РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ці маем мы права выракацца роднай мовы
...
        Калі ўгледзiмся на акружаючае нас жыццё, калі ўдумацца ва ўсе яго вялікія праявы, то мімаволі прыходзім да пераканання, што сама па сабе думка “жыць на свеце” вельмі добрая, але людзі часта гэта жыццё паганяць, накладаючы на яго непатрэбныя путы, ацямраючы яго адвечныя праўды і законы.
        Самы важнейшы і непраломны закон жыцця – гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэння пад сонцам. Сягоння мы бачым на свае вочы, як нешчасліў той чалавек, каторы радзіўся глуханямым, з каторым толькі можам разгаварыцца знакамі, на мігі; але і гэтакі чалавек мае душу і ўмее думаць так, як і мы думаем, і калі яму на мігі пакажаш не так, як патрэбна даную рэч выразіць, – гэты нямы нас не зразумее і ўсё чыста пойме, калі мы не будзем перад ім крывіць душой.
        Але жыцьцё не стварыла на свеце ўсяго чыста пад адну мерку, пад адзін калібр: не зраўняла яно лесу, не зраўняла птушак і зьвяроў, а ў вадзе рыб, не зраўняла яно і людзей; дало толькі кожнай жывой істоце вялікае права па-свойму развівацца, не сходзіць з простай, раз назначанай пуціны.
        Рассеяўшы людзей па ўсёй чыста зямлі, жыцьцё гэтым самым паставіла іх у адметныя варункі бытаваньня. Патварыліся народы, гасударствы, а з імі свае абычаі, сваі парадкі, свае думкі, і, разумеецца, у кожнага такога народа свая родная мова. Дайсьці каб да гэткага ладу-парадку на сьвеце, які мы цяпер бачым, патрэбала цэлыя дзесяткі тысячаў лет, а мо і мільёнаў; тысячы, а мо і мільёны лет ткала жыцьцё сваю прыгожую на зямлі тканіну.
        Сягоньня налічваецца больш тысячы ўсякіх народнасьцей; кожная з гэтых народнасьцей жыве сваімі асобеннымі нацыянальнымі праявамі; кожная народнасьць састаўляе як бы, так сказаць, адну вялізную сям’ю-радню, рознячыся складам сваім ад суседняй такой народнасьці-сям’і. І адлічваем мы кожны такі адзін народ ад другога ўсё той жа яго адвечнай уласнай мовай, той мовай, якую вякі ўсьвенцілі і ўкаранялі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўленьня на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся.
        Скажа хто-небудзь: хай бы была адна мова на сьвеце, бо і праўда-нашто іх гэтулькі? Яно б то, можа, было і добра, а мо і не саўсім. Скажам, каб было аднаго толькі гатунку дзерава або аднаго гатунку жывёліна ці збажына, то, напэўна, лёгка дагадацца, што на сьвеце было бы далёка не так прыгожа, як цяпер ёсьць. Але калі дзерава ці жывёліна ёсьць толькі зь верхняй аздобай зямлі, то мова людзей ёсьць як бы цэнтрам гэтага жыцьця, яго душой, яго ўнутранай аздобай.
        Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога-небудзь яшчэ пазалочанага абруча, рамак. Сонца само па сабе адна аздонасьць – і золата, і брыльянт. Таксама і мова якога-небудзь народа ёсьць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасьцяй.
        Ёсьць яшчэ народы, у каторых і зроду, бадай, ці была свая бацькаўшчына, як, напрымер, цыганы, але мову сваю мелі. Маюць, і згіне яна ў іх толькі тады, як зьвяліся бы яны самі на свеце, а зводзіцца ж толькі завод якой-небудзь скаціны.
        Сам народ можа падпасьці пад чужое сільнейшае ўладарства і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заяваным ці забраным народзе няможна выдзерці яго душы і яго роднага слова. Гэта апошняе яму матка, кормлючы дзіцятка сваёй грудзёй, перадае як найсвяцейшы скарб разам са сваім пракляцьцем таму дзіцяці, каторае, вырасшы, захацела б вырачыся роднага слова, бо гэтым самым выракалася б і роднай маткі. Як бы недарэчна выглядала, каб хто над дамавінай свайго роднага пачаў галасіць, прыгаварваць не ў сваёй, а ў чужой мове; або каб на вясельлі шлюбоўнікам пачалі пяяць кабеты чужую, незразумелую песню... А вось глянем яшчэ хоць бы на крылатыя стварэньні: ці ж не смешна б нам паказалася, каб салавейка пачаў «кукарэкаць» па-петушынаму, а певень пачаў кукаваць, як зязюля? Можа толькі салавейка яшчэ прыгажэйшыя выдумваць таны ў сваёй музыцы-спеве, а певень яшчэ акуратней пачынаць сваё «кукарэку» апоўначы. Ужо так жыцьцё ад першага паўстаньня на зямлі быту дало можнасьць развівацца кожнай жывучай натуры толькі ў сваім кірунку ды ў вечнай гармоніі з усёй прыродай, нас акружаючай нас.
        Цяпер астановімся на нашай беларускай мове. Нам кажуць, і мы самі часта гэтаму патураем, што мова беларуская простая. А па-мойму: ну і дзякаваць Богу, абы не крывая. Але разбяромся ў гэтым лепей. Некалькі соцень лет таму назад, калі Беларусь жыла сваім незалежным жыцьцём, мела сваіх князёў, сваё веча, ці маглі тады беларусы іначай гаварыць, як не па-беларуску? Ці маглі беларускія земляробы, сабраўшыся на веча ці на вайну проці чужынцаў, ламаць сабе языкі чужой, незразумелай для іх гутаркай? Адказ на гэта хіба кожнаму падыктуе свій розум. Пасля, калі падпала Беларусь пад уладарства Літвы, што выйшла? “Простая” беларуская мова закасавала “крывую” сваіх заваявацеляў, і законы ў гасударстве Літоўскім пішуцца па-беларуску; слова беларускае становіцца ўрадавым словам па-бедніка. А мова наша была і тады не інакшая – была таксама простая, але простая ў значэньні – не крывая, дарэчная, незаменная для агулу, для свайго народа. Літоўскі тагачасны ўрад (правіцельства) са сваімі князямі меў – як то кажуць – усе клёпкі ў галаве і не ўзаконіваў бы мовы забранага народа, каб ня бачыў у гэтым карысьці для сябе і для падбітых земель.
        Калі з часам Літоўска-Беларускае княства злучылася з Польшчай і беларускую мову стала з ўрада выціскаць польская, то гэта нічуць не дазволіць, што яе прызналі горшай ад польскай. Тут была толькі ні болей ні меней сіла кулака, як цяпер часта робяць іншыя гасударствы. Польшча была дужэй, значыць, і старалася гэту сваю моц паказаць, заводзячы свае парадкі ў прылучаных к ёй землях. І тут выйшла тое, што і сягоньня спатыкаецца: беларускія баяры і багацейшыя гаражаны, так называная “знаць”, каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе, мець цёпленькае і выгаднае месца, пачалі скідваць з сябе свае родныя аўчынкі і напінаць чужую, падробленую, нашываную скуру. Адно народ (сяляне і местачкоўцы) за прыхваснямі не пайшоў: ён цвёрда трымаўся ўсяго таго, што яму пераказалі на Божай пасцелі дзяды і прадзеды, і не зацёр сваёй асобенасьці, свайго нацыянальнага духу, астаўся да сягонняшняга дня тым, чым быў з часоў сваёй незалежнасці, хоць і валок на сабе ярмо кольківяковага чужога ўладарства. Не без таго, што і пасля паяўляліся між беларусамі рэнегаты, здрайцы свайго края і народа, але на іх не звертана увагі, як не звяртацца на ўсякага роду адшчапенцаў, затраціўшых воблік і падабенства Божае.
        Яўляецца пытаньне: чаму ж так трымаліся беларусы ўсяго свайго роднага? Чаму, калі мо каторы і навучыўся чагосьці чужога ў чужой школе ці так у чужыне, – дома ўсяго чыста забываўся? Ці ж мы мелі кароткую памяць, ці не любілі прасветы? Атвет тут, як не круці мазгамі, – адзін: склад душы беларуса, яго думак, звычаяў, поглядаў на жыцьцё быў свой, і была ўся тая мова родная, узгадовываўшая яго цэлыя тысячы лет; гэта душа яго душы – мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранём дзерава: падкарпайцеся пад дзерава, абсячыце дазваньня яго карэнні – дзерава завяне, засохне, перастане жыць. Беларус часта мо і не цяміў, чаму ён так трымаецца сваёй гутаркі, але не трымацца яе не мог: выкараючыся мовы сваёй, быў павінен вырачыся самога сябе, выкрывіць сваю душу, выракаючыся, павінен быў ісьці проці ўсяго сьвятога, непадменнага на свеце, проці ўсяго таго, што паказвае адменнасьць чалавека ад скаціны.
        Усё ж колькісотлетняя паняверка, валачэньне ярама чужога ўладарства на сваім набалелым карку не прайшло для нас бяз ніякага знаку: яно ацямрыла і затрымала доўгія вякі наша культурнае і нацыянальнае развіцьцё, пакідаючы нам свае вучэльні і свае “языкі”, увялічыла нехаць к знаньню, к прасвеце, к пазнаньню вялікіх думак людзей навукі і ідэі; асталіся мы на самым апошнім месцы, ніжэй парога, паміж усіх чыста славянскіх народаў; асталіся мы, як блудныя авечкі, бяз пуцьця, бяз веры ў новую светлую будучыню. Але ж такі асталіся і мы самі, – як народ, як нацыя, і асталася пры нас наша п р о с т а я родная мова, праз якую ўсе знаюць, знае свет, што мы не прыблуды якія, а колькімільённы народ – Беларусы, засяляючыя сваю адвечную Бацькаўшчыну – Беларусь.
        Ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, дружна на свет белы, загаманіць праўдай цэламу свету громка, свабодна, як калісць званы нашых вечаў, мы зможам толькі тады, калі пад саламянымі стрэхамі нашых хат зойме пачэснае месца наша родная беларуская мова, кніжка, звычай і абычай. Праз памяць на магільныя насыпы і крыжы, пад якімі бяспечна замарнеўшыя ў нядолі спяць нашыя дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сваёй грудзёй ускармілі – выракацца роднай мовы не маем права.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.