РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мне снiцца Койданава
 
Апавяданне
МНЕ СНIЦЦА КОЙДАНАВА
        Мне сніцца Койданава... Вось ідзе па вуліцы цётка Пэля. Гэта менавіта тая Пэля, што ў Рубяжэвічах, каб бліжэй да касцёла, паставіла сабе помнік на могілках. Каб жа толькі сабе. Дык і мужу свайму, Ясечку, таксама пры жыцці помнік узвяла і агароджай помнікі тыя абнесла. Ледзь не кожную нядзелю ездзіла Пэля ў Рубяжэвічы, да касцёла ды на сваёй і мужавай магіле кветкі садзіла і даглядала, каб як у людзей было. «А хто ж мне помнік паставіць, як памру? – любіла казаць цётка Пэля. – Ніхто! Сам сабе не паставіш – ніхто табе не паставіць! А чым я горшая за людзей?» Нельга было не пагадзіцца з Пэляю, бо і логіка ў яе была жалезная, як агароджа вакол помніка, і перакананні. Толькі вось з датамі на помніках выйшла недарэчнасць. З датамі нараджэння мужа і жонкі ўсё было як мае быць, а вось з датамі смерці... На мармуровых дошках выбілі ім лічбу – 196, а яны ўзялі і дажылі да 1970 года. Перарабілі ім 196 на 197, ніхто не ведаў, што Ясечка, і так на дваццаць гадоў старэйшы за сваю Пэлечку, возьме і пражыве аж 103 гады. Вось і прыйшлося цётцы Пэлі наймаць чалавека, каб на Ясевым помніку назаўсёды ўсталяваўся 1980 год. Языкатыя, а іх у Койданаве заўсёды хапала, пачалі здзекавацца: маўляў, і Пэльцы яшчэ прыйдзецца 198 на 199 перапраўляць. Толькі хай тым языкатым языкі паадсыхаюць, а калі не паадсыхаюць, дык хай з іх паганых языкоў скура аблезе! Не дажыла наша цётка Пэля да 1990 года, пайшла за сваім Ясем раней. Хай ім зямля будзе пухам. Пра мёртвых блага не гавораць. Што за чалавек быў наш Ясечка? Музыка! Ён вам і польку, і кракавяк, і вальс... І скрыпка ў Яся была свая, у дыктавым футарале. Да васьмідзесяці гадоў Ясечка на вяселлях граў, аж пакуль пальцы не перасталі слухацца. А як перастаў ён граць, дык скрыпку на гарышча занёс і ў труну схаваў. На гарышчы ў Пэлінай хаце дзве труны стаялі – адна сіняя для Ясечкі, другая барвовая для самой Пэлі. Толькі спачатку іх дзве было, а потым стала чатыры, бо першыя дзве за дзесяць гадоў шашаль з’еў. Ды каб гэтая бяда была самай вялікай у Пэлінай хаце! А то ж было яшчэ здарэнне... Пракладалі каля старых могілак новую дарогу. Частку могілак трэба было знесці, і якраз тую частку, дзе Пэліны бацькі ляжалі. Спачатку плакала цётка Пэля, а потым радавалася. «Вось і добра, я сваіх бацькоў да касцёла бліжэй пакладу, перавязу іх у Рубяжэвічы!» – казала Пэля суседзям. Заказала яна дзве труны: маці – зялёную, бацьку – зялёную; не падумайце, што яна паточаныя шашалем узяла, не той Пэля чалавек, яна любіла смерць, як іншы жыццё палюбіць не можа. Выкапалі ёй мужчыны бацькоў і ў труны паклалі. А справа была ў снежні. Толькі яны выкапалі, а тут мароз, і такі мароз, што зямля ўкамянела, ні ломам, ні сякераю тую зямлю не возьмеш, не тое што рыдлёўкаю. Карацей, ні адзін мужчына ў Рубяжэвічах не стаў яму для Пэліных бацькоў капаць, так яны ў хляве да сакавіка і прастаялі. Добра, што зіма ў той год была сапраўдная, з завірухамі, з маразамі. А цяпер у цёткі Пэлі ўсё добра: спіць яна побач са сваім Ясечкам у Рубяжэвічах непадалёк ад касцёла, спяць яны пад акуратнымі помнікамі, на якіх блішчаць аднолькавыя надпісы: «Ад сваякоў». Толькі вось блізкіх сваякоў у цёткі Пэлі і не было, калі не лічыць яе бацькоў, што спяць вечным сном на адных з Пэляй і Ясем могілках. Няма ў Койданаве Пэлі, няма той чорнай жалобнай хусткі, у якой яна хадзіла па вуліцах. А чаму ў жалобнай хустцы? Ды не было ў Койданаве пахавання, каб абышлося без цёткі Пэлі. Ніхто так не ўмеў плакаць і галасіць, як яна. Калі галасіла цётка Пэля – голас яе, плач яе стаяў ад зямлі і да самага неба.
        Мне сніцца...
        Сны – адзінае, што належыць мне. Астатняе не маё. Мне належыць толькі тое, што знікне разам са мной.
        ...Сніцца Койданава.
        На адной з цёткай Пэляй вуліцы жыла пані Петухоўская, яе ўсё Койданава так і называла – пані Петухоўская. Была Петухоўская такая тоўстая, што сядзець на адным крэсле не магла, бо адно крэсла, якое б ні было, хай сабе і дубовае, не вытрымае койданаўскую пані. Калі хто запрашаў да сябе ў госці Петухоўскіх, то абавязкова ставіў для яе лаву ці крэслы звязваў вяроўкаю, каб, крый Бог, не раз’ехаліся, бо, калі грымнецца на зямлю пані, дык праломіцца зямля і невядома, што будзе. А больш такіх тоўстых у Койданаве не было. Тоўстыя былі, але, каб сядзець на двух крэслах ці займаць палову фотакарткі, на якой засталіся стаяць дзесяць чалавек, такіх тоўстых не было.
        А стары Галякевіч такі худы, што праз гэтую худобу на яго казалі – паліцай. На пачатку шасцідзесятых гадоў у койданаўскіх дзяцей паліцай павінен быў быць абавязкова худы, з вусамі і ў чорным галіфэ. А Галякевіч летам і зімою насіў чорнае галіфэ, і нават у самую спёку да белай майкі на ім было галіфэ.
        Унук яго – Барыс Ладаўшчук (дачка Галякевіча назло бацькам пайшла за насатага, касавокага Ладаўшчука) – быў такі ж худы, толькі што высокі, і галіфэ не насіў, а так – рыхтык стары Галякевіч. З Барысам Ладаўшчуком драма ўтварылася. Сябраваў ён з Жэнікам Попелам. Купіў Барыс матацыкл, дзед з бацькам дапамаглі, і з’явіўся на нашай вуліцы чорны «К-750» з люлькай, не матацыкл – лялька. Каталіся Барыс з Жэнікам на той ляльцы і ў лес, і на возера, і на рэчку, і на танцы... Каталіся самі і каталі койданаўскіх дзевак. Каталіся, пакуль не наехалі на тэлеграфны слуп. Жэнік у люльцы сядзеў, яму адразу смерць, а Барысу хоць бы драпіна якая, было б лягчэй, а так нічога – ні шнара, ні пералому, а люльку ў гармонік, і Жэнікава цела ледзь з таго «гармоніка» дасталі, ледзь у труне выпрасталі. Пахавалі Попела, а Ладаўшчука засудзілі, далі дзесяць гадоў. Жэнікавы бацькі прасіць хадзілі, каб не судзілі Барыса, бо жывое жывым, а сына з магілы не падымеш. Перагледзелі ў судзе справу і далі Барысу не дзесяць, а пяць гадоў турмы. Адсядзеў Барыс Ладаўшчук свой тэрмін, а ў Койданава не вярнуўся. Людзі казалі, што не мог ён сабе Жэнікаву смерць дараваць, не мог па койданаўскіх вуліцах хадзіць. А стары Галякевіч пані Петухоўскай зусім іншае гаварыў, быццам ажаніўся Барыс у Казахстане, і добра яму там, вось таму і не едзе ў Койданава. А пані Петухоўская не паверыла старому Галякевічу. Хто ж такому паверыць, што койданаўскаму хлопцу можа быць добра ў Казахстане, ды так добра, што ў Койданава ён і не паказваецца?
        Былая койданаўка Ада ў Нямеччыне жыла, сапраўднае футра насіла, а штогод, летам, у Койданава прыязджала і дзецям з нашай вуліцы цацкі дарыла. У мяне і цяпер ёсць зялёны губны гармонік, што Ада падарыла.
        Сніцца...
        А вам сніцца іншае. Вам сніцца сваё, толькі вам належнае. Хай вам сніцца дзяцінства – ваша вёска ці мястэчка, горад ці хутар... Хай вам сніцца дзяцінства – час, калі вас любілі.
        Мне сніцца Койданава, наш койданаўскі сквер.
        Той сквер, дзе Шурыку Мілько, якому цётка Пэля адпісала свой дом, хлопцы перабілі ключыцу. Шурык вяртаўся з танцаў, да яго падбеглі хлопцы, адзін з іх, нічога не кажучы, перацяў Шурыка жалезным прэнтам. Шурык страціў прытомнасць, а калі ачуняў, дык нікога не было. У акрываўленай кашулі прыйшоў Шурык дамоў. У суд ён не падаваў, бо хлопцы са сквера, як даведаліся, што не таго, каго хацелі, пабілі, хадзілі да Шурыка штодня і прасілі, каб не заяўляў. Грошай у хлопцаў Шурык не ўзяў, а кашулю ўзяў, бо ягоная была парваная і ў крыві. У міліцыю ён не заявіў, бо такі ўжо чалавек Шурык Мілько – добры. Ён нават сабаку свайго, Арсіка, застрэліць не мог, калі нейкая свалата Арсіку ніжнюю пашчэнку вывернула і зубы павыбівала. Пакутаваў сабака, есці не мог, і трэба было Арсіка застрэліць. Шурык суседа Воўку Савіча прасіў, каб той застрэліў, бо сам не мог. Сусед і застрэліў Шурыкаву суку, якую клікалі Арсік, бо ўсе сабакі ў Мілько былі Арсікамі, і сукі, і кабялі, і ўсе гэтыя арсікі былі страшэнна злосныя і прызнавалі толькі Шурыка. Адзін з арсікаў хадзіў з Шурыкам на льнозавод, дзе Шурык падзарабляў у час летніх вакацый вартаўніком. Шурык яшчэ браў на завод свой ровар «Спутнік». Ён зацягваў ровар на дах высознага цэха і катаўся па краі даху, а Арсік бегаў за роварам і брахаў на ўсё Койданава.
        А ў нашым двары ўсе сабакі былі або Жулікі, або Матросы. Праўда, была адна сука Тайга, але яна праз тыдзень, як яе прывезлі, уцякла. Першы Жулік, якога я помню, быў белы і кудлаты. Ён хадзіў з жанчынамі на Захар’яш, Захарава балота. Жанчыны на балоце, у цёмнай вадзе, мылі бялізну. Вада была бурштынавага колеру, а бялізна ў ёй мылася надзіва добра. Жанчыны мылі прасціны і складалі ў алюмініевыя місы, а Жулік ляжаў у траве і лавіў мух. А потым у Жуліка пайшлі лішаі.Каб дзеці не набраліся лішаёў, павялі нашага Жуліка за жыдоўскія могілкі, у канаву, там яго забілі і закапалі. Мы з Антосем Кісялём на тым месцы крыж з трэсак паставілі.
        Мне сніцца Койданава.
        Камяні... Камяні... Яны ідуць на груд, яны падставілі шырокія шурпатыя спіны койданаўскаму сонцу і ідуць на груд жыдоўскіх могілак. Апошнім, каго пахавалі на гэтых могілках, быў аптэкар – Эня Цыканоўскі. Эня кахаў Лёдзю, прадаўшчыцу з рамбазы. На рамбазе ў невялічкім дамку пад блакітным дахам была крама, у якой прадавалася ўсё: ад кірзавых ботаў і галёшаў да цукерак і селядцоў. Каля гэтай крамы і чакаў лысаваты Эня сваю Лёдзю. Спачатку Лёдзя быццам і пагадзілася пайсці за Эню. Ды, на бяду аптэкару, з’явіўся на рамбазе малады афіцэр. Стала прыгожая Лёдзя хадзіць па койданаўскіх вуліцах з высокім афіцэрам, а лысаваты Эня дарэмна прыходзіў на рамбазу. Не прайшоў і месяц, як загрымеў бубен на Лёдзіным вяселлі. Афіцэр за вясельным сталом сядзеў у чорным цывільным гарнітуры. А Эня Цыканоўскі тым часам выпіў у сваёй аптэцы. Эня выпіў не гарэлкі і не спірту за здароўе маладых. Эня выпіў паўлітра воцату, і яго не ўратавалі. Койданава гаварыла, што Эню Цыканоўскага панясуць хаваць у белым мяшку, а не ў труне, але пахавалі Цыканоўскага ў труне. А прадаўшчыца Лёдзя са сваім афіцэрам з’ехала ў Сібір. Людзі казалі, што афіцэр кінуў Лёдзю з двума дзецьмі, казаць казалі, але мала хто верыў.
        Камяні... Камяні... Каменныя далоні на плітах, каменныя зоры... Год за годам, вясну за вясною ўрастаюць камяні ў зямлю. Танкарогія белыя козы пасвяцца на койданаўскіх жыдоўскіх могілках. Хітрыя гаспадары крадуць камяні і робяць з іх падмуркі сваіх дамкоў, але так робяць прыезджыя і прыблудныя, бо не зможа койданаўскі чалавек жыць у доме, які стаіць на жыдоўскіх помніках. Іншая справа, калі будавалі бальніцу і бурылі рэшткі замка на Кальвінскай гары, там людзі бралі і валуны на падмуркі, і цэглу. Але замак гэта замак, а могілкі – гэта зусім іншае. На Кальвінскай гары таксама пасвяцца козы.
        Непадалёк ад Кальвінскай гары жыла самая прыгожая дзяўчына ў Койданаве – Валя. Колькі было размоваў, за каго пойдзе Валя, каму з хлопцаў пашанцуе. Большасць была ўпэўненая, што Валя пойдзе за самага прыгожага хлопца ў мястэчку, за Ярака Ясюкевіча, бо такога прыгожага, як Ярак, трэба яшчэ пашукаць, і невядома, ці знойдзеш. Але лёс і ў Валі, і ў Ярака быў зусім іншы, ніводная здагадка не спраўдзілася. Прыгожая Валя ўтапілася ў возеры. На вяселлі яна была за шаферку і са сваімі двума братамі пайшла з таго вяселля на возера купацца, бо гарачыня стаяла страшэнная, сонца пякло цэлы тыдзень. П’яныя браты палезлі ў крынічную ваду, і аднаму з братоў ногі скруціла сутарга, ён пачаў тануць і хапацца за другога брата. Валя кінулася ратаваць. Той, якога скруціла сутарга, адпусціў брата і ўчапіўся ў Валю. Валя з малодшым братам пайшла на дно, а старэйшы даплыў да берага, выскачыў і пабег на вяселле клікаць на помач. Так ён і прыбег на двор, дзе грымела музыка і танчыў п’яны вясёлы народ, так ён і стаў пасярод двара мокры, у адных трусах. Калі вясельнікі з вылупленымі вачыма стаялі на беразе і цяжка, засопшыся ад бегу, дыхалі, дык бачылі толькі малодшага з братоў, які ляжаў на беразе і быў без прытомнасці. Мужчыны палезлі ў ваду шукаць Валю і даволі хутка знайшлі яе цела пад прыбярэжным карчом. Спробы ўратаваць дзяўчыну былі марныя. Казалі, каб быў лекар ці каб на колькі хвілін Валю знайшлі раней, ці каб... Але казаць можна што заўгодна, а прыгожая Валя выратавала братоў, а сабе знайшла смерць у крынічнай вадзе койданаўскага возера, пад прыбярэжным карчом. Плакала ўсё Койданава. Хавалі Валю ў белым строі нявесты, і ляжала яна ў труне, як жывая. За машынаю, на якой везлі труну, ішло столькі народу, колькі не ішло ні за адной іншай труною, бо не было ў Койданаве прыгажэйшай дзяўчыны. А каб Валіна апошняя дарога была хоць крышку даўжэйшая, машына тры разы аб’ехала вакол сквера. На Валіным помніку браты напісалі: «Трагічна загінула». Так і не пашанцавала ніводнаму з койданаўскіх хлопцаў узяць сабе за жонку прыгожую Валю.
        А што да Ярака Ясюкевіча, дык ён страціў сваю прыгажосць недарэчна і нечакана для ўсіх. Варыў ён бітум у жалезнай бочцы. Бітум закіпеў і плюхнуў Яраку на галаву, калі той падкладаў дровы ў агонь пад бочкаю. Выратаваць Ярака выратавалі, ён нават не аслеп, але пра нейкую прыгажосць гаварыць ужо не было ніякай падставы. Пасля бальніцы Ярак пачаў піць і хутка ператварыўся ў шэрую істоту, якія таўкуцца каля крамных дзвярэй у вечным чаканні з пякельнай смагаю ў роце. Спачатку Ясюкевіча шкадавалі, а потым няўзнак пачалі абыходзіць. Вось такі лёс быў у самых прыгожых людзей з Койданава. Лёс даў Яраку і Валі прыгажосць, а потым з д’ябальскай жорсткасцю забраў яе.
        Мне сніцца... Ці, хутчэй, мною сніцца Койданава.
        А вось з кошыкам у руцэ ідзе па грыбы ўдмурт Кулемін. Той самы Кулемін, які не можа жыць без грыбоў. Яго любяць дзеці з нашай вуліцы, бо Кулемін бярэ іх з сабою ў лес. Ён, як свой гарод, ведае і Рыжаўку, і Бязодніцу, і другія навакольныя лясы, куды можна зайсці пешкі, бо ровары, машыны і матацыклы Кулемін не прызнае. Ён ідзе, як заўсёды, наперадзе, а за ім з кашамі ідуць Віцька і Воўка Бакіноўскія...
        Цыбаты Віцька і крываногі Воўка, яны ўдвух біліся са сваім бацькам, маленькім сухім Стасікам. Стась Бакіноўскі піў, а як напіваўся, траціў розум і хапаўся за сякеру. Воўка з Віцькам бралі калы і баранілі маці. З крыкам і лямантам бегалі Бакіноўскія па гародзе вакол сваёй хаты. Бойкі гэтыя звычайна канчаліся тым, што Стась кідаў сякеру ў гарод, садзіўся на ганак і плакаў п’янымі слязамі, побач з ім садзіліся на ганак Віцька і Воўка.
        Кулемін ідзе басанож. Ён любіць хадзіць басанож і не любіць галіцца. Сівая, па-татарску рэдкая шчэць блішчыць на загарэлым твары. Толькі адзін раз бачыў я Кулемінаў твар скажоны крыўдаю і болем. Тады мы ішлі па грыбы ў Рыжаўку. Рыжаўка – лес з балотамі. Ішлі мы такім балотам. Кулемін крочыў наперадзе і наступіў на гадзюку, а тая ўкусіла яго за пяту. Кулемін сеў на мох, дастаў з каша нож і адрэзаў кавалак пяты, за які ўкусіла змяя. У мяне ад жаху сшэрхла скура. Кулемін зняў кашулю, адарваў рукаво і абвязаў пяту. На выцвілай анучы цёмнай свежасцю выступіла кроў. Вярталіся мы праз жыта. Я ніяк не мог адарваць погляд ад Кулемінавай пяты. Быў тады з намі і Кулемінаў Воўка, ён, як убачыў, што бацька нажом сабе кавалак мяса адрэзаў, пачаў ад страху рагатаць і рагатаў, пакуль бацька не выцяў яго папругаю, тады Воўка пачаў ікаць. Мы вярталіся ў Койданава праз жыта: Кулемін ішоў наперадзе, я глядзеў на пяту, а Воўка ішоў за мною і ікаў.
        Другі раз Воўка Кулемін ікаў на койданаўскай плошчы каля хлебнай крамы.
        Па хлеб мы ездзілі на роварах. У цемнаватай краме пахла дрэвам і кіслай вільгаццю. Боханы мы прывязвалі да багажнікаў. Ездзіць па хлеб, напэўна, самы прыемны з абавязкаў койданаўскіх дзяцей. Праўда, было і такое, што каля крамы прападалі ровары, але мой і братаў, Антося Кісяля, былі такія дабітыя, што ніводзін злодзей не спакусіўся. А вось у Воўкі Кулеміна новы дарожны ровар, які той пакінуў каля хлебнае крамы, нехта звёў. Воўка плакаў і гаварыў: «Злаўлю – заб’ю! Злаўлю, заб’ю!» Толькі нікога ён не злавіў і не забіў, акрамя гадзюкі, якую прыцёг з Бязодніцы і павесіў на яблыні ў сваім двары. А Воўкава маці, Кулемінава Нінка, спалохалася, а як даведалася, што Воўка тую змяю павесіў, лупіла яго салдацкім пасам. Воўка паса не баяўся. Ён і холаду не баяўся – хадзіў зімою па ваду басанож і не хварэў. І не плакаў Воўка Кулемін ніколі, толькі ў той раз, як ровар нейкая паскуда павяла. Ён тады сядзеў пасярод плошчы на пяску, і хлеб ягоны ляжаў на пяску, сядзеў Воўка і плакаў, аж пакуль ікаўка на яго не напала. Толькі як стаў ён ікаць, тады падняў хлеб і пайшоў з плошчы.
        Сніцца Койданава.
        Быў у Койданаве граф, праўда, такі ён граф, як усе астатнія хлопцы і дзяўчаты былі баронамі і баранесамі, але які быў, такі быў. Звалі яго – граф Альто. Называць сябе графам ён пачаў яшчэ са школы. Альто расказваў сваім сябрам па вялікім сакрэце, што ён зусім і не Анатоль Жыдовіч, а граф, і сапраўднае яго прозвішча – Альто, і што на гарышчы ў старым куфры ён знайшоў паперы, у якіх ясна напісана, што і бацька яго, і дзед, і прадзед – графы Альто. Папер тых сябры не бачылі, але мянушка ўсё ж прыляпілася да Анатоля, і ў Койданаве з’явіўся свой граф. Зразумела, каб быць сапраўдным графам, мянушкі мала, патрэбен капітал. Граф Альто разумеў гэтую простую ісціну і зрабіў усё, каб мець грошы да свайго самапальнага тытула. Альто скончыў сталічную вышэйшую навучальную ўстанову і да абароны дыплома звадзіў у загс унучку рэспубліканскага дзеяча культуры. Графа Альто не спыніў нават той факт, што ягоная будучая цешча за месяц да вяселля наведала койданаўскую паліклініку і за невялікі хабар (багатыя вялікі хабар не даюць) праверыла, ці няма ў будучага зяця якой шызафрэніі ці залечаных пранцаў з менінгітам. Ні менінгіту, ні пранцоў цешча не знайшла. Акрамя хрэстаматыйнай свінкі «дзюдзі», ніякія хваробы ў Анатолевым целе не вяліся.
        Цешча засталася задаволеная сваім тайным наведваннем правінцыйнай паліклінікі, пра якое гаварыла ўсё Койданава. Граф Альто пераехаў у Менск і зажыў новым, хай сабе і не вельмі вольным, затое сытым жыццём. У Койданава граф прыязджаў летам, калі ехаў дамоў, як на дачу, каб паесці любімых ананасавых яблыкаў. Першыя колькі гадоў усё было ціха і спакойна, але, як высветлілася, цешча хвалявалася недарма, бо шызафрэнія, абавязковая графская хвароба (хто не ведае, як выдурваліся ранейшыя графы?!), прыйшла і да Альто. Спачатку на яе хварэў Анатолеў цесць, адзіны нашчадак рэспубліканскага дзеяча. Цесць, высокі, барадаты, інтэлігентнага выгляду – ніколі не скажаш, што хворы, – аднаго разу перапіў армянскага каньяку, узяў стрэльбу і высунуўся ў акно, каб страляць па «ворагах народа». Дзякуй Богу, «ворагаў» на вуліцы не было, бо на вуліцы наогул нікога не было, была ноч. Цешча выклікала брыгаду ў белых халатах, і стралка павезлі на адпачынак у кашулі з двухметровымі рукавамі. Сам дзеяч культуры на шызафрэнію не хварэў, ён у вольны ад працы час пісаў скалазубныя камедыі на злабадзённыя тэмы і друкаваў іх пад раслінным псеўданімам. А на асноўнай працы ён упарта і паслядоўна набліжаў беларускую мову да вялікай братняй расейскай мовы. Дзіўна, але койданаўскага графа Альто знакаміты дзеяч рэспубліканскай культуры палюбіў. Але Альто не апраўдаў шчырага даверу, бо быў няздатны браць удзел у мовазнаўчых, а тым больш у палітычных, гульнях. Наш койданаўскі граф адразу стаў, калі можна так сказаць, графам заняпаду, ён захварэў на манію падазронасці. Альто шукаў па начах, хаваючыся ад жонкі і цешчы, шукаў і не знаходзіў апаратуру для падслухоўвання. А як ты знойдзеш тую апаратуру ў прыбіральні, за ўнітазам? Нарэшце Альто скеміў, што мікрафон з магнітафонам не ў прыбіральні, а на кухні ў вентыляцыйным люку, над плітой. Граф зрабіў дыктавую заслонку і забіў вентыляцыйны люк. У Койданаве спачувалі Толікавай маці і шкадавалі Толю Жыдовіча, добрага хлопца, які так няўдала стаў графам. Як вядома, за ўсё, што набываеш, трэба плаціць. Хто ж ведаў, што за графскі тытул Анатоль Жыдовіч заплаціць розумам, што за тое, каб мець графа, наша Койданава вымушана будзе трываць вар’ята? О, каб жа ведаць наперад!
        Мне сніцца Койданава...
        А чаму яно сніцца мне? Шукаю адказ і не знаходжу. Прыйдзе час, і я знайду яго, а пакуль думаю, што мне сніцца Койданава, бо я там нарадзіўся і рос, пакуль не пайшоў у школу. У школе... Але гэта іншы матыў, іншая песня. Школа мне не сніцца. Сніцца Койданава, зямля, дзе закапалі мой пуп.
        А пакуль я далёка ад свайго мястэчка Койданава, і яно мне сніцца.
        На нашай вуліцы запланавалі пакласці асфальт. Машыны панавозілі пяску і гліны. Мы з Антосем Кісялём, хаваючыся за пясчанымі гурбамі, біліся глінянымі глыжамі і грОдамі. Я ляжаў на пяску і слухаў, калі Толік кіне груду, каб адразу ўскочыць і кінуць па ім. Ляжаў я доўга, пакуль не пачуў голас Кісяля:
        – Валодзя...
        Я падумаў, што гульня скончылася, і высунуўся з-за гурбы. Вялізная груда ўдарыла мяне па галаве. Да памяці я вярнуўся ад халоднай вады, якую Антось Кісель ліў на мяне.
        – Я ж табе крычаў, Валодзя, не вылазь, Валодзя, не вылазь, а ты ўзяў і вылез...
        Мне сніцца Койданава.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.