеты; косці рук і ног яшчэ ў цяжкіх кайданах. Здранцвелі людзі, гледзячы на такі жах.
        – Здыміце кайданы з гэтых шкілетаў, – сказаў пан М., – і прывязіце мне. Варта захаваць гэтыя памяткі мінуўшчыны.
        Завезлі кайданы пану. Ён, паказваючы іх гасцям і сваім суседзям, ганарыўся, што такія старажытныя рэчы здабыў з зямлі, хоць з выгляду яны былі зусім падобныя да цяперашніх.
        Косці нябожчыкавыя людзі сабралі, пахавалі ў адной магіле на бліжэйшых могілках, запрасілі ксяндза і з набажэнствам паставілі велізарны драўляны крыж.
        Кажуць, што ў той самы вечар з'явілася Плачка ў сваім звычайным жалобным уборы, аздобіла магілу кветачкамі і, укленчыўшы перад драўляным крыжам, тварыла малітвы, заліваючыся слязьмі. Людзі бачылі гэта, але ніхто не падышоў да яе. Паглядаючы здалёк, яны адмаўлялі «Вечны супакой» за душы памёршых.
        Яшчэ колькі вечароў Плачка малілася, пасыпала магілу кветкамі, але цяпер ужо яе ніхто не бачыў. На беразе Палаты, за пяць вёрст ад горада, дзе гэтая рэчка мінае пушчы і набліжаецца праз абшары палеткаў да Дзвіны, з'явілася тая самая Плачка. Бачылі яе на пагорку, таксама пры захадзе сонца. Яна сядала на камень, які там ляжаў у засені разложыстых бяроз. Бачылі яе сяляне, ідучы дахаты пасля дзённае працы, і падарожныя, што вярталіся з горада ўвечары. Разышлася вестка пра гэтую праяву. Людзі, так як і ўсюды, мелі розныя меркаванні, але большасць трымалася тае думкі, што там ляжаць закапаныя ў зямлі скарбы. У Полацку некаторыя казалі, што ваколіцы іх горада і даўней вельмі часта былі тэатрам вайны. Засталася легенда, быццам частка нейкага войска, зразумеўшы трагічнасць свайго становішча і баючыся, каб іх багацце не дасталося непрыяцелю, закапала золата і срэбра, якое мела пры сабе, на тым пагорку ў зямлю, паклала наверх дзікі камень, каб пазначыць гэтае месца, калі хто з іх вернецца шукаць схаваны там скарб. Але прайшлі стагодцзі, той камень ляжаў на тым самым месцы, а пад ім – некрануты скарб.
        Чуючы такія размовы, колькі юнакоў, што жылі ў Полацку, дамовіліся між сабою, каб пайсці ноччу на той пагорак, дастаць скарб і падзяліць яго між сабою. Узялі патрэбны струмант і, калі ўсе спалі, выйшлі за горад. Ноч была пагодлівая. Неба – высыпанае зоркамі, і поўня плыла ўверсе. Ішлі яны ціха і асцярожна, каб ніхто не сустрэў іх на дарозе. Мінулі касцёл св. Ксаверыя, дзе спачываюць астанкі законнікаў7 і абывацеляў гэтага краю. Пачуўшы на Спасе голас вартаўнікоў, што пераклікаліся між сабою, яны звярнулі з дарогі і доўга ішлі берагам рэчкі аж да самага месца.
        Прыйшлі на ўзгорак, знайшлі дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верх пакрываў сухі мох. Акапалі яго вакол і супольна сапхнулі з таго месца. Глыбока ў зямлю ўбілі рапіру. Востры канец стукнуў так, нібы крануў нейкую металёвую рэч. Бясспрэчна тут скарб. Пачалі капаць. Працавалі доўга. Часта паролі зямлю рапіраю. Скарб быў неглыбока, але пясок колькі разоў засыпаў яму. Стаялі нейкі час задуменныя: ім здавалася, што зачараваны скарб хаваецца глыбей, не хоча давацца ім у рукі.
        Пакуль раіліся між сабою, што рабіць, з усходу паплылі чорныя хмары, закрылі ўсё неба і схавалі месяц. Зрабілася так цёмна, што яны адзін аднаго ледзь бачылі. Зацерусіў дожджык.
        – Лепей будзе капаць, калі пясок зробіцца мокры, – сказаў нехта з іх. – Дык давайце не марванаваць часу.
        I, падахвочваючы адзін аднаго, супольна пачалі капаць. Яму выкапалі доўгую і шырокую, такую, што ўжо лёгка не засыплецца.
        Рыдлёўкі скрабуць па жалезе.
        – Чыгун! Чыгун з грашыма! – закрычалі ўсе з вялікай радасцю, але, калі абкапалі вакол і хацелі падняць чугун з зямлі, – убачылі, што гэта цяжкі жалезны панцыр. Ён закрываў грудзі шкілета, ля якога ляжаў меч, а на чэрапе – жалезны шалом-шышак. Стаяць усе задуменныя, бачачы, якім дзіўным чынам падманула іх надзея.
        Тут адзін смялейшы кажа: – Давайце пакінем гэты шкілет, а зброю забяром сабе. Няхай хоць яна будзе памяткаю пра гэтую ноч. Толькі хацелі зрабіць гэтак – аж раптам маланка асвятліла пагорак, бачаць: стаіць Волат у жалезным панцыры, трымаючы агнёвы меч у іх над галовамі. Страх працяў сэрцы. Гром скалануў зямлю. I Волат такімі словамі азваўся:
        – Нікчэмныя людзі! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно пра багацце, вы зняважылі прах Героя, які слаўна скончыў тут сваё жыццё. Прыйдзе час падняцца з магіл мёртвым, і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!
        Азваўся з хмарак гром, і Волат знік. Страх апанаваў іх душы. Доўга стаялі нема, як начныя здані. У святле бліскавіцы бачаць перад сабою пяском засыпаны дол, і здаецца, што на гэтым месцы зямля некранутая.
        Забылі на пагорку рапіру і свае рыдлёўкі; забылі, якая дарога вядзе да горада; беглі праз лугі і палеткі, і здавалася ім, што той Волат з мячом у руках доўга гнаўся за імі. Раніцаю вярнуліся ў горад. Знясіленыя, з бледнымі тварамі – нібы змучаныя цяжкаю хваробаю, са страхам успаміналі тое здарэнне. Расказвалі іншым, але не ўсе далі веры. Пасля гэтага Плачку бачылі ў розных мясцінах паблізу горада, на могілках, сярод якіх стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя. Там, ламаючы рукі, хадзіла яна ад адной магілы да другой, часам, як слуп мураваны, моўчкі стаяла над астанкамі нябожчыкаў. Не адзін прахожы, мінаючы начной парою гэтыя мясціны, уцякаў спалоханы, нібы ад вампіра, і расказваў дзівы іншым.
        Бачылі яе і ля касцёла св. Казіміра. Сядзела яна перад дзвярыма гэтай святыні ад захаду аж да ўзыходу сонца, няраз плакала ў полі, седзячы на камені або на беразе Дзвіны. Але плач яе і нараканні не шмат каму кранулі сэрца. Мала было такіх, што, узняўшы вочы ў неба, прасілі міласэрнасці Божай. Адны не зважалі, другія марылі пра скарбы.
        – На маю думку, – сказаў Завальня, – гэта папярэджанне людзям, каб выправілі свае норавы. Але прыкра, што людзі цяпер такія разумныя, што ўсё яны ўжо ведаюць, ні ў якія цуды не вераць, Ім трэба скарбы, каб, не працуючы, мець усё, што толькі заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы бацькі цанілі некалі даражэй за жыццё.
        – Аднак няблага i скарбы шукаць, – сказаў я.
        – Багаты чалавек шмат дабра можа зрабіць. – Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць. Гэта праўда,– сказаў дзядзька. – Але няхай жа ён навучыцца перш пазнаваць і любіць тое, што ёсць дабро. А тады Бог зробіць яго годным уладаром зямных скарбаў, як таго старога чалавека, якому ў вакно кінулі асінае гняздо, і яно перамянілася на вачах яго ў залатыя пенязі. Людзі ганяюцца за багаццем не дзеля таго, каб рабіць бліжнім дабро, а каб нічога не рабіць або – што яшчэ горш – каб шкодзіць. Але што ж далей?
        Калі некаторыя нашы багатыя і вучоныя паны падарожнічаюць у шыкоўных фаэтонах або на ловах гойсаюць з ганчакамі па лясах, гарах і пустках, гэтая Плачка часта сустракае іх, нібы сірата, ва ўбогім сялянскім уборы, моўчкі падымае на іх блакітныя, слязьмі залітыя вочы, быццам просячы ў іх літасці, але з гэтых паноў ніхто на яе не зважае. Недалёка ад возера Рабло, дзе цяпер на выспе стаіць мой дамок, калі пан Завальня ведае той край, пэўна, бачыў ён Пачаноўскую гару, яна там вышэйшая ад усіх іншых. Схілы яе пазарасталі лесам, а вяршыня роўная і гладкая. Пра гэтую гару між людзей розныя ходзяць апавяданні. Кажуць, што колісь там быў гляштар і касцёл, і хоць не відаць ніякіх знакаў, кажуць, быццам чуваць з-пад зямлі спевы і галасы званоў.
        Іншыя расказваюць, што на самай вяршыні гэтае гары, уначы, у сваім жалобным уборы, упаўшы на калені, рукі і вочы ўздымаючы да зорак, малілася са слязьмі Плачка. Перад ёю адкрылася неба, найяснейшае сонечнае святло разлілося ўверсе гэтак, што ў лясах і на палетках прачнуліся ўсе птушкі і звяры і ад слёз гэтае кабеты ўтварылася крыніца жывое вады.
        З таго часу чалавек, які першы раз наведае вяршыню Пачанойскай гары, той, хто раней не чуў пра гэтае дзіва, сустрэне чысцюткую крыніцу, а недалёка ад яе стаіць журботная сіраціна ў сялянскім уборы. Хто нап'ецца з гэтай крыніцы і пазнае сірату, той будзе вешчуном, усе таямніцы ўбачыць ён з вяршыні гары.
        Узыходзілі людзі на гару. Былі і такія, што бачылі крыніцу і смутную сіраціну, аднак не зважалі на іх. Пачуўшы ад іншых пра тыя дзівы, узыходзілі другі раз, але ўжо не сустракалі нікога і не знаходзілі месца, дзе была тая крыніца.
        – Няўжо гэта тая самая Плачка, якую бачылі ў ваколіцах Полацка і ў іншых кутках Беларусі, прыходзіць у абліччы сялянскае сіраты?
        – Пэўна, тая самая,– сказаў сляпы Францішак,– але людзі шукаюць адно выгод, поўныя пыхі, яны не пазналі яе, хоць яна па ўсім краі з'яўляецца ў адным вобліку.
        – Ты, Янка, – чалавек вучоны. А ці разумееш, хто была тая Плачка? – Цуды можна разумець сэрцам, а не навукаю. Яшчэ нейкі час мы гаманілі пра гэтую Плачку, і заспяваў певень.
        – За поўнач ужо, – сказаў сляпы Францішак. – Дазволь, пане Завальня, падарожнаму адпачыць.
        – Дзякуй табе, – сказаў дзядзька, – цудоўнае апавяданне. Ён патушыў святло, і я пайшоў у свой пакой. Пра Плачку думаў, аж пакуль другі раз не праспяваў певень.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.