1 Гэта адбылося зьнянацку... Хаця, не, пачынаць усё ж такі патрэбна ня так. Пра момант, зь якога я хацела пачаць, я здагадвалася. А вось пачатак... Пачатак здарыўся крыху раней. Але перш, чым я пачну пра яго пісаць тут, я хачу прыгадаць гісторыю аднае жанчыны. Я ня буду згадваць яе імя, таму што гэта выклікае яшчэ адзін непрыемны рэзананс, як было ў выпадку з маім артыкулам “Крыж пакаяньня”. Таму што да тых падзеяў, якія былі апісаныя ў тым артыкуле, гэтая жанчына мае дачыненьне. Я ні ў якім разе не адмаўляю мужнасьць, гераізм і самаадданасьць барацьбітоў за незалежнасьць нашае краіны. Памяць майго дзеда, памяць ягоных паплечнікаў, памяць нацыянальных герояў, шляхам чыім я зараз іду, шляхамі чыімі мы ўсе зараз ідзем, для мяне сьвятая. Але забойства застаецца забойствам, у імя б чаго яно не зьдзяйсьнялася. Калі ідзе вайна, забойства можна апраўдаць вымушанаю неабходнасьцю, але і ў гэтым разе такога ўчынка можна пазьбегнуць... Але калі краіна, спустошаная, стомленая, зьнясіленая гэтаю вайною, спрабуе ачуняць, пачаць новае жыцьцё, забойства вяртае сабе сваё шалёнае дзікае першабытнае аблічча, і ніякая прычына, асабліва палітычны матыў, ня можа служыць апраўданьнем самаму страшнаму граху. Таму мяне вельмі ўразіла выказваньне адной ці не занадта апантанай дзяўчыны: “... яны забівалі камуністаў, бо гэта былі камуністы...” Прабачце, але калі ўлічыць тое, што гэтая дзяўчына – верніца, то дзе лёгіка? Дзе яе хрысьціянскія прынцыпы? Згодна яе перакананьню, нашых бацькоў таксама патрэбна судзіць, садзіць, катаваць, таму што яны ў свой час былі піянерамі і камсамольцамі... Ды большасьць з нас былі акцябратамі! Дзяўчына маладая і гутарка не пра яе. Я не адмаўляю гераізму патрыётаў нашае Радзімы – барані мяне, Божа, гэтага кроку, але і апраўдаць іхнія злачыньствы таксама не магу. Забіваючы камуністаў, яны забівалі не рэжым, а людзей. Людзей, якія хацелі шчасьця для сваёй краіны. Якія хацелі жыць, гадаваць дзяцей... проста жыць. У якіх былі мары... Якія былі нечымі дзецьмі, бацькамі, сваякамі... Забойства застаецца забойствам. На яго цяжка вырашыцца нават зь нянавісьці, але калі твае рукі ў крыві, ты разумееш, што прабачэньня табе ня будзе ўжо ніколі. І табе не застаецца ўжо нічога іншага. Гэта крыж Каіна, які нясе кожны з нас, і высвабадзіцца з-пад страшнае ношы можна толькі праз пакаяньне... Я не абвінавачваю нацыянальных герояў – ні я, ні хто іншы з нас ня мае права кагосьці ў нечым абвінавачваць – гэта ўсё на воле аднаго Бога, а шляхі Госпада неспаведныя. Я толькі ведаю, што калі заўтра паўстане неабходнасьць узяць у рукі зброю, я яе вазьму... Дзяржава, супраць якой змагаліся, якую забівалі й нішчылі, апынулася літасьціваю. Гэта быў расстрэльны артыкул (Арт.356.ч.2. здрада дзяржаве – выдача дзяржаўнага сакрэта замежнай дзяржаве, арганізацыі ці іх прадстаўніку, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны ці ўзброенага канфлікта, альбо аказаньне замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзеньні варожай дзейнасьці супраць РБ шляхам зьвяршэньня злачыньстваў супраць дзяржавы па загаду органаў ці прадстаўнікоў замежнай дзяржавы, наўмысна створаныя грамадзянінам РБ у шкоду зьнешняй бясьпекі РБ, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпекі і абароназдольнасьці, – спалучаная з забойствам, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў, ці пажыцьцёвым зьняволеньнем, ці сьмяротным пакараньнем з канфіскацыяй маёмасьці ці без канфіскацыі.). Між тым, частка 1 гэтага артыкула прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. І калі б было простае супрацоўніцтва зь немцамі, пазіцыю жанчыны ў яе непрыманьні сваёй вінаватасьці я б магла зразумець. А яе, як і астатніх, судзілі за забойствы. Канешне, 25 гадоў – гэта вельмі шмат, але гэта лепш, чым пажыцьцёва. Таму што маглі ўвогуле прымяніць вышэйшае пакараньне. А ім далі магчымасьць спыніцца, пастудзіцца, пакаяцца. Шмат каго рэабілітавалі, але шмат хто й застаўся вінаватым, як і мае старыя, якім, аднак, праз колькі гадоў сёньняшняя дзяржава забыла на правіны, таму што сьвет тады стаяў на галаве і невядома, хто перад кім вінаваты. Гэтая жанчына ня лічыць сябе такою. Тыя годы, якія яна страціла, прайшлі не ў пакаяньні, а ў ціхае злосьці, якая толькі распальвалася ўсё больш. І зараз, маючы магчымасьць ведаць яе пачатак гісторыі, я ўзрушваюся. Жанчына так нічога і не зразумела. Яна не ўсьвядомела ўрок жыцьця. Яна сёньня жыве ўчорашней нянавісьцю, а магло б быць інакш... Яна была закаханаю, і каханы ёй здрадзіў... Не, гэта не была здрадаю, ад самага пачатку гэта была распрацоўка, таму што ён быў з канторы. Згодна яе словам, ён яе ж і пасадзіў. Сумна. Але зь іншага боку, патрэбна было быць дураю, каб заплюшчыўшы вочы кахаць. Таму што якою б шыфраванаю кантора б ні была, але заўсёды знойдзецца адзін, два, некалькі чалавек, што дакладна б ведалі, што гэты хлапец – чэкіст. А калі яна хай бы і ня ведала, але здагадвалася – патрэбна быць поўнаю дураю, каб ня верыць. Таму што вакол цябе тваіх паплечнікаў адзін за адным забіраюць. Таму што вакол цябе ідзе жорсткая барацьба. Таму што ты ведаеш, што рана ці позна, але прыйдуць і за табою... Я маю права на такія выказваньні, таму што вось тут пачынаецца мая гісторыя.
|