РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Даль
...
        Зацвіла прыгожая ліпа.
        Колькі шуму было тут на гэты час, колькі рознагалосага спеву! Працавітыя пчолкі, усялякія мушкі гулі так, што здавалася, нібы ліпа — гэта нейкі дзіўны музыкальны інструмент і тут адбываецца ігрышча. Але адцвіла ліпа, пачало спець насенне. Расло адно зернетка на самай высокай галінцы. Можа, гэтая высачыня і была прычынаю таго, што маладому насенню захацелася кінуць тутэйшы грунт і перабрацца туды. І якое павінна быць шчасце жыць там, калі ад аднаго толькі погляду на прыволле гэтай далі рабілася светла і радасна на душы.
        Бывала, ледзь толькі ўзыдзе сонца, ледзь рассцелюцца на версе лясоў і ўзгоркаў яго залатыя абрусы, як гэтае зерне ўжо не зводзіць вачэй з сіняй далі. Што было ў ёй такога, чым прывабіла яна, гэтая даль, маладое ліпавае дзіця?.. У той бок, адкуль найлепш выглядала гэтая даль, беглі разлогі шырокіх палёў, а на іх межах то там то сям параскідаліся, як маладзіцы ў жніво, дзікія грушы. Ціхія ўзгоркі, бы хвалі рачныя, таксама, відаць, цягнуліся да няяснай і прыгожай далі. А там, дзе поле ўпіралася ў цёмную сцяну баравога лесу, на самай граніцы, ззяла, як люстэрка, пакручастая стужка вады. Яшчэ далей, там, куды беглі срэбныя загібы бліскучай рэчкі і памыкаліся ўзгоркі, баравы лес і шырокае поле, ужо нельга было разглядзець нічога паасобку, — была проста даль, якая так моцна парывае да сябе душу, — даль, над якою драмалі ў залатых марах, здавалася, нерухомыя клубочкі кучаравых хмарак.
        Ёсць нейкае хараство ў гэтай няяснасці, у гэтай безгранічнай далячыні, дзе неба нізка-нізка нахіляецца над зямлёю. Якая ўлада, якая сіла цягне ў бязмежнасць сіняй далі?
        — Эх, — уздыхала маладое зерне, — паляцець бы ў гэтую даль.
        Пачуў вецер тыя ўздыханні, устаў з-за ўзгорка, пазяхнуў пасля салодкага супачынку і падляцеў да маладога насення.
        — А я і ведаў, — сказаў ён, — што не сягоння-заўтра папросішся ты ў дарогу. Трэба, трэба пазнаваць свет!
        І стала прасіць маладое насенне, каб вецер узяў яго з сабою і панёс у аблюбаваную даль.
        Старой ліпе шкада было пускаць дзіця ў чужы свет, невядома куды, але што парадзіць? Можа, там будзе і лепей яму? Дык што, станавіцца ўпоперак дарогі? Мо гэты шлях — шлях яго шчасця? Благаславіла маці сваё дзіця.
        — Ляці, мілае!
        Падхапіў вецер маладое насенне і панёс. Лятуць яны, і здаецца, самі бягуць на спатканне прыгожыя ўзгоркі, зялёныя лагчынкі. Пазірае на ўсё маладое насенне і вачам сваім не верыць: няўжо гэта тыя самыя малюнкі, на якія глядзела яно так нядаўна? А дзе ж іх хараство? Дзе тыя гладкія абрысы, дзе грабяні, што так павабна выглядалі адтуль — з ліпы? А палоскі лясоў? Нават сама рэчка не такая, якою здавалася здалёк.
        Нейкі неспакой пачынаў агортваць маладое насенне. Ой, ці не жартуе з ім вецер: ці туды нясе ён, куды прасілася душа?
        — А ці скора будзе тая даль, мілы вецер?
        — Мы даўно мінулі яе, — адказаў вецер, — а цяпер новая даль перад намі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.