РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мінаючы прыстань
...
        I. Ліст да маці 
        
        Апанованы чорнай роспаччу,
        Што бязьлітасна смокча мяне,
        Даражэнькая! Я ня плачу,
        Я ня плачу, матуля, не.
         
        Чужына – не радзімая маці;
        Чужына – як ліхая зьмяя.
        Потам горкім у полі і ў хаце
        Умываюся штодзень я.
         
        Чужына не галубіць, ня песьціць,
        Не пачуеш тут: ‘Сынку’, ‘Люблю’.
        Што-ж рабіць мне? Мо’ лезьці
        Галавою ў тугую пятлю?
         
        Не, каханая! Я ня ў стане
        Налажыць на сябе пальцы рук.
        Сэрца прагне з табою спатканьня,
        Сэрца прагне пазбыцца мук.
         
        Не сумуй-жа, радзімая, болей!
        Мы убачымся: еду к табе...
        Што-ж так сэрца заходзіцца з болю?..
        Штось нядобрае душу скрабе...
         
        
        II. У цягніку 
        
        Закалыхваюць думкі і цела
        Аднастайныя сьпевы калёс.
        Як маланка, ў мазґу праляцела:
        “Чым-жа стрэне, пацешыць лёс?”
         
        Кружаць птушкаю думкі аб доме:
        “Як-жа там маёй беднай старой?”
        У куточку, на бруднай саломе,
        Мроіць сны наяву мой гэрой.
         
        “Вось прыеду да роднае маці,
        Абніму, расцалую у твар;
        Ўсё агледжу ля хаты і ў хаце,
        Узару ўзьдзірванелы папар.
         
        Ні спачынку, ні стомы ня знацьму,
        Абы толькі прыехаць дамоў...”
        Нейкі голас у сэрцы зьнянацку
        Адазваўся і... раптам замоўк.
         
        Расчыніўшы душу сваю насьцеж,
        Прагна піў пачуцьцёвы наплыў
        І, захоплены думкай аб шчасьці,
        Ён у царства Марфея паплыў.
        
         
        III. Сон
         
        З гулам, грукатам, громам і сьвістам
        Гураганіць вірлівая бель.
        Абмінаючы ціхую прыстань,
        Мора гоніць у даль карабель.
         
        Ён то ў бездані дзесьці зальлецца,
        То ўзьнясецца над хваляй-гарой...
        Нібы птушка падбітая ў клетцы,
        У няроўным змаганьні гэрой.
         
        Наляцела раз’юшана хваля;
        Карабель – толькі трэскі адны.
        Зь дзікім рогатам ветры сьвісталі:
        “Пахаваем жыцьцё без труны!”
         
        “Божа, Божа! За што мне загуба?”
        Вочы к небу з гарачай мальбой...
        Карабельнае бэлькі абрубак
        Ён убачыў, адчуў пад сабой.
         
        Мора сьціхла. На хвалях паблізу
        Перад ім параплаў задымеў...
        Сьлёзы радасьці бурнай, вялізнай
        Ад людзей захаваць не умеў.
         
        
        IV. На разьбітым прыстанку
         
        Прахапіўся... Разьбіты прыстанак
        Пазіраў на яго і на ўсіх.
        Можа зараз хвіліна настане,
        І пабачыць ён родных сваіх?
         
        Можа хутка па моры загонаў
        Паплыве ён да роднай страхі?..
        Ды, з расчыненых насьцеж вагонаў,
        Выганялі усіх штыхі;
         
        Заганялі ў другія, дзе краты
        І да кратаў – суворы канвой.
        Кожны ўспомніў аб “долі чубатай”,
        Разьвіваючы думак сувой:
         
        “Ой, за што, за якія правіны
        Заганяюць за краты нас?
        Ці-ж за тое, што скарб свой адзіны
        Зьбераглі мы ў няпэўны час?”
         
        Праз ваконныя краты, у грудзі
        Водар мёду струменіў зь ліп...
        А гэроя панурыя людзі
        З крыкам злосным кудысь вязьлі.
         
        
        V. Крык душы 
        
        О, радзіма у цьвеце каліны!
        Прабіваючы цемру начы,
        Лётам сэрца свайго сакаліным
        Я ляцеў, каб душой адпачыць.
         
        Твае гоні мяне ўзгадавалі,
        Ды прыблуды з чужое зямлі
        Маё шчасьце – цябе – аплявалі,
        А мяне у няволю ўзялі.
         
        Мо’ цябе ўжо ня ўбачу да скону,
        Праліваючы пот на чужых...
        Душу смокча мне боль шалёны,
        Сэрца крояць мне жалю нажы.
         
        Што-ж чыніць мне?
        Як вырвацца з клеткі,
        Каб душою і целам ня сох?
        О, любімыя сэрцам палеткі!
        Хочу вашай упіцца красой.
         
        У душы не змаўкаюць акорды...
        Не праб’юся праз мур ілбом...
        Лепш памерці мне стоячы, горда,
        Чымсі жыць на каленях, рабом.
         
        
        VI. Воляй лёсу
         
        Толькі ноч закалыша жывое,
        І глыбокі, салодкі сон
        Разаўе сваіх чараў сувоі, –
        Ён жыцьцё сваё ставіць на кон.
         
        Ціхачом і зацята, як мышы,
        У падлогу ўгрызаецца нож...
        Не варушыцца сам, ня дыша.
        Утаймоўвае цела дрож.
         
        Дні трывожныя, ціхія ночы
        Ўзгадавалі жаданы плён...
        “Божа Моцны, ратуй!..” і скончыў
        У цямрынь, на зямлю пад вагон.
         
        Апрытомнеў... Знаёмыя далі
        Пракаўтнулі далёкі гук...
        Навакольныя пушчы звалі
        У абдымкі магутных рук.
         
        Усьміхнуліся зоры іскрыста,
        Задрыжалі над морам начы...
        Воляй лёсу, мінаючы прыстань,
        Плыў ён, помсту сваю несучы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.