РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лебядзінае возера
1
Тут былі калісь бары зь імшарамі,
зь цёмнымі, хваёвымі гушчарамі,
у вянку, заплеценым вярбінамі,
возера ляжала тут глыбіннае,
па вадзе пусьціўшы твані шэрай вязь,
а у возеры тым жыў сам Лебядзіны князь.
Жыў ён, князь, зь лябёдачкамі-жонкамі,
жыў ён, князь, з малымі лебядзёнкамі.
Ой, была ж ім, птахам, тутка волечка
і ўначы, і ўдзень, і самацьветам-золачкам:
у трысьці адны яны кахаліся,
гадавалі дзеткі, расставаліся...
Ды прыйшлі канцы жыцьцю іх вольнаму.
Людзі збройныя аднойчы зь места стольнага
у бары гушчарным заблукаліся,
тры начы, тры дні з борам змагаліся...
Скрозь дрыгва із нэтраю ня зводзяцца, –
ажно выйшлі, досьвіткам, на возера...
Бачаць – вось ляжыць яно, нязьведнае,
місай сэрабранаю бяседнаю,
адбівае неба, хмары ў чырвані,
бор сівы, як быццам з казкі вырваны...
А сярэдзінаю – лебедзі ўжо плаваюць,
туманы разгортаюць сівавыя,
пёркі абтрасаюць свае сьнежныя,
у суцішы ранічнай кунежацца...
Людзі, што ж, як людзі... Сэрцы гэткія
выкавала доля ім, як з клеткі бо
вырвуцца – ўсіх крыўдзяць, мест спагадаю
сьвет заліць... Мячом жывуць ды звадаю...
Скрадам ля вады яны цікаліся,
ціха у трысьці яны згукаліся,
стрэлы павыцягвалі калёныя,
лукі панацягвалі з праклёнамі
і пабілі матак зь лебядзёнкамі,
ажно пух ускрыў ваду сівой пялёнкаю.
А пабіўшы, сталі злыдні цэліцца
у самога князя – трэ ж асьмеліцца!
Слалі стрэлы ў грудзі яго белыя,
слалі стрэлы ў вочы яго сьмелыя,
пёры чыстыя няўзнак скачалі ў гразь...
I сказаў тады ім Лебядзіны князь:
«Гэй людцы, людцы вы неразумныя,
горка мне за вас, агорклых, сумна мне...
Зь цецівы навошта стрэлы слалі вы,
аж пабілі ўсё маё да каліва,
кроў пусьцілі дзеткам маім дробненькім,
білі ў сэрцы белыя лябёданькам?
Будзьце ж вы, людцы, навек праклятыя
за злабу, за сэрцы за зацятыя.
Не наліць ніколі вам іх літасьцяй,
будуць век яны чужой крывёй нясытыя,
будуць век жадой гарэць няўгойнаю,
біць, губіць усё, што супакойнае.
Ні зьвяру, ні птушцы вы ня будзеце
век братамі, ўсіх вакол загудзіце,
пойдзеце й за моры з акіянамі
біцца ізь бязьвіннымі, рахманымі...
Воля ваша... воля незавідная,
быць сабе і ўсім усюды злыднямі...
Беце ж... Але хто калі вось так, як сяньнейка,
тут над возерам крывёй зноў абрасяніцца,
лебедзя заб’е ці каляной стралой,
ці ў сіло узяўшы над вадой цьвілой,
хто заб’е – дык сам ізь ім загіне ён
сьмерцяй гэткаю ж, загіннай, лебядзінаю».
Так сказаўшы, выплыў князь сярэдзінай,
паглядзеў на кроў, на пёры белых лебедзяў,
скалануў крыламі лебядзінымі –
і затонуў сінімі глыбінамі...
Выйдзе ён, як людзі скрозь пазводзяцца,
выйдзе ён з прадоньнейка, разводзьдзейца,
затрапеча крыламі магутнымі,
кіне ў неба словамі пакутнымі,
белай пенаю запеніць плёсы чыстыя
і віры з глыбінамі празрыстымі,
скалане нат продань-сінь паднебную, –
і на роўнядзь срэбную – ўсе срэбныя –
плаўна выплывуць лябёдкі белапёрыя
зь лебядзінаю малечаю вясёлаю.
Будуць над мінулым яны суд судзіць,
суд судзіць агулам ды прысуд прасіць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.