РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Біяграфія Франца Кушаля
1
        Франьцішак Кушаль нарадзіўся ўначы з 2 на 3 (16 н. ст.) лютага 1895 года на Грамніцы, як казалі, у вёсцы Першаі1, у каталіцкай беларускай сям'і на паўночным ускраі Налібоцкае пушчы. Бацька – Вінцэпты Кушаль, селянін з дзядоў-прадзедаў – меў у Першаях 6 дзесяцін зямлі. Маці, Антаніна Іваноўская, была зь недалёкае ад Першаёў вёскі Канюшаўшчына. Але дзед Франука, як звалі яго ў сям'і, памятаў яшчэ добра часы вуніі, якую ўсе старыя людзі вельмі хвалілі, калі не было розьніны паміж цэрквамі й можна было, як яны расказвалі, ісьці да споведзі ці дзіця хрысціць, «як хочаш – ці ў папа ў Даўбенях, ці ксяндза ў Першаях». Вінцэнты Кушаль меў 6 дзесяцін зямлі на трох нівах, адлеглых адна ад аднае на пару кілямэтраў. А сям'я ўсьцяж расла. Роўна што два гады з'яўляўся на сьвет новы прадстаўнік роду, і ўсе хлапцы, Франьцішак быў чацьвёртым па чарзе. Пасьля яго нарадзіліся яшчэ два хлапцы, а тады наапошку й дзьве дзяўчынкі. Гэткую сям'ю, дарма што бацька й маці працавалі ад цямна да цямна, пракарміць было цяжка. Дараблялі, працуючы на пана – графа Тышкевіча2, які меў у Першаях вялікі двор. Узімку загатаўлялі дровы й звозілі іх у двор, а ўлетку касілі бясконцыя графскія сенажаці сьпярша на 5-ю, а пасьля 1904—1905 гадоў на 4-ю капу. Гэта значыцца, што панскі аканом лічыў гатовыя складзеныя копы й кожную 5-ю ці 4-ю прызначаў таму, хто сенаваў, а рэшта звозілася ў панскія пуні.
        Калі малому Франуку, які быў пастушком, як і кажнае беларускае сялянскае дзіця, пачынаючы ад 6 год, пайшоў дзесяты гадок, ён пайшоў у Пяршайскую народную школку, вельмі хутка навучыўся чытаць і незвычайпа палюбіў кніжкі. Рос ён хлапцом амбітным і ўпартым, вельмі любіў школьную навуку, а сялянскае працы, да якое яго прывучалі змалку, адзін з усіх братоў, не любіў. Дзеля гэтага ў 1910 годзе бацька згодна з парадай пяршайскага настаўніка наважыў аддаць Франука вучыцца. Адзіная магчымасьць вучыць дзіця было новаадкрытае ў м. Івянцы (20 кілямэтраў ад Першаёў) гарадское вучылішча.
        I вось Франуку пашылі з даматканага сукна жакетачку, падлаталі замалыя ўжо старэйшаму брату боты, набралі харчоў на 2 тыдні (булку хлеба, кавалак сала, збан кіслага малака, круп, мукі) і завезьлі ў Івянец. Экзамэны ў вучылішча Франук добра здаў, і бацька наняў хлапцу кватэру, прачытаў яму належнае казаньне й паехаў. Гэтак пачаліся Франуковыя школьныя гады. Школу ён вельмі палюбіў, бо, на шчасьце, настаўнікі там падабраліся вельмі добрыя, і вучыўся ён адным зь першых. Але амбіцыя хлапца цярпела. Івянецкія мешчанчукі, апраненыя ў форсныя чорныя мундзерчыкі, жорстка кпілі зь сялянскага хлапца ў самадзялковым пінжачку й завялікіх ботах. Ягоную пярэстую жакетку празвалі яны чамусьці «сьвінкай», а ў зашырокія халявы ботаў кідалі паперкі й каменчыкі. Франц мусіў цярпець гэтыя зьдзекі, баючыся бацькі, але вялікая нялюбасьць да малых крыўдзіцеляў і наагул івянчанаў засталася ў яго на ўсё жыцьцё.
        Тым часам бацькі яго даведаліся, што недалёка ад Івянца, каля Каменя, прадаюцца напалову ачышчаныя ад лесу дзялянкі. Цана была даступная, бо зямля, не вельмі ўраджайная наагул, патрабавала шмат працы, каб нешта радзіць. I вось Кушалі наважыліся прадаць родную сялібу ў Першаях і заміж 6-х дзесяцін купіць у в. Забор'е 16, блізу палова зь іх пад лесам. Прадалі не адно зямлю, а й хату, скаціну, усё, пакінулі адно цельную кароўку й каня. На новым мейсцы ўсё трэба было пачынаць спачатку. Але два старэйшыя хлапцы ўжо падрасьлі й маглі працаваць разам з бацькам, дык праца закіпела. Да 1914 года, калі пачалася вайна, зямля ўжо была ўробленая, сенажаці пакарчаваныя, да старое хаты дабудаваны новыя сені й сьвятліца, бо лес быў свой. А маці разьвяла на новай гаспадарцы цэлую птушыную гаспадарку. Налібоцкая пушча пачыналася зараз за хатай, і куры, гусі ды індыкі харчаваліся й пладзіліся там усё лета як хацелі і адно пад восень, зь вялікім прыплодам, варочаліся дахаты. Суседзі дзівіліся ўдачы Кушаляў. Заборская зямля патрабавала гною й нястомнае працы, а не ўсе былі гэткія працавітыя й пільныя. Пайшла была нават байка, што Кушалю «спорнік (казачнае стварэньне накшталт вогненнага зьмея) уначы праз комін скарбы зносіць».
        Вайна зацягнулася. Сьпярша старэйшы Франукоў брат пайшоў ваяваць (найстарэйшы меў адну нагу крыху карацейшую, накульгваў, і ў войска яго не ўзялі). А ў 1915 годзе прыйшла чарга й на Франука. Дзеля таго, што ён меў скончанае гарадское вучылішча новага тыпу, якое давала правы 6-ці клясаў гімназіі, яго адразу адаслалі здаваць прыёмныя іспыты ў Віленскае ваеннае вучылішча, эвакуяванае ўжо тады ў Палтаву. Праз год ён скончыў яго з чынам прапаршчыка, прайшоў кароткі стаж у палку недзе аж у Астрахані й у ранзе падпаручніка быў адразу адасланы на фронт.
        Адрэзак фронту, куды ён трапіў, быў недалёка ад родных мясьцінаў, бо пад Крэвам. На фронце Франьцішак Кушаль нязьменна (нават дахаты наведацца ані разу не пусьцілі) прабыў у цяжкіх баёх год з гакам. Тым часам пачалася рэвалюцыя... Бясконцыя мітынгі, камітэты, балбатня агітатараў, што скончыліся зьдзекам над старэйшым камандным складам, забойствамі і, урэшце, поўным развалам.
        Прыканцы 17-га ці напачатку 1918 года Франук у ранзе штабс-капітана вярнуўся дахаты. Яшчэ ў войску ён пачуў пра разьвіцьцё беларускае справы й вельмі ёю захапіўся, тым болей што яшчэ шмат раней ён ужо быў знаёмы з «Нашай нівай», чытаў і разносіў яе людзям («Наша ніва» прыходзіла ў вёску пачкамі на імя ні то настаўніка, ні то фельчара, ні каго іншага, а той ужо пасылаў давераных хлапцоў яе дастачаць людзям). Пачуўшы ад некага, што ў Менску адчынілася беларуская кнігарня, Франук наважыўся пайсьці ў Менск пехатою разьведаць, як і што. Менск быў ад Забор'я кілямэтраў 70. Маладыя ногі лёгка справіліся з дарогай.
        У Менску дапытацца беларускае кнігарні было няцяжка. Там Франук сустрэўся з Алесем Гаруном3. Гарун зацікавіўся юнаком, наладаваў яму мех кніжок.
        Неўзабаве Франук ізноў пайшоў у Менск, а тады – з галавою кінуўся ў беларускую справу. Быў удзельнікам беларускага з'езда ў Горадні4, а калі ў Менску (што быў тады пад палякамі) была дазволена адмысловым дэкрэтам Пілсудскага5 арганізацыя г. зв. Беларускае Вайсковае Камісіі6, Францішак Кушаль увайшоў у ейны склад. Усё гэта апісанае нябожчыкам падрабязна ў сэрыі артыкулаў, зьмешчаных у 50-х гадох у газэце «Беларус».
        У 1919 годзе пачалася польска-бальшавіцкая вайна, у выніку якое Менск быў заняты бальшавікамі. Беларуская вайсковая камісія была эвакуявана зь Менска ў Лодзь і тут неўзабаве разьвязана.
        Франук прыехаў у Вільню, шукаючы якое-колечы працы. А ў сям'і ягонай адбыліся тым часам вялікія зьмены. У 1920 годзе, у восені, памерла ад тыфусу ягоная маці й наймалодшая 10-цігадовая сястрычка Марыля. Цяжка перажыўшы страты, бацька неўзабаве даведаўся ад свае сястры Явуты, што была замужам у вёсцы Доры (6 кілямэтраў ад Першаёў), быццам граф Тышкевіч, зьнеахвочаны спаленнем бальшавіцкім войскам свайго Дорскага фальварка, наважыў яго распрадаць сялянам суседніх вёсак. Явута й іншыя сваякі, што ўсё па-даўнейшаму жылі ў Пяршайшчыне, угаварылі «старога» Кушаля прадаць свой заборскі хутар і вярнуцца ў родныя мясьціны. З дапамогаю Франука, які, будучы ў Вільні, хадзіў па адвакатах ды судох, Кушалям удалося дастаць доўгатэрміновую пазыку ў банку й купіць у Дорах 50 дзесяцінаў, «цэнтр» былога графскага фальварка з напаўзруйнаваным домам і няспаленым хлевам ды гумном. Арганізавалі талаку, і пераезд адбыўся безь перашкод яшчэ да восені, тым болей што на заборскі хутар знайшоўся пакупнік, «амэрыканец», які вярнуўся з далярамі з Амэрыкі на Бацькаўшчыну пасьля вайны. Дорская зямля не ішла нават у параўнаньне з заборскай, і новыя хутаране, пераважна жыхары вёсак Доры, Зарэчча, Сярэдняе Сяло, што раскупілі 1000 дзесяцінаў былога графскага фальварка, хутка пабагацелі.
        Кушалі ўсёй сям'ёю (два старэйшыя браты былі ўжо жанатыя) зажылі разам, адрамантавалі дом, паставілі новыя гаспадарскія будынкі, разьвялі сад. А Франук тым часам, параіўшыся зь беларускімі дзеячамі, наважыўся далей набываць вайсковыя веды, уступіў у польскае войска. Прайшоўшы шматмесячнае перашкаленьне ў польскім ваенным вучылішчы ў Рэмбертове, ён быў прызначаны ў 80-ты Слонімскі пяхотны полк, ажаніўся й пераехаў у 1922 годзе ў Слонім. У Слоніме пабыў ён крыху больш года, а тады быў пераведзены для пэўнасьці далей ад роднае Беларусі, на Польскае Памор'е. Беспасярэдняй прычынай пераводу было выпісваньне зь Вільні беларускіх газэт ды часопі саў, якія дзеля таго, што ўсе афіцэры кватаравалі ў казармах над Шчарай і сваіх асобных адрасоў не мелі, прыходзілі на адрас палкавое канцылярыі. I вось, на пачатку 1924 года, сям'я Кушаляў, бо ўжо з'явіўся быў на сьвет маленькі сынок, апынулася на Памор'і ў 66-м палку імя Ю. Пілсудскага ў старым і вельмі прыгожым гарадку Хэлмне (па-нямецку Сьціт). Тут давялося пражыць аж 13 год. Тут Кушаль скончыў курс цяжкіх кулямётаў у Торуні, быў камандзірам кулямётнае роты ў палку, камандзірам афіцэрскага курса перашкаленьня для падхарунжых, камандзірам падафіцэрскае школы, а тады – выхаваўцам і камандзірам роты у 2-м Кадэцкім корпусе, сьпярша ў Хэлмне, а тады ў Равічы, у Пазнаншчыне. З Равіча, ізноў жа за сувязь зь беларускаю справаю й выпісваньне беларускае прэсы, Кушаль быў пераведзены з Кадэцкага корпуса ізноў у 13-ты пяхотны полк у Пултуску пад Варшавай. Тут засьпела яго вайна, адступленьне на ўсход, савецкі палон, Старабельскі лягер палонных, Чырвоны Бор пад Катыньню, арышт, Лубянка, 2-я сусьветная вайна, вызваленьне (перад самай вайной яго перавезьлі з Лубянкі ў Валожын – «по месту жительства», быццам на «перагляд справы»).
        У першы ж дзень вайны энкавэдысты зьбеглі, і г. зв. «заключённые» ў бальшыні паўцякалі таксама. Валожын ад Дор усяго
        16 кілямэтраў, так што зь першымі нямецкімі самалётамі Франук Кушаль, худы й абадраны, апынуўся ў роднай хаце. А неўзабаве ён ізноў улучыўся ў беларускую справу і ўжо на пачатку верасьня ці нават напрыканцы жніўня быў у Менску, дзе арганізаваў і ўзначаліў сьпярша паліцыйную школу, тады 3 курсы перашкаленьня беларускіх афіцэраў, беларускія аддзелы пры Самапомачы7, а нарэшце – Беларускую Краевую Абарону8 й Афіцэрскую школу ў Менску. Арганізацыя ўсіх гэтых адзінак падрабязна апісана нябожчыкам у ягоных успамінах, ці, як ён сам называў іх, «гісторыі беларускага вайсковага руху пад нямецкай акупацыяй». Успаміны гэтыя, пісаныя ўзімку 1944 года ў Бэрліне, знаходзяцца цяпер у Беларускім Інстытуце навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Ведаю, што нейкі час яны перахоўваліся ў сп. Шукялойця9. У каго яны цяпер – не ведаю дакладна.
        
        
        ––––––––––––
        1 Першаі – вёска ў Валожынскім раёне.
        2 Тышкевічы – шляхецкі магнацкі род гэрба Ляліва ў ВКЛ.
        3 Алесь Гарун (сапр. Аляксандр Прушынскі; 1887–1920) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч.
        4 Беларускі з'езд – з'езд беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны (9–10 чэрвеня).
        5 Юзаф Пілсудскі (1867–1935) – польскі палітычны і дзяржаўны дзеяч.
        6 Беларуская вайсковая камісія – орган па фармаваньню беларускіх аддзелаў у польскім войску ў 1919–1921 гг. Утворана ў 1919 г. у Вільні Цэнтральнай Беларускай Радай Віленшыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасьці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім.
        7 Самапомач – Беларуская Народная Самапомач (БНС) – дабрачынная нацыянальная арганізацыя на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі пад час Другое Сусьветнае Вайны. Дзейнічала пад кантролем акупантаў.
        8 Беларуская Краёвая Абарона (БКА) – вайсковае фармаваньне на акупаванай Беларусі. Дзейнічала з дазволу немцаў. Мэта БКА – арганізацыя беларускага нацыянальнага войска. Узначальвала БКА галоўнае камандаваньне на чале з маёрам Ф. Кушалем.
        9 Антон Шукелойць – дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА) у Нью-Ёрку. Заснавана ў 1949–1950 гг.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.