РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзяўчына
1
Нехта ўжо лесам ідзе і сьпявае,
йдзе і сьпявае, няхай яшчэ росы
стаюць няхутка у сонцавых косах,
хай коле ў ногі атава сівая...
Восень, дык сонца ўстае неахвоча:
ой, і дадзела ж асеньняя праца!
Ледзь вып’еш росы, адразу трэ брацца
йрваць павучыньне туману, падскочыць
чырвеняй спляміць асіньнік, у полі
высушыць бульбу ў барознах, і бэру
цукрам наліць, і даць сіні у меру
ў небныя ночвы... Ня скончыш ніколі!
Нехта ўсё ж лесам ідзе і сьпявае –
белая хустачка, босыя ногі...
Колькі арэхаў ля самай дарогі,
гэткіх буйных, залатых!
                                         I зрывае
дзеўка арэх мімаходзь, а пад сьвіткай
сэрца-ткі б’ецца, аж коле у грудзі:
каб не дазнаўся хто толькі, бо будзе
кпіць зь яе вёска, над цэпам ці ніткай,
хоць уцякай дзе...
                               Ды вось ужо й полка
ставу мігціць між камлямі... Дзяўчыну
вусьціш спыняе, бо «сам» каля млыну,
ледзь не ўпусьціла з гасьцінцам кашолку.
Дзіва! Млынар, кажуць людзі, вядзьмарыць.
моц нелюдская у целе старэчым:
кроў замаўляе, варожыць ды лечыць –
гасіць агніцу, шле трасцу на ймшары...
Ды ці йшчэ гэтак старога агудзяць?
Кажуць, дзяцюк ці адзін ваўкалакам
зь дзедавай ласкі ўжо бегае ракам,
кажуць...
                Пабачыў. Хай будзе, што будзе.
 
Госьцю вядун із усьмешкай вітае,
ейныя думкі як быццам гартае.
Белы, высокі, калматыя бровы,
твар, як і лес той, пажоўклы, васковы,
белая вопратка, лапці, аборы
і найдзіўнейшае – вочы, як зоры...
Голасам ветлым, ціхім, глухаватым
дзеўку вітае старэча. У хату –
кажа – ня просіць, валей над вадою
сеўшы, напіцца усмак сырадою
восенскіх раньняў... Што зь ёю, пытае,
моўчкі йдзе ў сенцы, дзе цемра густая,
кій свой бярэ, кола кіем абводзіць,
зь дзеўкай яго тры разы абыходзіць,
місу прыносіць сьцюдзёнай вадзіцы,
кідае прыгаршчы зёл ці карыцы,
кажа дзяўчыне ў ваду углядацца,
ходзіць ды ходзіць...
                                    «I важкая ж праца,
лепш дзірваны рэзаць сьпёкай нарогам», –
думка апошняя ў дзеўкі, й нябога
дзеду утроп пачынае хістацца,
ажно няма ўжо й чаго прыглядацца,
толькі здалёк ізь нязнаных далечаў
словы плывуць, цемру й цішу калечаць...
       «Ўстану я ды выйду ў лес-бор паволі,
       зь лесу-бору выйду ў чыстае поле,
       стану я плячыма там да заходу,
       стану белым тварам там да усходу...»
Словы мацьнеюць, агортаюць, душаць...
Звон б’е дзяўчыне ў скроні, у вушы,
круціцца сьвет... А старэчыя вочы
сочаць скрозь нешта, а голас – шапоча:
       «Абтулюся хмарамі сівымі,
       абаткнуся зорамі малымі,
       абмачуся чыстаю расою,
       абсушуся сонцавай касою...»
Шэпча стары ўжо губамі аднымі
словы, што людзі завуць «ключавымі»:
       «Не зьмяніць тых слоў, ні даказаць нікому,
       ні старому, ні някемліцы-малому,
       іх замкну я дзесяцьма замкамі,
       заключу іх дзесяцьма ключамі,
       а ключы па лесе расьцягаю,
       на дне возера-прадоньня пахаваю...»
Скончыў вядун, уздыхнуў ды дзяўчыне
піць падае, хай адыдзе, астыне.
«Шчаснаму, – кажа ёй, – дзякуй дзянёчку,
калі у пакутах ды радасьці дочку –
пэўна ж цябе – прывяла на сьвет маці:
долі шчасьнейшай – людцом не зазнаці.
Толькі хлапцоў сьцеражыся, бо гады
з шчасьцем і з тым, а дадуць сабе рады...»
Вусьцішна краснай... Замлела, зьбялела,
п’е – й як заплача, ні пала, ні села!
Плачучы, сыр з палатніны вымае,
дзеду дае – і бяжыць...
                                       Абыймае
ўзноў яе ціша асеньняга раньня,
шэлях пажоўклага лесу, чаканьне
шчаснага кону, што дзед напрарочыў,
аж... абсыхаюць дзявочыя вочы.
Восень на сьвеце... Імгла палавая
пасмай віецца, ўстае над лагчынай...
Вусьцішна ўсё яшчэ, млосна дзяўчыне,
зноў яна песьню, адлі, запявае.
Вецер узьняўся, ў твар сіверам коле,
й люба дзяўчыне, хай босыя ногі...
Лузаць арэх, мімаходзь, ля дарогі
толькі ўзялася, –
                             і вось ужо поле!

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.