 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Memento mori
|
Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон. Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары. Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, – усё, што ўцалела ад калгаснай фермы. Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму – доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу... Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца. – Мы хутка скончым гэтае швайнэрай1, і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла... О так!.. Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі. Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага. – Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд2, дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды. Печніка падагналі. – Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль?3 – засмяяўся начальнік. Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць. Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр – грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні. – Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць? – Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце? Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі. – І скажыце яму... Спытайцеся, хто ў яго там ёсць. – Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там – у адрыне? З вуснаў у чалавека сарваліся словы: – Там... мая... баба... – Ён кажа, што там яго жонка. – Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе. – Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў... што жонку сваю вы можаце забраць. Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў: – У мяне там і дачка... з малымі дзет... камі... – Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі. – О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць? – Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ? – Скажы яму, што ў мяне там суседзі... А ты скажы, што яны сваякі... – Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі. – Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!..4 Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят? – Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду. Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву: – А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня – гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!.. Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны. Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся... У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся. Але пячнік упаў. Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў. Тады вароты назаўсёды зачыніліся. І ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. І ён жыве. –––––––––––– 1 Свінства. 2 Даслоўна – «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча». 3 І ты таксама тут, мой дарагі? 4 Гэта ўжо проста смешна!..
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|