РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Споведзь
1. Жлобаўцы
2. Зэльва
3. Прага
4. Гэгэнна
5. Лагер
6. Абезь
1
ЖЛОБАЎЦЫ
        Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяньня яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, гдзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не пасьпелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы...» 3 сяла Аляксандраўка, што ля Воўпы, ад старых прыяцеляў маіх бацькоў Зелянкевічаў відно як на далоні нашу сялібу й чутно, здаецца, як вецер калыша дрэвы.
        Часам доўга ўглядаюся на сьцежкі свае маладосьці — ажываюць успаміны, і здаецца мне: спрацаваныя матчыны рукі туляць мяне ласкава да сэрца, алеяю, ці, як мы казалі,— прагонам, шырака крочыць тата, я яму толькі па бараду, і, угледзеўшы мяне, ён заўсёды ўсьміхаецца пад сваімі крыху рыжымі вусамі, заўсёды падзеліцца думкамі накшталт: «Полацкае княства сяньня зрабілі непапулярным са страху, каб не сэпаравалася па праву ад імпэрыі, але ці ты думаеш, што твая Беларусь утрымаецца эканамічна, калі б была самастойнай?» Тата ведае, чым жыву, і часамі хоча мяне паквяліць1, як малое дзіця. Крыху спрачаемся, мае ідэі для яго, з дзядоў ужо нявольнага, як экзотыка. Тата ведае, чым за гэта плаціцца, і паглядае на мяне з нейкай чуласьцю сумнай.
        Ксеня невялікая, але з вялікімі цёмна-сінімі вачыма, чорнавалосая й зграбная, жыве сваімі законамі й любіць часам закурыць папяроску. Мы ўсе вельмі супраць гэтага. Ніна, вельмі прыгожая бландынка з зялёнымі вачыма, вельмі любіць танец. Недзе бачыла балет і доўга, пасучы гусей, танцавала свае дзіўныя танцы на пальчыках, з яе не сьмяяліся. Расьціслаў высокі, але яшчэ ня мэтар дзевяць-дзесят пяць, да якіх дарос у сталым веку. Ён вучыцца ў сельскагаспадарчай школе ў Жыровіцах, вельмі прыгожы, чулы, ціхі, паслухмяны й працавіты, хоць яшчэ дзіця. Нейк, калі мы разам ехалі да Гудзевіч, сказаў мне свае пляны на будучыню, яны былі даволі дзіўныя. «Калі вырасту, дык вазьмем ад бацькоў часьць зямлі, якая нам належыць з табою, і будзем разам гаспадарыць, ты будзеш садзіць кветкі, даглядаць хаты, а я пакажу ўсім, як трэба дабываць ураджаі, пасьля вазьмем да сябе бацькоў, і нам так будзе добра». Мілы, наймілейшы мой брат, Гэркулес з душою, як лютня. Здавалася яму, што пакінуць Жлобаўцы — гэта здрадзіць сваёй сям’і.
        А зямля да нас гаварыла. Яна разумела нас, акружала духам мінуласьці ўсяго нашага народу й вялікай любоўю дрэваў, палёў. Ланы жыта хваляваліся проста пад вокнамі, і каласы шапацелі ад ветру. Нам было добра на весьнім сонейку, на дажджы й на ветры, весела крочылі мы ў кажуш-ках сваіх зімою, і коні насілі нас у куліку па дарогах, на якія ласкава сьвяціў месяц.
        Пасьля быў Аркадзі, вечна вясёлы, стройны й з твару падобны на маму. Яго мы нейк любілі меней ад Славачкі. Вельмі бурным, гордым, сьмелым такім юнаком быў найма-лодшы з хлопцаў Аляксей. Браты былі дружныя, любілі ко-ней і мелі свае хлапцоўскія забавы. Але яны былі яшчэ дзеці, вучыліся, і найбольшым «хлопцам» удома была я. Усе справы з падаткамі, урадамі2, даўгамі, крэдытамі ўскладаў тата на мае плечы. Ён не любіў такіх спраў, і я іх не любіла, але памагала тату, як толькі магла. Наша наймалодшая Людміла, Люсенька — як мы яе называлі, была раскошным дзецям, прыгожым, ласкавым і вельмі разумным. Была яна любоўю ўсей сям’і, і ў яе маленькім сэрцайку было столькі ласкі да ўсіх, што мы яе падзіўлялі. Яна вельмі любіла мяне, болей як маму, і мы амаль не разлучаліся.
        Я была найстаршай удома з дзяцей і, здаецца, найболей каханай бацькамі, брацікамі, Люсяй і слугамі. Ксеня й Ніна мяне не любілі. Новы вялікі дом, і ўсе ўдома. Цяжка было знайсьці адпаведную працу пры Польшчы, асабліва калі бацькі былі больш-менш забясьпечаныя, на вышэйшую адукацыю не было матэрыяльных магчымасьцяў, заставалася працаваць на зямлі й чакаць мужа. Падсьведама і я думала аб мужу нейкім, але ён мусяў быць Беларус. Такіх не было, толькі сяляне, усё роўна муж мой будзе Беларус! А сватоў было шмат, даходзіла да трагэдыяў, часам да сьмеху. Мы былі праваслаўныя, вось і сваты ад маладых сьвятароў пачыналіся. «Што ж, купі часты грабеньчык, бараду ж будзеш часаць сваяму мужу»,— сьмяяліся сёстры і я разам з імі. Часам людзі мяне ледзь толькі бачылі, а ўжо прасілі мае рукі Гэта было дзіўна, несамавіта. Мама іх усіх не любіла, а яе прыяцелька, пані Ядвіга Зелянкевічыха, гаварыла: "Няма кавалера для панны Ларысы, толькі Пілсудскі!» Гэта быў вялікі камплімент, у якім мілая пані Ядвіга абсалютна забывалася аб позьнім веку польскага маршала й думала голысі аб яго знатнасьці. Для мяне нават ён не прыйшоў бы ва ўвагу, бо ж быў не беларус...
        Час ляцеў, нам было блага й добра — залежала ўсе ад лаўгоў, якіх было надта многа, бо самыя Жлобаўцы дзед мой купіў тату пераважна на віленска-тульскі банк, якога паперы вайною, на жаль, не загінулі, і Польшча з усёй строгасьцю спаганяла даўгі. Неймаверна высокія падаткі й разбураная да апошняга ў час вайны сяліба й вялікая сям’я — усё гэта не магло нас ніяк зрабіць хоць крыху за-можнымі. Мы ўсе працавалі, мама наша найболей. Нас моцна ашуквалі, бо тата быў горды, давяраў купцам ваўпянскім, і яны вельмі гэтым злоўжывалі, а з прыходам са-нсцкай улады давялі нашых бацькоў да гібелі. Мы жылі цесна з сялянамі, якія густа засялялі свае ўчасткі, дзялілі сваю зямлю між дзяцьмі, жылі пераважна бедна, усе рабілі сабе самыя ад кашулі да цудоўных нашых дываноў. Воўна й лён і залатыя рукі жанчын-беларусак — і чалавек ужо апрануты цёпла, чыста й хораша. Было б толькі на чым сеяць той лён, той хлеб сялянскі й смачны, як пірог. Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасьці, як жа багатай, як жа цікавай і роднай для нас. Тады яшчэ сёлы сьпявалі. Сьпявалі яны вечна, пры любой нагодзе, толькі ня постам. Увечары з усіх сёл чуўся сьпеў шырокі, то сумны, тужлівы, то баявы, бадзёры, з бунтарскай нотай, прагаы дзеяньня, волі. Гэта была душа народу й мая душа — дзяўчыны ўжо з асьветаю — знача, тым болей сьведамаю крыўд, якія цер-піць наш народ ад атупелых у сваім шавінізме палякаў, як калісьці ад расейцаў. Народ ляжаў бязьдзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваей зямлі й толькі цярпеў і стагааў ад нястачы, прыніжэньня й няволі.
        Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сьведамасьць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады»3, альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфэнзывай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька, але ён не зацікавіў мяне асабліва. Зьмест народнай паэзіі, песьні, абычаяў быў шмат глыбейшы, дікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць пэрлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсе гэтае багацьце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сьцяміць маім бацькам і суседзям. Яны з жахам думалі: гдзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы маяго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяродзьдзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амэрыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная нешравядлівасьць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сьляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі. ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народ-насьці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасьці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаваньні якіх я сумнявалася нават... Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існаваньня. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк, а выпісвала я толькі правыя выданьні, бо там было нешта з таго, што я так пакахала ў сваім народзе. Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змаганьня за волю й нашую зямлю для нас. Аднойчы вёз мяне прыгожы хлапец да свае маці, як казаў. Шпарка ляцелі па гасьцінцы лёгкія саначкі, адной рукой ен абняў мяне, другой трымаў лейцы. У мяне былі сьлёзы на вачох, і ён папытаўся, чаму я такая сумная? Перад намі йшоў юнак, з цяжкіх абіякаў (быў такі абутак за Польшчы) відно было падраныя ганучы й голыя пяты на холадзе. Ці ж магла я йсці замуж (быў гэта студэнт), калі такое й толькі такое было на маёй зямлі... Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага... А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне ня будзе слуг, бо кожны мусяе сам ся-бе абслугоўваць»,— секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што мны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як зьбіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсьць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госьцi: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнес за яго каўцыю4 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў сьвятару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў ня з бедных і ня з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсе яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісьці перапрашаць сьвятара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў іправу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён сьвята...
        Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зьніжаюся да іх і яшчэ хвалю... Што ж, яны ня ведалі, якія вартасьці тояць у сабе, і, на жаль, пасьля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае... I так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з назамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памер чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам5 на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, гдзе той мёртвы ляжаў...»
        Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасьвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» у Кракаў, але гэта я даведалася пазьней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленьне ў Воўпе з вясковай моладзьдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасьля цэрквы. Ён прывез харошыя касьцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэклямаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасьля знамянітага спэктаклю «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне ня знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасьце маім бацькам, якія вельмі паважалі мэдыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага... Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы...» Пасьля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў маяго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасьля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа маяго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім ня думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне сьледавацель назваў са злосьці адзіночкай у змаганьні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лес мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясьці, нейкай сілай ускладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу...
        I так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, сьпяваюць мне «Жыў на сьвеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта ня праца, па-мояму.
        Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязьніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прышлае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасьць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсьці й шукаць нейкай праўды, ратунку для маяго народу.Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маей уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.
        «Дзевчына-люд»,— гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзэнтуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою... Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек ня наш... I так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сьцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, ня вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гэкт. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскрозь — ен з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош... Мяне ён ня любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сьцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а бяз гэтага ўсе для мяне чужое: калі ня будзе такіх сардэчных беларускіх лю-дзей на вярхах, усе роўна на гэтай зямлі нашай ня будзе шчасьця, бо ня будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.
        Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфэнзыва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й маяго дзядзьку Сьцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая. Вядуць небараку з закаванымі рукамі, просіць мяне, ледзь ня плача, каб я яго ратавала. Ну а як тут яго ратаваць? Хуценька запрэгла я каня й пад’ехала туды, гдзе яго павялі. Многа назьбіралі з усіх вёсак. На маю фурманку пасадзілі дзядзьку й некалькі паліцыянтаў, а да аглобляў з абодвух бакоў прывязалі наручнікамі хлопцаў. Еду, вязу іх і баюся, каб конь хоць не падбег, дзеля тых прыкаваных. Адзін, памятаю, быў з Цыганоўкі. Памаленьку распытваю: куды іх, як і што. Мая асоба робіць уражаньне, памалу адчыняюцца вусны, падаюць рэплікі, што так мусіць быць там, гдзе палітыка. Яшчэ на месцы адзін падскочыў да мяне з пытаньнем: а за што арыштавалі дзядзьку? Кажу: «Вы гэта, чалавеча, ведаеце, напэўна, лепш ад мяне, бо я то на вашым месцы яго не арыштоўвала б». Пад’яжджаем да т. зв. «Чортавай гары», і там лясок з левага боку. Конь ледзь цягне нямілую паклажу. Бачу, мае паліцыянты па адным паздзыгалі6 з воза, каню лягчэй. Знача, гутарыць з імі можна. А тут штурхае мяне мой дзядзька: «Ларачка, як яны пася-даюць, то схапі іх за стрэльбы, а я драпану ў лес, бо не стрываю пабояў, баюся, што зраблю ўсыпку...» Згінь ты, прападзі з героем! Знача, усыпку, яшчэ не дастаўшы гумаў, ну й ну... Кажу: «Сядзі, дзядзька, спакойна, я цябе выратую, а то ўпаляць табе ў адно месца кулю й згінеш як міленькі тут». «Чортава гара» кончылася, і мы цэлай нецікавай кампаніяй рушылі далей. Ля Зэльвы мяне папрасілі зьлезьці і ўзялі за фурмана нейкага дзядзьку, недзе баяліся, што замнога мне сказалі, а такі паведамілі даволі. Я ведала ўжо, да каго ў Ваўкавыску й цераз каго мне дзейнічаць. Пераначавала я ў нейкіх людзей, не пайшла да Геніюшаў, бо тут трэба было моцна думаць, як заўтра дастацца ў Ваўкавыск. Аўтобусаў ніякіх! Назаўтра я проста загадала нейкаму дзядзьку з таго боку завярнуць каня й везьці мяне ў Ваўкавыск. На мае зьдзіўленьне, ён мяне паслухаў. Конь быў гаспадарскі, дагледжаны, і з палудня мы ўжо былі на месцы. Памятаю: пан Калачынскі — галоўны сьледавацель і нагодай муж мае каляжанкі Ліны Жыжун. Прабралася я да яго й проста прашу: «Ня беця вы хоць тых учарайшых нашых вязьняў, асабліва маяго дзядзьку».— «Або мы калі каго б’ём?» — вырачыўся ён на мяне. Сто доказаў было ў мяне на гэта, але я прамаўчала... Адным словам, маяго дзядзьку ня білі. За пару дзён выпусьцілі яго, прыехала цётка й вось павезла п’яненькага дамоў. Але я бачыла, як вялі па вуліцы хлапцоў пад канвоем, яны йшлі на пальцах, ледзь ступаючы, знача, білі гумамі ў пяты, во гады... Умелі яшчэ падвешваць і ліць газу ў нос, што ж, гэтую культуру добра асвоілі прававерныя каталікі. Было нявесела, мне ўсе дзякавалі, але я маўчала...
        Якраз захварэла Грышкевічыха, жонка таго Грышкевіча, што ўцёк у Саветы, гдзе яго, між іншым, у 1937 годзе расстралялі... Нядоўга думаючы я прывезла ёй нейкага фэльчара са Славатыч, а калі пабачыла, што нікога ў яе няма, проста пасялілася ў іх у хаце й занялася лячэньнем хворай паводле радаў фэльчара, і дзяцьмі, і гаспадаркай. Хораша было, адно вельмі кусалі блохі. Паставіла я хворай банькі, зрабіла кампрэс (я адумыслова навучылася гэта ад мае мамы, якая лячыла нязгорш людзей). Рана я паліла ў печы, даіла, выганяла карову на пашу, а пасьля вадзіла на выган каня, хораша яго путала, і малы Коля, сын Грышкевічыхі (абое памерлі), яго даглядаў, а мы з малой Любусенькай (жыве цяпер у Пятрэвічах) ішлі рабіць нешта да хаты. Хто бачыў, каб паненка йшла тады ў сялянскую хату, ды яшчэ так працаваць? Можна здалёк спагадаць мужыком, але ўжо каб так ды сябе ўнізіць... Мае сваякі былі з гэтага ўсяго ня-шчасныя, і ўнеўзабаве прыслаў мой тата па мяне коні й паклікаў дамоў. Доўга прашчалася я з усімі, праваджалі мяне, а калі аглянулася, дык заплакала — на дарозе стаяў малы Коля й заліваўся сьлязьмі. Удома было так добра, тата мне дараваў мае ўсе прынцыповыя выбрыкі, прызнаў часткова сваю віну, і я была зноў як за плячыма ў Бога. 3 СССР Грышкевіч пісаў мне, дзякаваў за апеку над сям’ею й благаславіў гадзіну, «калі я пераступіла парог іхняй хаты...».
        Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясьціў аб сваім прыезьдзе. Я ня вельмі ўсьцешылася, ня тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб ня ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю доб-рыя коні, бурку цеплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта ня простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь... Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я за-злавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакой-на жадаем сабе добрае ночы... Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэн-та — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вясельле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, разьдзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць сьлёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыцьце салодкае... Я ўсе выпаўняю. У цэркве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом аўтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся... Перад вянчаньнем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца... I так моцна трымаю сваяго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысьціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу... Удома чакаюць нас госьці, і далей усе як на вясельлі: падаркі, госьці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. 3 намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу...
        Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й мае пяро. За сабою я пакідала ўлюбены прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыцьце, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў масьлячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песьні яе пайшлі сьледам за мною. I я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планэце, мае Жлобаўцы, гдзе я ніколі не сумавала й ня трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод алыныны як-раз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе бяз таты, ён вельмі разумны, нейк усе бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень... Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсё-ды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небясьпека, як прадчуцьце таго, што пасьля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсе відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.
        Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, гдзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесьці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацьвердзілі пасьля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы схалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасьля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасьля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, сваяго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасьць ней-кая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент7 мэдыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасьля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж беларус сьведамы, упарты, непахісны, такога ня купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.
        Я ніколі нічога не плянавала, пляны гэта домікі з карт, а ў сьвеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Эўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыцьце ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў маяго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, гдзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк ня вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. I так ішлі мы ў жыцьце з ярым кляймом беларускасьці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.