РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ваўчыная яма
...
        Адзінокая постаць чалавека то зьяўлялася, то зьнікала ў негустым бярозавым падлеску, сярод высока памкнутых да неба хвояў. Гэта быў малады хлапец у зашмальцаваным салдацкім бушлаце, зь зімовай шапкай на галаве. З-пад расхрыстаных каўняроў ягоных апратак на грудзях выглядалі сінія палоскі заношанай цяльняшкі. Схуднелы хлапечы твар нёс выраз немалога клопату, амаль спалоху. Салдат ішоў нетаропка, часта спыняючыся, часам мяняючы напрамак хады, штораз азіраючыся - назад і ўбакі.
        Хваёвы бор між тым поўніўся ветраным шумам, які несьціхана мкнуў з вышыні і глушыў усе іншыя лесавыя гукі. Зрэшты, салдат ужо навучыўся ў звыклым пошуме лесу лавіць які іншы гук, ягоны слых зыўжды быў насьцярожаны. Але ўнізе пад хвоямі, сярод маладога падлеску было амаль ціха, адно далікатна трапятала сьвежая лістота бярозак. Дол быў яшчэ па-веснавому голы й шэры, хіба там-сям зелянеў чарнічнік ды, як заўжды на грудках, шарэлі лапіклы беламошніку, ступаць па якім было мякка, бы па дыване ў пакоі. Зрэшты, па дыване салдат не хадзіў, - адзіны дыван у іхнай кватэры чамусьці вісеў на сьцяне. Ды й ботаў ён не насіў да войска, а гэтыя, як надзеў - цяжкія кірзачы зь нягнуткімі халявамі, - дык і не зьнімаў другі год. І ў сухмень, і ў слату яны былі на нагах - ня дзіва, што левы пачаў ужо «прасіць кашы». Хаця што боты - прахудзіліся, пачалі ірвацца ягоныя штаны, вайсковыя «хабэ», залапленыя на каленях, на адным ужо паявілася дзірка. Вядома ж, усё тое было кепска і, мабыць, іншы раз прычыніла б салдату клопату. Але не цяпер. Цяпер яму дапякаў клопат іншага кшталту - салдат хацеў есьці.
        Гэты клопат і вёў яго па хвойным грудку, прымушаў узірацца долу і ўгару, у вецьце дрэваў. То быў ягоны канкрэтны інтарэс: у доле маглі зьявіцца грузды, учора ён іх знайшоў ажно тры і зьеў. А тады спалохаўся ад думкі, што можа атруціцца й сканаць тут, у гэтай лесавой глушчэчы. Аднак учора абышлося - трохі пакруціла ў жываце й аціхла. Значыць, можна харчавацца грыбамі, падумаў ён, абы шэнціла іх знаходзіць. Яшчэ ён імкнуўся згледзець у гольлі птушынае гнязьдзечка - дробныя лесавыя птушкі павінны ўжо пачаць несьціся. Калісьці малыя падчас канікулаў у бабулі на вёсцы апаролі на ўзьлеску малое гнязьдзечка, зь якога выкаціліся чатыры шэранькія яечкі. Два зь іх разьбіліся, а два ён асьцярожна прынес у хату. Бабуля насварылася: нашто пабурылі птушынае жытла, Бог пакарае. Тады ён сапраўды пашкадаваў: нашто было бурыць? Іншая справа цяпер, калі даўно ўжо няма бабулі, а Бог, падобна, зусім адвярнуўся ад яго. А галоўнае - ён добра спазнаў, што голад - сапраўды ня цётка.
        Ні груздоў, ні гнёздаў у гольлі, аднак, не трапляла. Не было бачна і птушак, ня чулася іхнага сьпеву, і салдат падумаў, што, можа, гэтак толькі ў бары. Мабыць, варта было павярнуць з грудка ўніз, у сыраваты алешнік на беразе рэчкі. Учора ён хадзіў там, праўда, таксама з нулявым вынікам. Але ўчора яго рана выгнаў адтуль веснавы дожджык, ад якога хлопец схаваўся пад баравымі шатамі. У каторы раз за вясну хвоі ратавалі яго ад дажджу й давалі прытулак ноччу, але харчу тут не было. Пад хвоямі не расло нічога, дол быў густа ўсыпаны сухой ігліцай, па якой поўзалі веснавыя кузуркі. Уначы, як ён спаў на грудку, пад ягоныя апраткі налезла мурашоў, і хлопец усё раньне цёр лыткі, каб ад іх пазбавіцца.
        Сыраватыя алешнікавыя мясьціны ўвогуле ён не любіў, і за час свайго лесавога блуканьня звычайна абмінаў іх. Нашмат весялей было брысьці борам, дзе стромкія хвоі зачароўвалі сваім выгоністым хараством, асабліва ў ціхманы сонечны надвячорак, калі іхныя вершаліны ўрачыста зьзялі ў золаце нізкіх промняў. А на ўзьлеску ці дзе на прагаліне часам трапляла якая старая сукаватая хваіна з такім крывулякам-суччом, што па-хлапечы карцела ўзьлезьці на яе і не зьлязаць да ночы. Першы раз салдат трапіў у вялікі хваёвы лес на выезьдзе, у час манэўраў, як толькі прыехаў з «вучэбкі» ў полк. Аўтамабілі сувязі тады паставілі пад хваёвыя шаты, не спатрэбілася й нацягваць сеткі. Салдат працаваў на радыёстанцыі і праз расчыненыя дзьверы тры дні й начы дыхаў смалістым водарам бору і слухаў сьпевы птушак. Шкада, вучэньні неўзабаве скончыліся, а затым усчалося такое, пра што ня хочацца і ўспамінаць. Ды й забыць немагчыма.
        Алешнік над рэчкай ваўсю зелянеў сакоўнай лістотай, мусіць, вільгаці тут хапала. У доле праз ссохлы быльнёг прабіваліся галінастыя калівы крапівы, настырчыліся сухія дубцы маліньніку. У ім выразна прыкмячалася закінутая ад леташняга сьцежка. Ну вядома, сьцежка кіравала па беразе, уздоўж рэчкі, якая круцілася побач. Салдат засьцярожліва пайшоў па ёй, асабліва ня дбаючы, куды, - сьцежкай заўсёды карцела некуды ісьці. І тады яго чуйны на пахі нюх злавіў у паветры гаркаваты пах дыму. Салдат спыніўся. Ну пэўна, то быў дым ад лесавога вогнішча - дзесь гарэў касьцярок. А можа, тое неслася з поля, на момант усумніўся салдат. Але не, поле ўсё ж было далекавата адсюль, за балотам, вёскі там ці ня ўсе ўжо папалілі-панішчылі. Гэта ж поруч з зонай. Ці, можа, таксама ў зоне - не зразумець. Казалі, на мяжы з зонай нядаўна яшчэ быў дрот на кольлі, але дрот у шмат якіх месцах зьнялі, парэзалі - на продаж ці што? Міліцыя часам патыкаецца сюды на сваіх «Уазах», але ў міліцыі бракуе бэнзыну, а галоўнае - каму хочацца лішні раз лезьці ў атамнае пекла? Не хацелася лезьці й салдату, але во мусіў. Калі яго ў хлеўчуку на хутары ледзьве не апарола міліцыя, ён болей рызыкаваць ня стаў. Ды й гаспадар, самасёл-хутаранец сказаў: трэба табе ісьці адсюль, хлопец. Што ж, ён разумеў і не хацеў ліха ні сабе, ні старому, якому падзякаваў за тое, што той прытуліў на тыдзень у сьцюжу. І ён пайшоў, куды глядзелі вочы. Вочы і прывялі яго ў зону.
        Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона - ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў - гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала - была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, - і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, - жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады - дужа спадабалася салдату, як Карпу - што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае - не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.
        Так, можа, яно й добра, думаў салдат, можа, і няблага старым. Але во маладыя, сыны і ўнукі таго ж Карпа, усе паразьехаліся, ніхто на хутары не застаўся. Значыць, чагосьці баяцца. Значыць, ёсьць чаго апасацца...
        Гэткія думкі ня першы ўжо раз лезьлі ў затлумленую галаву салдата, можа, яны адтуль і не вылазілі. Ён і баяўся, і супакойваў сябе, і меркаваў і так, і гэтак. Але што ён мог зрабіць лепш, куды падацца? Без дакумэнтаў, бяз грошай. Пешшу ці далёка дойдзеш, а на першай жа аўтобуснай станцыі яго возьме міліцэйскі патруль. Дома яго ніхто не чакаў; мачаха, калі б дазналася пра яго, адразу б пабегла ў міліцыю ці ў ваенкамат - гэтая толькі й чакала, каб яго пасадзіць. Сябры? Пасьля таго, што здарылася, якія маглі быць сябры?
        Крывулякай-сьцежкай у кустоўі салдат прайшоў уздоўж рэчкі, асьцярожна выглянуў з-за куста на бераг. Усюды было пуста, ды й дымам быццам перастала патыхаць, - можа, перамяніўся вецер? Тады ён зноў павярнуў ад рэчкі да хвояў і, узьлезшы на пагорак, апусьціўся на падушку мяккага белага моху. Было цёпла, нават угрэўна, але свой скарэлы бушлат салдат не зьнімаў ніколі -ні ўдзень, ні ўначы. Тут яго адразу апанавалі мурашкі -забегалі, замітусіліся па абдрыпаных халявах ботаў, мабыць, дзесь блізка быў іх мурашнік. Глядзі, якія порсткія, падумаў салдат, і ніякая радыяцыя іх не бярэ, прыстасаваліся за мільёны гадоў. Во, каб так чалавек! Але чалавек, мабыць, ніколі не прыстасуецца да гэтай атамнай пагібелі, - ня той арганізм. Добра гэта ці не, салдат ня ведаў. Можа, і добра, інакш чалавек можа ператварыцца ў мураша... А калі не ператворыцца і адкіне капыты - хіба так лепш? Вунь маманты не прыстасаваліся і ўсе пагінулі. Цяпер толькі косьці выкопваюць зь вечнай мерзлаты. Можа, такі лёс напаткае і людзей...
        Але маманты ня самі сябе пагубілі, а нейкія аб'ектыўныя перамены ў сьвеце. А чалавек? Сам - сябе.
        Во даў Бог чалавеку розум - на ўласную згубу.
        Як салдат пераставаў думаць пра ежу, тады яго пачынала адольваць дрымота, і ён быў гатовы заснуць. Удзень спаць, аднак, баяўся. Хоць тут, у лесе, нікога яшчэ не спаткаў, апроч хіба якой дробнай жывёліны - вожыка ці зайца. Людзей тут не было. Сьпярша тое абнадзейвала салдата, але затым пачало нават палохаць - усё ж ці не дарма ён сюды прыдыбаў? Мусіць, людзі ўсё ж адчувалі нешта нядобрае. Зноў жа адзінота пачала яго прыгнятаць, і чым далей ён тут бадзяўся, тым больш. Ды што зробіш? Розумам ён даводзіў сабе, што інакш нельга, што тут ён не па ўласнай волі, што лепш быць аднаму. Але, здаецца, і аднаму было неяк, не трывала душа. Во ў чым загвоздка.
        Трохі паляжаўшы на сугрэве, салдат зноў адчуў подых дыму і на гэты раз затрывожыўся не на жарты. Хутка падхапіўся, паўзіраўся ў бор, у алешнік унізе. Затым, памеркаваўшы, зноў паціху пайшоў да рэчкі. Здалося, дымам павеяла менавіта адтуль.
        Дзе сьцежкай, а дзе наўпрост праз хмызьняк салдат выйшаў на нешырокі ўзьбярэжны лужок, абышоў яго па краі алешніку. Лужок быў пусты. Блізка да рэчкі зноў падступаў абрывісты бераг з хвоямі, і ён пайшоў паблізу над ім, каб бачыць бераг. Яшчэ зводдаль на рачным павароце згледзеў нейкае жытло ў абрыве -цёмны лаз у зямлянку-нару, прыкрыты зьверху жардзём. На канцы адной жардзіны матлялася-сохла нейкая ануча, і наводдаль, на самым беражку лена дыміў касьцярок, дым ад якога, мабыць, і патрывожыў салдата.
        І тады трошкі далей на беразе ён убачыў чалавека.
        То быў невялікі мужчына ў кухвайцы, у ссунутай на патыліцу зімовай шапцы, ён махнуў у паветры белым, мабыць самаробным вудзільнам, зьнерухомеў на колькі сэкундаў і дакладным рухам выкінуў на бераг бліскучую рыбіну. Рыбіна, як бачна было здаля, надарылася ладная, не якая там уклейчына, - салдат тое вызначыў пэўна. У гэты момант чалавек таксама ўбачыў салдата, які ад нечаканкі не пасьпеў куды захінуцца. Мусіць, трэба было бегчы адсюль, але тая ўдалая рыбіна ў чужых руках нібы зачаравала згаладнелага хлопца, і ён знарок паволі пайшоў да рыбака.
        - Здрасьце...
        Рыбак не адказаў і нават не памкнуўся да свае рыбіны, якая білася ў траве на беразе. Утаропіўшыся ў незнаёмца, той мусіць, вывучаў яго, таксама ня ведаючы, як паставіцца да ягонага тут зьяўленьня.
        - Лешч? - запытаўся салдат, абы не маўчаць.
        - Падлешчык, - скупа адказаў рыбак і рашуча ўскінуў да яго аброслае шчэцьцю падбародзьдзе. - А ты скуль тут узяўся?
        - Усё адтуль, - няпэўна адказаў салдат і няўлад са сваёй асьцярогай сеў непадалёк у доле. Чалавек яшчэ паўзіраўся ў яго, штось мяркуючы.
        - А ты гэта - не зь міліцыі?
        - Не-а. З арміі.
        - Дэмабілізаваны?
        - Дэзэрцір, - раптам сказаў салдат і ўнутрана схамянуўся. Ніколі яшчэ ён не вымаўляў услых гэтага слова, якое цяпер неяк само зьляцела зь языка.
        Рыбак, відаць было, шчыра зьдзівіўся, аж хакнуў.
        - Во гэта дзела! Першы раз бачу дэзэрціра.
        Ён спрытна зьдзеў з кручка трапяткога падлешчыка, кінуў у траву, дзе, як заўважыў салдат, ужо ляжала некалькі раней злоўленых рыбін. Чалавек гаварыў гучна, відаць, з намерам паставіцца да хлопца строга, можа нават сурова, - усё ж ён быў куды старэйшы. Але салдат цяпер ня дужа на тое зважаў, ён ужо адчуваў, што рыбак не такі й суровы, як хоча здавацца.
        - А дайце я, - раптам прапанаваў хлопец, як чалавек узьдзеў на кручок новага белага чарвяка. Рыбак трохі змоўчаў, а затым рашуча сунуў у ягоныя рукі шурпатае ляшчынае вудзільна.
        - На. Калі ўмееш.
        - Некалі лавіў...
        Чалавек адышоўся на сушэйшае і сеў на беразе.
        У салдата адразу клюнула, і яшчэ празь дзьве паклёўкі ён выкінуў на бераг зноў такога ж, як ранейшы, ладнага падлешчыка. Рыбак ускочыў, зьняў рыбіну, пасунуў да яго бліжэй берасьцянку з чарвякамі.
        За ня дужа даўгі час салдат выкінуў у траву яшчэ трох падлешчыкаў, і рыбак аж захваляваўся.
        - Ну, дэзэрцір, ну малайчына! Значыць, рыбацкае шчасьце маеш. Я тут з раніцы тры штукі, а ты за пятнаццаць хвілін чатыры. Ну-ну! Давай лаві болей...
        Салдат сам дзівіўся ў душы - не такі ўжо ён і рыбак. Як і ўсе, некалі вудзіў у дзяцінстве, а тут такая ўдача! Пасьля, добра, праўда, счакаўшы, зьняў з кручка яшчэ адну ўклейчыну. Але затым у рыбы, мабыць, настаў перапынак, і колькі ён ні кідаў паплавок у тое ды іншае месца - нічога не ўзялося.
        - Ладна, - сказаў нарэшце рыбак. - Трэба гэту засмажыць.
        - Дзе? - салдат праглынуў сьлінькі.
        - На вогнішчы.
        - А радыяцыя?
        - Ну, і хрэн зь ёй, радыяцыяй. Смачней будзе, - сказаў рыбак і ўпершыню з прыязнасьцю засьмяяўся, паказаўшы шчарбатую сківіцу. Салдат зь цікаўнасьцю ўгледзеўся ў ягоны густа аброслы твар, - мабыць, чалавек быў яшчэ не стары, але ўжо моцна пакамечаны жыцьцём, можа нават хворы. Сабраўшы ў нейкую анучу рыбін, ён панёс іх да касьцярка, дымок ад якога ціха курэў над берагам. Салдат пабрыў сьледам - усё ж ён адчуваў нейкае сваё права на тых падлешчыкаў.
        - Запалак няма? - запытаў на хадзе рыбак.
        - Няма.
        - Гэта горш. У мяне таксама скончыліся. Так што дуй за суччом.
        Чалавек пачаў разграбаць вугольле, а салдат узьлез на невысокі абрыў і пайшоў у бор. Паблізу, аднак, сучча ў доле было малавата, і ён змушаны быў адысьці далей, у хвойнік. Неяк ён быў нават рады, што натрапіў на гэтага рыбака, што злавіў падлешчыкаў і цяпер, можа, збольшага спатоліць голад.
        Праз колькі часу салдат прывалок важкае бярэма сушняку, кінуў ля вогнішча. Рыбак ашчадна перагортваў прысак - пёк рыбіны. Нейкі час яны засяроджана маўчалі, напружана чакаючы самага жаданага моманту, які, аднак, трохі адкладваўся.
        - Даўно тут? - запытаўся рыбак.
        - Другі месяц.
        - Ого! - рыбак уважліва паўзіраўся ў хлопца. - І цябе не скруціла?
        - Ды быццам не...
        - Тады й ня скруціць, - упэўнена аб'явіў рыбак. - Калі за месяц ня ўзяла, дык і ня возьме. Яна, ці ведаеш, ня кожнага бярэ.
        - Хто ведае, - ціха мовіў хлопец.
        - Я ведаю. Я тут ужо тры месяцы. І ні чарта: загартаваны арганізм!
        - Як жа вы яго загартавалі?
        - Гарэлку піў.
        - Зразумела, - сказаў салдат.
        - Столькі выпіў, што ніякая халера не бярэ. Так што й ты ня трусь.
        Салдат не пярэчыў і не пагаджаўся - трошкі падзівіўся самаўпэўненасьці рыбака, але хто ведае. Можа, і праўда, што гарэлка загартоўвае - яму лепей відаць. Салдат жа гарэлкі выпіў няшмат і таму наўрад ці мог лічыць сябе загартаваным.
        Яны сядзелі так - болей моўчкі ля гарачаватага цяпельца, якое то ўспыхвала невялікім полымем, то пачынала дымна курэць, абкурваючы іхныя твары. Салдат ніякавата адварочваўся, але ня зрушваў зь месца. Рыбак жа, амаль не рэагуючы на дым, дбайна паварочваў і агартаў прысакам рыбіны.
        - Во гэтая ўжо, можа, і гатовая. Перакладзем яе сюды, а гэтага бліжэй да агню, во... Жару тут ня надта й патрэбна, каб не згарэла...
        Нарэшце ён выграб адну і, абпякаючы запэцканыя пальцы, трохі абцёр зь яе попел.
        - Ну во! Не падсмажылася - падгарэла. Але есьці можна.
        Выграбшы яшчэ адну, не ўтрымаў і кінуў далей у траву.
        - Частуйся. Лепшай ня будзе.
        Рыбіна была дужа гарачая - ня ўзяць у рукі, салдат раскрышыў на траве рэшткі наліплага на ёй вугольля і пачаў аддзіраць касьцістыя кавалачкі. Увогуле было смачна, ён зжаваў усё, што можна было зжаваць, старанна абсмактаў калючы хрыбет. Але было да роспачы мала, і тое зразумеў рыбак.
        - Бяры яшчэ адну. Болей ня дам, - строга абвясьціў ён.
        Што ж, і за тое дзякуй, падумаў салдат, маючы, аднак, надзею, што рыбу яны ўсё ж падзеляць пароўну. Але рыбак і сам зьеў толькі дзьве і раздумна памарудзіў, штось вырашаючы.
        - А ладна! Яшчэ па адной. Астатняе ўраньні.
        Зьелі й яшчэ па адной і зноў не наеліся. У прысаку засталіся тры апошнія, і рыбак прыняў непазьбежнае рашэньне:
        - А чорт зь ёй! Што пакідаць... Яшчэ да ранку не дажывеш - радыяцыя!
        Менавіта такога рашэньня й чакаў салдат. Хіба што недарэчны напамінак пра радыяцыю непрыемна шкрабануў ягоныя адчуваньні, але ён хутка на тое забыўся. Не ўстаючы ад цяпельца, яны зьелі ўсе рыбіны; рыбак дбайна загарнуў вугалькі, пакідаў у іх недагаркі.
        - Ты паначуеш ці пойдзеш? Хаця куды табе йсьці, праўда? -папытаўся ён проста, нібы даўні знаёмы. І салдат нечакана для сябе гэтак жа проста адказаў:
        - Праўда.
        - Ну і хай! Тут такая справа - трымаць агонь. Згасьне -будзем сырую рыбу жраць. Паняў?
        - Ды ўжо ж, - болей бадзёра адказаў хлопец, адразу прыпамятаўшы зьмест адной кнігі, якую чытаў у школе. Кніга называлася «Барацьба за агонь». Тады яго надта ўразілі падзеі, што адбываліся ў першабытным племені, як у таго згас агонь. Цяпер ім двум пагражала нешта падобнае.
        - Цябе як зваць? - крыху падабрэлым голасам запытаўся рыбак.
        - Ды салдат проста, - падумаўшы, адказаў хлопец. Яму зусім не хацелася называць сябе, а хлусіць таксама ён ня меў вялікай ахвоты.
        - А я бамж проста, - у тон яму адказаў рыбак і засьмяяўся.
        Што ж, хай будзе так, падумаў салдат. Адзін дэзэрцір, другі бамж, - сышлася салодкая парачка, зьедліва падумаў ён.
        - Такія справы, - няпэўна закругліў кароткую гутарку бамж і выцягся на траве. З-пад расшпіленай ватоўкі зь дзіравым подкладам агаліўся ягоны запалы жывот увесь у нейкіх сіняках і больках, і салдат зважліва адвёў позірк. Падумаў, аднак, што цяпер і ў яго ня лепшы. Паляжаўшы крыху, бамж зноў падняўся, сеў на траве.
        - Не паелі - толькі жывот разгнявілі. Знаеш, салдат, бяры вуду і закідвай. Можа, і яшчэ возьмецца...
        Салдат паслухмяна ўзяў з долу ня надта зграбнае вудзільна з накручанай на яго жылкай і пайшоў на ранейшае месца, дзе нядаўна клявала.
        - І глядзі мне кручок! - гукнуў ззаду бамж. - Адарвеш -галаву скручу!
        Ды ўжо як-небудзь, адказаў яму ў думках салдат.
        Увесь надвячорак ён кідаў у невялічкую затоку выразаны з хваёвай карыны паплавок і ўсё марна - клёву не было. Тады ён перайшоў у іншае месца - далей за трысьнёг, ніжэй па цячэньні. Але й там ў яго ні разу ня клюнула. Надвор'е тым часам усё лепшала, зрабілася зусім цёпла, над вадой таўкліся клубкі машкары. Вецер суняўся, круглявая рачная затока, бы цьмянае люстэрка, адбівала нязыркае хараство лесавога берагу, за які паволі заварочвала рака. Нізка навіслае над вадой кустоўе лазьняку на тым беразе клала на ваду глыбокі люстраны прыцемак, дзе, напэўна, вадзілася рыба. Можа, нават ляшчы, калі ў яміне, падумаў салдат. Але як перабрацца туды, каб не разьдзяваючыся, разважаў ён, губляючы цікавасьць да вуды. Было ціха й лагодна, і ўжо ня верылася ў тую пагрозу, якая гадамі навісала над краем, якой гэтак баяліся. Але, можа, дарма? Можа, той страх перабольшаны? Неяк жа жыве каля ракі бамж і нават фанабэрыцца - загартаваны! А можа, ён гэтак, каб ня думаць пра горшае й падбадзёрыць сябе? А заадно й яго таксама.
        Як сонца схавалася за вершаліны хвояў, салдат выкінуў з вады невялічкага акунька - і ўсё. Болей да самага зьмярканьня нічога ў яго не ўзялося. На вадзе ўжо цяжка было ўгледзець нерухомы паплавок, і хлопец зматаў вуду.
        - Ну-у... А я думаў! - расчаравана сустрэў яго бамж, лежачы ля цяпельца. - Значыцца, такое тваё шчасьце...
        - Не клявала зусім.
        - Гэта яна як калі. Неяк за раньне я вывудзіў шэсьць штук. А пасьля два дні ніводнай. Проста злосьць бярэ. Але й жраць хочацца...
        - А болей тут - нічога? - папытаўся салдат.
        - А што ж тут яшчэ? Грыбоў, ягад няма - яшчэ рана. Зьверына ўся сышла прэч. Людзей адсялілі. Што беглым бамжам застаецца?
        Так, мусіць, няшмат застаецца беглым бамжам-дэзэрцірам, згодна падумаў салдат. Але што можна было зрабіць, каб здабыць харчу, ён ня ведаў, як ня ведаў таго й бамж. Зрэшты, той, мабыць, і ня надта клапаціўся пра ежу.
        - Тут, знаеш, такое дзела: менш будзеш есьці - даўжэй пражывеш, - не зразумець, жартам ці насур'ёз зазначыў ён. - Менш радыяцыі спажывеш. Так што нам голад карысны.
        Не, з тым салдат ня мог пагадзіцца, - ён і так згаладнеў дарэшты, а сілы ад таго не паболела, - паменшала, гэта пэўна. І ён усё думаў, дзе каб што зьесьці. Але цяпер ля рэчкі зьявілася надзея, і ён не хацеў нікуды адсюль ісьці.
        Як стала цямнець, бамж падняў з долу вудзільна і адвязаў ад жылкі кручок, які акуратна зачапіў за падклад кухвайкі.
        - Трэба берагчы, а то... Спаць хочаш?
        - Ня дужа, - адказаў хлопец.
        - Дык пільнуй агонь. А я кімарну пару гадзін.
        Бамж на кукішках палез у цесны лаз свае зямлянкі ў абрыве, а салдат застаўся ля касьцярка.
        Ён патроху падкладваў ў вагонь сухія хваёвыя палкі, санлява сачыў, як паволі, але настойліва між дрэваў тачыліся, большалі, убіраліся ў сілу, каб затым пачаць мізарнець, лянівыя языкі полымя. Тады зноў трэба было падкласьці. Часам на хлопца шугала дымам - ад подыху ветру з рэчкі. Наўкола панавала цемра; чорнай рачной затокі адсюль было ўжо й ня згледзець. Адно няроўна сьвіціўся - то ярчэў, то цямнеў - невысокі пяшчаны абрыў з нарой побач. Бор уначы амаль перастаў шумець, і навакол зрабілася аж занадта ціхмана.
        На хлопца зноў абвалілася звыклае адчуваньне адзіноты, і ён пачаў думаць-меркаваць пра сваё незайздроснае становішча. Зрэшты, думаў ён пра яго заўсёды, быццам намагаўся штось вырашыць. Ці што зразумець. Але ні таго, ні гэтага ніколі да канца не ўдавалася, ён ня мог выкараскацца зь нейкага разумовага тупіку, куды яго загнала жыцьцё. Ці, можа, загнаў сябе сам. Шмат было незразумелага ў ягоным недаўгім жыцьці, але адно было пэўна, - яму не пашчасьлівіла нарадзіцца дужым. Нельга сказаць, што слабаком, але й ня дужым, - такім, каб уласнай сілай абараніць сябе. Як гэта рабілі іншыя - у двары. Калі тае сілы бракуе, тады над табой будуць знушчацца іншыя, а табе толькі й спадзявацца на іхную літасьць ці абстрактную справядлівасьць. Сіле ж ня трэба справядлівасьці, яна сама сабе гаспадыня й кіруе сабой як хоча. У дзяцінстве салдата так сталася, што хлопцы з падворка былі старэйшыя за яго і ўжо таму дужэйшыя, якія ня грэбавалі тым, каб пазьдзеквацца зь яго. Калі трэба было куды па што зьбегаць, пасылалі яго, калі ў яго паяўляўся ножык, можна было яго адабраць. Ці папрасіць паглядзець і не аддаць. Ашукаць таксама можна было. Бо, апроч таго, што ён слабейшы за іншых, ён яшчэ скардзіцца не пабяжыць, бо яму не было на каго скардзіцца - ён ня меў бацькі. А пасьля ў яго ня стала й маці.
        Дзяцінства для яго выдарылася мала шчасьлівае, нават пакутнае; асабліва, як ён страціў бацькоў і застаўся адзін з старой, нямоглай бабуляй. Пасьля, у інстытуце, што-нішто для яго зьмянілася да лепшага, ён шчыра памкнуўся да ведаў, набыў самастойнасьць і па магчымасьці адасобіўся ад калектыву, які яго ніколі ня вабіў. Але пасьля прызыву ў войска ўсё горшае да яго вярнулася: і гаманкі, мітусьлівы калектыў у казарме, і абсалютная залежнасьць ад нахабных, самазваных салдацкіх лідэраў. Апынуўшыся пасьля «вучэбкі» ў палку, ён думаў, што тут будзе інакш, што тут яны ўсе роўныя, і афіцэры будуць ставіцца да іх справядліва. Афіцэры, можа, і ставіліся да ўсіх справядліва, але афіцэраў было няшмат, і тыя былі занятыя ўласнымі афіцэрскімі справамі. Салдатамі ж верхаводзілі свае, тыя, што вылучыліся з салдацкай масы й кіравалі паводле свайго крымінальнага разуменьня. Самымі аўтарытэтнымі сярод іх былі тыя, што ўжо пасядзелі ў турме, адкуль яны прынесьлі ўласную мараль і турэмныя звычаі. Неяк перад вячэрняй паверкай сяржант Дробышаў упусьціў пад ложак свой футарал ад зубной шчоткі і, як заўжды, па-хамску загадаў салдату: «А ну, паднімі!» Замест таго, каб зараз жа выканаць загад, салдат коратка кінуў: «Сам паднімі» і тут жа паляцеў ад моцнага ўдару ў твар. Ён ня сьцяміў, што сяржант з намерам кінуў пад ложак футарал, і гэта яго няўцямнасьць каштавала салдату прыкметнага сіняка пад вокам. Назаўтра пры разводзе на заняткі камандзір роты пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» У страі ўсе напружана чакалі ягонага адказу, і ён, трохі счакаўшы, сказаў, што ўпаў. «Трэба глядзець пад ногі», - глыбакадумна заўважыў ротны. А непадалёк зь першай шарэнгі злосна шчэрыўся на яго сяржант Дробышаў. Салдат падумаў тады, што, напэўна, адказаў правільна, але ўжо на наступны дзень яму давялося пашкадаваць аб тым. У курылцы, дзе ён толькі прысеў з хлопцамі, паявіўся сяржант Дробышаў і моўчкі з усяе сілы выцяў яго кулаком пад дых - пачаму не ўстаеш, калі старэйшы заходзіць? Скорчыўшыся ад болю, салдат павалокся ў казарму, у той час, як іншыя моўчкі і абыякава пазіралі ўсьлед. Ніхто не заступіўся, нібы так і належала ставіцца да шараговых.
        Але яшчэ горшае стала на пачатку вясны, як старшыном роты прызначылі прапаршчыка Зяленку. Гэты ўзяў за звычай таемна кучкавацца зь сябрамі пасьля адбою ў капцёрцы, дзе яны выпівалі. Часам каго-небудзь будзілі ў казарме й таксама клікалі ў капцёрку. Аднойчы пасьля поўначы адтуль выйшаў счырванелы з твару, мо нават заплаканы, зямляк Пецюхоў, моўчкі лёг на свой ложак і накрыўся з галавой коўдрай. «Што яны там?» - ціха папытаўся салдат, ды зямляк нават не адказаў і доўга яшчэ ўздрыгваў пад коўдрай ад плачу. Салдат здагадваўся пра тое, што там адбылося, але маўчаў, ужо адчуваючы, што прыйдзе чарга й да яго. Праўда, пакуль не прыходзіла, і хлопец з трывогай і страхам чакаў, калі тое здарыцца. Пару разоў ён прыкмячаў, як пад ранак з капцёркі выбрыдаў яўна п'янаваты Дробышаў, таропка распранаўся і клаўся ў свой рупна разасланы для яго ложак, - праз тры ложкі ад салдатавага. Аднойчы Дробышаў, ужо легшы, устаў і з кішэні штаноў дастаў фінку, якую, азірнуўшыся, сунуў пад матрац. Ужо ці не зьбіраўся ён каго зарэзаць уначы, засынаючы, падумаў салдат. У той момант ён ня ведаў яшчэ, што зарэзаць давядзецца самому, і з тае хвіліны ўсё ягонае жыцьцё пойдзе наперакасяк.
        Яны тады стомленыя зьмяніліся з нараду, і толькі салдат заснуў пасьля адбою, як адразу прачнуўся ад моцнага штуршка ў бок, -над ім у праходзе стаяў камлюкаваты радыст Падабед. «Да прапара», - прагугнявіў ён, і салдат зразумеў, што яго клікалі ў капцёрку. Пасьля другога такога ж тумаку ён мусіў устаць, пачаў надзяваць штаны, затым боты. «Босы», - прасіпеў Падабед, і ён, памарудзіўшы, босы паплёўся па праходзе ў капцёрку.
        Там яшчэ соннага й стамлёнага, з замутнёнай гідотай сьвядомасьцю яго нахабна згвалтаваў на падлозе ўсё той жа ненавісны яму сяржант Дробышаў; Падабед і Зяленка трымалі. Змучаны і зганьбаваны, як і нядаўна ягоны зямляк Пецюхоў, ён дабрыў да свайго ложка і лёг. Ён не палез хавацца пад коўдру, нават не заплюшчыў вочы і ляжаў, чакаючы свайго часу. Наўкола ў начным прыцемку казармы саплі, варочаліся, мармыталі ў сьне салдаты, і нікому не было справы да таго, што рабілася за сьцяной у капцёрцы. І салдат так меркаваў, што ня будзе справы й да таго, што неўзабаве мела здарыцца.
        Усё ж ён дачакаўся таго, чаго хацеў. Праз гадзіну ці болей да свайго ложку ціха, нібы крадком, падышоў нарэшце і Дробышаў, распрануўся і лёг. Яшчэ праз кароткі час пачуўся ягоны нягучны храп, сяржант спаў. Тады салдат падняўся, надзеўся, акуратна навярнуў парцянкі, нацягнуў боты. Усё рабіў нетаропка і грунтоўна, бы цягнуў час. Заставалася надзець бушлат, але бушлат разам зь іншымі вісеў каля тумбачкі днявальнага, які там прымасьціўся кімарнуць у глухі час начы. Салдат падышоў да соннага Дробышава, паціху засунуў руку пад ягоны матрац. Не адразу, але намацаў фінку і без размаху, зь незвычайнай для сябе сілай увагнаў яе па самы тронак у левы бок Дробышава. Той толькі хрыпнуў гучней і, не прачнуўшыся, абвяў на ложку.
        Ледзьве трымаючыся на дрыготкіх нагах, салдат зьняў з кручка свой бушлат і, на хадзе надзяваючы яго ў рукавы, выскачыў у калідор.
        - Куды? - сонна гукнуў да яго днявальны.
        - Жывот! - кінуў ён, зачыняючы дзьверы.
        На далекаватую прахадную ён не пабег, за прыбіральняй у агароджы быў вузкі пралом, празь які тыя ж сяржанты хадзілі ў самаволку. Салдат вылез зь яго і па цёмным перавулку скіраваў на гарадзкую ўскраіну.
        
        Бамж кімарнуў, як ён і казаў, ня болей за пару гадзін і недзе за поўнач задам выбраўся са сваёй нары.
        Была бязьмесячная ноч, над рэчкай курэла-паўзла белаватая коўдра туману. На беразе пачувалася па-начному зябкавата, і бамж, скалануўшыся, патупаў да касьцярка, дзе, паклаўшы галаву на калені, сядзеў салдат. Бамж затрывожыўся:
        - О, о! Патухае! Падкласьці трэба...
        Ён падклаў у вогнішча некалькі сухіх палак, ад якіх слабы агонь і зусім захацеў згаснуць, але памалу-пакрысе стаў разгарацца. Пустэльны бераг трошкі асьвяціўся, стаў відзён блізкі абрыў і над ім - суцэльная сьцяна бору.
        - Ідзі ў зямлянку, - сказаў бамж. - Там лахманіна, накрыесься.
        Салдат моўчкі падняўся, але не палез у нару-зямлянку, а прымасьціўся пад абрывам побач і адразу заснуў. Сноў ніякіх ня бачыў - ён іх наогул ня сьніў, - але не даспаў да ранку. Прачнуўся на золку ад сьцюжы, - ля ракі было куды халадней уначы, чым на баравінцы ў лесе, тут дрыжака даймала, як мае быць. Раз за разом скаланаючыся, ён падышоў да цяпельца, ля якога ў сьвітальным паўзмроку шарэла самотная постаць бамжа.
        - Што, ня сьпіцца? А, холадна. Ну то зь непрывычкі. Мусіць, ад мамкі нядаўна? - хрыплаватым зранку голасам загаманіў бамж. Як ужо заўважыў салдат, бамж наогул быў ахвочы пагаманіць. Тое ўвогуле падабалася салдату, які сам ня дужа быў гаваркі й ня дужа любіў адказваць на чые-небудзь пытаньні.
        - Ноч цёплая. Туман...
        - Ноч цёплая, - падхапіў бамж. - А есьці ўсё роўна хочацца. Так што бяры вуду і закідай. На ранку, можа, лепш возьмецца.
        Ён прычапіў да жылкі свой беражоны кручок, і салдат, усё скаланаючыся, пайшоў да трысьнягу ў затоку.
        Неўзабаве, суняўшы ранішнюю дрыжаку, ён як мага далей кідаў у ваду паплавок і чакаў, чакаў, што вось-вось клюне. Ды ні чарта не клявала. Вада была ціхая, ад паплаўка, як упадзе, на паверхні далёка расплываліся кругі, якія затым патроху зьнікалі. Ён чакаў, як паплавок торгне і вада ля яго здрыганецца, паплавок, можа, нырне - раз і другі, -пэўны знак таго, што ўзяўся. Лешч, падлешчык ці хоць бы які акунёк. Ды мінаў час, паплавок ляжаў ціха, клёву не было. Неба над лесам тым часам зусім прасьвятлела, у зоне пачынаўся новы дзень.
        Тады салдат падумаў, што, мабыць, трэба зьмяніць прынаду, - гэтыя белыя, з-пад хваёвай кары чарвякі, можа, ня самы лепшы для рыбы корм, трэба пашукаць звычайнага дажджавога чарвяка.
        Паклаўшы вудзільна канцом у ваду, ён адышоўся далей, пашукаў нізкаваты, зь дзерніной беражок і кароткай палкай стаў яго раскопваць. І сапраўды, хутка натрапіў на нейкае пачварства ў зямлі, хіба толькі падобнае да таго, што ён шукаў. То быў не чарвяк, а нейкі чырвоны вуж з палец таўшчынёй, доўгі, як яго выцягнуў салдат зь зямлі, - можа, нават паўмэтра даўжынёй. Перамагаючы гідлівасьць, салдат растаптаў абцасам яго галаву (хаця было не зразумець, дзе ў яго галава, а дзе хвост) і кінуў астатняе ў раку. Ці не ад радыяцыі тое? - спуджана падумаў хлопец. Каму радыяцыя - пагібель, а каму - во, спрыяе. Каб так паспрыяла чалавеку... Ён і яшчэ пакалупаўся ў беразе, шукаў звычайных чарвякоў, ды звычайныя тут, мабыць, вывеліся, ці не панішчаныя гэтым мутантам? - падумалася хлопцу. Мусіць, то натуральна, паводле законаў прыроды, калі той, хто дужэйшы, пажырае слабейшага. Як і ў людзей.
        Як ён вярнуўся да вуды, паплавок яе чамусьці плаваў ля самага берагу. Затрывожаны хлопец выцяг з вады вудзільна і сапраўды спалохаўся - кручка не было. Ад паплаўка гайдаўся кароткі канец жылкі і ўсё. Але куды ж ён падзеўся, хто яго адарваў? Мусіць, каб адарваць, трэба было тузаць, але ж ён ня тузаў. Ён наогул не чапаў вудзільна. Доўга не разважаючы, хлопец зьдзеў боты, падкасаў штаны і палез у ваду. Ён старанна абшарваў трысьнёг на водмелі, зялёныя травяныя водарасьці, як толькі іх можна было дастаць. Глыбей, праўда, нічога не было відно, адно стаяла мутнаватая вада, у якой штосьці струменіла і гайдалася - цякло ў адзін бок, усё да таго ж Чарнобылю. Добра, што не з Чарнобылю, падумалася хлопцу, хаця ад таго ня стала лягчэй. Кручка нідзе не было.
        - Што, адарваў? - крыкнуў ззаду бамж, падышоўшы па беразе.
        - Ды во...
        - Я ж табе казаў... Цяпер галаву тваю адарваць! - пагразіўся той і таксама пачаў разувацца.
        Салдат чакаў лаянкі і быў да яе гатовы, бо завінаваціўся пэўна. Але вялікай злосьці ў бамжа не адчувалася, той толькі вылаяўся, і праз хвіліну яны ўдвох лазілі па калені ў вадзе, мацалі ў дне нагамі, шарылі рукамі ў трысьнягу. Замутнёная імі вада не давала ў сабе шмат згледзець, муць няхутка зганяла ленаватым цячэньнем; цячэньне магло сагнаць і кручок з канцом жылкі. Бамж лаяўся, але не на салдата - хутчэй так, каб спатоліць прыкрасьць. Сапраўды, становішча іх рабілася ўсё горшым, было чаго злаваць. Урэшце абодва яны скалелі ў ранішняй вадзе й выбраліся на бераг.
        - А можа й добра, - раптам сказаў бамж. - Менш радыяцыі набяром.
        Салдат не адказаў. Увесь час адчуваючы, як смокча пад грудзямі, ён адышоўся ад вогнішча і, не зьнімаючы макравага бушлата, выцягся на траве. Туман над рэчкай увесь ужо сплыў, стала цяплей; на небе гулялі прыгожыя белыя аблачынкі, - неба абяцала цёплы пагожы дзень. Але неба не абяцала харчу - пра харч трэба было дбаць людзям. Толькі дзе і як?
        Яшчэ да таго, як трапіць на хутар да самасёла, ён швэндаўся наўкола зоны і аднойчы выйшаў да аўтобуснага прыпынку на ўзьлесьсі. Якраз падкаціў гарадзкі аўтобус, зь якога выйшла некалькі пасажыраў, усе таропка скіравалі да недалёкай вёскі. Толькі адна зь іх - немаладая вясковая цётка, затрымалася, паклала долу свае хатулі. Стоячы недалёка за кустом, салдат згледзеў, як цётка дастала з хатуля белы гарадзкі батон, адламала ад яго ладны кавалак. Ён глядзеў і баяўся, што тая на ягоных вачах пачне есьці - хлопец быў згаладнелы і думаў, што не стрымаецца. Але цётка, мабыць, ня ўчула ягоных думак і са смакам узялася ўплятаць гарадзкі гасьцінец, - таксама, відаць, была згаладнеўшы. Кепска сабой валодаючы, салдат выйшаў з-за кустоў і, стараючыся, як мага спакайней мовіў: «Не палохайцеся, цётачка, я...»
        То была ягоная памылка, як ён зразумеў пасьля, ня трэба было так напружана, амаль трагічна; трэба было лягчэй, можа нават жартоўна. Але тады жартоўна ён ня мог. Ягоны напружаны тон, а можа, і схуднелы выгляд спудзіў жанчыну, яна крыкнула і, схапіўшы свае хатулі, пабегла да вёскі.
        І ў тым і, можа, у некаторых іншых выпадках лепш было паводзіць сябе бесклапотней, лягчэй, без надрыву. Ды й ва ўсёй ягонай гісторыі таксама, часам думаў салдат. Што здарылася, тое здарылася, ну - пакарайце, гатовы адседзець. А калі што, то гатовы й да вышкі, што зробіш, калі вінаваты. Можа б, усё і ўладзілася як-небудзь. Усё - а як жа зона? Ці ня вылезе яму бокам яшчэ й зона?
        Але куды ж яму было яшчэ дзецца, апроч зоны?
        Ён ахвотна б застаўся на хутары ў дзеда Карпа, калі б той быў далей ад міліцыі. Дзед быў не гаваркі, пра сябе ня надта распавядаў, але й пра яго ня дужа распытваў. Як дажджлівым сьцюдзёным надвячоркам салдат пастукаў у ягоныя вароты, адразу пусьціў. Мабыць, нешта пацяміў зь першага позірку, і хлопцу ня трэба было ні правошта расказваць. Галоўнае - не давялося хлусіць, чаго ён ня ўмеў зь дзяцінства. Хаця не заўсёды казаў і праўду, але кожны раз пасьля ў такіх выпадках было брыдка самому. І ён даўно адчуваў: лепей ня трэба. Лепш па-праўдзе.
        Здаецца, ён зноў заснуў - дабіраў недаспаны ўначы час, - як устрывожана прачнуўся ад блізкіх таропкіх крокаў. То ішоў аднекуль бамж - басанож, бяз шапкі, у высока, за калені, падкасаных штанах.
        - Уставай і давай за дрывамі. Будзем жабаў смажыць!
        - Жабаў?
        - А ты думаў! Смаката, я ўжо еў, - сказаў бамж і вываліў з шапкі дзясятак рознага памеру жабаў. Некаторыя зь іх адразу кінуліся прэч, і бамж босай нагой рашуча спыняў іх паратоўчы спрыт у траве.
        - Куды? Куды скачаш? Я табе дам удзіраць! Знаеш, - сказаў ён хлопцу. - То, можа, і добра. Усё ж у жабаў радыяцыі менш. Бо тутэйшыя, не з Чарнобыля прыскакалі. А рыба чорт яе ведае, адкуль плыве.
        Слабое гэта суцяшэньне ня дужа кранула салдата, які паволі, бяз жаднай ахвоты, палез на абрыў - у бор па дровы.
        Бамж ня хлусіў - ён сапраўды еў жабаў, - ня тут, у зоне, а летась пад Менскам, як яны ўдвох акупавалі нечую пустую дачу. Праўда, тады яны мелі бутэльку, зь якой яно ўсё смачней і адважней. Ягоны напарнік Трушч, нядаўні дацэнт інстытуту, падаў прыклад гэтай адмысловай закусі. Ён жа распавёў, што недзе пад Полацкам мясцовы рыбгас заключыў дамову з францускай фірмай на пастаўку такіх во жабаў - увесну кашамі вазілі ў Парыж на адмыслова зафрахтаваным для таго самалёце. Французы няблага плацілі валютай, на якую начальнік рыбгасу паставіў катэдж над возерам і купіў «Пэжо». Катэдж, праўда, хутка згарэў, а што стала зь «Пэжо», дацэнт ня ведаў. Можа праўда, а можа й плёткі, меркаваў бамж, але цяпер перабіраць не выпадала. Сапраўды, жраць дужа карцела. Як і заўжды.
        Стрымліваючы гідоту, бамж ножыкам выпатрашыў жабіны вантробы, кінуў у раку. Нарыхтаваных жабаў радком расклаў на траве, некаторыя яшчэ тузалі лапкамі, але большасьць ляжала ціха. Салдат прынёс ладны бярэмак сушша, яны раскачагарылі добрае вогнішча і на выграбеным зь яго жары паклалі пляскатыя жабіны тушкі. Спакваля ад вугольля пашыбаваў незразумелы, але быццам зусім нябрыдкі пах смажанага. Жабы памалу пякліся.
        - Хочаш жыць - умей падлу пажраць! - сказаў бамж. - Вось дэвіз савецкіх бамжоў.
        - А што - ёсьць бамжы і несавецкія? - запытаў салдат.
        - А як жа! У Францыі, напрыклад, бамжы. Называюцца па-француску кляшары, дацэнт расказваў. Ну жывуць, я табе скажу, ня горш, чым у нас сакратары райкомаў.
        - Няўжо?
        - Праўда. Дацэнт езьдзіў у Парыж, бачыў. Сьпяць пад саборам, ранічкай сьнедаюць у Булонскім парку. Культурна так, на лаўцы, пасьцелюць газэтку, паставяць бутэлечку чырвонага. Ну і там - францускую булачку, каўбаску. Пасьля - дабавяць яшчэ ў бістро, так забягалаўка па-іхнаму называецца. Ну а абед само сабой - дзе-небудзь на Елісейскім полі...
        - Елісейскіх палях, - паправіў салдат.
        - Можа, і на палях. Калі аднаго поля мала. Іх жа там таксама, мабыць, нямала, кляшараў гэтых... А ў нас якіх, можа, пару дзясяткаў і тым жраць не даюць. Во, трэба жабаў жраць...
        - А не атруцімся?
        - Ні чарта ня будзе, - запэўніў бамж, - радыяцыя ня дасьць. Яна сама каго хочаш атруціць.
        Салдат зразумеў тое як жарт, хаця й на гэты раз яму было не да жартаў. Як і заўжды, ён чуўся прыгнечаным, мала што яго весяліла ці нават захапляла. Тое, мабыць, заўважыў бамж і, знарок сярдзіта пачаў дакараць салдату:
        - Ты гэта - ня кісьні! Малады яшчэ, трэба лягчэй пачувацца. Маладая бяда, яна што пылінка, дзьмух - і няма. Празь месяц і ня ўспомніш. Яшчэ хто ведае, каму пашэнціць - ім там, на чыстай зямлі, ці нам тут, у зоне.
        - Наўрад ці нам, - сказаў салдат.
        - А во й не наўрад! - загарачыўся бамж. - Мы тут сядзім на нікчэмнай зямлі, самі па сабе. А яны там ля ядзерных базаў. Ну па кім смалянуць у першую чаргу, саабразі?
        - Па ўсіх разам.
        - А во й няправільна. Усё ж ты салдат, ды яшчэ дэзэрцір, мусіць слаба ў гэтым петраеш. А я афіцэр запасу, дваццаць гадоў адслужыў, у том чысьле шэсьць у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. Паняў?
        Што было панімаць, думаў салдат. І дурню зразумела, што будуць цаляць па базах. Але гэтых базаў навокал столькі, што промаху проста ня можа быць - за кожным кустом база. Ды й Чарнобыль - ня пустка, там таксама засталіся рэактары. Але салдат не хацеў ні спрачацца з гэтым чалавекам, ні нават абмяркоўваць балючую праблему - у яго свае праблемы былі ня меней балючыя.
        Зноў па адной, як учора падлешчыкаў, яны пачалі есьці падсмажаных жабаў, абсмоктваць іх тонкія костачкі. Жабы ўвогуле былі дробныя, канечне, абодва яны не наеліся, - хіба што раздражнілі свой згаладнелы апэтыт. І бамж абвясьціў:
        - Ну, здорава, ды мала. Знаеш, давай ты нацягай болей дроў, а я зноў у балота. Ужо я іх налаўлю...
        Так яны й зрабілі, - салдат зноў палез у бор, а бамж хуткім крокам пашыбаваў берагам рэчкі да недалёкага балота.
        Салдат хадзіў доўга, забрыў нават далёка. Баравы лес усюды быў прыгожы нейкаю трагічнаю прыгажосьцю. Хвоі зь ціхім гулам гайдаліся ўгары, сьвежай лістотай трапяталіся пад імі бярозкі, бы не падазраючы, дзе расьлі. Дзе на сонечных палянках высока вымахала нейкая невядомая трава, - нібы жыта, нават з пустым калосьсем, ніхто яе тут не таптаў, не касіў. У гольлі нідзе не трапляла путшак, - нават вараньня й таго не было відаць. Аднойчы толькі высока над хвоямі палунаў у небе лясны канюк і таропка паляцеў кудысьці на захад. Чагосьці яму тут не падабалася. Хаця вядома чаго... Куды ж ён улез, радавы ракетнага дывізіёну, што яго тут чакала, скрушна думаў салдат.
        Канечне, трапіў не адзін, цяпер яны ўдвох. Але бамжу што - бамж ужо стары, сваё, мабыць, аджыў, папіў гарэлкі ды й жанчын пазнаў... А салдат нават не пасьпеў каго пакахаць, толькі прымерваўся да нясьмелага юнацкага каханьня. У школе з восьмае клясы падабалася яму адно чорненькая весялушка Сімакова Тоня. Аднойчы напісаў ёй запіску, што кахае і хоча сустрэцца; да пачатку заняткаў паклаў ў тоньчыну парту. Усе перапынкі ні жывы, ні мёртвы сачыў за яе тварам, на якім, аднак, не было нічога, апроч звычайнай ейнай сьмяшлівасьці. Тады, падпільнаваўшы, як яна вярталася з туалету, спыніўся наперадзе і, нічога ня кажучы, уперся ў яе ідыёцкім позіркам. Яна ўскінула свае чорныя броўкі, ціха мовіла адно толькі слова «дурак» і пайшла ў клясу. Пасьля ўрокаў ён знайшоў у глыбіні яе парты сваю запіску і дробненька пашкамутаў яе. Так скончылася, не пачаўшыся, яго дурное каханьне.
        Надвячоркам, як яны, трохі спатоліўшы голад, сядзелі на беразе, бамж папытаўся:
        - Слухай, а чаго ты драпануў з войска?
        - Было чаго, - ціха адказаў салдат.
        - Што, мусіць, камандзіры дапяклі?
        - Дапяклі...
        Ён не хацеў нікому расказваць пра сваю бяду і сваю ганьбу, ён не хацеў нават пра тое думаць, - гідзіўся. Бамж, мабыць, адчуўшы нешта ў ягоным настроі, ня стаў дапытвацца. Ён ужо ўлазіў у свае ўспаміны.
        - Знаеш, а я во хацеў служыць. Я ж па тэхнічнай часьці афіцэр, тэхніку любіў. Цікавая справа - тэхніка.
        - А якая? - зь цікавасьцю запытаўся салдат, прыпамятаўшы свой агрэгат сувязі, зь якім яны нямала напакутаваліся на манэўрах.
        - Аўтамабільная.
        - Ну аўтамабільная, можа, і нічога. Калі не псуецца.
        - Псавацца ўсё можа. Трэба рамантаваць. Але каб рамантаваць, трэба талент мець.
        - Талент?
        - А ты ня ведаў? Думаеш, талент толькі сьпявачкам ды пісьменьнікам трэба? І мэханікам таксама. Я, знаеш, меў.
        - І што ж вы рамантавалі?
        - За дваццаць гадоў усё перабраў - «Газы», «Уазы», «Мазы»...
        - І каторыя лепшыя? - бяз жаднай, аднак, цікавасьці пытаўся салдат.
        - Калі па шчырасьці - усё гаўно.
        - Чаму так?
        - Бо ня ўмеюць рабіць. Або ня хочуць. Хіба такая павінна быць армейская аўтатэхніка?
        - А якая?
        - А хоць бы, як у амэрыканскай арміі. Мы ж на курсах яе вывучалі. Дык наша ад іхнай - як зямля ад неба. А ўсё чаму? Бо перадраць па-людзку ня ўмеюць. Абавязкова спаскудзяць, спрасьцяць і пагоршаць. Як тыя «Жыгулі». Перадралі ў італьянцаў і пагоршылі. А затым пачалі ўдасканальваць, гэта значыць - пагаршаць. Ну і давялі да ручкі. Аўтамабіль патрабуе дакладнасьці, яго напільнікам не ўдасканаліш.
        - Аднак жа езьдзяць...
        - Езьдзяць, бо які ж выбар? «Масквіч» яшчэ горшы. А «Запарожац» - гэты цуд тэхнічнай нядбайнасьці...
        - Ну а грузавыя? Гэтыя, што руду возяць. У паверх вышынёй...
        - Ня толькі руду возяць, яны яшчэ й нашыя ракетавозы. Гаўно таксама. Намучыўся я зь імі пад завязку. На поўначы... Яны добрыя толькі як у боксах стаяць. Вялізныя, колы памалёваны, бампэры выраўненыя, поўны ажур. А вы папытайце іхных мэханікаў... Хаця што пытацца - і яны ня скажуць, яны ж падпіску давалі. Таму - абы роўна, чыста і прыгожа. Як і запраўка коек. Вас жа, напэўна, здорава вучылі койкі запраўляць?
        - Ага, здорава. Усю дарогу, - з усьмешкай зазначыў салдат.
        - Во гэта галоўнае. Як і заўжды. І яшчэ страявая. І палітзаняткі - абедня з нампалітам.
        - Цяпер ужо бывае, што і з папом.
        - Ну, пацеха! - ёрзаў у доле бамж. - Кажаш, з папом нават? Ну дажылася непераможная армія. Добра, што я ў ёй не служу. Адслужыў сваё. Не, увогуле я любіў тэхніку. Калі дзе якая няспраўнасьць, начальства нэрвуецца, крыкі, мат... А мне цікава: у чым справа? Нейкі стук, а не зразумець, дзе. Стукі - яны хітрая штука, скажу табе, на слых не заўжды возьмеш. Бывае стукае ў адным месцы, а прычына ў іншым. Ці з той электратэхнікай, як наша. Знаеш, і цяпер калі рухавікі сьняцца. А табе што сьніцца - дзеўкі? - раптам запытаўся бамж.
        - Мне? А нічога.
        - Ну й кепска. Значыць, у цябе глухая псыхіка.
        - Аглохла?
        - Можа, аглохла, а можа, з такой нарадзіўся, - вырашыў бамж, паварочваючыся на другі бок. - Халера, нешта ў грудзях забалела... Але скажы ты мне, чаго ты ў гэтую зону ўлез? Ці болей не было куды?
        - Значыць, не было.
        - А што бацькі? Ці ня ведаюць, дзе сын?
        - Няма каму ведаць.
        - Панятна. Значыць, сірата. Угадаў?
        - Ну.
        - А што ў хвасьце? Палітыка, бытавуха?
        Што ў яго ў хвасьце - палітыка ці бытавуха, салдат ня ведаў, у гэткіх тонкасьцях сучаснай юрыспрудэнцыі ён ня быў дасьведчаны, з пракурорам не сустракаўся.
        - Аднаго гада пырануў, - адказаў ён ціхманым голасам.
        - Да сьмерці?
        Да сьмерці ці не, таксама ня ведаў. Тады здавалася - так, цяпер пачаў сумнявацца. Можа стацца, што й не да сьмерці, што Дробышаў выжыў, і ўжо яго не прысудзілі б да вышкі. Але што ж тады атрымліваецца? Што ён дарма зьбег з палка ды па дурноце сваёй ускочыў у гэтую зону? Тое было б жахліва. Праўда, бамж, дзякуй яму, болей ня стаў лезьці ў душу, распытваць падрабязнасьці. Падобна, трохі паспачуваў яму і на правах старэйшага пусьціўся ў павучаньні.
        - Знаеш, у эвангельлі сказана: не забі. Думаеш, чаму сказана - што, ворага шкада? Цябе, дурня, шкада. Таго, хто забівае. Куля яна ж забівае двух - аднаго прама, а другога рыкашэтам, пагадзя. Во ў чым загвоздка. Я ўжо нагледзеўся. Вунь у Менску аднаму жонка ізьмяніла. Гарачы быў, малады, ну і ўкокаў яе. Дарэчы, разам зь яе палюбоўнікам. І ўсё так тонка зрабіў, што не раскрылі: маўляў, пайшлі й зьніклі, я скуль ведаю? І што ж, думаеш, яму стала лягчэй? Высах, схуднеў, рак падключыўся. У кладоўцы павесіўся мужык. Без суда і сьледзтва.
        - Ну вядома, - сказаў салдат. - «Праступленьне і наказаньне» Дастаеўскага...
        - Дастаеўскі што! Дастаеўскаму таго й ня сьнілася, што ў нас робіцца. Сын бацьку забівае. Бацька дачку малалетнюю гвалціць. А ты - Дастаеўскі...
        - Дык што ж тады гэтым злыдням? Рабі, што хочаш? Яны ж усё могуць.
        - Яны могуць, ага. Але іхным спосабам супраць іх нельга. Нельга, нельга. Нізашто нельга!
        - А якім жа тады спосабам?
        - А супраць іх спосабаў няма, - глыбакадумна зазначыў бамж.
        - Няўжо?
        - Яны самі сябе павінны прыкончыць. Рана ці позна. Як павукі ў банцы. Калі ў банку да іх кінуць, напрыклад, шаршня, яны ўсе наваляцца на яго і заб'юць у момант. А калі іх там не чапаць - самі сябе пажруць. Бо нікога ня жраць яны ня могуць. Гэта точна, навукай даказана, - сказаў бамж і, мабыць задаволены сваім адказам, хітравата засьмяяўся.
        Салдат маўчаў, задуменна калупаючы дубчыкам у пяску.
        - Забойства - падвойная бяда. Нават калі й ня зловяць, не засудзяць. Цябе ж, мабыць, лавілі?
        - Ня ведаю, - паціснуў плячыма салдат. - Можа, і цяпер ловяць.
        - Тады табе нельга адсюль патыкацца. Сядзі. Тут яшчэ, можа, як пераседзіш.
        - Чаго ж я тут дасяджуся? - нэрвова папытаўся салдат.
        - А знаеш, усё можа быць. Уласьць зьменіцца - у нас жа таксама яна мяняецца. Ну, калі там памрэ хто. Ці амністыя. Ці дзе новы рэактар выбухне, - бамж зноў засьмяяўся.
        - А радыяцыя? - узьняў галаву салдат.
        - Во я й кажу: калі раней радыяцыя ня скруціць. Яна -паскудная сука, падбіраецца на каціных лапках, а хапае, як тыгра.
        - Скуль вы ведаеце?
        - Ведаю, - няпэўна адказаў бамж. - Па сабе адчуваю.
        Такі паварот размовы быў не па нутры салдату, і ён моўчкі ўстаў. Памалу пайшоў па беразе, пазіраючы на раку, нібы тая магла чым суцешыць. Было крыўдна на сваю няўдалую долю - і чаму гэткая дасталася яму? Чаму ён трапіў да гэтага гада Дробышава, а не да якога лепшага сяржанта? І мала яму было бяды ў палку, дык яшчэ ўлез у гэтую страшную зону. Усё ж, мабыць, яна сапраўды страшная - дарма некаторыя кажуць, што такія страхі перабольшаныя. Мабыць, не перабольшаныя, калі ад яе ўцякаюць людзі. Людзі ведаюць ці адчуваюць небясьпеку, адкуль бы яна ні йшла - ад Бога ці д'ябла. Людзей не ашукаеш. А ён во, здаецца, ашукаўся - ня трэба было бегчы сюды. Хаця, а куды б ён пабег - бяз грошай і бяз зброі? Са зброяй, напэўна, усё магло б быць інакш. Хаця... Вунь бамж гаворыць пра рыкашэты. Можа, хопіць яму й аднаго рыкашэта, які ўжо ці ня трапіў у яго.
        Шмат што ва ўласным лёсе салдата здавалася яму няпэўным ці зусім кепскім. Людзі, якіх ён сустракаў, таксама ня надта захаплялі яго. Да бамжа ён зь першага дня прыглядаўся з асаблівай увагай - усё ж ня так часта выпадала яму сустракаць бамжоў. Спосаб ягонага існаваньня і некаторыя словы часам зьдзіўлялі салдата, які зь дзяцінства прывык, можа быць, з празьмернай увагай ставіцца да словаў і ўчынкаў старэйшых. У старэйшых хлопцу перш за ўсё хацелася бачыць пэўнасьць і грунт, - якасьці, якіх, можа, не хапала самому. Але не нашмат болей ён знаходзіў іх у старэйшых, сярод якіх таксама панавалі зьменлівасьць і выпадковасьць. Пачынаючы ад дробных, асабістых падзеяў ды ўчынкаў і канчаючы Чарнобылем. Людзі яўна не разумелі, куды йшлі і куды трэба было йсьці. Часам ён думаў, што ўся гісторыя чалавецтва надта ж падобная на мітусьлівы рух згаладнелых мухаў па пустым стале. Ні законаў у тым руху, ні пэўнасьці, адно толькі памкненьне - знайсьці і зжэрці.
        Во і бамж пра радыяцыю кажа то так, то гэтак. То яна для яго - не пагроза, то ён ужо штось адчувае. Хаця што бамж - нават вучоныя ня могуць дазнацца пра ступень яе небясьпекі. Адныя ўстанаўліваюць адныя нормы, другія - другія. Але ўсе вынаходзяць тэарэтычна, а тут даводзіцца выпрабоўваць гэтую халеру на сабе, сугуба практычна. Яны тут, нібы лябараторныя мышы зь нікому непатрэбнай лябараторыі, няплянавыя ахвяры заблытанай навукі. А заадно й гэткай жа тэхнікі. А можа, і абаронкі таксама. Салдат нідзе не чытаў, але чуў у размовах, што прычыны катастрофы - усё ж у абаронцы. Для ракет патрэбны ўзбагачаны плутоній, во абароншчыкі й гналі яго, каб выканаць і перавыканаць пляны да сьвята ўсіх працоўных - першага мая. Тэхніка й ня вытрымала. А за ёй і абаронка, ды й палітыка таксама. Але ж у гэтай дзяржаве палітыка - рэч сьвяшчэнная, у ёй ніколі ніхто не сумняваецца. Толькі чаму яна патрабуе столькі ахвяраў?
        Апошнія дні салдат таксама пачаў прыкмячаць у сабе штосьці нядобрае. Нейкія кепскія зьмены пачалі адбывацца і ў яго арганізьме. Стала надта круціцца галава, часам ён нават баяўся, што ўпадзе, асабліва калі доўга глядзеў на рачную плынь. Зноў жа пачала балець шыя пад вухам, увесь час карцела адкашляцца, ды было неяк. Але болей за ўсё яму дакучала адчуваньне голаду. Ад голаду ён слабеў і думаў, што ўсе прычыны яго хваравітасьці - ад недахопу харчу. Здавалася, калі б хоць аднойчы ўволю пад'еў, дык і пачуўся б лепей. Але пад'есьці ўсё не было чаго, а пра іншае ён баяўся й думаць.
        Выратоўчы іх касьцярок, зь якога яны карміліся і які грэў іх уначы і ўраньні, апынуўся карай для салдата. Ён зжыраў неймаверную колькасьць дроваў, якія ўсё цяжэй было здабываць у лесе. Мабыць, усё было б лепш, калі б яны мелі сякеру ці хоць які здатны нож ці кінжал. Але нічога з таго ў іх не было - ні ў бамжа, ні ў салдата, дровы яны мусілі здабываць голымі рукамі. Гарадзкі жыхар, салдат ня думаў, што ў лесе гэта стане праблемай. Галоўнае, калі бамж ішоў на балота, хлопец ня мог на даўгі час адлучацца зь берагу, а адлучыўшыся, кожны раз баяўся, што спозьніцца, і касьцёр згасьне.
        Таго дня ён асабліва далёка й не адыходзіў. Выбраў у маладым хвойніку ссохлую елку, якая была яму пад сілу, і распачаў яе гнуць-хістаць, каб выкруціць з каранямі. Елка была не таўстая, тым ня менш давялося павалэндацца, і хлопец ажно спатнеў, пакуль управіўся зь ёю. Так і павалок цераз падлесак да рэчкі, усё трывожачыся, ці не патух касьцярок. Як ішоў, падклаў зусім трохі, магло й дагарэць.
        Выбраўшыся зь лесу на абрыў, перш за ўсё зірнуў на бераг і ад зьдзіўленьня ледзьве ня выпусьціў елку - каля касьцярка плячмі да яго сядзела незнаёмая жанчына. Касьцярок быццам яшчэ трохі дыміўся, і жанчына, апранутая ў джынсовую куртку і спартовыя штаны, клапатліва падкладвала ў яго тое, што не пасьпела яшчэ дагарэць. Салдат амаль што спалохаўся, што яна можа й зусім патушыць касьцёр, і саскочыў з абрыву.
        - Во падкладваю, каб не патух, - сказала жанчына звычайным, амаль як у хаце, голасам.
        Не адказаўшы ёй, салдат паправіў канцы недагаркі гальля - дымок пагусьцеў, неўзабаве павінны быў паявіцца агонь: касьцярок не затухне. Гэта яго супакоіла, хаця паяўленьне жанчыны амаль затрывожыла, тым больш, што ён тут апынуўся адзін, - бамж з ранку прападаў на балоце.
        - Што, рыбу ловіш? - паўзіраўшыся ў яго заклапочаны твар, запытала жанчына.
        Яна была куды старэйшая за салдата, мела жвавы й востры позірк з-пад цёмных, не памаляваных брывоў; на яе вуснах таксама не было прыкметна сьлядоў памады, і яны здаваліся ня надта выразнымі на худаватым твары. Вольная манера гаворкі й не беларуская мова давалі зразумець, што жанчына не тутэйшая, - хутчэй за ўсё, з гораду. Але як яна апынулася тут? Што ёй тут трэба?
        - Адзін тут? - зноў запытала яна.
        - Не адзін, - буркнуў ён і палез на абрыў па елку. Усё ж трэба было падкласьці ў касьцёр.
        Ён звалок елку з абрыву, падцягнуў бліжэй да берагу і пачаў абломваць галіны. Некаторыя зь іх кідаў у агонь, іншыя, што былі таўсьцейшыя, складваў наводдаль. Жанчына, пільна назіраючы за ім, моўчкі сядзела ля кастра. Пасьля рэзка спытала:
        - Ты дурань, ці што?
        Перш, чым адказаць, ён кінуў у яе бок злы позірк, бо яна яўна бянтэжыла хлопца і, мабыць, не адразу ўцяміла тое. Але зразумеўшы, падышла да яго бліжэй.
        - Давай памагу.
        Удвох яны сталі ламаць зь елкі суччо, хаця, як ён зразумеў, дапамога ад яе была невялікая; яна больш замінала, тузаючы елку. Ростам яна была вышэйшая за салдата і, мабыць, ніколькі не бянтэжылася ў адносінах зь ім. Ён жа немаведама чаму пачаў прыкметна для самога сябе саромецца ад таго, што яна была да яго так блізка.
        - А сякеры няма? - папыталася жанчына, і ён згледзеў, што наперадзе ў яе не хапае зуба.
        - Няма.
        - І пілкі няма?
        - Няма й пілкі.
        - Як жа ты тут абыходзісься? Рукамі?
        - Рукамі.
        - А як рыба? Клюе?
        - Клюе, - проста адказваў ён, ламаючы таўсьцейшыя сукі зьнізу. Жанчына абломвала болей тонкія зь вершаліны.
        - І шмат налавіў?
        Прыпамятаўшы іхны ўлоў і страчаны кручок, ён крыва ўсьміхнуўся. Падумаў, аднак, што падрабязнасьцяў ёй тлумачыць ня будзе. Хто яна такая, каб усё ёй тлумачыць.
        - А дзе ж твая вуда? Ці, можа, сетка? - не змаўкала жанчына.
        - Для нашай рыбы вуды ня трэба, - сказаў ён, маючы на ўвазе жабаў.
        - Во як! Значыць, ты тут не адзін?
        - Не адзін, - сказаў ён і ўпершыню проста зірнуў ёй у твар, затрымаўшы позірк на вязанай шапачцы на галаве. Усё ж улетку ў зімовых шапках жанчыны ня ходзяць, нават у лесе. Чаму гэтая ў шапцы? Ягоны позірк, аднак, зараз жа прыкмеціла жанчына.
        - Што, думаеш - благая шапка? Вельмі нават зручная. І камары не кусаюць. Дык з кім жа ты ловіш?
        - З кім трэба, з тым і лаўлю, - стрымана сказаў ён і змоўк. Недарэчная цікаўнасьць жанчыны пачала дакучаць салдату. Добра яшчэ, думаў ён, калі тое - толькі цікаўнасьць. Хутчэй бы прыходзіў з балота бамж, ужо ўдвох бы яны знайшлі як адчапіцца ад гэтай жанчыны.
        Жанчына ў сваю чаргу таксама зразумела, мабыць, што няшмат даб'ецца ад гэтага недарэкі-хлопца ў салдацкім бушлаце, і сказала пра сябе:
        - А я гэта іду, гляджу - касьцярок, і нікога няма. Ну, думаю, прыкуру, а то запальніца скончылася. А топаць далёка...
        - Гэта куды ж - топаць? - ваўкавата запытаў салдат.
        - Туды, - няпэўна махнула рукой жанчына.
        І тады салдат убачыў ля вогнішча невялікую гаспадарчую сумку, зь якімі гаспадыні звычайна ходзяць на рынак. У сумцы штосьці было накладзена, аднак, наўрад ці прадукты - з выгляду сумка здавалася лёгкай. У той час з кустоўя ля рэчкі паявіўся бамж, які, убачыўшы іх тут, прыпыніўся, але затым пачаў нетаропка набліжацца па беразе. Жанчына, згледзеўшы яго, кіўнула.
        - Напарнік, ага?
        - Напарнік, - сказаў салдат. Ягоны ніякаваты настрой адразу стаў лепшаць, у прысутнасьці бамжа ён адчуў сябе болей упэўнена.
        Здаля азіраючы жанчыну, бамж падышоў да кастра. У шапцы ён трымаў налоўленых у балоце жабаў і цяпер яўна прыкідваў, што зь імі рабіць. Мабыць, паказваць іх незнаёмай жанчыне ён не хацеў, але й выпускаць таксама было шкада. Жанчына, падобна было, штось зразумела.
        - Што гэта - рыба?
        - Рыба, - раптам сказаў бамж. - Ляшчы. Паказаць?
        - Пакажы.
        Жанчына зрабіла некалькі крокаў насустрач, каб зазірнуць у шапку, адвязаныя вушы якой ён сьціскаў у кулаку. Але, зазірнуўшы, адхіснулася.
        - Фу, гадасьць! Нашто яны вам?
        - Есьці!
        - Есьці? Вы што?
        - А нічога. Голад - ня цётка.
        - Панятна, - не адразу сказала жанчына і адышлася, здаецца, страціўшы цікавасьць і да жабаў, і да іхных лаўцоў.
        Бамж між тым зь нечаканым імпэтам забегаў каля кастра.
        - А во мы іх зараз падкапцім, падсмажым і зьямо за мілую душу. Праўда, салдат? Можам і пачаставаць, калі згаладнела. Адкуль ідзеш? - быццам да добра знаёмай, зьвярнуўся ён да жанчыны.
        - Адтуль, - сказала жанчына і прысела трошкі ўбаку ад вогнішча.
        - Салдат, давай болей дроваў! - па-камандзірску распараджаўся бамж. - Напалі жару. А я іх выпатрашу, нафаршырую цыбуляй ды перчыкам. А як жа! Французы ядуць, а мы што - горшыя?
        Салдат безь вялікай ахвоты ўзяўся падкладваць у вогнішча сухое яловае гольле, полымя ад якога хутка шуганула слупам пад неба. Зблізку ад вагню стала горача, яны адышліся далей; бамж ржавым складанчыкам выпатрашыў дзясятка паўтара жабак.
        - Нябось уцякаеш? - раптам запытаўся ён у жанчыны, якая сядзела зводдаль. Жанчына насьцярожылася.
        - А я не ўцякаю. Хай ад мяне ўцякаюць.
        - Хе! Ты хіба зь міліцыі?
        - Можа, і зь міліцыі...
        - Так я табе й паверыў! - агледзеўшы яе, сказаў бамж.
        Жанчына ў адказ засьмяялася - строгі яе напачатку твар па-добраму прасьвятліўся.
        - Ну й правільна зрабіў. Цяпер верыць нікому нельга.
        На грудку напаленага вугольля бамж распачаў пячы-смажыць жабаў. Седзячы побач, салдат звыкла глытаў сьлінькі й памалу пароў у агонь. Ён чакаў, што жанчына пойдзе, яе прысутнасьць непрыемна гняла яго, ён ужо пасьпеў адвыкнуць ад пустой балбатні зь незнаёмымі. Для пустых размоваў яму даволі было бамжа. З жанчынай, напэўна, трэба было абыходзіцца інакш, асабліва з такой во бессаромнаю прыліпалай. У размовах з жанчынамі ён наогул рэдка калі трапляў на патрэбны тон, часьцяком саромеўся і нават пакутаваў з таго.
        Празь якую гадзіну ці болей жабкі, здаецца, падсмажыліся, і яны паселі іх есьці. Жанчына па-ранейшаму мясьцілася трохі ўбаку ад вогнішча, і салдат падумаў: ну, цяпер ужо пойдзе. Але яна нікуды ня йшла, і калі бамж падаў ёй невялічкую жабку на шырокім лісьце дзядоўніку, які служыў ім заместа талерак, нерашуча ўзяла яе. Аднак есьці пакуль не сьпяшалася.
        - А солі? Солі ў вас няма?
        - Чаго няма, таго няма, - ахвотна патлумачыў бамж. - Знаеш, і выпіць няма. Можа, у цябе маецца?
        - Чаго няма, таго няма, - бы перадражніла яго жанчына і ціхенька, неўпрыкмет уздыхнула.
        - Дык еш. Нябось даўно ня ела?
        - Даўнавата, - прызналася жанчына. - Тут дзе возьмеш?
        - Тут нідзе няма. Апроч як у нас, - жартаваў бамж. - Рэстаранчык на беразе. Бы паплавок, праўда, салдат?
        Салдат няўтульна пацепаў плячыма, падумаў: чаго ён чапляецца? Хай бы й чапляўся да яе, калі яму цікава, ды пакінуў яго ў спакоі.
        Хутка яны скончылі тых жабаў, абсмакталі іх дробныя косткі, якія бамж сабраў у адну кучку ды затаптаў у пясок.
        - Во й паабедалі! І павячэралі таксама. Ну як - нішто?
        Жанчына няпэўна цепанула плечукамі - мабыць, адказу ў яе не знайшлося. Замест таго яна штосьці дастала з сумкі.
        - Закурым?
        - А мы некурашчыя, - адказаў бамж.
        - Траўку...
        - Траўку? Тады давай.
        Жанчына спрытна згарнула з паперкі таўстую цыгарку, прыкурыла ад вугальку з кастра. Бамж падсунуўся да яе бліжэй.
        - Цябе як зваць?
        - А цябе?
        - Мяне - Жора.
        - Ну калі ты - Жора, дык я - Жаржэта. Чуў такое імя?
        - А як жа! Толькі як ты тут апынулася? Тут жа зона.
        - Ну і хрэн зь ёй, з зонай, - рэзка, без усьмешкі сказала жанчына. - Нам дык чаго баяцца?
        - А сьмерці?
        - Сьмерць я ўжо бачыла. Нават пацалавалася зь ёй. Во, паглядзі!
        Яна ссунула з ілба вязаную шапачку, і на выстрыжанай скроні паявілася белае лапікла лейкаплястыру.
        - Што гэта?
        - Ад кулі. Кілер быў п'яны, не пацэліў.
        - Кілер?
        - А ты думаў - пятух клюнуў?
        - І завошта?
        - За грошы, канечне. За што ж яшчэ?
        - І вялікія грошы? - зь цікавасьцю пытаўся бамж.
        - Увогуле драбяза, - абыякавым тонам распавядала жанчына. -Асноўныя грошы пасьпелі перагнаць за рубеж. Во толькі самі зяўнулі, рэшту не хацелася губляць. Ну, сябрук мой і атрымаў у свой круты лоб. А мне з рыкашэту - таксама.
        - Аднак! - задуменна мовіў бамж. - Рызыковая ваша жытуха -з грашыма.
        - Была з грашыма. А цяпер пуста ў кішэні.
        - Ну й добра. Ужо цяпер кілер адстане.
        - Не скажы. Калі б адстаў, я б тут не апынулася.
        - Во як!
        Яны змоўклі, жанчына падала бамжу тоўсты недакурак, які той ашчадна ўзяў закапцелымі пальцамі.
        - Што - ужо курыў?
        - Было некалі...
        - А пацан? Хаця яму яшчэ рана, - вырашыла жанчына, з усьмешкай азірнуўшы салдата.
        Яму й зусім стала нялоўка, амаль пакутна. І гэтая размова пра грошы, кілераў, і курэньне «траўкі» непрыемна падзейнічалі на яго, карцела ўстаць ды пайсьці. Хай бы яны тут курылі й спавядаліся адзін перад адным, усё ж у яго быў інакшы, чым у іх, лёс. Аднак штосьці ў асобе гэтай жанчыны прыцягвала ягоную ўвагу, і ён, хоць і зь непрыязнасьцю да яе, сядзеў і слухаў.
        - Адной табе кепска, - сказаў бамж. - Напарніка трэба.
        - Дзе ж яго ўзяць - напарніка?
        - А мяне вазьмі. Ці, можа, хлопца. А што - у войску служыў, дэзэрцір...
        Салдат моўчкі ўстаў і берагам рэчкі пайшоў прэч.
        Ён доўга й бяз справы хадзіў між хвояў, пазнаючы ўжо бачаныя мясьціны лесу, часам прыкмячаючы дзе сухія сукі, якія маглі б спатрэбіцца для агню. Лаўжоў у доле тут было мала, пад хвоямі шырока распаўзьліся зялёныя лапіклы чарнічніку, хутка павінны былі паявіцца й ягады. Але галоўнае баравое хараство буяла ўгары, у бронзавым пераліве хвояў, якія, бы на падбор, стаялі ўсе роўненькія - і таўшчынёй, і ростам, і колерам аздобы, які плаўна мяняўся з камля ад шэрага да ярка-залатога ў вершалінах. Ад гэтых хваёвых вершалін імкнула чароўнае лесавае хараство, якога не было ні ў якім іншым лесе. Аднак і тут панавала самота, і салдат не разумеў, чаму. Ужо гэткая баравая лагода павінна б суцешыць, заспакоіць, абнадзеіць чалавека, а во не абнадзейвала. Хіба паглыбляла тугу - добра яшчэ, што не бурыла спакой. Спакою было тут нават багата, і чалавек нярэдка пераставаў прыкмячаць яго.
        Паяўленьне тут гэтай незнаёмай жанчыны, здаецца, сапраўды разварушыла трохі заспакоеныя пачуцьці салдата, пабудзіла ў ім паўзабытае пачуцьцё няёмкасьці. Падобна на тое, што ён пачаў адчуваць сябе лішнім ці, можа, пабаяўся страціць бамжа? Але бамж асабліва яго й не трымаў ля сябе. Болей за ўсё верагодна, што ён адчуў непажаданую пэрспэктыву адзіноты, ад якой ужо стаў адвыкаць. І цяпер гэтая жанчына...
        Ён ніколі ня ўмеў нармальна адчуваць сябе побач з жанчынай, асабліва перад тымі зь іх, што былі старэйшыя, такія гаваркія і востраязыкія; іх жаночыя жартачкі, скіраваныя на яго, бянтэжылі й крыўдзілі яго. Ён злаваў часам, але не на іх - на сябе, ды нічога зрабіць ня мог, ня мог перасіліць сябе, толькі трываў. Калі не было магчымасьці ўстаць і пайсьці. Як во сёньня.
        На чабаровай прагаліне ён паваліўся ў траву, прагна ўдыхаючы знаёмы гаючы водар, які памятаў яшчэ зь дзіцячых гадоў, як на канікулах жыў у бабулі. У полі ці ў лесе бабуля заўсёды зьбірала розныя зёлкі, сушыла іх у цёмных сенцах, і ён часам пытаўся: нашто? Ад хваробы, казала бабуля. Узімку прастудзісься, захварэеш, а я завару гарбаткі - пап'еш і паправісься... Калі б была жывая бабуля, пэўна, яна б і зараз заварыла якіх-небудзь лекаў - ад радыяцыі. Ён бы выпіў і быў здаровы. Але бабулі няма, а праклятая радыяцыя затаілася дзесьці паблізу й чакае. Чаго толькі чакае? І колькі будзе чакаць?
        Як пачало зьмяркацца, салдат вярнуўся на бераг. Ён думаў, што жанчына пайшла - што ёй тут рабіць зь імі? Але аказалася, што побач з бамжом яна сядзіць ля агню і пра штось ціха гутарыць. Штосьці расказвае. Каб не замінаць ім, салдат апусьціўся на абрыве зводдаль, пачаў азіраць затуманенае вечаровай смугой зарэчча. Там, між лугавога кустоўя, ужо паднімаўся туман, няроўным поцягам плыў-расплываўся ля рэчкі, мкнучыся да ўжо затуманенай лесавой далечыні. Як заўжды, сьвятло мкнула зьяднацца са сьветлым, цьма - зь цемнатой, мусіць, у тым і была іх таемная спрадвечная роднасьць. Як і яшчэ пацямнела, мужчына з жанчынаю ўсталі ад вогнішча й пайшлі ўгару, пад хвоі. Трохі счакаўшы, салдат спусьціўся да агню, падклаў палак і сеў на сваё звыклае месца - тварам да рэчкі. Ён пазіраў у агонь, але слых яго лавіў таемныя й яўныя гукі лесу. Сьпярша там чуўся наводдалі ціхманы гоман, пасьля быццам крык, які змусіў яго насьцярожыцца. А затым пасьля працяглага перапынку данёсься бесклапотны жаночы сьмех. Што б гэта ўсё азначала? -засяроджана думаў салдат, пра што-колечы, аднак, здагадваючыся. Але - толькі здагадваючыся. Самому ў такім становішчы апынацца не даводзілася, а з мужчынскіх размоваў можна было меркаваць аб розным.
        Каля касьцярка ён і задрымаў пад ранак - як заўжды, паклаўшы галаву на калені, і прачнуўся, бо адчуў, што хтосьці падышоў побач. Гэта была жанчына, і яе голас аж спалохаў яго ў цішыні.
        - Бедненькі, ён тут скорчыўся, бы сіротка, - казала жанчына, сядаючы побач. Яе лёгкая рука лягла на яго плячо, твар наблізіўся да ягонага твару, і ён адчуў яе незнаёмае дыханьне. - Напэўна, азяб?
        - Ды не, нічога, - ціха адказаў ён, нечакана для сябе -амаль прыязна.
        - Такі маладзенькі... Хочаш, я цябе пагрэю?
        Салдат здрыгануўся ад настойлівага дотыку яе абедзьвюх рук, спрабаваў адхіліцца. Здаецца, ён спалохаўся і ўжо гатовы быў зьненавідзець сябе за той свой спалох. Але штось непадуладна калючае ўзьнялося ў ім знутры, і ён ваўкавата мовіў:
        - Не нагрэліся... Там?
        Жанчына ціхенька засьмяялася.
        - Ды ну! Нагрэесься з вамі. Адзін стары, другі малы...
        - Ну і хай, - сказаў ён. - Нашто ж тады вяжасься?
        - Аташчалі, відаць. На жабах, - пасьля паўзы ўздыхнула жанчына і выразна з жалем сказала: - Што ж!
        Пасьля, адхінуўшыся, скруціла цыгарку з «траўкай», прыпаліла ад дымнага дубчыка з вагню і ўстала.
        - Думала, хоць парачку награжу. Дзеля помсты. Не атрымалася.
        Салдат узьняў галаву - жорсткія словы жанчыны змусілі яго здрыгануцца.
        - Чаго дзівісься? Кажу, наградзіць хацела. Сьпідзікам. Такім маленечкім, невылечным. Мяне ж таксама салдат наградзіў. Ну хай не салдат - афіцэр, якая розьніца. Так што табе пашэнціла, пацан! - жорстка паведаміла яна.
        Салдат марудна спасьцігаў сэнс тых яе страшных словаў і ня ведаў, што адказаць. Дзякаваць або лаяцца. Хацелася запытаць: а як бамж? Але не запытаў. Хвіліну ён няўцямна пазіраў на жанчыну, якая, прысеўшы на кукішкі, са смакам зацягвалася «траўкай». Не дакурыўшы цыгарку, кінула яе ў вагонь і ўстала.
        - Віднее. Пайду. На Ўкраіну ў які бок? Туды? - махнула яна рукой.
        - Ну, - разгублена буркнуў ён.
        - Я тут заплутала трошкі. Даўно не хадзіла. Іншыя справы былі, - наркота!
        Наркота, наркота, - стукала ў ягонай галаве невыразная думка, і ён прыпамятаў яе ўчарашнія словы пра кілера.
        - А кілер? - запытаў ён.
        - Што? А, кілер! - спахапілася яна й засьмяялася, лёгка й шчыра. - А вы й паверылі!.. Ярунда ўсё. Гэта - па п'янцы...
        Не разьвітаўшыся, яна хутка пайшла па сьцежцы да трысьняговай затокі, пасьля прыпынілася, і ў ранішняй цішыні сьвежа прагучэў яе недалёкі голас:
        - І сьпід - ярунда! Схлусіла я вам. Так што ня бойцеся...
        Салдат сьпярша падняўся, узіраючыся ў яе невялічкую на лесавым фоне постаць, затым апусьціўся зьбянтэжаны. І калі празь якіх паўгадзіны з абрыву да яго скочыў бамж, толькі сказаў:
        - Пайшла.
        - Хай ідзе, - абыякава азваўся бамж. - На Ўкраіне нарката дзешавей.
        Салдат не хацеў яму ні пра што расказваць, ні тым болей - пытацца. Сам ён разумеў няшмат, але й таго, што ўцяміў, для яго хапіла...
        
        Колькі наступных дзён іхны найбольшы клопат стаў - жабы.
        Зранку бамж ішоў у недалёкае балота, там разуваўся, зьнімаў порткі і, асьцярожна ступаючы, лез у балота. Жабы і ня дужа ўцякалі ад яго, ляніва скакалі з-пад ног, і ён хапаў іх за даўгія жылаватыя лапы, піхаў у шапку. Праўда, жаб рабілася ўсё меней, трэба было добра палазіць па багне, каб налавіць на вячэру.
        Салдат тым часам падкладваў у цяпельца дроваў і лез на абрыў. Паблізу ў бары ён ужо падабраў усё, што магло гарэць, цяпер па дровы трэба было ісьці далей, у дробны сасоньнік за баравым пагоркам. Здалёку цягнуць іх да рэчкі рабілася цяжка (ці, можа, хлопец так зьнясілеў), некалькі разоў на шляху ён адпачываў у доле, дарэшты спатнелы ў сваім зашмальцаваным бушлаце. Бушлата ён не скідаў ніколі, як ніколі не зьдзяваў свае кухвайкі бамж. «Усё маё нашу з сабой», - сказаў той аднойчы, як салдат заўважыў, што трэба б распрануцца, бо стала горача. Бамж не сказаў болей нічога, а салдат падумаў, што той, зь яго немалым вопытам, мае на гэты конт і пэўную рацыю. Ён таксама ніколі тут не распранаўся.
        Пра палітыку яны не гаварылі, быццам палітыка іх не датычыла. Падобна было, што ў атамнай зоне яны выйшлі з зоны палітыкі, як і ўлады таксама, і падпарадкоўваліся адно ня менш строгім законам прыроды, законам выжываньня. Толькі аднойчы, як бамж прачнуўся на сьвітаньні, каб падмяніць салдата ля касьцярка, сказаў нібы ў працяг колішняй гутаркі ці, можа, чаго ўбачанага ў сьне:
        - Знаеш, салдат, увогуле я - за камунізм. Начарта мне гэты капіталізм...
        - Мусіць, таму, што капіталаў бракуе? - з усьмешкай сказаў салдат.
        - Не, не таму. Пры камунізме мяне, мабыць, даўно б у турму пасадзілі. А тут пакуль каго не заб'еш, не пасодзюць.
        - А вам што - у турму хочацца?
        - Ня тое, каб хацелася. Але ў турме, калі параўнаць, - рай. Асабліва зімой. А што? Цёпла, кормяць, кампанія нейкая. А паспрабуй перазімаваць у паддашшы. Ці ў каналізацыі. Ды паваяваць зь міліцыяй, з крыклівымі дворнічыхамі. А ў сьмецьцевых скрынях пры дамах цяпер што знойдзеш? Людзі самі ўсё жаруць, толькі цалафан выкідваюць, - мовіў ён зь нейкаю нават крыўдай. - Начарта мне гэты капіталізм, лепш быў сацыялізм.
        - Каўбаса дзяшовая, - у тон яму зазначыў салдат.
        - І каўбаса, і шмат што іншае. Вазьмі агароды. Можна было пайсьці і накапаць бульбы ці там нарэзаць капусты. Нікому не шкада - усё калгаснае. А цяпер цябе гатовы з ружжа застрэліць за адну маркоўку. Вунь старога бамжа ў Зялёным і стрэльнулі. За дзьве маркоўкі аддаў жыцьцё. Не аддаў на вайне за радзіму, дык за дзьве маркоўкі аддаў. Не, нашаму брату пры сацыялізме лепш.
        - Мусіць, пры сацыялізме і бамжоў не было. Не дазвалялася.
        - Не дазвалялася, ага, гэта праўда. Нават жабракоў вывелі.
        - А жабракі і бамжы - гэта не адно й тое ж?
        - Вялікая розьніца, - сказаў бамж. - Жабракі просяць, а бамжы - ніколі. Хіба, калі ім самі даюць. Бо гонар маюць.
        - Во як! А я й ня ведаў.
        - Бо малады і шмат чаго ня ведаеш. Але я цябе навучу. Раскажу пра сацыялізм як вышэйшую фармацыю... Чаго? Капіталізму ці камунізму - ужо й забыўся.
        - Але некаторым і пры капіталізме няблага, - сказаў салдат. - Вунь якія катэджы набудавалі. Зноў жа іншамаркі...
        - Набудавалі, ага. Жульлё рознае. Што яны зарабілі на тыя катэджы? Накралі і карыстаюцца. Была ўлада савецкая, а стала бандыцкая. Знаеш, аднойчы я не стрываў. Ну, у Менску. Бачу, у двары двое корпаюцца ў новенькім «БМВ». Знаеш, апошняя мадэль, усё ў ім блішчыць, бы ў люстэрку. І гэтыя пачынаюць у ім разьбірацца: дзе карбюратар, дзе турбанадуў, дзе шрус. А разьбіраюцца слаба, адразу відаць, усё зь нямецкай інструкцыяй зьвяраюцца. Я падышоў, аж душа мая зьнямела, кажу: дазвольце мне, хлопчыкі, толькі зірнуць, я ж аўтамэханік. Яны паднялі галовы, убачылі мае транты, і адзін са стрыжанай патыліцай хапае гаечны ключ - мабыць, памеру 28 на 30, і як гаркне: прэч адсюль, бомж ванючы! Ну, я ім паказаў бамжа ванючага. Я ім выдаў. На двары аж кучка пэнсіянэраў сабралася. І знаеш, мяне падтрымалі.
        - Няўжо падтрымалі?
        - Яй богу. Адзін сказаў: ноччу ім колы папраколваць, каб ведалі. Але гэта дарма. У такога прыгажуна колы папраколваць рука не паднімецца. Хай езьдзіць. Але я ўжо болей яго не пабачу.
        - Хто ж вінаваты...
        - Канешне, сам вінаваты, - азваўся бамж і перайначыў размову. - Ну, як там нашыя жабіны? Ці варушацца?
        Пад той час яны зрабілі некаторы харчовы запас - налоўленых у балоце жабаў пасадзілі ў выкапаную на беразе ямку, напусьцілі туды вады, каб жабы пачуваліся лепей. А каб яны не вылазілі, бамж прыкрыў іх зьверху тонкімі жэрдкамі.
        Цяпер амаль увесь час ён прападаў на балоце. Праўда, зблізку жабаў хутка ня стала, - ці ён іх палавіў, ці, можа, адчуўшы небясьпеку, тыя перабраліся ў дальні канец балота, дзе было глыбей і рос трысьнёг. Часта лазіць туды ў багну бамж асьцерагаўся; зноў жа там сталі трапляць дзіўнаватыя жабы, мусіць, жабы-мутанты, ці што? Некалькі разоў ён лавіў іх зь дзьвюма парамі даўгіх задніх лапаў і сьпярша аж парадаваўся: будзе болей наедку. Але пасьля пакідаў іх у багну - невядома яшчэ, чаго чакаць ад гэткага наедку. Іншым разам яму трапляліся невялікія жабкі зь дзіўна скасабочанай галавой -не ў канцы тулава, а быццам як збоку. Гэтых таксама давялося адбракаваць. За той час бамж ужо набыў пэўныя веды пра жабаў і разьбіраўся ў іх ня горш за якога прафэсара. Дзіва што - столькі часу прабыў у балоце сам-насам з жабамі. Яго толькі трохі дзівіла, што жабы нідзе не квакалі, быццам усе страцілі свой адмысловы жабіны голас.
        Надвор'е на той час увогуле спрыяла іхнаму бамжоўству. Зранку выдараліся негустыя туманы, на траву клалася раса. У паўдзён жа было нават сьпякотна, і тады салдат перабіраўся на абрыў, у засень, пад хвоі. На сонцы ён стаў пачувацца блага: дужа кружылася галава, часам мутнела ўваччу, і ён пераставаў бачыць удалечыні. Але гэта ўсё з галадухі, ад недаяданьня, супакойваў сябе хлопец. Пра горшае не хацелася думаць. З абрыву ён не пераставаў сачыць за вогнішчам, якое слабенька дыміла, хаваючы ў прысаку не патрэбны да часу агонь. Неяк ён задумаўся на абрыве і раптам заўважыў, як касьцярок моцна задыміў, заіскрыў пад сьвежым подыхам ветру, што наляцеў ад рэчкі. Тады хлопец зірнуў у неба і спалохаўся - з-за бору сунулася шызая, з загорнутымі берагамі хмара, упершыню загрукацеў далёкі раскоцісты гром.
        На выпадак дажджу ў бамжа была падрыхтаваная нешырокая пячурка ў абрыве, дзе ляжала некалькі патушаных галавешак. Абпякаючы рукі, салдат пачаў пераносіць з кастра дробныя галавешкі, хаваць іх у пячурку. Але ён не пасьпеў. Зь неба раптоўна абрынуўся дождж-лівень, берагавы пясок умомант змакрэў, рака задымела ад струмянёў і бурбалак, касьцёр хутка асеў і патух. Ужо змокшы ў сваім бушлаце, салдат падаўся да пячуркі, каб неяк уратаваць наношаныя галавешкі, але з абрыву туды таксама паліліся дажджавыя ручаі, яны хутка залілі і пячурку, і ўсе галавешкі ў ёй. Тады хлопец стаў побач і роспачна апусьціў рукі...
        Неўзабаве прыбег з балота бамж, таксама ўвесь змакрэлы, але з жабамі ў пале кухвайкі. Той адразу зразумеў, што сталася і, можа, упершыню брыдка вылаяўся.
        - Ну што цяпер? Сырымі іх жраць?
        Салдат змоўчаў, ня ведаючы, што сказаць, - усё ж ён пачуваў сябе вінаватым, што не ўбярог касьцярка. Але і як было ўберагчы ў гэтай залеве? Мабыць, бамж разумеў тое й не дакараў хлопца, толькі неяк надта засумаваў адразу. Ягоны звычайна дзейны, бадзёры настрой увачавідкі зьмяніўся на заклапочана-пахмуры.
        - Дрэнь справы, - раздумна сказаў ён. - Што есьці будзем?
        Што есьці, салдат ня ведаў; ня ведаў, што ў гэтай сытуацыі можна было прыдумаць, і ён вінавата маўчаў. Бамж абвяла апусьціўся на мокры пясок.
        - І мне нешта сёньня... - сказаў ён і ня скончыў. Салдат занепакоена падняў галаву.
        - А што?
        - Ды ў грудзях душыць...
        Салдат маўчаў, чакаючы, што бамж скажа нешта й яшчэ, але той не сказаў болей нічога. Яны абыдва сьціхлі пад здрабнелым ужо дажджом, размова далей ня йшла, кожны панура аддаўся ўласнаму клопату. Агульны, падобна, разам з дажджом адышоў стараной. Пасьля салдат павярнуўся і памалу падыбаў па змакрэлым беразе, шлёпаючы падэшвамі па набрынялым пяску.
        Становішча іх пагаршалася. Толькі паспадзяваліся на лепшае, знайшлі, як уратавацца ад голаду, ды раптоўны лівень адабраў у іх надзею. Што яны цяпер без агню? Ды й бамж пачаў наракаць на здароўе. А нядаўна яшчэ выхваляўся: загартаваны арганізм, ніякая радыяцыя не бярэ. Не, мабыць, перад атамнай чумой ніхто не ўтрымаецца. Справа толькі ў часе...
        Але што ж ім рабіць?
        Нядаўна яшчэ шмат у чым, што тычылася іхнага тут побыту, салдат спадзяваўся на бамжа, чалавека болей спрактыкаванага ў зоне, мабыць, як і ў жыцьці таксама. Але во аказалася, што й бамж ня ўсё можа і нават ня ўсё ведае. Пра што-колечы трэба даўмецца самому. Калі ня позна...
        Між тым насоўвалася сырая, сьцюдзёная ноч, належала паклапаціцца, як начаваць. У зямлянцы-нары ўсё абрушылася, лезьці туды было неяк. Трохі счакаўшы, пакуль сьціхне дождж, яны пачалі ўладкоўвацца на абрыве. Недалёка ў лесе салдат наламаў яловых галін, якія перацягнуў да абрыву, удвох з бамжом яны расклалі іх пад крайняй сукаватай хвояй.
        - Ну й няблага! Праўда, салдат? - падбадзёрыў сябе й яго бамж. - Галоўнае, ня падаць духам. А там як-небудзь...
        Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывідную надзею. Зрэшты, так, можа, і лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.
        Але й як жыць з такім адчуваньнем?
        Усё ж, мабыць, трэба б яму мець іншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, - можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калі б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам і абразу, як гэта зрабіў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабіў бяды і гэтаму сабаку Дробышаву, і сабе таксама. І калі Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?
        Але й як было рэагаваць інакш ці не рэагаваць зусім? Ня мог ён ні скардзіцца начальству, ні дараваць крыўдзіцелям абразу. Колькі ён наслухаўся ў жыцьці ды начытаўся ў кніжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае і павінны мець здольнасьць абараніць свой гонар. Дык вось ён і абараніў гэты гонар. І чаго тым дамогся?
        Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, - на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапаціцца пра гонар, калі зьнікае магчымасьць жыць...
        Во трапіў у ваўчыную яму. Колькі куды ні скачы - ня выскачыш.
        Яшчэ не зусім сьцямнелася, як бамж лёг на калючую яловую кучу, падкорчыў ногі.
        - Ну, а ты што? - гукнуў ён салдату. - Ідзі кладзіся. Удвох цяплей будзе...
        Салдат доўга і моўчкі сядзеў поруч, думаў. І як зусім стала цёмна, таксама лёг плячмі да бамжа. Спакваля быцам зрабілася цяплей, памалу сунялася настылая дрыготка. І ён заснуў.
        
        Бамж ляжаў ціха, стараўся лішні раз не варочацца, каб не трывожыць хлопца. Сну ў яго не было, пачуваўся ён блага, дарэчы, ня першы ўжо дзень. Сьпярша думаў, што, можа, прастудзіўся на балоце, як лавіў жабаў, але на прастуду было непадобна. Зноў жа да прастуды ён быў загартаваны, даўно ня кашляў і не смаркаўся, забыўся, калі хварэў на грып. Цяпер было такое адчуваньне, нібы ў яго зьліплася правае лёгкае, балела, што не ўдыхнуць; колькі дзён ён абыходзіўся частымі дробнымі ўздыхамі, рабіць хутка ня мог, мог толькі спакваля, памарудзіўшы; нават упраўляцца зь цяжкаватым вудзільнам яму было трудна. Не лягчэй было й нагінацца за порсткімі жабамі. Лацьвей, калі сьпярша іх было багата. Пасьля, аднак, паменшала, і ён, ганяючыся за кожнай, проста зьнемагаў да вечара.
        Сярод самай начы ён, здаецца, заснуў, але праспаў зусім мала. Прачнуўся і ляжаў так, слухаючы лесавы шум. Таемныя гукі лесу даўно яго не трывожылі, нічога ён не баяўся ні ў лесе, ні ў горадзе. І нават тут, у зоне, здаеца, нішто яго не магло напалохаць. Салдат за плячыма роўна і глыбока дыхаў, ад яго мкнула добрае, густое цяпло, яно заспакойвала. Усё ж куды лепш за адзіноту было ўдвох, нават з дэзэрцірам, можа нават забойцам. Але з маладзейшым. Усё ж старому патрэбны малады побач. Са старым часам цікава, але не заўжды прыемна - малады ж абнадзейвае, быццам малодзіць нават. Нават такога застарэлага бамжа, як ён.
        Зрэшты, бамж не заўсёды быў бамж, некалі меў уласнае імя й нават пагоны на плячах, - як служыў у войску намесьнікам камандзіра па тэхнічнай частцы. Апошнія пяць гадоў ягонай службы міналі ў далёкім прыпалярным гарнізоне, дзе ён мацаваў ракетны шчыт радзімы і жыў разам з жонкай, загадчыцай афіцэрскай сталовай, і маленькім сынком Дзяніскам.
        Прыпалярны ракетны гарнізон па сутнасьці мала чым адрозьніваўся ад колішняга Гулагу; там далёка ня кожны мог стрываць нават год, а яны змушаныя былі трываць тры, чатыры, а то й пяць гадоў запар, - пакуль дачакаюцца замены. Суцэльная сьнежная ноч бяз дня, маразы і сьцюжы, гнятлівае пачуцьцё закінутасьці на край сьвету шмат каго даводзілі да канфлікту з начальствам, сям'ёй, нярэдка з самім сабой, што нават канчалася стрэлам у скроню. Міжволі вайскоўцы шукалі нейкае выйсьце, прадуху ў гнятлівым жыцьці і, вядома ж, знаходзілі яго ў бутэльцы ці, лепей сказаць, у бэнзынавай бочцы, у якіх «Ваенгандаль» завозіў на поўнач 95-градусны сьпірт. Гэты напой меў высакародны каньячны колер і за палярную ноч спажываўся дарэшты. А калі яго не хапала, тады ў мясцовай крамцы дужа павялічваўся попыт на адэкалёны, ласьёны ўсіх гатункаў, на розныя тэхнічныя вадкасьці.
        Нампатэх тады і ў сьне ня бачыў сваю хуткую будучыню, быў, як усе, - у меру піў і ня надта цьвяліў начальства. Зусім не цьвяліць было нельга, таго б не зразумелі ні сябры-таварышы, ні падначаленыя, ні нават начальнікі. А галоўнае, не было такой магчымасьці, абставіны вымагалі. Даванаццаць і болей гадзін у боксах каля настылай на марозе тэхнікі, з даўно памарожанымі рукамі, на сьцюжы й скразьняках, у няспынных сутычках з начальствам - сваім штатным, штабным і правяраючым, - усё тое як мае быць выматвала сілы й нэрвы. Адзіным паратункам ад таго было выпіць, расслабіцца, абнавіць нэрвовыя сілы, каб заўтра зноў марнаваць іх у тых самых боксах і тых самых сутычках.
        Так цягнулася шэраг гадоў; мабыць, дацягнулася б і да жаданай зьмены, калі б аднойчы ў разгар палярнай начы ў гарнізон не прыляцеў новы камандуючы ракетных войскаў. Генэрал толькі што быў прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем палітбюро, якое падпісаў сам Леанід Ільліч, і меў жалезную рашучасьць навесьці бальшавіцкі парадак у самым стратэгічным родзе войска. Зрабіўшы двухдзённы разгон у падразьдзяленьнях, зьняўшы з пасадаў двух камандзіраў і трох іх намесьнікаў, генэрал выправіўся на ня дужа далёкі (за 250 кілямэтраў) аэрадром стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Натуральна, як самы вялікі ракетны начальнік, ён ня мог езьдзіць на нейкім вайсковым «Уазе», а прывез з сабой у самалёце адмысловы ўрадавы «Зім», які яго й падвёў. А заадно спляжыў і без таго ня дужа бліскучую кар'еру дывізійнага нампатэха.
        Зрэшты, даўно тое было, за шмат гадоў усё было перадумана, і ён даўно ня меў крыўды на тагачаснага генэрала, што, як ён чуў, дажываў свой век на падмаскоўнай дачы. Разумеў, вінаваты быў сам, ня трэба было так паводзіць сябе, належала б асьцерагчыся. Але й як асьцеражэсься, калі самы блізкі табе чалавек - жонка толькі й пільнавала, каб дзе падлавіць яго, падставіць начальству, бачачы ў тым сваё помсьлівае жаночае задавальненьне. Таго разу пасьля генэральскага разбору ў клюбе, як камандуючы ўжо выехаў за прахадную, і ў палку з палёгкай уздыхнулі, ён зь сябруком у акумулятарнай спажылі бутэльку 95-градуснага, і нампатэх заваліўся спаць. Мінулай начы спаў усяго тры гадзіны пасьля шалёнага перадпаверачнага аўралу ў аўтапарку і цяпер спаў, як забіты. І раптам жонка штурхае яго ў плячо - прыбег дзяжурны. Дзяжурны перадае загад камандзіра паехаць на 27-ы кілямэтар, дзе ў камандуючага сапсаваўся «Зім». Дзяжурныя ўжо езьдзілі, ня могуць зразумець, у чым справа - рухавік не заводзіцца. Што было рабіць соннаму, нецьвярозаму нампатэху? Абклаў матам жонку (нашто сказала, дзе сьпіць) і надзеў паўшубак. Машыну ён даволі хутка наладзіў (у той забракаваў ланцуг высокага напружаньня), і яна завялася. Але пакуль ён корпаўся пад капотам, напрактыкаванае вока камандуючага, мусіць, нешта ў ім згледзела, ён папытаўся прозьвішча нампатэха і кінуў ад'ютанту - запішы. Нампатэх падумаў: ну, будзе падзяка ў загадзе, і сьціпла парадаваўся. Загад сапраўды неўзабаве прыйшоў з вынікамі высокай праверкі, і там пасьля шмат чаго іншага аб'яўлялася аб звальненьні ў запас неадпавядаючых службе афіцэраў. Сярод іншых было і ягонае прозьвішча. І гэта за два гады да выслугі на пэнсію, зь неладамі ў сям'і, у прыпалярным гарнізоне, дзе немагчыма было знайсьці ні кватэры, ні працы.
        А тут і зусім разьюшылася жонка, якая не трывала яго ў пагонах, дзе ўжо было ёй мірыцца зь беспрацоўным. Паўгода яна дамагалася разводу, а разьвёўшыся, тут жа запісалася з даўгавязым, бы жардзіна, прапаршчыкам, нядаўнім сваім улюбёнцам. Ды яшчэ наскардзілася ў палітаддзел на маральнае разлажэньне нядаўняга мужа. У часе чарговых разборак на партбюро ён, не стрываўшы, кінуў на стол свой партбілет і ў той жа вечар добра напіўся. Пасьля, як ня стала грошай, кудысьці паехаў з выпадковым субутэльнікам, у нейкім паўночным гарадку ўладкаваўся інжынэрам мясцовага аўтапарку, дзе праз паўгода яго зьнізілі да брыгадзіра мэханікаў. Затым некалькі месяцаў рабіў шараговым шафёрам, пакуль ДАІ не адабрала правы. Мабыць, самая пара было адумацца, зрабіць нейкія высновы з свае кар'еры наадварот, але адумацца нампатэху не выпадала. Найперш не было часу. Жыў безь сям'і, вадзіўся з процьмай сяброў-субутэльнікаў, выдатных, на яго думку, мальцаў. Нехта зь іх прысватаў яго да таксама неблагой кабеціны (немаладой, праўда), якая рабіла ў гастраноме. Як ён цяпер разумеў, то была цярплівая жанчына і хацела яму толькі добрага. Яна нікому на яго ня скардзілася, калі ён па тыдні не паяўляўся дома, толькі часьцяком плакала, і аднойчы яму стала яе шкада. Як яна сказала, што, можа б, ён падлячыўся ў ЛТП, ён пагадзіўся. Тры месяцы ён сумленна адпакутваў сярод такіх, як сам, небаракаў, глытаў розную дрэнь, драў кішкі ад ванітаў. Але трываў, - ён сапраўды хацеў вылечыцца й завязаць. Ён дужа ўзрадаваўся, як доктарская камісія прызнала ягонае лячэньне скончаным і выпісала адпаведны дакумэнт, які ён з радасьцю прывёз жанчыне. Тая, ня менш за яго ўзрадаваная, прыгатавала смачны абед з украінскім баршчом, які ён заўсёды любіў, заслала на стол новы абрус. Аднак не хапіла хлеба, і ён вырашыў зьбегаць у хлебную краму на суседняй вуліцы. Гаспадыня дала яму грошай -дваццаць пяць рублёў у адной купюры, ён хутка купіў бохан хлеба і скіраваў дадому. Яму можна было ісьці наўпрост, цераз двор, каля дзіцячага садзіка, а можна па вуліцы, дзе на рагу мясьцілася тутэйшая забягалаўка з ласкаваю назвай «Уралачка». Не падумаўшы, ён пайшоў па вуліцы і каля забягалаўкі канешне ж наткнуўся на даўніх сяброў - аднавокага Юзя і Колю Валяўку. Тыя дужа ўзрадаваліся сустрэчы, бо ня бачыліся ад пачатку лета, і папыталіся, дзе быў. «Лячыўся, - сказаў ён. - У ЛТП». - «Ну, і як?» - «Парадак. І спраўку маю». Сябры дужа ажывелі - спраўку належала абмыць. Ён завагаўся, але тыя сказалі: «Ня бойся, можаш ня піць. Мы за цябе вып'ем». Як было адмовіць харошым мальцам выпіць за сябе, і ён зайшоў - на хвілінку. Тая «хвілінка», аднак, задоўжылася, ён выбраўся з «Уралачкі» недзе апоўначы ў дым п'яны, бяз грошай і бяз хлеба. Прадаўшчыца тры дні праплакала, а затым сабрала ягонае майно ў стары чамадан і выставіла яго на ганак. «Ты мне болей ня муж. Тым болей, мы не расьпісаныя»...
        Пасьля былі й яшчэ жанчыны, добрыя і злыя, некаторыя спрабавалі перарабіць яго, адвучыць ад згубнае жарсьці. Былі яшчэ два ЛТП, адзін ганебны прысуд «да хіміі». І ўсё марна, без жаданага выніку. Былы нампатэх ня мог перамагчы ў сабе прагнага шэранькага пацучка, пацучок пасьлядоўна перамагаў нампатэха. Апошні пакутаваў, лаяў сябе за няўдачы й зрывы, але працягваў піць, спыніцца ён ужо ня меў сілы. Галоўнае - ня мог выскачыць з пэўнага кола сяброў. Кожны дзень ён быў на ўзводзе - за свае, заробленыя, ці на халяву, у доўг. Выпіць было куды лягчэй, чым прыдбаць паесьці, і ён часьцяком швэндаўся па вуліцах галодны, нэрвова напяты ад незадаволенага жаданьня ўсё таго ж - выпіць. Толькі апынуўшыся ў зоне, на абсалютнай адзіноце, неяк суняўся, можа, тут паспрыяла прырода, а можа, страх набрацца радыяцыі, хто ведае. Магчыма таксама, што справа ў прымітыўным ладзе жыцьця, дзе не было месца выпіўцы. Сапраўды, ніхто яго тут не падахвочваў, ня тузаў і не забараняў, тут ён круглы дзень пачуваўся свабодным, залежным толькі ад уласнае волі. А свабода, смак якой ён добра спазнаў у бамжоўстве, бы наркотык, цягнула яго да яшчэ большай свабоды. Здаецца, ужо тут яна стала абсалютнай, і ён акрыяў. Калі б толькі пра гэтую атамную зону ня спраўдзілася рознае страхоцьце - наконт радыяцыі, аблучэньня, радыёнуклідаў ды іх наступстваў. Але, думаў ён, хіба небясьпечная толькі зона? Хіба не хварэюць і не паміраюць воддаль ад яе - ад раку, сэрца, ад СНІДу нарэшце. І якая розьніца, ад чаго памерці, калі прыйдзе той час. Ён сам сто разоў мог загнуцца, але ягоны час, мабыць, яшчэ не настаў. А як настане, ён шкадаваць ня будзе. Бо такое было жыцьцё.
        Раньняй вясной міліцыянты выкурылі іх з пустой закінутай дачы, дзе ён зь яшчэ адным небаракам перабылі зіму. Ды яшчэ навесілі на іх рабаўніцтва маёмасьці, якой яны й ня бачылі, бо дачу абрабавалі да іх. Менавіта тады ён рашыў - у зону! Мабыць, іншага месца на зямлі для яго не засталося. Прынамсі, падумалася, што ў зоне яго шукаць ня будуць, і ён пражыве там у спакоі, колькі дасьць Бог. Зноў жа ягоны напарнік, былы інструктар райкаму, сказаў, што ў зоне або адразу адкінеш капыты, або загартуесься, як сталь. Напарнік ведаў, бо ён сам паходзіў з раёну, які апынуўся ў зоне. Праўда, разам ехаць былы інструктар не захацеў, меў нейкія прычыны. Ён жа важкіх прычынаў ня меў і паехаў, як некалі ехалі на цаліну ці на БАМ. Губляць яму не было чаго, грошай ён ня меў, чым харчавацца ў зоне, інструктар яму не сказаў. Але ў яго прапацелай шапцы зь летняй пары тырчэў іржавы рыбны кручок, які яго й выручыў. Ужо ён бярог яго, той кручочак... Увогуле ля ракі ўлетку жыць было можна, ніхто яго тут не трывожыў, за два месяцы ён не спаткаў ніводнага чалавека. Беглы з часьці салдат быў першы, хто тут зь ім павітаўся, і ён быў хлопцу рады. Усё ж, мабыць, чалавек не павінен жыць у адзіноце, нават воўк адзін не жыве.
        Вось каб толькі лепш пачувацца...
        Дагэтуль у яго не было падставаў наракаць на здароўе, пачуваўся няблага нават на поўначы. Праўда, тады ён піў. А тут як вып'еш - раптам натрапіў ён на выразную думку, ад якой апошнім часам неяк зусім адвык. Во ў чым прычына, а ня ў той радыяцыі...
        Раніцай, як толькі пачало шарэць, побач заварочаўся салдат, і бамж зразумеў, што той прачынаецца. Сам ён ляжаў моўчкі, ня маючы ахвоты ўставаць і нават размоваю парушаць ранішнюю цішыню лесу. Не расплюшчваючы вачэй, слухаў, як салдат падняўся, трохі пасядзеў, надзеў у рукавы бушлат.
        - Пайду. Па агонь, - сказаў урэшце хлопец.
        Бамж памаўчаў крыху. Тое рашэньне салдата не сказаць, каб было для яго нечаканкай, але не адазвалася й радасьцю. Дужа трывожліва было на душы ў бамжа, і ён спакваля папытаўся:
        - І куды пойдзеш?
        - А там хутар. За рэчкай.
        - За зонай?
        - За зонай.
        Салдат пераабуўся, устаў, зрабіў сваю справу паблізу. Але ня йшоў. І бамж, набраўшы болей паветра ў балючыя грудзі, сказаў:
        - Ты гэта... Можа, ня варта і вяртацца? Сюды...
        - А куды ж? - павярнуўся да яго салдат. - Куды ж болей?
        - Ну, ці мала куды. Сьвет вялікі.
        - Сьвет вялікі, а месца няма. Счытай, для нас нідзе нет.
        - Для нас нет, - пагадзіўся бамж і ледзьве стрымаўся, каб не заплакаць. Чамусьці сьлёзы падступілі да яго надта блізка, аж закруціла ў носе. Але кароткім намаганьнем ён стрымаў сябе.
        Салдат ужо скочыў з абрыву, як бамж яго прыпыніў.
        - Слухай... Ты гэта там... Ну, можа, хоць чакушачку? Ну, самагону, калі можа...
        - Што?
        - Ну, гэта... Выпіць мне, - слабым голасам патлумачыў бамж.
        - Чаго захацеў! - няласкава азваўся салдат і хутка пайшоў берагам рэчкі.
        Шлях свой сюды салдат збольшага памятаў, той пралягаў уздоўж крывулякі-ракі. Адсюль мо кілямэтраў пяць было да броду, а там яшчэ колькі полем да хутара. Заблудзіць ён не павінны, тым болей удзень. Толькі б не натыкнуцца на людзей, на міліцыю. Галоўнае - за рэчкай перайсьці гравійку-шашу, па якой, напэўна, гойсаюць патрулі, занепакоена думаў салдат. Усё ж як ні было рызыкова, а трэба было здабыць агню, безь якога ім жыць стала неяк. А яшчэ хлопец таіў прыліпчывую надзею паесьці. Можа, у старога паесьці будзе чаго. Той раз ён частаваў салдата бульбай з прастаквашай і нават быў хлеб. Ён доўга яшчэ шкадаваў, што хлеба тады зьеў адну толькі лусту і цяпер адчуў паўзабыты пах зваранай у печы бульбы з падгаркамі на верхніх бульбінах. Можа, яму пашчасьціць, бо згаладнеў ён у зоне, як мае быць. А да жабаў так і не адолеў гідоту і еў хіба, каб не сканаць ад голаду. Нішто яго так не гняло там, як голад, заўжды хацелася есьці. Ніколі раней ня думаў, што пачуцьцё голаду можа быць такім неадвязным і такім гнятлівым. Нават і ў тым даўнім выпадку, як спрабаваў уцячы ад мачыхі да бабулі на вёску і два дні праседзеў у пустым хлеўчуку без вады і ежы. Есьці тады нават ня дужа і хацелася, было страшна, што яго знойдуць. Яго і знайшлі. Дзяўчынкі з суседняга двара падказалі міліцыі, і тая яго ўзяла на сьвітаньні соннага. Пасьля быў пастарунак, нейкая дзяўчына ў міліцэйскім, якая ўсё нешта ад яго дамагалася. Дужа сорамна было затым вяртацца да мачыхі, і ён яшчэ дзень ці болей ня еў. І не хацелася дурню...
        Ісьці каля рэчкі сьцяжынамі было даволі нязручна, тыя толькі дзе-нідзе захаваліся ў кустоўі і лазьняку, а ў большасьці пазарасталі хмызам і крапівой - ня згледзець. Тады ён прастаў шлях і шыбаваў дзе хмызьняком, а дзе лесам; часам трапляла перайсьці лужок з высокай, да калена травой, якая гучна шорхала па халявах ботаў. Людзей не было нідзе. Ды, мабыць, і не магло быць - усё ж тут пачыналася праклятая зона, якой палохаліся за дзясяткі кілямэтраў адсюль. Ён таксама баяўся, але тое ранейшае страхавітае пачуцьцё, зь якім ён ішоў сюды, неяк прытупілася. Падобна, ён стаў прывыкаць да небясьпекі ці прымірыўся зь ёй як зь непазьбежнасьцю. Можа, гэта й добра, а можа й не.
        Абы толькі пашэнціла на хутары, думаў салдат. Абы не спаткаць там чужых, а дзед яму дапаможа. Як дапамог першы раз, дык дапаможа і яшчэ. Ды й ён уважыў старога - пайшоў, каб таго не абвінавацілі, што схаваў. Праз той выпадак дзед нібы стаўся ягоным саўдзельнікам і, напэўна, таксама падлягаў адказнасьці. Цікава, а ці падлягае адказнасьці бамж? Мабыць, так. Усё ж салдат распавёў яму пра забойства, значыцца, той павінен данесьці ўладам. Ва ўсякім разе не хаваць злачынцу. Такія вось законы і такое права - данесьці на таго, хто побач, з кім дзеляць хлеб і ложак... Дужа маральны закон, - нічога ня скажаш, разважаў салдат. Найбольшай бяды належала чакаць ад людзей, якія дужа сябравалі з законамі, а бамж яго не прадасьць, тое салдат адчуваў пэўна. Чаму ён так адчуваў, хто ведае. Мабыць, пачуцьці ня маюць адказнасьці перад законам, таксама як і перад розумам, таму яны й завуцца пачуцьцямі.
        Адно было пэўна - за гэты бядотны час у салдата ня стала нікога больш блізкага за двух чалавек - дзеда і бамжа, во ў чым справа. Ужо яны ўтрох таксама, мабыць, зьвязаныя адным няшчасьцем, і калі што - іх напаткае адна бяда. Ці, можа, ужо напаткала...
        А можа, плюнуць на ўсё й матаць куды далей, - ня ў лад з уласным настроем падумаў салдат. Толькі куды?
        Так разважаючы, ён ішоў краем бору, перайшоў невысокі баравы грудок. Стала цёпла, ён угрэўся, адышоў ад учарашняга залеўнага холаду. Бушлат яго амаль ужо высах. Навакольны баравы лес, як заўжды, замілаванаю радасьцю клаўся на душу. Хлопцу было ў ім міла і прыемна, і хоць на час прападала гнятлівае пачуцьцё, што не зьнікала ніколі. Ён з захапленьнем азіраў амаль кожную хвойку і думаў, што, можа, гэта ў ягоных генах адгукаецца далёкая міласьць продкаў да лесу? Ці, можа, лесу да продкаў - цяпер як дазнаесься? І раптам наперадзе перад ім раскрыўся вялізны пусты прагал, над якім шырока сьвіцілася неба; шмат сонечнага сьвятла ляжала таксама ў доле. Салдат падышоў бліжэй - на вялізным у некалькі гектараў прасьцягу стаялі ссохлыя рыжыя хвоі з таксама ўсохлым рыжым суччом, зь якога абсыпалася долу ігліца. Усё выглядала здаля, нібы даўняе вялізнае пагарэлішча. Але прыкмет вагню тут не было відаць, ніводная хвоя не абгарэла. Значыць, гэта адтуль, ад Чарнобыля, уражаны здагадаўся салдат. Мусіць, добра, аднак, сыпанула сюды стронцыем або цэзіем ці яшчэ якой халерай, і лес не стрываў. Толькі некалькі маладых асінак нясьмела зелянелі між мёртвых хвояў, болей ніякага жыцьця тут не было відаць.
        Аж здрыгануўшыся ад страхавітага пачуцьця, салдат збочыў свой шлях. У гэты нежывы лес страшнавата было паткнуцца, і ён пайшоў у абход. Для таго яму спатрэбілася зрабіць ладны крук, перайсьці невялікае, парослае альхой балотца і нарэшце ён выйшаў да рэчкі.
        Тое, што ён называў бродам, быў колішні рачны пераезд - з абодвух берагоў да ракі вялі зарослыя ўжо быльнягом ды крапівой аўтамабільныя каляіны, налітыя ад учарашняй залевы вадой. Салдат зьняў боты і, сьлізгаючы ў гразі босымі пятамі, перайшоў неглыбокую рэчку. Апынуўшыся на другім беразе, падумаў, што недзе тут канчалася зона і маглі трапіцца людзі. Аднак да шашы ніхто яму не трапіўся, ён перабег няпыльную пасьля дажджу гравійку і скіраваў у поле.
        Закінутае пасьля чарнобыльскага выбуху поле густа зарасло немаведама чым - хамлакі нізкарослага жыта чаргавалаіся з зарасьнікамі аўсюга і вікі, нейкага бухматага разнатраўя, сярод якога дзе-нідзе тырчэлі хілыя кукурузныя калівы, а то пачынаў ярка квітнець люпін. Усё тое ня першы год буяла і расло без патрэбы і рук чалавека, самахоць вяла і дзічэла нікому не патрэбным. Людзі страцілі цікавасьць да гэтай зямлі. Хіба апроч дзеда.
        Як на раўніннай далечы паказаўся шыфэрны дах дзедавага хутару, салдат аж адчуў хваляваньне. Тады, увесну, добра набадзяўшыся па сырых лясах і пералесках, ён забрыў сюды, бо далей ісьці ня мог, згаладнеў дарэшты. Дзедаў падворак толькі здаля нагадваў хутар, а на справе быў крайняй у вёсцы хатай. Але пакуль была вёска. Цяпер жа ад вёскі лічы не засталося нічога, апроч хіба некалькіх зьдзічэлых яблыняў у былых садках, падмуркаў ды студняў. Дамы дарэшты ўсе пабурылі, расьцягалі на дровы, а то й папалілі. На месцы некалькіх падворкаў хлопец убачыў сьмярдзючыя, парослыя дзядоўнікам пажарышчы. Ён тады абышоў усю вёску і толькі на апошнім двары знайшоў жывога чалавека, які нават спрабаваў тут гаспадарыць: набыў каня, нацягаў такі-сякі інвэнтар, меў карову і пачаў гадаваць цялушку. Вакол сядзібы распрацаваў ладны пляц пакінутай зямлі, на якой нешта ўжо расло; зямля была дбайна апрацаваная і нават угноеная. Дзед, падобна, чуўся здаровым, ня дужа баяўся атаму. Ягоны прыклад даў бегламу салдату немалую надзею.
        Салдат таропка крочыў да хутара па бульбяным палетку са сьвежа акучанымі барознамі; дзе-нідзе ўжо зацьвіталі бела-сінія кветачкі. Мабыць, нішто будзе ў дзеда бульбачка, па-гаспадарску падумаў салдат.
        Ён яшчэ не дайшоў да хутара і, мабыць, мала што згледзеў там, як штосьці яму не спадабалася. Штосьці там было ня так, як тады, калі ён завітаў у першы раз. Найперш не было варотаў, і ўжо з поля быў відзён голы дзедаў падворак. Але ці не пусты ён? Ні дзедавага каня, ні каровы зь цялушкай, якія некалі пасьвіліся паблізу на прывязі, нідзе не было відно. Не адзываўся таксама пранізьлівым брэхам Кудлацік. Прыцінаючы непакой, салдат паціху ўвайшоў у двор і адразу ўбачыў старога. Дзед моўчкі сядзеў на ганку і нават не зьдзівіўся ягонаму прыходу, не павітаўся.
        - Што ў вас здарылася? - запытаўся салдат, ужо адчуваючы пэўна, што здарылася кепскае.
        Дзед павёў на яго патухлым, няўцямным позіркам і моўчкі разьвёў рукамі. Мяркуючы па ўсім, гаварыць яму было трудна.
        - Але што? Што такое?
        - Ды во, - мовіў нарэшце гаспадар, - разбурылі, абрабавалі. Усё! Усю маю працу. Столькі стараўся...
        Здалося, ён аж заплакаў, - зморшчыў аброслы сівізною твар і высмаркаўся на траву.
        - Але хто?
        - А хто ж іх ведае - хто. Прыехалі з фурай...
        - З фурай?
        - Ну гэтай - міжгародныя перавозкі...
        - Ноччу?
        - Удзень. Надвячоркам. Пагрузілі каня, карову зь цялушкай. Выграблі збажыну, ячменя з кубла... Перавярнулі ўсё дагары дном - валюту шукалі.
        - Валюту?
        - Ну.
        - Але хто? Што за людзі? Свае, прыежджыя? - ня мог супакоіць хваляваньня салдат.
        - А хто ж іх знае. Чацьвёра. Спраўных такіх. У скуранках. І з наганам. Кудлаціка застрэлілі.
        - Во як!
        - Вунь за хлевам ляжыць. Закапаць трэба...
        Спакваля стары стаў спакайнець, рукавом заношанай сьвіткі выцер змакрэлыя вочы. Трудна падняўся з ганку. Прыгнечаны горам ён здаўся салдату быццам меншым у росьце, чым быў раней, схуднелым і бездапаможным.
        - І што казалі? - дапытваўся салдат. - Можа, мяне шукалі?
        - Не. І не пыталіся, рабаўнікі нейкія.
        - Дык, можа, у міліцыю трэба? Заяву напісаць?
        - Не. Сказалі: заявіш у міліцыю - усё спалім. Ды й міліцыя - ці не яна й навяла гэтых. Яны ж усе ў хаўрусе, - ціха, бы сам з сабой, разважаў стары, стоячы сярод спусьцелага двара. Дзьверы ў хляўкі й каморы былі расчыненыя насьцеж, у сенцы таксама. На траве ляжалі скінутыя з крукоў вароты. Відаць, стары быў моцна ўражаны тым, што тут адбылося і, падобна, паў духам. Салдат таксама быў уражаны і ня ведаў, чым суцешыць старога. Між тым ішоў час, доўга тут заставацца яму не выпадала, і ён зважліва папытаўся:
        - Паесьці ня знойдзецца?
        Дзед, падобна, трохі аціх у сваім горы і адчуў чужы клопат таксама. Мабыць, згаладнелы выгляд салдата закрануў у ягонай душы іншыя струны.
        - Каб жа было што! У печы другі дзень не паліў. Гэта... Чакай, можа, хлеба асталася...
        Ён патупаў у сенцы, пастукаў там чымсь - дзьверцамі ці шуфлядамі - і вынес хлопцу няроўна абламаны кавалак хлеба. Ладны, аднак, кавалак. Салдат адламаў ад яго частку і стаў прагна жаваць. Хлеб быў такі смачны, што ён глытаў яго, здаецца, не дажаваўшы, увесь час, аднак, пазіраючы праз вароты на дарогу і поле. Дзед зноў апусьціўся на ганак.
        - Абжыўся, называецца, - на восьмым дзясятку. Думаў, хоць позна, але дачакаўся свае пары. Хоць праз Чарнобыль. А то ўсё неяк было: то калектывізацыя, то вайна, то ўздым сельскай гаспадаркі. А тут Чарнобыль! Казалі, усё шкоднае - і малако, і прадукты. Яно, можа, каму і шкоднае, а мне нічога. Займеў гаспадарку. Адзін. Кішкі ірваў, але ніхто ня шкодзіў. Мусіць, баяліся сюды патыкацца. А я не баяўся - рабіў. Дзень і ноч. Затое і меў. Гэта раней задарма. А тут, што зрабіў - тваё. Што пасеяў - сабраў. Шкада, Чарнобыль гэты, каб ён прапаў. Хто яго выдумаў на нашу галаву?..
        - Вучоныя выдумалі, - ціха мовіў салдат. - Самыя перадавыя ў міры.
        - Каб яны сказіліся, тыя вучоныя. Хай бы лепш жняярку лепшую выдумалі, каб во ня мучыўся з гэтай, - кіўнуў ён на паўразабраную жняярку, што мясьцілася ля варотаў у двары.
        - Ім жа, каб плутоній узбагачаць. На ракеты.
        - А, ракеты ім трэба! Цяпер во дамавін не набярэсься, як пачнуць ад Чарнобыля мерці. Дамавіны трэба. Кажуць, у Менску ўжо ў цалафане хаваюць. Ці праўда? А я сабе зімой з сухой дошкі змайстраваў, вугалкі на замок узяў - добрае дамаўё палучылася. Дык забралі й яго. Казалі, спатрэбіцца. Каб ім гэтак умерці спатрэбілася...
        Сумна і горка было слухаць тое салдату, але словаў суцешыць у яго не знаходзілася - у яго ня меней балела сваё. Ён праглынуў палову кавалка і не наеўся - хацелася зьесьці ўсё.
        - Дзед, можа, маеш яшчэ запалкі? - прыпамятаў ён і другую сваю патрэбу.
        - Не, запалак ня маю. У самога недзе паўкарабка асталася. Але, калі трэба магу «кацюшу» даць.
        - Якую «кацюшу»?
        Дзед моўчкі пайшоў у сенцы і хутка вынес адтуль невялікі руды капшучок, разьвязаўшы які, выняў «кацюшу» - кавалак крэменю, абламаны канец напільніка і нейкі абрывак трантаў.
        - Во, ударыць, іскра выскачыць, затлее і разьдзьмуць.
        - Добра. І яшчэ... Там напарнік захварэў. Каб як падтрымаць...
        - Гэтак? Захварэў, кажаш? - насьцярожыўся дзед, і ў яго спакутваных вачах мільгануў цень непакою. - Ад атаму, можа?
        - Хто ведае. Але есьці няма.
        Дзед уздыхнуў, павярнуўся, быццам куды выправіўся, ды спыніўся.
        - Што ж табе даць? Каб жа ня выграблі ўсё. Во бульбачкі зь мех засталося. Сказалі: мы добрыя, гэта табе, каб ня ўмёр. Дык бяры з паўмяшка.
        - Не данясу.
        - Ну вядзёрка...
        Яны ўдвох пайшлі ў цёмны прахалодны застаронак, дзе гаспадар, грузна дыхаючы, навыбіраў зь нейкай скрыні леташняй, з доўгімі белымі парасткамі бульбы. Набралася няновае пакарабачанае вядзерца. Здаецца, не без шкадаваньня дзед падаў вядро хлопцу.
        - Во, болей няма. Каб ты гэта двума днямі раней - усё было: і сала, і каўбасы. Дык пабралі. Не пабаяліся, што й радыяцыя...
        - А і праўда, што радыяцыя? - занепакоена спытаўся салдат.
        - Хто ведае. Я еў і нічога, яшчэ не памёр во. І ўнукам даваў, як прыяжджалі. Але тыя наўрад ці самі жраць будуць - на продаж! У Маскву павязуць на нітраграцыю.
        Вось табе й на, думаў салдат. Ён спадзяваўся, што хоць дзед жыве ў бясьпецы, неяк гаспадарыць ля самай зоны, не галадае. Аж на дзеда знайшлася іншая пошасьць - не радыяцыя, ня голад, дык бандытызм. Раней сялян рабавала ўлада, а цяпер гэтыя - на фурах. Сапраўды, куды дзецца працоўнаму чалавеку, дзе знайсьці прытулак?
        Салдат таропка разьвітаўся і зь вядром у руцэ пашыбаваў па тым самым полі наўпрост да ракі. Сьпярша азіраўся, але дзеда не было відаць. Наводшыбе ад пабуранай вёскі сіратліва мясьцілася абрабаваная сяліба, трохі прыхаваная за некалькімі дрэвамі садка. Бы партызан, бы партызан, - думаў пра сябе салдат, прыпамятаўшы нейкі фільм, што глядзеў у дзяцінстве. Толькі там партызаны несьлі ў лес авечку, а ён - вядро бульбы. І ўсё тоячыся, баючыся. Не нашмат, аднак, зьмяніліся часы... Праўда, тыя хоць мелі вінтоўкі, а ён што?
        Увесь час на хадзе ён саваў руку ў кішэню бушлата і адшчыкваў патроху хлеба. І кожны раз думаў, што гэты раз - апошні, што астатняе трэба пакінуць бамжу. І ня мог утрымацца. Голад яго, здаецца, ад таго ня меншаў, а нават большаў. Тады ён аж вылаяў сябе - трэба ж урэшце знаць меру! Ды ягоны дурны жывот, мабыць, не хацеў ведаць меры і патрабаваў яшчэ. Тады салдат стаў суцяшаць сябе, што бульбу ўжо ён прынясе ўсю. Яны напаляць на беразе прысаку і напякуць яе - хопіць на двух. Ужо ён наесца...
        Сонца тым часам увабралася ў паўдзённую высь і здорава прыпякала плечы ў бушлаце. Салдат зьдзеў шапку і сунуў яе пад дужку вядра. Так стала вальней і не было відаць, што ён нясе. Ён удала перайшоў затравянелае поле, зноў выйшаў да аброслых крапівой каляінаў на бродзе. Тут трохі спачыў у цяні пад алешынай, зноў разуўся. Пераходзіў брод, не сьпяшаючыся, з насалодай мацаючы босымі нагамі ў сьцюдзёнай вадзе. На другім беразе сеў, каб абуцца. І тады нейкая сіла змусіла яго зірнуць пад суччо недалёкіх елак. Сьпярша ён нічога там не заўважыў, а затым зірнуў зноў і сумеўся ад сполаху. Між елак ля броду стаяў худы, нейкі быццам аблезлы, зь белаватымі праплешынамі на баках воўк. Што то быў воўк, а не сабака, салдат адчуў пэўна: такімі насьцярожанымі і маларухавымі сабакі не бываюць. А ў гэтага - настырчаныя вушы, апушчаны долу хвост... Аднак у ім не прыкмячалася і ніякай адзнакі хцівасьці - можа, болей зьдзіўленьня і зьбянтэжанасьці ад нечаканай сустрэчы з чалавекам. Не адрываючы позірку ад ваўка, салдат падняўся, узяў вядро. Воўк здаля толькі пільна сачыў за ягонымі рухамі, сам, аднак, застаючыся разгублена нерухомым. У паставе ваўка па-ранейшаму не было жаднай прыкметы драпежнасьці - хіба адчай і бясьсільле. Можа, як і чалавек, ён быў згаладнелы і чакаў якой дапамогі, падумаў салдат. А калі ён шалёны? І салдат сьпярша памалу, а затым усё хутчэй пашыбаваў ад ракі. Воўк за ім не пабег.
        Штораз азіраючыся, хлопец шпарка ішоў краем бору. Напачатку праз хвойнік яму быў відаць воўк, але спакваля яго аблезлая постаць пачала зьнікаць, заслоненая дрэвамі і падлескам. Хутка ён і зусім схаваўся. Тады салдат пайшоў крыху марудней. Гэта нечаканая сустрэча ў лесе новым клопатам уварвалася ў ягоную душу. А ён пасьля гутаркі зь дзедам у каторы ўжо раз гатовы быў паверыць, што не такая яна ўжо і страшная - зона. Што і ў зоне ці каля яе жывуць людзі. Але воўк... Нават воўк! Хіба такі павінны быць нармальны воўк у летнім нармальным лесе? Але калі воўк так падупаў, дык чаго тады чакаць людзям?
        
        Застаўшыся ўранку адзін, бамж доўга й нерухома ляжаў на лапніку, захінаючыся ў сваю кухвайку. Пачуваўся ён кепска, дужа не хацелася ўставаць, было санлява-млосна, сілы ўвачавідкі зьнікалі. І ён ня мог даўмецца, што зь ім адбываецца.
        Мабыць, ён яшчэ трохі забыўся ці задрымаў і прачнуўся ад млоснай задухі - не хапала паветра, было дужа горача і хацелася піць. Але вада была толькі ў рацэ, за абрывам, - як да яе дапяцца? І бамж усё ляжаў, баючыся скрануцца з належанага месца, бо ня меў упэўненасьці, што зноў можа сюды вярнуцца.
        Празь нейкі нядоўгі час ён адчуў, што стала й зусім кепска, усё ў ягоным нутры гарэла. У роце было суха, язык стаў шурпаты, бы яловая шышка, - не паварушыць. Усё болей дакучала смага, і ён думаў: трэба паўзьці да ракі. Зараз, зараз трэба намагчыся ўстаць, казаў ён сабе ў думках і ня мог устаць. Усё ляжаў, і стан яго ўсё горшаў.
        Як зусім стала кепска, зразумеў, што зараз жа трэба вады... Тады нейкім намаганьнем устаў на калені і споўз зь невысокага абрыву. Тут, на ўгрэтым сонцам пяску зрабілася й зусім невыносна. Хістаючыся, ступіў колькі крокаў і ўпаў каленямі ў гарачы пясок. Далей поўз - на кукішках цераз пясок і травяністы бераг, пакуль нарэшце не дапяў да вады.
        Ён спрабаваў піць, лежачы, але гэтак было нязручна, ён намачыў сабе ўсе грудзі ў кухвайцы і не напіўся. А галоўнае - вада аказалася зусім не такой, як чакаў, - цёплай, мутнай і брыдкай. Яна не спатоліла смагі, не дала ніякай палёгкі, а шлях да яе зусім зьнясіліў бамжа. Паляжаўшы нямала часу на беразе, ён зразумеў, што трэба вяртацца ў засень. На гэткай гарачыні доўга ня вытрымаеш.
        Шлях па беразе ўгору быў і зусім жахлівы - бамж прапоўз крокаў дзесяць і зьнясілена аблёг на траве. Дыхаць зусім стала неяк. Цела ўсё гарэла, і ён не разумеў чаму. Ад сонца ці, можа, у ягоным нутры быў такі жар? Усё ж ён неяк дапоўз да абрыву, трэба было ўскараскацца на яго, пад хвоі, у засень. Але як?
        Трохі паляжаўшы, ён падняўся на кукішкі, затым на ногі, аблёгся грудзьмі на ўзровак і не ўтрымаўся. Ногі падламіліся, галава закружылася, бор кудысьці паехаў, і ён споўз долу. Так, мусіць, ня трэба было яму паўзьці да ракі, траціць апошнія сілы. Палёгкі сабе ён не прыдбаў, а становішча сваё пагоршыў. Як і ў жыцьці. Дамаеш нешта зрабіць, каб лепш, а робіцца наадварот - яшчэ горш. Запаўзьці ў сваю нару? Але там з учарашняга ўсё абрушылася, схову там не было. Ну але няўжо ён не адолее гэты паўтарамятровы абрыў, - аж зазлаваў на сваю зьнямогу бамж. Няўжо ён так аслабеў?
        Новая спроба, аднак, таксама не прынесла посьпеху, - чалавек аблягаўся грудзямі, шкрабаў башмакамі па ўсохлай, з каранямі зямлі, а ўскараскацца на абрыў ня мог. І зноў зьнясілена асядаў долу. Але ён так імкнуўся ў лес, пад засень хваёвых шатаў, дзе, думалася, быў яго паратунак.
        Пасьля чарговае і марнай спробы ён, здаецца, страціў прытомнасьць.
        А як ачуняў, не адразу зразумеў, дзе ён. Побач была нейкая земляная сьцяна, пад ёй зьявіўся нешырокі цень - сонца заходзіла за бор. І бамж адчуў прахалоду. І тады ён прыпамятаў салдата. Ці вернецца салдат? Зрэшты, наўрад ці вернецца, чаго яму вяртацца сюды - на пагібель у гэтую праклятую зону? Хай ідзе куды ў белы сьвет, можа, знойдзе іншае месца. Дарма ён яго тут трымаў, прынаджваў і суцяшаў - трэба было адразу прагнаць. Аблаяць апошнімі словамі й прагнаць - куды лезеш, дурань! Ды во пашкадаваў і пагубіў. Хаця ці пашкадаваў? Усё ж ён быў тут патрэбны, таму бамж і пакарыстаўся ім. А цяпер салдат наўрад ці доўга працягне, жальліва разважаў бамж са спазьнелаю, аднак, жаласьцю. Цяпер яму стала зразумела, чаму партыйны інструктар зь ім не паехаў, толькі хваліўся зонай. Нікога яна не гартуе - яна ўсіх губіць. Але што крыўдаваць на інструктара, можа той толькі выконваў партыйнае даручэньне сярод бамжоў. Бо мусіць жа, партыя і сярод бамжоў павінна весьці нейкую масава-растлумачальную працу. Хоць бы пад лёзунгам: савецкім людзям атам ня страшны, як колісь пісала газэта «Правда». Разумныя ў тое, вядома, ня верылі, але колькі іх было, разумных. Калі ў часе ягонай службы ў войску да каго з афіцэраў падкатваўся асабіст з дужа сакрэтным даручэньнем, мабыць, ніхто таму не адмаўляў. На тое не хапала ні розуму, ні адвагі, усе спраўна выконвалі ўсё, што патрабавалася. Кожнаму тады абяцалі: як вы - нам, так і мы - вам. Тое падабалася. Але як яго вытурылі з войска, і ён пабег да асабістаў па дапамогу, тады атрымаў ад іх кукіш: прабач, нічога ня можам, ня ў нашай кампэтэнцыі.
        А як ён ім паказаў кукіш, ужо стаўшы бамжом, тады амаль што пакрыўдзіліся - ну, такога ад цябе не чакалі, вэтэран, нашая апора і надзея. Але ўжо тады ён пляваў на ўсё і на ўсіх на сьвеце, ён стаў жыць толькі ўласным клопатам і ні на каго не зважаў. Якую з таго меў карысьць - іншая справа. Ягоны настаўнік бацька ўсё жыцьцё пражыў для людзей і дацягнуў да дзевяноста гадоў. Але што гэта было за жыцьцё? Асабліва апошнія гады. Зьнямоглы, усімі пакінуты ў глухой, непэрспэктыўнай вёсцы, ён ціха сканаў, і толькі праз тыдзень яго выпадкам знайшла суседка. Пахаваць не быо каму, сына нідзе не маглі знайсьці, бо ніхто ня меў ягонага адрасу, ён гадоў восем не пісаў бацьку - не было чаго. Мабыць, гэтак жа лічылі і астатнія два сыны, якія жылі немаведама дзе і пра бацькаву сьмерць, можа, яшчэ й не дазналіся.
        Нядобры ён быў да бацькі, ня лепшы й да сына - таго лабаценькага Дзяніскі, якога некалі пакінуў у ракетным гарнізоне. Але калі да бацькі асаблівых сантымэнтаў ня меў, дык за сына дужа балела душа - які ён, дзе ён, ці жывы хаця? Усё зьбіраўся напісаць, зьезьдзіць, але куды і за што? Ды й былая жонка, маці Дзяніскі, хіба магла яму адказаць - яна толькі дамагалася ад яго алімэнтаў. А Дзяніскі, можа, няма ўжо і ў жывых? У свой салдацкі ўзрост, можа, прапаў дзе ў Афгане, у Чачні, у якой са шматлікіх гарачых кропак, куды пішчом лезьлі нашыя інтэрнацыяналісты, пасылаючы чужых сыноў пад мусульманскія кулі. Папраўдзе ён баяўся дазнацца горкае праўды пра сына і жыў, нічога пра яго ня ведаючы. Яму аж занадта хапіла таго горкага болю, што ён стрываў у памятны дзень свайго разьвітаньня з сынам.
        Зьехаць быў змушаны, зьбіраўся рабіць тое ціха, неўпрыкмет, як не было дома жонкі. Разьведзеныя, яны доўга жылі ў адной кватэры, у адным пакоі і між імі - пяцігадовы Дзяніска. Таго дня зранку жонка выправілася ў сваю сталоўку, ён, не зусім цьвярозы пасьля ўчарашняга, торапка пакідаў у сумку свой небагаты набытак і надзеў афіцэрскі шынель са споратымі пагонамі. Дзяніска адразу заўважыў бацькавы зборы і кінуў мэталічны аўтамабільчык, якім гуляў на падлозе. «Ты куды, папка?» - «Я хутка», - схлусіў бацька, каб не трывожыць сына. «Ты ў краму па шакаладку? - дапытваўся сын. - І я з табой». «Я ня ў краму, я ў іншае месца». «Вазьмі й мяне ў іншае месца», - бы што прадчуваючы, прасіўся сын, ужо надзяваючы сваю куртачку. Што было зь ім рабіць? Сварыцца ў яго ўжо не было сілы, але і куды ён мог яго ўзяць? «Ня йдзі за мной, заставайся дома», - строга загадаў ён, і Дзяніска заплакаў. Дзіцячая душа, мабыць, ужо адчувала благое, ашукаць яе было нельга. А ён тады й не падумаў, што болей ім не пабачыцца. Выскачыў у дзьверы і накінуў на прабой дужку замка. У пакоі пакрыўджана плакаў Дзяніска, і ён не хацеў чуць дзіцячага плачу. Той плач прадаўжаў гучэць у ягонай памяці ўсе наступныя дваццаць ці болей гадоў, часам прападаючы, а то раптам узьнікаючы - нясьцерпна, да роспачы. У згадках, снах, самых недарэчных па часе ўспамінах...
        Ну, але дзе ж салдат? Чаму не прыходзіць салдат?
        Бамж ужо адкінуў свае нядаўнія велікадушныя думкі пра тое, каб салдат не вяртаўся - яму дужа трэба было, каб вярнуўся. Што б зрабіў, калі б вярнуўся, чым бы дапамог бамжу, ён ня ведаў. Наўрад ці яму што памагло б. Але цяпер ён прагнуў пабачыць салдата, тое было вельмі патрэбна бамжу. І можа б, ён прынёс хоць малое каліва, хоць бы адзін глыток. Яму так хацелася цяпер глынуць хоць трошкі, - адчуваў, тады стала б лепей. Як лепей было заўжды, калі вып'е. Дурны ён, што паспадзяваўся, быццам адвыкне ў зоне. Нашто было адвыкаць?
        Можа, выпіць - было самае лепшае ў яго бязладным жыцьці. А ад лепшага не адмаўляюцца. Ды й навошта? Дзеля чаго? Шкада, што найкаштоўныя ісьціны прыходзяць непапраўна позна.
        Дык дзе ж салдат?
        Невядома чаму ён зноў пачаў караскацца на абрыў, зрушыў зь яго пласт зямлі, і ўсё няўдала. Чаму ён гэтак караскаўся - хто ведае. Але такая была яго неўсьвядомленая апошняя воля -кудысь караскацца. Спазьнелая, марная воля. Як і ўсё спазьнелае, тое рэдка бывае ўдалым. Ня стала яно ўдачай і для бамжа. Мабыць, паратунку яму не было ўжо нідзе, і ён падсьвядома адчуваў тое. Ды нейкая добрая ці не воля цягнула яго туды, на абрыў, да іх учарашняга лаўжа, здавалася, так было трэба. І тады ён адчуў, што гэты покліч - покліч канца. Сканаць належала на ўласным месцы - у лаўжы ці ў ложку, але ў сваім кутку.
        Але дзе ягоны куток? Кутка ў бамжа даўно не было, а можа, не было й ніколі. Ён свой куток прафукаў, прапіў, той растаяў у прывідным алькагольным тумане. А цяпер бы ён так спатрэбіўся. Хаця б для магілы...
        Пасьля чарговае спробы ўлезьці і чарговай няўдачы ён адчуў, як запякло - агнём апаліла ў грудзях, і чымсь салёным напоўніўся рот. Тады ён сплюнуў у пясок, адчуваючы, як хутка зноў стала поўніцца ў роце. Не адразу ён зразумеў, што гэта ішла кроў. Кроў ішла з горла. Тое яго спалохала, але толькі на момант. Мабыць, так яно й павінна быць. Усё папярэдняе было падрыхтоўкай да такога канца.
        Ён ляжаў на баку пад абрывам і ўжо не пляваў, толькі павярнуў долу твар. Кроў плыла на пясок. Усё ж крыві было шмат, і мабыць, трэба быў час, каб яна сышла ўся. Зь ёй сыдзе й жыцьцё...
        Але, можа, раней прыйдзе салдат?
        Салдат зрабіўся дужа патрэбны бамжу - зусім ня дзеля паратунку, а для чаго, ён і сам ня ведаў. Што б ён сказаў салдату? Увогуле сказаць было шмат, для таго не хапіла б жыцьця. Але, можа, найперш разьвітацца. Разьвітацца, не расказаўшы. Вось так, нічога ён не пасьпеў у жыцьці - ні для сябе, ні для другіх. Жыцьцё нядаўна яшчэ здавалася такое нясьцерпна даўгое, а апынулася кароценькім, бы заечы хвосьцік... А гэтага няўдаку-хлопца таксама скруціць тая ж самая радыяцыя, што даканала яго. На самым пачатку ягонага маладога жыцьця. Усё ж жыцьцё, якое б яно ні выдарылася, самае каштоўнае ў сьвеце перад чорным правальлем канца.
        І ўсё ж ён хацеў дачакацца салдата. Можа б, той прынёс хоць глыток. А так...
        Што значыла гэтае А ТАК, ён ужо не дадумаў. Ягоная цьмяная, з прывідамі сьвядомасьць згасла. Паволі, трудна, быццам з астатніх сіл чапляючыся за яву. Нарэшце зьнікла зусім...
        
        Салдат нёс бульбу, ён дужа сьпяшаўся. Невялікае вядзерца, аднак адрывала рукі, і ён хапаў яго за драцяную дужку то правай, то левай рукой. Невядома, ці яно сапраўды было цяжкое, ці хлопец надта аслабеў у гэтай дарозе. Час ад часу ён спыняўся пад хвоямі, ставіў вядзерца ў дол і нядоўга спачываў, штораз азіраючыся па бакох. Не, ваўка пакуль не было відаць, воўк за ім ня йшоў. Наўрад ці ён быў здольны бегчы, той пляшывы дахадзяга-воўк. Але й чалавек траціў сілы, дарма, што быў малады. Трудна было дыхаць, у грудзях увесь час тахкала сэрца, ён дужа змакрэў ад поту, але бушлат не скідаў. Зьнімаў толькі шапку, як адпачываў. Пасьля то надзяваў яе на галаву, то клаў на бульбу ў вядзерца. Усё роўна, і так, і так было душна, цяжка і нязручна. Зімовая шапка замінала яму, але й кідаць яе не хацелася. Ён думаў, што шапка ўсё ж беражэ галаву ад нуклідаў.
        Сонца ўжо схілілася над лесам, сьвяціла збоку і не так пякло, як у паўдзён. У лесе пабольшала прахалоды - нават на хваёвых грудках не было душнаты. Між хвояў гуляла-пералівалася цёплае, залацістае сьвятло, па імшыстым доле слаліся касыя цені, патрэсквала сухое гольле пад ботамі. Там-сям буялі верасы, а то пачыналі ўбірацца ў сілу, зацьвітаць зарасьнікі чарніц. Але ягад яшчэ не было. Ці дачакаецца сёлета ягад? - самотна падумаў салдат.
        Балота ён абышоў стараной - прадраўся праз хмызьняк і апынуўся на беразе рэчкі. Адсюль ужо блізка было й да іхнага стойбішча, і ён прысьпешыў свой хісткі крок - хацелася, як найхутчэй.
        Хмызьняковай сьцяжынай ён выйшаў нарэшце на іх беражок і трохі сумеўся - бамжа нідзе не было. Ні каля рэчкі, ні на беразе, ні на абрыве. Яшчэ праз колькі крокаў ён згледзеў скорчаную постаць пад абрывам і падумаў, што той заснуў. Але штось яго затрывожыла, - надта ўжо скорчаная пастава бамжа прымусіла салдата кінуць вядзерца і пабегчы туды. Там найперш ён убачыў згусьцелую кроў на пяску, на плячы кухвайкі і аж знячывеў ад думкі, што бамжа забілі. Ажно пасьля зразумеў, што кроў ішла з рота. Бамж быў нежывы.
        Надзіва самому сабе, салдат ня надта й спалохаўся. Адчуў толькі вострае пачуцьцё непрыемнасьці, нават гідоты, а затым і зьдзіўленьня - нашто так? Быццам бамж зрабіў тое сам з пэўным нядобрым намерам. Пасьля, аднак, зашчымела шкадаваньне і зь ім - паўзабытае адчуваньне ўласнай пакінутасьці. Цяпер зноў ён адзін. Сам на сам. І ўся гэтая бульба - яго. Яе можна сьпячы і аднаму ўсё зьесьці. І ня трэба нікому аддаваць рэшту хлеба ў кішэні, - усё ж выгода ад гэтай неспадзяванай сьмерці. Ён асьцярожна дастаў абкрышаны кавалак і пачаў яго есьці. Мусіць, як у вайну. Вэтэраны расказвалі, што чым больш гінула ў роце, тым больш для галодных заставалася харчу. І гарэлкі. А ён не прынёс бамжу выпіць, нават не папытаўся ў дзеда... Было журботна і паныла.
        
        Салдат сядзеў побач зь нябожчыкам, жаваў хлеб і думаў. Мабыць, найперш трэба дроваў - тых, ля вогнішча, пасьля залевы засталося мала. І ён, зьеўшы хлеб, паплёўся ў лес. Нешта сабраў і прынёс. Пасьля пачаў ладзіць цяпельца. Ён ня ўмеў карыстацца «кацюшай» і пазьбіваў пальцы, пакуль запаліў шкуматок. Далей таксама было не лягчэй - ад дымлівага шкуматка распаліць кавалак сухога моху. Ён усё дзьмуў і дзьмуў, пакуль зусім не закружылася галава і ён стаў, бы п'яны. Трохі спачыў і зноў дзьмуў.
        Можа, праз гадзіну ці болей учарашняе кастрышча ажыло, у вечаровай ціхманасьці над рэчкай зноў пацягнуўся ўгару хвост дыму. Сьпяшаючыся, ён падклаў болей паліва - будзе гарэць. Галоўнае было зроблена - яны здабылі агонь. То была б агульная радасьць, якую цяпер меў адзін. І яна менела напалавіну. Такая была тутэйшая арыфмэтыка. Арыфмэтыка сабачага жыцьця...
        Пакуль гарэў ладны касьцёр, напальваў вугольле, салдат падышоў да бамжа. Што было рабіць? Наесьціся бульбы і матаць адсюль? Ды - куды? Гэтае нязбыўнае пытаньне, бы праклён, вісела над ім паўгода, і ён не знаходзіў на яго адказу. Можа, яго наогул не існавала - адказу, а ён, дурань, яго шукаў. Інакш бы ён не апынуўся ў зоне, а знайшоў бы якое іншае месца. Але ці было яно, тое іншае месца? Во і бамж апынуўся менавіта тут - ужо ці не зьвяла іх разам фатальная агульнасьць лёсаў? Але якая ў іх магла быць агульнасьць? Рознасьці - гэта так, колькі заўгодна. А агульнасьці?.. Аднак жа нешта было, інакш бы яны не апынуліся разам.
        Дык што ж - і канец іхны аднолькавы?
        Гэткія думкі палохалі, як было зь імі згадзіцца? Салдат здрыгануўся і перастаў думаць пра тое. Лепш было наогул ня думаць. Калі б тое было магчыма...
        Сонца зусім схавалася за борам. Увесь бераг рэчкі і хмызьняк на баку зарэчча патаналі ў засені, у якой патроху расплываўся шызы дым кастра. Толькі бязвоблачнае неба над лесам раскашавала-купалася ў разьвітальным сонечным зьзяньні - там гралі шчасьлівыя бомы, якія не дасягалі зямлі. На зямлі ўладарылі бомы хаўтураў.
        Нарэшце салдат паклаў у вугольле дзясятак бульбінаў, старанна загарнуў іх у прысак. Хай пякуцца. А сам падышоў да нерухомага цела бамжа. Што зь ім рабіць? Мусіць жа, трэба было яго пахаваць? Але ні рыдлёўкі, ні нават здатнага для такой патрэбы нажа ў іх не было. Салдат узьлез на абрыў і выламаў зь ляшчыны тоўстую палку. Канешне, лепей было б пахаваць на абрыве, збоч ад іхнага начнога лежбішча, але палкай там не ўкапаеш. Там дзерніна і хвойныя карані... І ён пачаў капаць у пяску, пад абрывам, побач зь целам нябожчыка. Тут было лягчэй, ён калупаў палкай і жменямі выграбаў пясок. Праз гадзіну атрымалася ямка, - мелкаватая, праўда, і нязграбная. Як і бамжова жыцьцё, падумаў салдат. Якое жыцьцё, такое й пахаваньне. Ды і ўсё жыцьцё ёсьць, мусіць, заробкі на паховіны, не на што іншае. А некаторыя думаюць - на кар'еру. Кожная кар'ера во -канчаецца ямай. Дык ці варта так дбаць пра яе? Пра кар'еру або пра яму - салдат ужо дадумаць ня мог. Ён аж спалохаўся ад думкі: а ці будзе каму пахаваць яго?
        Можа, ня трэба было хавацца, уцякаць, можа, лепш, каб яго знайшлі. Вядома, і пакаралі. Чорт яго ведае, што ў жыцьці лепш, а што горш. Ён ці не з маленства хацеў пайсьці ў армію, з кніжак і кіно яму падабалася ўсё вайсковае - зброя, абмундзіроўка, тэхніка. Ён нават прагнуў абараняць радзіму і пры тым праявіць геройства. Ён радаваўся, як у ваенкамаце яго прызначылі ў ракетныя войскі, і ня думаў, што гэтая радасьць хутка вылезе яму бокам. Давялося пачарнець з гора - ня радуйся раней часу, дурань.
        Ён не хацеў жыць брыдка, прагнуў сумленьня і чысьціні. Атрымалася ўсё наадварот. Дык што ж яму - гінуць цяпер у свае дзевятнаццаць гадоў?
        Задумаўшыся, ён не адразу заўважыў, як побач паявілася птушачка - маленькая вяртлявая трасягузка з доўгім хвосьцікам. Немаведама адкуль узяўшыся тут, яна бесклапотна паскакала па пяску, штосьці там клюнула, азірнулася на адзінокага, прыбітага горам чалавека ля вогнішча і нібыта ціхенька піскнула.
        - Плісачка! - прашаптаў ён зь нечаканай пяшчотай, адразу ўспомніўшы слова, якім у вёсцы клікалі гэтых птушак. Але птушка адразу пырхнула ўгару ды імкліва адляцела за рэчку. Нашто яна тут, па чыю душу прылятала? - растрывожана думаў салдат, крануты нечаканым паяўленьнем птушкі.
        Тым часам, мабыць, сьпякліся бульбіны.
        Салдат выграб з прысаку крайнюю, трохі абцёр яе аб штаны і спрабаваў адкусіць. Але чамусьці ня здолеў - абпякло ў роце і спазма здушыла горла. Тады ён памкнуўся другі раз, і другі раз нічога ня выйшла. Штосьці сталася зь ягоным горлам ці страўнікам - тыя не прымалі ежы. Пачало мкнуць на ваніты, і ён выпусьціў бульбіну. Хлопец не на жарты спалохаўся - ён ня мог есьці. Затое мацнелі ваніты, разы два з горла лінула ледзьве не на касьцёр. Ад нутраных сутаргаў у яго выварочвала страўнік - так было кепска. Нізка схіліўшыся над долам, ён сядзеў ля прытухлага вогнішча ўжо бяз жаднай увагі да бульбы. Ён чакаў, калі ягоныя пакуты скончацца. Але пакуты не канчаліся - пакуты, здаецца, мацнелі.
        Так доўжылася нямала часу, пачаў затухаць касьцёр. У цемрыве ночы зводдаль цьмяна блішчэла вадзяная пляма затокі. Побач, трохі асьветлены рэштай вагню, ляжаў скалелы нябожчык. Мабыць, трэба было падкласьці палак у вогнішча, ды салдату было не да таго. Ён зрабіўся абыякавы да вагню, пра які нядаўна яшчэ гэтак дбаў. Прыйшла чарга дбаць пра сябе.
        Трохі, аднак, саўладаўшы зь немаччу, ён устаў, падняў ацежалелае нежывое цела і зваліў яго ў яму. Загарнуць пяском не пасьпеў - зноў падступілі ваніты. Тады ён аблёг долу побач і думаў, што, мабыць, тут і сканае таксама. Сканаць тут разам, можа, было б і няблага... Побач марудна паміраў касьцярок, у цемры на краях вогнішча яшчэ варушыліся-міргалі дробныя агеньчыкі. Спакваля і тыя атухлі...
        Ачнуўся глыбкай ноччу - яму й зусім стала блага. Толькі пасьпеў сесьці на сьцюдзёным пяску, як зноў скалануўся ад ванітаў. Ванітаваць даўно ўжо не было чым, але ўсё роўна яго ірвала знутры, - здаецца, ірвала з вантробаў. Ён не разумеў чаму, і то крыху паднімаўся, то зноў аблягаў долу. Між пакутных сутаргаў трохі забываўся ў зьнямозе, каб неўзабаве прахапіцца зноў і зноў надрывацца ў ванітах. Здаецца, ужо зусім апусьцеў страўнік і ўсе вантробы, а нясьцерпная гарката не пераставала імкнуць з горла, сутаргі не спыняліся. І яму здавалася, што лепей сканаць, чым так пакутваць.
        Можа, пад ранак трохі заснуў.
        Прачнуўся, як ужо разьвіднела, сеў, пачаў выціраць запэцканае падбародзьдзе, грудзі. І тады на пальцах убачыў кроў - як і ўчора ў бамжа. Зь ягонага рота таксама ішла кроў. Значыцца, і яго неўзабаве чакае тое ж.
        Але ж ён не хацеў паміраць...
        Ён з натугай устаў і, хістаючыся, пайшоў берагам прэч. Прэч ад гэтай затокі, ад вогнішча, ад незакапанай магілы. Яму трэба было дабрысьці да броду.
        Мабыць, новая мэта надала нейкай сілы - хістка, няўпэўнена, аслабела ён адолеў, аднак, немалы кавалак шляху па лесе. Але і выдыхся дашчэнту. Упаў у падлеску, сярод арабінавага маладняку, доўга ляжаў. Сьвядомасьць яго затуманілася, часам ён пераставаў разумець, хто ён і дзе знаходзіцца. Але не надоўга. Усё ж ён прымушаў сябе ўстаць і йсьці. Яму вельмі трэба было дайсьці да броду.
        - Людзі-і-і-і, людзі-і-і-і, - намагаўся ён крыкнуць, але зь ягоных вуснаў зьлятаў толькі шэпт. Ніхто нідзе не адгукаўся. Ды і нідзе не было нікога. Не было нават ваўка. На момант успомніўшы дахадзягу, салдат прамовіў у думках: дзе ты, браток па няшчасьці? Воўк ты мой, воўча... Хадзі, можа, паратуемся разам...
        Пачала дужа дакучаць смага - хацелася піць. Ды рака й балота засталіся ззаду, у бары вады не было. Ён разумеў гэта і трываў. Ён толькі ішоў. Ад дрэва да дрэва, ад хвоі да хвоі. Аднак усё выразьней стаў адчуваць, што ня дойдзе.
        Але няўжо сапраўды ня дойдзе?
        Спалох трохі надаў сілы. Але няшмат. Аслабела пратупаўшы дзясятак крокаў, падаў на дол, ляжаў. Нашто ж усё так атрымалася, чаму? - гучала ў ім недаўменнае пытаньне. Усё тое ж пытаньне без адказу. Хто загубіў ягонае жыцьцё? І чаму? А можа, гэтак з самага пачатку наканавана лёсам? Тады ён не вінаваты. Сам ён ужо бясьсільны што-небудзь у ім зьмяніць.
        Устаючы, ён кідаў кароткія позіркі па бакох - думаў, мо дзе ўбачыць людзей. Каб крыкнуць. Ды людзей не было. Не было і ваўка. Салдат застаўся зусім адзін у гэтым прыгожым і страшным лесе.
        Стала чамусьці цёмна. Можа, настала ноч? Значыць, ён так і не дапяў да выратоўчага броду, ня выбраўся з гібельнай ямы. Цемра навалілася на лес, на салдата, і ён ужо не разумеў, у які бок ісьці. І ці ісьці наогул? Сілы ў яго не было нават устаць...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.