РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Палясоўшчык
 
Апавяданне старога лесніка
...
        Трэці год ужо быў лесніком на графскай пушчы, хадзіў цягам па лесе, па оступах, па градах і ведаю, што мядзведзь ёсць то ёсць, але бог бараніў спаткацца аж да гэтага года; ды і цяпер не ведаю, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў.
        А вот як было: якраз у задушны дзень. Той дзень на ляпорт мы ўсе сабраліся. Прыйшлі рана, меўся лоўчы паляваць, ды штосьці з жонкай пабіліся, ці што, от так, яму было не да ляпорту, не да палявання, і пратрымаў нас да вечара без нічым нічога, а падвечар загадаў дроў нарубаць; так і да ночы звялося.
        Ноч цёмная, мне дахаты трэба ісці праз сваю пушчу, праз оступ; дарогі ніякай няма, ідзеш логам, пасля градой, а там ізноў оступ; праз ручаёк доўгая старая елка, можа ўжо гадоў сто ляжыць вываратня, і па ёй пераходзім, бывала.
        Якраз, даходзячы да той вываратні, думаю сабе: «Вот, божа барані, цяпер мядзведзь на спатканне...»
        Аж шапка паднялася, аж сэрца ёкае, улез на вываратню, пугач негдзе стогне ў старым дубе, – яшчэ страшней стала...
        Калі чую: вываратня аж калышацца, хтось ідзе з другога канца на спатканне. Так і ёсць, ён, мядзведзь, сапець, аж страх. А дожджык як з рэшата сыпе. А ведаю я, што мядзведзь палахлівы, але ж і я не надта каб ад яго смялейшы. Дай, думаю, спалохаю я яго. Як зараву я па-мядзведжаму – уга! А ён – шабалдыхць у балота, а крыкнуў, як чалавек: «Ах!»
        Лячу бардзей дахаты, ці не задраў ён маёй каровы? Не, цэла, дзякаваць богу, ходзе па гародчыку. Я ў хату шусць! «Жонка, кажу, мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука!» Калі жонкі і ў хаце няма, дзеці спяць, сучка ляжыць пад сталом, смалякі гараць на прыпечку, і бульба прэе. Што за прычына? Я туды, я сюды – няма жонкі; ці не павесілася, думаю, са злосці, што мяне няма, а яна тыкі злая. Калі пачакаўшы трохі і яна ідзець у хату – уся мокрая, а дрыжыць, як лісток.
        «Жонка, кажу, мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука».
        «А божа ж мой, божа, гэта, кажа, пэўне той самы і мяне, спаткаўшы, хацеў задраць; як зароў, дык аж я ў балота па шыю ўляцела».
        «Гдзе ж ты, кажу, яго спаткала?»
        «На чортавай пералазцы (так завецца тая вываратня); ішла цябе спатыкаць, ці з двара дахаты клікаць».
        «А я, кажу, ішоў дахаты і на той пералазцы спаткаў мядзведзя і спалохаў яго, дык ён у ручай зваліўся».
        «А можа то я была?»
        «Вот, кажу, я бы цябе не пазнаў?.. То мядзведзь быў, пэўне. Вот ты дык можа мяне спаткала, а не мядзведзя».
        «Але? Нябось, кажа, я добра прыгледзелася: і морда яго, і хвост кароценькі, і зароў як трэба, аж засмярдзела».
        «А бадай цябе пярун спаліў! Давай, баба, бялізну змяніць!»
        Ну, так і будзе – нячыстая сіла, думаю, нас абое ў медзвядзёў перакінула, а мы самі і не ведалі, бо і чаго ж мне па-мядзведжаму раўці і ўсё рабіць, як мядзведзь са страху?..
        Дык і хто яго ведае, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў?..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.