РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
1. ВЫБУХ
        
1. ВЫБУХ

        
        Той вечар быў уражаньнямі поўны,
        З тэатра мы ішлі дамоў памалу.
        I хмарка, што насоўвалася з поўдня,
        Гурт гаманлівы наш не ўстурбавала.
        
        Яе заўважыў хтосьці: «Вунь якая!
        Чарнее і расьце, прыбавім кроку...»
        Ды неслася ў адказ: «Даўно чакаем...
        Хай дождж ідзе! Ён трэба... Не размокнем...»
        
        У блочнай і цаглянай кубатуры
        Не сьцерлася дасюль адзнака роду.
        I ў горадзе сялянская натура
        Захоўвае павагу да прыроды.
        
        Усе мы – дзеці вёскі. Як насеньне,
        Вясны чакаем, каб набрацца сілы,
        Каб па шляху жаданым абнаўленьня
        Ад затхласьці ўцячы на вольных крылах.
        
        Туды ўцячы, дзе гнёзды нашых песень,
        Дзе жаўрукі заходзяцца над лугам,
        Дзе клопатна ў Прыдзвіньні, на Палесьсі
        Зямля паруе пад няўтомным плугам.
        
        А тут яшчэ спэктакль. Тэатра сьцены
        Рассунуў ён і ўраз спакой парушыў...
        Апошні з Куравель ляцеў са сцэны,
        Каб раскалыхваць скурчаныя душы.
        
        Над Беларусьсю закружыў збалела,
        Журба гусьцела, разрывала грудзі.
        На цэлы сьвет крычаў адчайна, сьмела
        Пра ўсё, аб чым сказаць баяцца людзі.
        
        Пра тое, што падсечана карэньне
        I рушацца адвечныя асновы,
        Што ўзьнікла недарэчнае стварэньне –
        Народ, які жыве без роднай мовы.
        
        Сыны і дочкі падаліся ў горад,
        А мова засталася, як і маці,
        Астатні век свой да канца агорваць
        Ва ўрослай у зямлю, старэнькай хаце.
        
        I спадчына дзядоў, якую мелі,
        Пагардай растаптана і забыта...
        I неяк неўпрыкмет згадаўся Мележ –
        Палескі горды птах, у лёце зьбіты...
        
        А вечар быў такі лагодны, цёплы.
        I з той сасьпелай, ацяжэлай хмары
        Раптоўна, дружна сыпанулі кроплі,
        Шумелі ў кронах, цалавалі твары.
        
        Блішчэлі ў парку юным лісьцем ліпы,
        Над горадам вясёлка затрымцела.
        Кашулі перамоклыя прыліплі
        I прахалодай абдымалі цела.
        
        I мы ішлі... Яшчэ ніхто не ведаў,
        Што сьмерць нясе і сее дожджык спорны,
        Што найжахлівая з усіх трагедый
        Жыцьцё ўкруціла ў атамныя жорны,
        
        Што ўчора там – за рэкамі, за лесам,
        Дзе чэрава сваё раскрыў Чарнобыль,
        Пажарнікі – заложнікі прагрэсу –
        Ад цела аддзіралі зь мясам робы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.