РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца мармуровага анёла
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
1
        
1

        
        Люблю вандраваць.
        Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню, кніжкамі і працай у сталічным музеі... Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне – зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях – там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў... Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы – ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік... Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова – пра Мастацтва...
        Я – з тых, хто пры мастацтве... Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства... Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» – так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я – не ведаю.
        Маё першае і самае моцнае каханне – Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі – і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі – гаварыць, што ён думае, і рабіць, што ён хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне – па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся... Але Бог з ім, з Альберцікам... Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае – і апошняе – каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне – працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку,– я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя – акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я – ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла... Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса... I тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе – «Радзік – супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар'ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы. Цэлы год я ўспрымала мужа ўсур'ёз, як магла, спачувала, падтрымлівала, падзяляла абурэнне... Пакуль аднойчы не паназірала за ім сярод ягоных калег. Пасля я паспрабавала тлумачыць бескампраміснаму змагару, што спадар Н., магчыма, зусім не хацеў яго пакрыўдзіць, а спадарыня К. не падбіраецца да яго пасады... У такія моманты я з адзінага саюзніка ператваралася ў аднаго з ворагаў. I Радзік бег у сваю майстэрню –: яна была якраз непадалёк, зачыняўся там і маляваў. Потым з'яўляўся задаволены, млявы і паблажліва дараваў мне. Відаць, для творчага натхнення яму неабходны быў выплеск адмоўных эмоцый. Колькі я перажыла – усё маё... Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла. I гэта можна было б дараваць, але Радзік не хацеў мець дзяцей. Ён лічыў, што свет занадта недасканалы, каб ствараць на пакуты яшчэ адну нявінную істоту. Спатрэбілася два гады, каб я ўсвядоміла, што маю справу з неўротыкам і эгацэнтрыстам, нягледзячы на тое, што ён варыў украінскі боршч і падносіў мне пантофлі.
        Радзік павёў сябе высакародна і пакінуў мне прас і радыёпрыёмнік «Гарызонт». Астатнюю бытавую тэхніку і частку мэблі перавёз да маці, якая была на сёмым небе ад таго, што любы сыночак нарэшце пакінуў «гэтую змяю і п'яўку ў адной асобе».
        Забылася згадаць, што часам Дудкоўскі забягае да мяне, каб упэўніцца, што без яго я не магу даць рады гаспадарцы і ўвогуле прападаю.
        Пачалося ўсё з Альбертавага званка, гадзін у сем раніцы. Ды яшчэ цёмнай зімовай парой, хрышчэнскімі маразамі, калі нават з-пад коўдры не хочацца вылазіць.
        – Кася, справа важнецкая! Ну ды прачынайся ж ты хутчэй. Цудко памёр. Які, які... Нічыпар Цудко з Наўя. Учора зямляк паведаміў. Засталіся калекцыі, карціны... Кландайк для навукоўца!
        Я злосна намацала босай нагой пантофлю, якая схавалася пад скрыню з абуткам.
        – Спачуваю, вядома, але... Памятаю я твайго Цудко. Думаю, калі ў ягонай калекцыі і было што вартае, даўно забраў якісьці музей. Куды ён толькі не звяртаўся са сваімі шэдэўрамі... Ведаеш, колькі такіх дзядзек з невыноснымі амбіцыямі па нашых вёсках ды мястэчках? Я іх бачыла досыць і без тваёй пратэкцыі...
        Я ведала Альбертаву схільнасць да дзівакаватага дзядзечкі-земляка. Па-першае, таму, што зямляк, па-другое, Цудко ледзь не маліўся на знакамітага суродзіча і ладнае месца ў сваім музеі адвёў для матэрыялаў пра Альберта. Да таго ж рэгулярна друкаваў у раённай газеце водгукі на ўсе акалічнасці яго творчага шляху. Што ж, добрае слова і кату прыемна, і Свянткоўскі апекаваўся самадзейным калекцыянерам, які да таго ж, што самае страшнае, быў і самадзейным мастаком. Запрашаў на выставы ў сталіцу, прыводзіў на кансультацыю да мастацтвазнаўцаў – гэта значыць, і да мяне. На жаль, «адкрыцці» правінцыйнага энтузіяста не вытрымлівалі прафесійнай праверкі, а яго ўласны жывапіс увогуле псаваў рэпутацыю. Таму я хаця і разумела Альберцікаў клопат пра спачылага, але не збіралася падзяляць яго.
        – Старая, ты не ўяўляеш сабе, ад чаго адмаўляешся! Ды я сам бы паехаў, але сёння вечарам адлятаю ў Швейцарыю. Згодзен з табой, дзед быў страшэнным дылетантам, надаваў значэнне многім не вартым таго рэчам. Але, з другога боку, таму сапраўды унікальныя творы ён мог не ацаніць. Ты ж не была ў ягоным музеі, а я быў. Гэта такія сутарэнні, такія завалы матэрыялу... Зараз усё парасцягваюць, круцяцца там розныя падазроныя асобы, а шкада. З'ездзі хоць на пару дзён, зірні прафесійным вокам, можа, нешта адбярэш для свайго музея.
        – Ды пры чым тут я? Няхай Цудкоўскімі скарбамі раённы музей зоймецца, як і належыць.
        – Разумееш, дзед марыў, каб ягоныя экспанаты трапілі ў сталічны музей. А з раённым меў адносіны, мякка сказаць, складаныя. I ён сто разоў мяне прасіў – калі што, каб я сам паклапаціўся пра ягоныя зборы.
        – Па-першае, зіма, а зімой па правінцыі ездзіць задавальнення мала. Па-другое, у мяне толькі пачаўся адпачынак. I я ведаю, як правяду яго. У цяпле на ўласнай канапе.
        – Ну паслухай... Мы табе ўсё кампенсуем. Зайдзі ў Міністэрства культуры. Табе камандзіроўку аформяць аж на два тыдні! Рэкамендацыі да мясцовага начальства дадуць. Ну прашу цябе! Калі ты пашкадуеш, што з'ездзіла, я гатовы перапісаць сваю «Князёўну» ў зялёных танах.
        Гэта было значнае абяцанне. Партрэт «Князёўны» – наш з Альберцікам яблык разладу. Відаць, да просьбы земляка Альберт ставіўся сур'ёзна.
        – Не магу нічога сказаць пэўна. У мяне зусім іншыя планы.
        Вядома, я паехала ў забытае Богам Наўе, загубленае сярод лясоў і балот Заходняй Беларусі, страшэнна незадаво-леная сабой і светам. Паехала, прыхапіўшы Альбертаў эцюднік (а раптам натхненне сыдзе?), не ведаючы, у якую гісторыю патраплю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.