РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Быць сапраўдным
1
        Беларускай я стала сапраўды раптоўна. Але не нечакана. Было адчуваньне, што мяне чакае перараджэньне, новае жыцьцё, новая я.
        Нарадзілася я ў Расеі, у тры гады пераехала з бацькамі ў Менск. У школе беларуская мова была хіба не апошнім прадметам у рэйтынгу. То бок яна была толькі тэарэтычна. Не пашанцавала мне з настаўніцай.
        Пасьля школы паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Мабыць, гэты крок і вырашыў маю сучаснасьць. Беларуская мова прыйшла разам зь беларускай літаратурай. Сучаснай беларускай літаратурай.
        Неяк мы зь сяброўкай гулялі па Менску ды завіталі на філфак. Памятаю, што зайшлі, бо не было куды падзець час – ішлі ў тэатар, да спэктакля заставалася гадзіны тры недзе... Зайшлі ў кніжны шапік, што на філфаку, а пасьля падышлі да дошкі аб’яваў. Там была абвестка пра прэзентацыю кнігі Насты Кудасавай “Лісьце маіх рук“. Паколькі да вечарыны заставалася хвіляў 10, мы вырашылі: сходзім паглядзім, што гэта за зьвер такі... З таго вечара запомнілася, што адным з выступоўцаў быў Уладзімер Арлоў, а вёў вечар асіплы, хворы Зьміцер Вішнёў. Паэзія Насты мне настолькі спадабалася, так закранула душу, што я кнігу набыла і цьвёрда для сябе вырашыла: буду наведваць паэтычныя вечарыны і прэзентацыі. І стала наведваць. Пасьля адбылося віртуальнае знаёмства зь Вікай Трэнас. Яна й пачала мяне ўводзіць у кола сучаснай беларускай літаратуры.
        Беларускую мову тады, на першым курсе, ведала блага: адбівалася яе амаль поўная адсутнасьць у школе. Але галоўнае – жаданьне ёй авалодаць. А жаданьне было. Тут быў і сорам за рускамоўнасьць ў коле беларускамоўных, і імкненьне ведаць нешта новае, нешта... роднае. Вучыла мову, чытаючы беларускую літаратуру. Адной зь першых кніг стала “Шчасьце быць” Барыса Пятровіча. А пасьля – панеслася. Мяне сучасная беларуская літаратура захапіла настолькі, што на другім курсе вырашыла: нам зь ёй ісьці разам па жыцьці.
        Па-беларуску размаўляю паўсюль. З усімі. Не саромеюся. Глупства якое – саромецца роднае мовы! Наадварот: нават нейкі гонар быў спачатку. Цяпер ён перайшоў ва ўсьведамленьне таго, што інакш і быць не магло. Мне пашанцавала: журфак, безумоўна, спрыяе беларускасьці. Ды й амаль усе мае сябры, знаёмыя са мной размаўляюць па-беларуску. Толькі бацькі рускамоўныя. Што там казаць? Яны наогул – рускія.
        У кожнага свой шлях да беларускасьці, да таго, каб быць сапраўдным, каб пачувацца ў сваёй талерцы. У мяне вось такі – праз літаратуру. І я гэтаму вельмі радая.

Крыніца: http://budzma.org/news/asya-paplawskaya-byc-saprawdnym.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.