РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віка Трэнас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгажосьць беларускіх паэтак
 
або Хто стварае маладую беларускую літаратуру
        Вітаю, дарагія сябры! Вы пыталіся, чым мне падабаецца блог? Тым, што ён дазваляе праявіць свабоду мысьленьня: аўтар ЖЖ мае права выказаць любыя, нават самыя патаемныя, асабістыя думкі, прычым у любым жанры, у любой паэтычнай або празаічнай форме бяз боязі таго, што строгі рэдактар, як, напрыклад, у папяровым выданьні, выкажа пажаданьні адносна фарматнасьці/нефарматнасьці або кантэкстуальнасьці/некантэкстуальнасьці матэрыялу.
        Хто пабачыць усходні танец у выкананьні цудоўнай паэткі Ганны Федарук — ня зможа застацца абыякавым. Журналіст Воля Чайкоўская да сваёй дэбютнай самвыдатаўскай кнігі вершаў “Лупы” супольна з дызайнэрам і мастаком Юрам Круглікавым зьняла канцэптуальны фільм па матывах сваіх тэкстаў. Акрамя таго, гэты цікавы творчы дуэт спрабуе сябе і ў электроннай музыцы (праект “Мяtnа”). Бард Натальля Пушкарова скарае сэрцы шматлікіх слухачоў сваімі непаўторнымі, адметнымі кампазыцыямі. Алёна Беланожка родам з Магілёва і нядаўна зьявілася ў Менску, але пасьпела гучна заявіць пра сябе і як паэтка, і як аўтар тэкстаў да песень самых розных выканаўцаў, і як рэжысёр, і як мастачка. Яскрава дэбютавалі ў часопісе “Маладосьць” Іра Агеева, Каця Макарэвіч, Каця Пікірэня, Алёна Рыбік, Даша Брыч, Іра Бельская, Каця Савіцкая, Юля Дубро. Актыўна друкуюцца ў літаратурных выданьнях Тацьцяна Будовіч, Тацьцяна Нілава, Наста Кудасава, Маргарыта Латышкевіч, Ганна Гарбунова, Ірына Поўх, Іна Каляда, Тацьцяна Сівец, Анка Упала, Вера Бурлак (Джэці), Ярына Дашына і многія, многія іншыя таленавітыя аўтаркі.
        Вальжына Морт — несумненная зорка авангарднай паэзіі ня толькі беларускай, але і эўрапейскай — перамагае ў міжнародных літаратурных фэстывалях, выдае кнігі за мяжой у перакладзе на розныя мовы.
        Вольга Гапеева вядомая як паэтка, празаік, драматург, перакладае з ангельскай, нямецкай, польскай, украінскай моў і наладжвае міжнароднае культурнае супрацоўніцтва.
        Марыйка Мартысевіч — філёляг, перакладчык, паэтка, блогерка і журналіст — кожным сваім допісам у ЖЖ правакуе літаратурны асяродак на актыўную творчую дзейнасьць і “мазгавыя штурмы”: часам на старонках яе блогу разгортваюцца сапраўдныя ідэйныя баталіі — не раўнаўшы Грунвальдзкая бітва ў маштабах байнэту! Такія дыскусіі толькі на карысьць нашай літаратуры.
        Спадзяюся, мне ўдалося пераканаць шаноўную аўдыторыю ў вялікай колькасьці таленавітых, актыўных і крэатыўных паэтак, тым больш што сьпіс імёнаў можна доўжыць бясконца. Хачу зьвярнуцца да вас, дарагія сябры і чытачы, з падступным пытаньнем: каго зь беларускіх паэтаў-хлопцаў пакаленьня дваццаці- або трыццацігадовых вы ведаеце? Чым адметная творчасьць гэтых маладых людзей, чым яны вам запомніліся? І галоўнае — ці праўда, што наймаладзейшую беларускую паэзію ствараюць дзяўчаты?
        Заклікаю вас да абмеркаваньня. Гатовая адказаць на любыя пытаньні: і як рэдактар, і як крытык, і як аўтар вершаў, і як дзяўчына :) Чакаю.

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/1732247.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.