РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Даўніна
1
Гісторыю спраў вялікіх твораць людзі,
Якіх у нетрах ўзгадаваў народ.
Былі мы ад вякоў, мы ёсьць. Мы будзем,
На спадчыне дзядоў сваіх - крывіцкі род!
        
*

Ў гадоў тумане велічнасьць не гіне,
Мы зь ёю й сяньня, як шляхотны сплаў,
І сьніцца мне сьвятая Еўфрасіньня
І слаўны крыж, што Богша змайстраваў.
Ў зараньні дзеяў першыя сьвятыні
І благачэсьце мудрае назьдзіў,
З князёў айчынных першыя Сьвятыя,
Якімі Полацак народы задзівіў.
Ў час бітваў ў полі ратных і крывавых,
Ў час гутарак стралою і кап’ём
Дзіця славянаў, юная Прадслава
Зышла на землю цёмную - сьвятлом!
        
*

Раніца. Сонца над борам ўстае,
Сьветам зямлю ахапіла.
Хорам птушыным ўжо пушча пяе
Гімны для бога Ярылы.
Над стрэхамі хатаў ўзьвіваецца дым,
Йдзе з коньмі начлежнік з дубровы.
З варотаў сялянскіх на луг, да вады
Выходзяць паважна каровы.
Куры кудахчуць, авечкі бляюць,
Скрыпіць журавель ля студні.
З сонцам і людзі да працы ўстаюць,
І дзень пачынаецца будні.
Сена над рэкамі выйдуць касіць,
Жаць, калі збожжа дасьпее,
Пад новыя нівы лясы церабіць,
Каб зернем пад восень засеяць.
У пушчу, ў смалярні па дзёгаць, па мёд,
Па дрэва тугое на скрыні,
Зь сяцямі на рыбу па пояс уброд
Ці на ловы з тугой рагацінай.
Жыць - гэта знача як сьлед працаваць:
Зжынаць, малаціць і веяць,
Дочак галубіць, сыноў гадаваць,
Нашчадкаў сваіх надзейных.
Вецер даўно разагнаў туманы,
Ўскружылі над дрэвамі галкі,
Схаваліся ў тоні глыбокай Дзьвіны
З прываблівым сьпевам русалкі.
Схаваўся, не бродзіць ўжо пушчай лясун:
Зло сьвету праменьняў баіцца,
І вецер на дрэвах, на гусьлях без струн,
Ужо не пяе небыліцаў.
Сонца, малітву табе сваю шлюць
У пушчы ўсе твары жывыя.
Табе гэта песьні дзяўчаты пяюць,
Заплятаючы косы тугія.
Толькі і Ты ужо, сонца, не Бог,
І хоць для народа Ты - тайна,
Не ставяць ўжо стодзіваў болей ў палёх
Табе, сьвет зямлі жыцьцядайны.
Вялікаю праўдаю стала любоў
І вера ў Хрыстовае слова -
Інакшая, чымсьці у нашых дзядоў,
Паганаў у пушчах суровых.
Не слава, не гонар - людзей забіваць,
Моц павялічваць зь цярпеньняў,
Ворагаў нават належыць кахаць
Для Божага благаславеньня.
Зь цялеснаю сьмерцю - жыцьця не канец,
Яно прадаўжаецца ў вечнасьць,
Бо так загадаў найсьвяцейшы Айцец
Зямлі і душы чалавечай.
Не зло і насільле, а - сеяць дабро,
Інакшая вартасьць багацьця,
Не сіла, а попел нікчэмны яго
Перад ахвярай Распяцьця!
Ўсё тленна, дачасна. Гасьціна - жыцьцё,
А вечнасьць - дабра перамога.
Любоў - не сьмяротнасьць. Яна - адкрыцьцё
Нябеснае, райскай дарогі.
Жывёле парывы свае заглушаць
Належыць жаданьнем зямнога,
А ў чалавека ёсьць розум, душа,
Тварэц ён і частачка Бога!
Не кланяцца сільным, а ціхіх любіць,
Да хворых ісьці з уцяшэньнем,
Хлебам надзённым усіх абдзяліць,
Злагодзіць людское цярпеньне.
За добрае плаціць Бог людзям дабром,
Інакшай няма ў яго знаці,
Як чыстыя сэрцы ў змаганьні са злом
І людзі, як роўныя брацьця.
Людзі, як дзеці у Бога Айца,
Пакорныя праўдзе Ягонай
І роўныя ў строгім абліччы Тварца,
Ад рызмана да кароны!
 
*
 
Полацак горда стаіць над Дзьвіной.
Яго землямі зноў авалодаў,
Вярнуўшыся ў град пераможны і свой,
Княжаскі род Рагвалодаў.
Сьпіць сном ужо вечным Ўсяслаў Чарадзей -
Зямлі сваёй слава і стража.
Дзяржава ў руках яго верных дзяцей:
Барыс цяпер ў Полацку княжыць.
Поруч пры ім на пасадзе браты,
Ўсяславічы дружныя правяць,
І Сьвятаслаў, самы зь іх малады -
Бацька князёўны Прадславы.
        
*

А ў замку князёўна расьце, як вярба,
Лагодная. З ласкі уся і з дабра.
Прадслава, галубка Прадслава -
Бацькі яе клічуць ласкава.
Дзяўчына - бы жытні колас,
Русыя косы па пояс,
Кветкі ў белых далонях,
Вочы - Дзьвіны прадоньне.
Шаты з славянскай белі,
Вусны - жар вішняў сьпелых.
Стан, бы ў бярозкі любай,
Якую вятры галубяць,
Якую сонца лялее,
Якая ў цемры бялее.
Уся яна - песьня-бяроза,
Толькі сталы ў князёўны розум,
Толькі сьветлы ў князёўны роздум
І не дзявочыя крозы.
Многа баяр нежанатых
Хочуць князёўну сасватаць,
Кожны ахвочы, згодны
Піць шчасьце, як кубак мёду,
З рук яе тонкіх, ласкавых,
З вуснаў князёўны Прадславы.
Такая б прала і ткала,
Верна з паходу чакала.
Гонар - з такою быць радам.
Яна не дзяўчына, а Лада!
        
*

Сяброўкі Прадславы песьні пяюць,
Ткуць, вышываюць уборы,
То золата ў русыя косы ўплятуць,
То янтар зь недалёкага мора.
Заморскія ткані красуюць на іх.
Пратканыя золатам шаты
Сплываюць раскошна па тонкіх, стрункіх
Палачанках, красою багатай.
Завушніцы, пэрлы на іх зіхацяць,
Такія, як болей ні ў кога,
Так ў Полацку ўмеюць красу вырабляць
Майстры рамяства залатога.
Лані ў скоках, ад пёрка лягчэй,
Вядуць карагод, бы лябёдкі.
Задумай сваіх васільковых вачэй
Вабяць яны аднагодкаў.
І не адзін ў баёх слаўны юнак,
Адважных ваяраў нашчадак,
Сэрцам паддаўся, не ўстояў ніяк,
Прад любасьцю тых палачанак.
Вачэй не адняць ад чароўнай красы,
Белагаловых і русых,
Пераліваюцца іх галасы,
Вясьняныя песьні на вуснах.
Гляне з-пад косаў - баярын замрэ
Ад шчасьця салодкае негі,
А сэрца галубка ў палон забярэ,
Як бралі ў палон печанегі.
Толькі Прадслава не знае забаў,
Ні песьняў, ні скоку, ні сьмеху,
Сэрца князёўны сьвет іншы забраў,
Сьвятой, незямное уцехі.
        
*

Баярычы сохнуць, кахаюць,
Да князя сватоў засылаюць,
Ім скромнасьць князёўны-красуні
Мілей за вясёлыя гульні.
За сьмехам бывае пустэча,
А ў сумных вачох - чалавечнасьць.
Князёўна усімі каханая,
Бацькам ўсё жыцьцё паслухмяная,
Сяньня упарта ў нечым
Ім нават стала пярэчыць.
Не адчувае, не бачыць
Залётаў прывабных, юначых.
Нават мужнасьць, краса баявая
Яе сэрца зусім не кранае.
Шчасьце ў зямным каханьні
Не суджана белай лані...
        
*

Вясновае сонца на небе, як лён,
Жыцьцядайна над краем павісла.
Лугоў зіхаценьне, бароў перазвон,
Калі вецер прыпадзе да лісьцяў.
Пах і квітненьне, гудзеньне вясны,
Птушыныя ўзьвівы на крыльлях
І хваль сіні плёскат аб бераг Дзьвіны
Князёўну не раз паланілі.
Кожную кветку кахае дзяўчо,
Вясну, як клякоча бусел,
І замак, і шумнае вокал жыцьцё,
Нават песьні пад звонкія гусьлі.
Умее галоўку увагай ўскружыць
Да хворых, да ўсіх небагатых,
Усё ж аб супружжы не хоча тужыць,
Як тужаць другія дзяўчаты.
Бачыла многа бясстрашных баяр,
Славу крывіцкіх дружынаў,
Ўсё ж сэрца ёй звабіў не муж, а алтар
З Хрыстовай крывёю нявіннай.
Ворагаў трэба ў баі забіваць,
Край бараніць ад напасьці,
Бога ж і праўду - мілей пакахаць,
Зямное адкінуўшы шчасьце!
На крыж да ног Божых ўсім сэрцам прыпасьць,
Зглыбіць найсьвяцейшыя словы.
Народ свой крывіцкі ўлагодзіць, узьняць
Да соладу веры Хрыстовай.
Ў задуме, у марах Прадслава, бы ў сьне,
Маці заплаканай кажа:
Забавы і сужанцы не для мяне,
Служыць хачу Богу - не княжыць.
        
*

Поўнач, далёка яшчэ да відна,
Сон вачанят не кранае.
Плешчацца рыбай аб бераг Дзьвіна,
У полі вятры запяваюць.
Не сьпіцца князёўне, хоць гоман замоўк,
Заціхлі і песьні, і гусьлі.
Адны толькі стражы кап’ём незнарок
Зазвоняць, ачнуцца прымусяць.
Ўжо князь спачывае на ложы са скур,
Княгіня бялявая побач.
Сьвет месячны шчодра кладзецца на мур,
І цені намечваюць поўнач.
Князёўна у белі, і косы, як лён,
За пояс сплываюць, бы хвалі.
Цьвярдзейшае сэрца ўзялі б у палон
Такія, калі б пакахала.
Не марыць дзяўчына пра солад сустрэч,
Пра шчасьце ля мужава боку,
Не вабяць ёй сэрца ні рыцар, ні меч,
Князёўна ў малітве глыбокай.
То дух хрысьціянства на княжым двары
У сэрца пранік пераможна:
Зь дзяцінства вучылі яе сьвятары
Пісьму і прамудрасьці Божай.
Сплывае кашуля па тонкім плячы,
Подых ветрыку косы цярэбіць,
А малітва, дзявочая просьба ўначы
Ляціць ў неспакойнае неба.
І просіць Прадслава ласкава, каб Бог
Ад войнаў, ад мораў, нягодаў
Сьвятыні, крывіцкія землі сьцярог,
Народ наш і род Рагвалодаў.
Прабабка Рагнеда даўно ужо сьпіць
Пад Менскам у Ізяслаўі,
Сяньня піць, як Ўладзімер піў з Божых крыніц,
Наканавана Прадславе.
Няхай жа праменіць той кіеўскі сьвет
На ўсе крывічоў пакаленьні.
Прадзеда споўніць яна запавет
Ў прачыстым, дзявочым гарэньні.
Патрэбна нямногае княжай дачцэ:
Пасьвенчаны крыжык на грудзі,
Маленькая кельля у ціхім Сяльцы,
Посах і тры невялічкіх хлябцы,
Ды служыць вечна Богу і людзям.
        
*

Плача княгіня і журыцца князь,
Ўсяславічы ў суме паніклі,
Думкі супольна снавалі няраз
Аб шчасьці князёўны вялікім.
Затворніцтва юнай - супружжу няўцям,
З вачэй сьлёзы капаюць градам.
Пашто ж самахоць уцякаць ад жыцьця,
Што боль нам прыносіць і радасьць?
І толькі князёўна зіяе адна,
Ў любові сваёй не сагнецца,
Хто ў муках сканаць ўмеў «за друзі свая»,
Таму аддала яна сэрца!
        
*

Жаль цябе, бацька, Сьвятаславе родны,
Жаль цябе, маці, княгіня Сафія,
Дачкі не ўтрымаць вам свае першароднай,
І думаў аб Богу яна не пакіне.
Дарма было поўніць дубовыя скрыні,
Раскошныя строіць князёўне харомы.
Йдзе юнасьць па шчасьце шляхамі сваімі,
Няўцям яе нораў юнацкі нікому...
        
*

Зьмілуйся, маці, мой бацька, даруй,
Долі насустрач дзяўчаты
Вякі адыходзяць ад матчыных рук,
Й мяне лёс таксама сасватаў.
Мой Сужанец слаўны, дарэмны ваш сум,
Ці ж большага Маці зрадзіла?
Яму маё сэрца ў далонях нясу,
Яму - служыць да магілы.
Доля мая ў Яго Божых руках,
Мілей за харомы, карону,
Пакутны, цярнёвы жыцьця Яго шлях
І храм, гдзе прыбытак ягоны.
Розна на сьвеце людзі жывуць:
Той са зброяй, той зь міласьцю Божай,
Шчасьце не тое, што шчасьцем завуць,
А тое, што душу трывожыць.
Велічы ў сьвеце няма без ахвяр,
Жыцьця я свайго не шкадую,
Богу прынёсшы яго на алтар,
Я ў памяць ўпішуся людскую.
У попел рассыплецца мораны дуб,
Скарбы сатлеюць па скрынях,
А я праз вякі, палачанка, прайду,
Каб жыць для людзей між сьвятымі!
Бы дуб, наш хрышчоны разросься народ,
Быць слаўным яму і вялікім,
Камель - для прыняцьця, стрываньня нягод,
А я - толькі дрэва галінка.
Мудрасьць і веліч праславіць нам час,
Зыскаць для зямлі нагароду.
Кожнай галінцы належыць у нас
Быць апорай крывіцкага роду!
        
*

Сьветлая зорка на неба ўзышла.
Быў вечар, калі у сьвятыню
Лёгкай ступой назаўсёды ўвайшла
Прадслава, цяпер Еўфрасіньня.
Пакінула ўдома уборы і бель,
Ўсе ўцехі, вачэй насалоду.
Малітвы і мудрасьць - адзіны удзел
Чарніцы цяпер назаўсёды.
І звоняць у Полацку доўга званы
Сьвяточна, ўрачыста, за поўнач.
Гэта вітаюць і славяць яны
Ў мурох манастырскіх князёўну.
А вокал квітнее, бурліць веснаход,
Травы ўбіраюцца ў росы.
Схіляе галовы з павагай народ
Прад чынам Прадславы узьнёслым.
        
*

З Прадславай той, хто думам даў узвышшы
І мудрасьці няземскай пералік.
Чарніца моліцца, чарніца піша,
Каб праўды сьвет у яе Край пранік.
У полымя разыскрыла цяпельца
І верай асьвяціла край бацькоў,
Нязгоды прыпыніла ціхім сэрцам,
Спыніла бой, каб не лілася кроў.
Прадаўні час і мір лунаў над Краем.
Не лязгат зброі - перакліч званоў.
Дык знача, там жыла ужо сьвятая,
Што ненавісьць зьмяніла на любоў.
        
*

На рукі цёткі ігуменьні
Князёўна сплыла задумана.
Багацьце і знатнасьць адкінула,
Грэшны сьвет за сабою пакінула.
Ды зь бярозанькі над крыніцаю
Стала строгай цяпер чарніцаю.
За парогам - жаль, плачуць родныя.
Ў кельлі ціха, мір і свабода ёй.
        
*

Няхай жаль мне душы не кране,
Дзядзіна, падтрымай мяне.
Разьвей, вецер, думы дзявочыя,
Бо дамоў мне ўжо не варочацца.
Лёс сама сабе перайначыла,
Паліліся сьлёзы гарачыя,
Бо няма дачкі абыякавай,
Каб па маці сваёй не заплакала...
        
*

Маці родная і Багародзіца,
Два шляхі з сабой разыходзяцца.
Шлях ўжо выбраны вечны й даўгі,
Як жа забыць Ёй той, другі?
Доўга цепліцца ноч лампадаю,
Ланю гожую звалі Ладаю,
Перад кветачкай, перад ружаю
Клалі княжычы сэрцы мужныя.
Рукі верныя, долю слаўную
Слалі княжычы прад Прадславаю.
А цяпер колькі трэба сілы ёй
Быць манахіняй Еўфрасіньняю.
Шлях жа выбраны, шлях ўзьлялеяны,
Скуль сумненьняў цьма неразьвязаных?
Цела і душа цесна зьвязаны...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.