Адназначна смачна
Нататкі пра кнігу Вікі Трэнас «Экзістэнцыйны пейзаж»
|
Для таго, каб разгледзець кнігу вершаў, недастаткова прывесьці прыклады ўдалых і няўдалых вобразаў, неабходна высьветліць месца кнігі як цэласнага элемента ў часе, прасторы і вывесьці найбольш выразныя семантычныя паралелі, праз якія можна дасьледаваць важнасьць і эвалюцыю вобразаў, а таксама эмацыйны стан лірычнай гераіні. Паспрабую распавесьці менавіта ў такім накірунку пра другую кнігу вершаў Вікі Трэнас “Экзістэнцыйны пейзаж”, якая выйшла ў новым выдавецтве “Галіяфы” ў 2008 годзе. Менавіта эвалюцыю, таму што гэта другая кніжка паэткі і вызначаецца зусім іншым настроем, у адрозьненьні ад “некратычна-скрушнага” першай. Палічу мэтазгодным зрабіць невялікі экскурс у першы зборнік паэткі, “Цуд канфіскаванага дзяцінства” (выйшаў у 2005 годзе), каб стварыць цэласны вобраз лірычнай гераіні, якая ня проста зьмяняецца сама, але вымагае зьмяненьня настрою і характару перадачы вобразаў і тым самым па-іншаму ўзьдзейнічае на чытача. “Цуд канфіскаванага дзяцінства”... Бадай, назва выклікае хутчэй пазітыўныя асацыяцыі. Прачытаньне ж пакідае ўражаньне пазбаўленьня ілюзіяў, прычым зусім ня самымі “мяккімі сродкамі”. “Крывавая” вобразнасьць — галоўны выклік аўтаркі, але толькі нявопытны чытач можа прыняць гэта без сумніву і без звароту да іншых матываў. Аўтарка не шкадуе сінонімаў, каб стварыць атмасферу пакінутасьці і шэрасьці: тужлівы-маркотны-журботны-самотны; самота-скруха-сум-туга. Разам з тым, на фоне даволі агрэсіўных вобразаў крыві і сьмерці цяжка заўважыць, што па частаце ўжываньня вобраз сну — іх першы канкурэнт. Нібыта лірычная гераіня шукае шлях для адступленьня і хоча ўсьведаміць аднойчы, што гэта толькі сон, прыгожы, новы, чароўны, балесны. Дарэчы, рознакаляровасьць — яшчэ адна рыса кніжкі:
чырвоны зелянее і зялёны чырванее; блакітнавокія вершы з залатымі вейкамі пафарбаваныя ўсьмешкі; аранжавая падушка; жоўты яблык; усё на сьвеце мае каляровыя вытокі.
| Аднак галоўным у гэтай няпоўнай вясёлцы застаецца чырвоны. Ён стварае пэўную афарбоўку мікрасусьвету лірычнай гераіні, афармляючы траву, мроі, словы, дажджы, зямлю. Белы атрымлівае нашмат менш: бэз, аблічча, зьвер, труп, ахвяра, песьні, шпалеры. Вобраз сьмерці разьвіваецца ня толькі праз семантычна блізкія словы загінуць, задушыць, забойца, ахвяра, але і праз вобразы зімы і сьнегу як сімвал замярзаньня, зьнікненьня пачуцьцяў і адчуваньня жывога, а таксама праз “вострыя” вобразы: навастрыць, лязо, шыпы, калючы... Такая “завостранасьць”, а таксама пастаянная прысутнасьць вобразаў плачу і сьлёз стварае напружаны эмацыйны фон кнігі і робіць яе практычна немагчымай для лёгкага і бяздумнага прачытаньня. Тым больш што прычыну такога настрою адносна лёгка зразумець:
бо ў постаці кожнай, у голасе кожным — ты; я без цябе, як верш недапісаны.
| Сумяшчэньне несумяшчальнага — таксама каб падкрэсьліць, што само жыцьцё — гэта выклік: самотны сьмех, гарачыя сьлёзы і міні-верш мы жывём — гэта значыць, што мы вар’яты. Дарэчы, некаторыя з такіх міні-вершаў наўмысна надрукаваныя вялікімі літарамі. Хіба зноў ня выклік, спроба прыцягнуць увагу, няхай і трошкі скандальна, рэзка, “неагатычна”? І тым самым лірычная гераіня, выносячы свае праблемныя пачуцьці да строгага разгляду чытача, пазбаўляецца сваёй “завостранасьці”, перабольшваючы месцамі, але здымае з сябе лішнюю эмацыйную напружанасьць. Пры такім раскладзе прачытаць другую кніжку Вікі Трэнас адразу пасьля першай значыць іншымі вачыма ўбачыць яе творчасьць. Бо ўсё, што ў першай кніжцы мела вострыя вуглы, у другой набыло больш вызначаную, больш спакойную форму. Тым і цікавы параўнальны погляд, што і тут у цэнтры ўвагі — Пачуцьцё, але цяпер лірычная гераіня прысутнічае ў вершах нібыта як назіральнік, які шмат перажыў, але здольны кіраваць сваімі пачуцьцямі. На зьмену суму, дэпрэсіі, “суіцыдальнаму авангардызму” прыходзіць семантыка смаку, адлегласьці і прасторы. У “Экзістэнцыйным пейзажы”, застаючыся на адлегласьці, лірычная гераіня можа выбіраць, наколькі моцна пакутаваць, і больш аб’ектыўна пачынае адносіцца да сваіх перажываньняў. Нягледзячы на тое, што некалькі вершаў па даце напісаньня адносяцца да першай кніжкі, яны знайшлі сваё месца ў другой і не перашкаджаюць цэласнасьці ўспрыманьня кнігі, як і “працягнутыя” пазьней вершы. Адлегласьць выяўляецца не як перашкода, а хутчэй як выпрабаваньне:
лічу адлегласьці не кіламетрамі, а болем;
| акцэнт робіцца на пераадоленьні адлегласьці:
набліжаюся да цябе кіламетрамі скрушных словаў; скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў; засталося прайсьці толькі некалькі метраў,
| а таксама на вяртаньні як спосабе пераадоленьня адлегласьці:
вярніся, нас чакае цёплы дождж; каб вярнуцца, ты зьехаў.
| Адлегласьць — ня толькі метры, кіламетры, крокі, але і сьцяжынка, лабірынт і нават аблокі (каму лічыць адлегласьці аблокамі). Лірычная гераіня ўспрымае і больш абстрактныя шлях і дарогу:
шлях да цябе не спыняецца ніколі; шлях дадому як шлях у вырай; шлях ад сьвятла да цямрэчы.
| Аднак адлегласьць не атрымлівае адназначнай ацэнкі:
крок за крокам у невядомасьць.
| Сустракаецца нават ускосная форма падпарадкоўваньня адлегласьці:
усе дарогі сьвету скручаныя ў абаранак часу кінутыя да яго ног.
| Што датычыцца “гастранамічных” вобразаў, то іх даволі многа, што з першага прачытаньня асабіста мне адразу захацелася адзначыць. Прычым яны ня толькі пранізваюць усю кніжку, ствараючы асаблівы “смачны” настрой, але і адметныя сваёй незаштампаванасьцю. З аднаго боку, такія вобразы дадаюць актыўнасьці лірычнай гераіні, нібыта дапаўняючы яе і даючы ёй тое, чаго не хапае:
засьмяглымі вуснамі п’ю адзіноту… наліце мне кавы; поўню рэжу ў гарбату тваю на лімоны; харчавацца згадкамі пра цябе; наглытацца з ракі тваёй душы; смактаць адзіноту праз саломінку філасофіі спустошваць шклянку за шклянкай; п’юць засьмяглыя вусны самоту.
| Вобраз-люстра з іншым дзейнікам працягвае гэтую лінію:
…так дождж п’еш з тугой і пажадай.
| Праз смак і наталеньне смагі і голаду ўскосна перадаецца падсьвядомае жаданьне лірычнай гераіні поўнасьцю належаць каханаму, паглынуць ці быць паглынутай. У тым жа семантычным полі, але з функцыяй апісаньня зьяўляюцца метафары:
анёлы зьлізалі з аблокаў сьмятанку… і пэцкаюць неба ў малінавы джэм; неба нібы выкладзена апельсінамі; бяссонная ноч праліваецца з рук малаком; на смачныя мары зьлятаюцца восы; абрыкосавае сонца...
| З другога боку, гэта пастаянная барацьба
ледзь не зубамі я выдзірала цябе з кіпцюроў ненаеднага лёсу
| і пакуты: нават адчай:
я скармлю галубам апошнюю лусту сваёй любові.
| Асобнай увагі вымагае вобраз шлях да Бога ляжыць праз страўнік, які адразу адсылае да распаўсюджанага “шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік” і надае іроніі, але ня можа быць цалкам растлумачаны такім чынам. Час і прастора ў кнізе прысутнічаюць адмыслова. Прастора прамаляваная знутры як замкнёная:
у гнязьдзе маёй душы растуць птушаняты вершаў; страшна вершам, нібы ў труне, ува мне; прытулак кульгавае любові; мая душа з тваёй ня мае выйсьця; у завулку чарговых фантазій; на вуліцы пекных рыфмаў; я нашу ў сабе горад; бегчы хавацца ў пакінуты дом; сьвет бруднай насоўкай ляжыць у кішэні; любоў танчыць у цэнтры замкнёнага кола;
| і звонку, як адкрытая або якая адкрываецца:
і дзесьці ёсьць дзівосная краіна; выходзьце з кватэр утульных; мой сум — брат гэтай планеце; бадзяцца без прытулку па скрушных еўрапейскіх гарадох; пакідаць свой прытулак часовы; крык, што ў сьвет бумерангам ляціць.
| Дзякуючы такому суаднясеньню адкрытага-закрытага ствараецца агульнае ўражаньне раўнавагі. Прастора выступае як канкрэтная:
мне Берлін, Амстэрдам і Прага як цяжкі вырак; над Нявою на мосьце
| і ў форме абстрактных апазіцый:
тут — прастора, схаваная ў там; я маю знутры тое, што вы схавалі вонкі.
| Дарэчы, гэта менавіта гарадская прастора:
мой горад — адзіны, каму я веру.
| Час для лірычнай гераіні асабліва каштоўны:
калі жывеш у рэжыме нон-стоп хвіліны спатыкаюцца адна на адну; час трымае на ланцугу.
| Ці не выпадкова ў падобным да апошняга спалучэньні замест часу зьяўляецца шчасьце:
трэба шчасьце спусьціць з ланцуга?
| Варта адзначыць, што лірычная гераіня існуе ў супярэчлівасьці пораў году і ня толькі іх супрацьпастаўляе і зьмешвае:
скокнуць з даху зімы і ў вясну б уварвацца з лёту; … матылі лісьцем восеньскім сьпяць на зямлі гэта гімн загулялай вясьне гэта проста скрываўлены сьнег у жніўня сэрца разарве і пойдзе сьнег; у правай палове маёй галавы летні спакой і зімовая спёка
| але і афармляе сябе і адрасата сваіх пачуцьцяў праз месяцы і поры года:
ты — жарсны жнівень, я — трывожны сьнежань.
| Метафары гэтага семантычнага поля максімальна персаніфікаваны:
пішу верлібры разам з лістападам ён, як і я, ад жалю захварэлы; сакавік, зноў спакушаны слотай, не наважыцца здрадзіць вясьне; восень б’ецца ў прамерзлыя шыбы.
| Кніга прасякнутая пахам цёплага дажджу:
нас чакае цёплы дождж; цёплы імклівы задумлівы дождж; твой пах зьмяшаны з пахам дажджу; цёплыя струмені дажджу сьцякаюць па вопратцы часу.
| Удалае выкарыстаньне алітэрацыі і дасьціпныя рыфмы — чарговыя “плюсы”:
чэрвень гэты чарвівы… чырвоны; ламаная лінія; расчыненных вокнаў – чаканьня вока; лівень – ліпне, пяты — напятай, легла — адлегласьць.
| Вобразы і спасылкі рэлігійнага характару і падтэксту досыць вострыя і шматпланавыя:
шлях да Бога ляжыць праз страўнік; Вы — Езусы ў маіх турмах, Я ў Вашых палацах — Іуда; радасьць бацькі, які трымае на руках малога сына — шчасьце Бога, які трымае на руках дзіця Сусьвету 1 з мудрасьцю Шывы; для цябе пасьміхаецца мудра і проста Бог на сёмыя содні стварэньня.
| Лірычная гераіня ў асаблівых стасунках з рэлігіяй. З аднаго боку, узгадваюцца ў адным зборніку багі розных веравызнаньняў:
з ласкавасьцю ўсьміхаецца Буда; з мудрасьцю Шывы; каляровых вітрын маляваная дура як Хрыстос на крыжы, памірае на гмахах.
| З другога боку, прызнаецца значнасьць і Божае стварэньне сусьвету:
Бог разьвесіў на дрэвах лістоту Бог прыдумаў жыцьцё; для цябе пасьміхаецца мудра і проста Бог на сёмыя содні стварэньня.
| Прысутнічае, аднак, пэўная “сьцёбнасьць” і іронія:
хадзем тусавацца ў пекле; у рай імкліва вершыкі ляцяць; плача ў кішэні прыгожанькі Бог; грызьлі мы Біблію ў пошуках веры.
| Узгадаем радок усе мы хочам пакаштаваць бясьсмерця, але таксама выраз з першай кніжкі:
а паэту ня трэба многа толькі стаць невялічкім богам,
| што дае пэўныя падставы лічыць, што лірычная гераіня ня цалкам вызначыла свае адносіны да рэлігіі і застаецца на пазіцыях сумненьня і крытычнасьці. Чамусьці вобразы “вусьціш”, “вусьце”, “вусны” часьцяком суседнічаюць у вершах Вікі Трэнас, таму, калі сустракаеш адзін з іх, неўзабаве абавязкова знаходзіш і астатнія. Магчыма, гэтая “фішка” прываблівае дзякуючы сугучнасьці, але пажадана было б зрабіць гэтыя вобразы больш свабоднымі. Дарэчы, яны нават ствараюць кола, пачынаючы і заканчваючы кніжку. Віка змагла абысьціся без ужываньня слова каханьне ад асобы лірычнай гераіні, і вельмі ўдала, таму што праз семантыку адлегласьці, смаку і часу перадала тонкія адценьні гэтага пачуцьця, якія б засталіся размытымі і незаўважанымі праз зацяганасьць самога слова. Першая кніжка паэткі (першая, калі не лічыць самы-самы першы “самвыдатаўскі” зборнік, які тут не ўзгадваўся) сталася больш авангарднай у плане выбару формы і падыходу да тэксту, але другая кніжка ня толькі выдае больш сталую пазіцыю, але і больш багаты матэрыял, як у эстэтычным плане, так і з пункту гледжаньня дасьледчыка. Віка змагла распавесьці сваім зборнікам адну цэласную гісторыю, што не пакіне чытача безуважным. Яна заяўляе: “мой выбар у разнастайнасьці”, і, нягледзячы на тое, што “самота малюе кругі пад вычыма і ў сонечны дзень” і “ніводнае наша вакно не выходзіць на мора”, энергія і энергетыка, самаадданасьць і самаахвярнасьць, унутраная неабыякавасьць і нестандартнасьць (такім, як я, няма калі верыць скрусе; буду рэчкай, якая цячэ назад) ставяць рашучую аптымістычную кропку. Не, няпраўда, кропку ставіць рана, таму што пошукі лірычнай гераіні працягваюцца і гісторыя ня скончаная…
|
|
|