РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Някляеў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмок
        Труну з целам Цімоха Нілавіча Макея паставілі каля магілы на козьлікі, якія раптам падламаліся, бо за доўгія гады струхнелі пад дажджом і сьнегам, а Цімох Нілавіч быў мужчына мажны. Труна кульнулася, цела Цімоха Нілавіча скацілася з гліністага грудка ў густыя кусты пры агарожы могілкаў, а тут пачаўся дождж са сьнегам, усе засьпяшаліся, замітусіліся і, не заўважыўшы, што труна пустая, накрылі яе вечкам і закапалі без нябожчыка.
        Была позьняя восень, амаль зіма, і кусты былі хоць і густыя, але голыя. Цімох Нілавіч пачаў прамакаць, таму падняўся і ўбачыў, што яго пахавалі пад крыжам з надпісам: Макей Цімох Нілавіч, 11. 11. 1959 - 11.11. 2009, — з чаго вынікала, што ён на гэтым сьвеце, дзе такія людзі, якія, каб не прастудзіцца пад дажджом са сьнегам, могуць закапаць труну без нябожчыка, пражыў роўна паўвека. Яшчэ 10 гадоў заставалася яму да пенсіі.
        Ён пахадзіў вакол крыжа, палюбаваўся на свой прыгожы, з чорнай стужкай, партрэт і рушыў дахаты, бо ня ведаў, што яму, непахаванаму, на могілках рабіць.
        Дома ніхто не адчыняў, ён звыкла памацаў па кішэнях, шукаючы ключы, не знайшоў і падумаў, што дарма завядзёнкі такой нямашака, каб хаваць з ключамі, бо ці мала што… Суседкі таксама дома не аказалася, а дачка яе з “лапухамі” на вушах сказала, торгаючыся пад музыку, якую ў тых “лапухах” слухала, што маці з цёткай Рэняй зараз у кавярні “Сонейка”, дзе спраўляюцца памінкі, бо ў цёткі Рэні муж ад сэрца памёр, і дзіўна, што ён сам, памёршы, пра гэта ня ведае. Яшчэ Аня, дачка суседкі, папярэдзіла яго, каб ён асьцерагаўся, бо амаль ва ўсіх трылерах, якія яна глядзела апошнім часам, людзі ў адносінах да прывідаў усё болей бязьлітасныя, калечаць іх і нават забіваюць. Яна, Аня, думае, што такая тэндэнцыя ў кінематографе наўпрост зьвязаная з падвышэньнем жорсткасьці ў сьвеце. Людзі сатанеюць.
        Цімох Нілавіч зразумеў, што Аня лічыць яго прывідам, і спытаў, як яна думае: ён насамрэч прывід, ці здаецца ёй прывідам? — на што Аня адказала, што ніяк яна не зьбіраецца пра гэта думаць, бо яно яе не калыша. “Вы і ў жыцьці былі хоць і мажны, — сказала, торгаючыся, дачка суседкі, — але нейкі незаўважны. Як прывід”.
        Па дарозе ў кавярню “Сонейка” Цімох Нілавіч спаткаў Дзіяну Сьвяткоўскую, з якой ня бачыўся са студэнцкіх гадоў, таму Дзіяна ня ведала, што ён памёр. Некалі Цімох Нілавіч быў закаханы ў прыгажуню Дзіяну, і яна была закаханая ў мажнага Цімоха, але ён ніводнага разу не прызначыў ёй спатканьня, ніколі раней не запрашаў на каву, дык запрасіў цяпер.
        У кавярні не знайшлося вольнага стала, каб сесьці асобна — яны селі за памінальны. Рэня пасунулася, заплакаўшы: “Сядай, Дзіяна, вось бачыш, ня стала Цімы, праз якога мы некалі пасварыліся, цяпер сварыцца нам няма праз каго…” — а Дзіяна сказала, сядаючы: “У мяне, Рэня, таксама муж памёр…” — і разам з Рэняй заплакала. Цімох Нілавіч падумаў і сеў паміж імі, а то будуць на плячы адна ў адной раўсьці ўвесь вечар — не пагаворыш. З Рэняй дык ён нагаварыўся, а з Дзіянай яму хацелася пагаварыць. Тым больш, што ейны муж памёр.
        “…і неяк так для ўсіх незаўважна ён выконваў свае абавязкі, што ўсе дзівіліся, калі яны выконваліся, і праекты рабіліся праектамі”, — завяршыў сваё памінальнае слова намесьнік дырэктара праектнага інстытуту, у якім працаваў Цімох Нілавіч, а калега Цімоха Нілавіча інжынер Сташанскі дадаў, што, прасядзеўшы з нябожчыкам стол у стол амаль дваццаць гадоў, ён ня можа ўспомніць, каб той хоць у нечым яму замінаў — гэтак нябожчык сапраўды працаваў непрыкметна.
        Усе, апроч дырэктара інстытуту, які ні на пахаваньне, ні на памінкі не прыйшоў, адзін за адным падымаліся за памінальным сталом і, жадаючы, каб Цімоху Нілавічу зямля была пухам, прамаўлялі хораша. Цімох Нілавіч ня надта тымі словамі падманваўся, бо, калі б сядзеў зараз не на сваіх памінках, а на памінках Сташанскага, дык падняўся б і сказаў тое самае. Ня ў тым сэньсе тое самае, што Сташанскі дваццаць гадоў ніяк яму не замінаў, Сташанскі яшчэ як яму замінаў, але Цімох Нілавіч сказаў бы, што гэта яму не замінала. Хоць, хутчэй за ўсё, менавіта Сташанскі, які быў нібыта дарадцам дырэктара інстытуту, а насамрэч проста азадак яму лізаў, падгаварыў дырэктара не прыходзіць на разьвітаньне з Цімохам Нілавічам Макеем, бо шараговы інжынер — ня тая фігура, каб дырэктару з ім разьвітвацца.
        На тым месцы за памінальным сталом, дзе мог бы сядзець дырэктар, сядзела суседка, якая ўстала і сказала, што Цімох Нілавіч быў вельмі добры сусед.
        — Я кахала яго, — паднялася побач з ім Дзіяна. — І калі б ён прызнаўся, што таксама… Але… Нават сёньня запрасіў і не сказаў. Я ня ведала, што памёр… Прайшоў праз жыцьцё маё незаўважна, пухам яму зямля.
        — І ўсё ж нешта ў ім было, калі сэрца спынілася… — уздыхнула сакратарка намесьніка дырэктара, якая, як ягоная сакратарка, хадзіла з ім паўсюль і нават на памінкі.
        Цімоху Нілавічу таксама здалося, што Дзіяна сказала не зусім тое, што павінна была сказаць. Ці, ва ўсякім разе, ня ўсё. Чамусьці гэта яго пакрыўдзіла. Ён нават паспрабаваў адсунуцца ад Дзіяны бліжэй да Рэні, але тая ўперлася ў бок ягоны локцем: маўляў, памёр, дык ня лезь.
        Прычыну, па якой Рэня не захацела туліцца да яго, ён зразумеў пасьля памінак, калі зазьбіраўся па звычцы дахаты ўсьлед за Рэняй, а яе ўзяўся праводзіць Сташанскі — і яны амаль на кожным скрыжаваньні, як студэнты, цалаваліся. Не зважаючы на суседку, якая плялася за імі. Сташанскі хацеў нават у дом зайсьці, але ўдава ўсё ж засаромелася, не пусьціла: “Ён яшчэ тут, няхай хоць ноч праміне…”
        — Ну што, Цмок?.. — спытаў Сташанскі, калі яны засталіся на вуліцы ўдвух. — Ты цяпер куды?..
        Яшчэ з дзяцінства прыстала да Цімоха Нілавіча мянушка Цмок. Ён і не падобны быў на цмока, які з яго цмок? — а вось мянушка так прыляпілася, што і па сьмерці не адляпіць.
        Цімох Нілавіч пацепнуў плячыма: ён насамрэч ня ведаў, куды яму цяпер?..
        — Можа, да Дзіяны?.. — нібы падказаў яму Сташанскі, якому не цярпелася, каб Цімох Нілавіч сышоў. — Ці да суседкі…
        Да суседкі заходзіць Цімоху Нілавічу не было чаго. Ён чуў, што амаль ва ўсіх нешта такое бывала з суседкамі, а ў яго — не. Тая, здаралася, прасіла па-суседску то палічку прыбіць, то кран падкруціць, пасьля налівала чарку і неяк так глядзела, нечага чакаючы, але Цімох Нілавіч ня піў — ён нават на памінках сваіх ні кроплі ня выпіў.
        — Да Дзіяны, — сказаў Цімох Нілавіч, — і Сташанскі пляснуў яму па плячы:
        — Правільна! А то столькі гадоў… — І пацікавіўся, таропка сунуўшы руку на разьвітаньне. — Ты на рабоце заўтра будзеш?
        — Мушу быць, — паціснуў руку Сташанскаму, хоць не хацеў паціскаць, Цімох Нілавіч. — Калі гэта я ня быў?..
        — Хто цябе ведае!.. — пляснуў яму другой рукой па другім плячы Сташанскі. — Неяк і не відаць, калі не разгледзецца, ці ты ёсьць, ці цябе няма… І чаму гэта Цмокам цябе празвалі?
        — Бо трохгаловы, — адказаў Цімох Нілавіч, якому хацелася адной галавой плюнуць на Сташанскага, другой — агнём на яго дыхнуць, а трэцяй… А трэцяй…
        Навошта Цмоку трэцяя галава?..
        Па дарозе да Дзіяны Цімох Нілавіч заблукаў, бо, па-першае, была ўжо ноч, а, па-другое, дарогі да Дзіяны ён ня ведаў. Блукаючы, незаўважна для сябе выйшаў на могілкі — якраз да свайго грудка. Пахадзіў вакол крыжа з надпісам: Макей Цімох Нілавіч, 11. 11. 1959 - 11.11. 2009, — з чаго вынікала, што на гэтым сьвеце, дзе такія людзі, якія, каб не прасту­дзіцца пад дажджом са сьнегам, могуць закапаць труну без нябожчыка, ён пражыў роўна паўвека.
        Дождж са сьнегам скончыліся. Палюбаваўшыся на свой прыгожы, з чорнай стужкай, партрэт, Цімох Нілавіч лёг у кусты, пераначаваў, а раніцай падняўся і пайшоў на работу. Яму яшчэ 10 гадоў заставалася да пенсіі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.