РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ірына Шаўлякова пра сучасны стан літаратуразнаўства і крытыкі
        Больш як год таму рэдакцыя літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў” распачала конкурс літаратурна-крытычных твораў на тэму “Беларуская літаратура ХХІ стагоддзя: постаці, тэндэнцыі, перспектывы”. 26 снежня былі падведзеныя вынікі конкурса, уганараваны пераможца, праведзеныя майстар-класы вядомымі літаратарамі, крытыкамі Ірынай Шаўляковай, Міхасём Тычынам, Алесем Пашкевічам ды Анатолем Івашчанкам.
        

        
        У конкурсе ўзяла ўдзел больш як дваццаць чалавек. Працы дзесяці з іх былі вылучаныя як лепшыя сярод іншых. У фінал прайшлі: Аркадзь Несцярэнка, Марына Весялуха, Юнэля Сальнікава, Ала Савіцкая, Ірына Блоцкая/Кшыштаф Хофман, Вера Гарноўская, Сяргей Грышкевіч, Маргарыта Аляшкевіч, Алеся Лапіцкая, Алена Карп. Фiналiсты аддавалi перавагу жанрам літаратуразнаўчага артыкула, эсэ, рэцэнзіi.
        

        
        Эксперты падзяліліся сваім бачаннем сучаснага стану літаратурнай крытыкі. Літаратурны крытык, літаратуразнаўца Ірына Шаўлякова акрэслiла ў найбольш агульных рысах тыя пункты, праз якiя сёння, на яе думку, пралягае “дэмаркацыйная лiнiя” памiж літаратуразнаўствам і крытыкай:
        – Тэксты, звернутыя сёння ў айчыннай культурнай прасторы да асэнсавання, апiсання стану мастацкай лiтаратуры, з пэўнай доляй умоўнасцi можна падзялiць на “літаратуразнаўчыя” і “крытычныя”. З пункта гледжання айчыннай літаратуразнаўчай традыцыі крытыка ёсць часткай літаратуразнаўства – калі разглядаць апошняе як гуманітарную навуку, што вывучае літаратуру від мастацтва ў яго ўзаемадачыненнях з грамадскiм жыццём ды іншымі відамі мастацтва. Звычайна ў лiтаратуразнаўчых слоўнiках ды энцыклапедыях лiтаратуразнаўства разглядаецца як “трыяда” трох яго адгалiнаванняў: тэорыi літаратуры, гісторыi літаратуры і ўласна літаратурнай крытыкi.
        Мiж тым, у апошнія гады я следам за Леанідам Галубовічам (пiсьменнiк, рэдактар аддзела крытыкi газеты “Літаратура і мастацтва” – А.П.) усё з большай пэўнасцю пераконваюся, што крытыка сапраўды становiцца “чацвёртым лiтаратурным родам” (у дадатак да эпасу, лірыкi і драмы). Бадай, у гэткiм “парадаксальным” пытаннi можна разлiчваць на на паразуменне асобных крытыкаў, бо ў пісьменнікаў, верагодна, будуць пярэчанні, досыць сур’ёзныя i, варта прызнаць, небеспадстаўныя. Тым не менш, калі разглядаць літаратурную крытыку як адмысловы род літаратуры, то падчас аналізу крытычнага твора можна актуалiзаваць тыя ж алгарытмы i крытэрыi, што прымяняюцца для аналізу твора ўласна мастацкага. Найбольш прадуктыўнымi дзеля сутнасцi i асаблiвасцяў самаарганiзацыi сучаснай крытыкi ў “хаосмасе” найноўшай літаратуры мне падаюцца iдэi цэласнага аналізу літаратурнага твора .
        Як і любы мастацкі тэкст, крытычны твор мае план зместу і план выражэння (формы). У нашым выпадку размову пра асаблiвасцi зместу мусiм лакалiзаваць увагай да аб’екту i прадметаў адлюстравання. Калi разумець лiтаратурную крытыку перадусiм як “мастацтва ацэньваць” (згадаем грэчаскае паняцце kritike), як літаратурныя творы розных жанраў (артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, эсэ і інш.), прысвечаныя ацэнцы, разбору і вытлумачэнню літаратурна-мастацкіх твораў, яна паўстае адным з важнейшых складнікаў літаратурнага працэсу. Галоўным аб’ектам адлюстравання крытыкi з’яўляецца бягучы літаратурны працэс; прадметамi адлюстравання становяцца стваральнікі і плён бягучага літпрацэсу (суполкі, літманіфесты, падзеі, творы і г.д.) Падкрэслiм, што ўвага крытыкi канцэнтруецца найперш на тых з’явах, складніках літпрацэсу, што ўсведамляюцца як актуальныя. Літаратурны працэс можа быць аб’ектам адлюстравання і літаратурнай крытыкі, і літаратуразнаўства. Адрозніваецца фокус гэтай увагi: у літаратуразнаўстве, як правіла, асэнсоўваюцца агульна-тэарэтычныя, канцэптуальныя і метадалагічныя падыходы да асэнсавання літаратурнага працэсу i яго складнiкаў; крытыка, паўтаруся, перадусім канцэнтруецца на актуальных мастацкіх падзеях, прычым гэта могуць быць не толькі творы, але і маніфесты, дзейнасці суполак, нават постацi пэўных творцаў, чыя дзейнасць успрымаецца як “культурная падзея”. Цікава, што ў сучаснай крытыцы адной з самых вострых і актуальных праблем становіцца праблема асэнсавання ролі самой крытыкі і далейшых шляхоў яе развіцця.
        Сучаснае лiтаратуразнаўства – складаная i рухомая сiстэма розных дысцыплiн Сённяшняе беларускае літаратуразнаўства знаходзіцца, на мой погляд, у своеасаблівым разломе памiж наяўнымi метадалогiяй i “тэхнікай пісьма”, прыналежнымi да XX стагоддзя, і неабходнасцю пошуку прынцыпова новай метамовы, у сiстэме i межах якой можна было б адэкватна асэнсоўваць літаратуру, якая ствараецца на нашых вачах.
        Што тычыцца жанравых магчымасцяў сённяшнiх крытыкi ды лiтаратуразнаўства, яны, насуперак першаму ўражанню, даволi сцiплыя. Лiтаратуразнаўства па-ранейшаму рэпрэзентуе своё плён у манаграфіях, артыкулах, тэзiсах выступленняў, літаратуразнаўчых рэцэнзіях i да т.п. “Шыкоўная” разнастайнасць крытычных жанраў таксама ўяўная: усё тыя ж рэцэнзіі, нататкі, артыкулы – у абмежаванай колькасцi мадыфiкацыяй. У дачыненнi да жанраў крытыкi цi не самай выразнай тэндэнцыяй становiцца тэндэнцыя да iх рэдукавання, “сцяжэння”. З аднаго боку, можна было б радавацца: нарэшце беларускія крытыкі паклапацiлiся пра рэалiзацыю чытацкіх чаканняў; калi сённяшнi чытач здольны спажываць культурную інфармацыю у мiнiмальных дозах, дык дамо яму гэтае шчасце. Але зваротны бок гэтага працэсу – iмклiвы рух крытычнага тэксту ў бок рэкламнага слогану, рэкламнага анонсу. Праблемы згаданага рознаскiраванага руху абумоўлiваюць i спецыфiку станаўлення Інтэрнэт-крытыкі як “short-short-крытыкі”. Скажам, традыцыйны жанр кароткай рэцэнзіі ў Iнтэрнэт-крытыцы можа ў хуткiм часе ператварыцца ў квазірэцэнзію. Якімі б “рэвалюцыянерамі” (цi “пiонэрамi”) ад крытыкi сённяшнiм яе стваральнiкам не хацелася б здавацца, вандруючы з рэальнай прасторы ў віртуальную і наадварот, яны мусяць мець пры сабе (для пачатку!) мiнiмальны “набор” прафесiйных “ведаў-уменняў-навыкаў” – каб утрымлiвацца ў межах прафесii i мець магчымасць гаварыць пра свае тэксты як пра лiтаратурную крытыку, не выдаючы за iх раздражнёныя рэфлексii цi благаннi “па матывах лiтаратуры”.
        Калі беларуская літкрытыка разбярэцца са сваiмi функцыянальнымi праблемамi, згаданы вышэй разлом паміж “вялікімі” i “мiнiяцюрнымi” яе жанрамі стане яшчэ глыбейшы. Літаратуразнаўства ў гэтым плане больш кансерватыўнае: бадай, нічога не пагражае нi сённяшняму, нi будучаму жыццю лiтаратуразнаўчых манаграфій, артыкулаў i т.п. жанравых форм.
        Колькi словаў пра адрозненнi “тэхнікі (манеры, стылю) пісьма” айчынных крытыкi i лiтаратуразнаўства. Відавочна, што ў літаратуразнаўстве пераважае навуковы стыль, выразная стылёвая кансерватыўнасць. Крытыка, якiя рэпрэзентуецца ў сённяшняй перыёдыцы, разгортваецца ў дыяпазоне ад стылiстыкi “белетрызаванага літаратуразнаўства” да ўласна мастацкага стылю. Адной з найбольш выразных стылявых тэнднцый айчыннай крытыкi паўстае тэндэнцыя да эсэізацыі крытычнага маўлення.
        Назіраецца ў нас i яшчэ адна цікавая тэндэнцыя, магчыма, звязаная з прыходам у крытыку выхаванцаў Інстытута журналістыкі (колiшняга журфака БДУ), – узмацненне публіцыстычнасці выказвання. Для сучаснага крытыка гэта, відаць, някепска, калі мець на ўвазе, што згаданая публіцыстычнасць мае свае станоўчыя моманты: уменне зацікавіць, “зачапiць” чытача, прыцягнуць ягоную ўвагу i, што важней, утрымлiваць яе. Але не варта забывацца i пра небяспеку экспансii публiцыстычнасцi ў лiтаратурна-крытычны дыскурс: публiцыстычная рыторыка можа падмянiць сабою “мастацтва ацэньвання”.
        Акрамя таго, спецыфічнае разуменне сучаснай крытыкай інтэртэкстуальнасцi дало ёй магчымасць выдаць самой сабе iндульгенцыю на “культурнае паразiтаванне” (на мастацкіх i лiтаратуразнаўчых тэкстах, на класіцы i авангардзе i г.д.)
        Урэшце, калi гаварыць пра “адрасата” сучаснага беларурскага лiтаратуразнаўства i крытыкi, даводзiцца “мiрыцца” з вiдавочнымi, банальнымi, але ад таго не менш балючымi парадоксамi. Выразнае імкненне, нават прага выхаду да масавай аўдыторыі атручаная для беларускага крытыка ўсведамленнем немагчымасцi гаварыць на адной мове з гэтай аўдыторыяй. Рэч не толькі ў беларускай мове, рэч у радыкальным несупадзеннi iнтарэсаў (эстэтычных, мастацкiх, чытацкiх) беларускага крытыка i айчыннага чытача. Маем адмысловы “камунікатыўны крызіс” (калі преафразаваць выснову А. Несцярэнкі наконт стасункаў чытача i пiсьменнiка.)
        Лiтаратуразнаўства арыентаванае на “прафесійнага” чытача (навукоўцы, аспiранты, студэнты i г.д.), у меншай ступенi – на чытача “літаратурнага” (пiсьменнiкi, крытыкi) ды “калялiтаратурнага”. Крытыка, у адрозненні ад літаратуразнаўства, у iдэале імкнецца да ахопу шырокай аўдыторыі, але ў рэальнасцi яна разлiчаная (i можа разлічваць – у блiжэйшай перспектыве) на чытача калі не прафесійнага, то падрыхтаванага (то бок амаль прафесiйнага).
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.