РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апокрыф
        1. Ад Максіма Кніжніка пачатак...
        2. І калі скончылася сем тысяч год ад стварэння свету, Хрыстос ізноў сышоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым сведчылі прарокі.
        3. I хадзіў Ён па ўсім Забраным Краі і па Занёманшчыне, і па Задзвіншчыне, і па Бярэзінскай зямлі.
        4. І разам з ім святы Пётра і святы Юр’я. Але ніхто з людзей не пазнаваў Яго.
        5. Бо ішлі яны босымі нагамі з непакрытымі галовамі і былі адзетыя ў белы кужаль ды суконныя світкі, а не таго спадзяваліся людзі.
        6. Таму ніхто не ўзяў увагі на іх, калі ў часе жніва праходзілі між працуючых людзей.
        7. Толькі музыка, катораму цяпер не было чаго рабіць, падыйшоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля зямлі; адзін я нікчэмны чалавек.
        8. I сказаў яму Хрыстос: не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песні спяваюць яны цяпер, у часе жніва! Таму не схіляй нізка галавы твае, і не хавай аблічча ад вачэй людскіх.
        9. Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты – лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: надыйдзе яму гадзіна горычы – і чым ён разважыць тугу сваю, апроч песні твае? Як у дзень смутку, таксама ў дзень радасці ён прызавець цябе.
        10. I навучаючы яго, казаў: пад песні кладуць чалавека ў калыску, і з спевамі ж апушчаюць у магілу яго.
        11. Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека, – толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.
        12. Бо спяваюць нават і жабы ў багне, а ці ж не лепшымі будзеце вы за іх?
        13. Так навучаў Хрыстос музыку. Але Пётра, пачуўшы словы яго, сказаў: Вучыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?
        14. У адпаведнасці яму, сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы! Мала дадзена ім – няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?
        15. I, абярнуўшы аблічча сваё да музыкі, папытаўся: калі пяюць песні ў вас?
        16. Музыка адказаў: пяюць на Каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках.
        17. Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць.
        18. І мовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе. Жывая душа ў народзе гэтым.
        19. Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай жа ў песнях будзе страва для душы, няхай будуць думкі добрыя і навучаючыя, каб апроч красы, быў у іх і спажытак чалавеку.
        20. І адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы.
        21. I навучаючы іх, мовіў: агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас?
        22. Цяжка каля яе працаваў гаспадар і, вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі.
        23. I сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо поўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў.
        24. Але, яшчэ з малацця краса іх прыйшлася мне да душы. I таму я не вырву яе з каранём іх і не выпляню, як усялякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.
        25. Так казаў сабе гаспадар у сэрцы сваім! I не падняў ён рукі на васількі.
        26. Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?
        27. І, кажучы так, пачуў Ён песню жнеек, і прамовіў: слухайце, што кажуць словы гэтай песні. Яе складалі людзі, якія ведаюць, чаго варты хлеб.
        28. Яны ж пачулі, што словы тэй песні кажуць: няма лепш цвяточка над васілёчка. I далей ужо моўчкі ішлі яны.
        29. I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды.
        30. Але гора вам, бо даўно ўжо затапталі вы іх.
        Амін.
        
        Рукапіс гэты адшукаў Максім Багдановіч

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.