РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Музыка
1
        От, такі быў музыка чарадзейнік,
        што захоча – усё з сэрцам зробіць.
З казак беларусаў-палешукоў.
        
На Палесьсі, дзе ўвосені просяцца
сосны плачам прыглушаным, дзікім,
над вадою, ў асмаленай восеці,
жыў калісьці чароўны музыка.
Наша маці-зямля беларуская
нарадзіла музыкаў ці мала,
а ніхто так, як ён, не выпускаваў
хараства з расьсьпяваных цымбалаў.
I ніхто
так, як ён, не атручваў
далікатнай пяшчотай іскрыпкі,
каб усе свае думкі пякучыя
яна
       песьняй расказвала сыпкай.
Граў музыка вясельлям
і хрэсьбінам,
галасіў над труною сасновай.
Зносіў людзям паўнюткія рэзгіны
гукаў сьпеўных,
і знаных, і новых.
Мог зрабіць
із салодкага – горкае,
з жалю палкага – выцьвісьці шчасьцем.
Ледзьве пальцамі струны паторкае –
ўмеў душу ён людскую украсьці!
Так хадзіў ён па сьвеце
з расхрыстаным
сэрцам, з поўнымі жменямі песьняў,
дзень па дні адкідаў, пералістываў,
сяньня тут –
а назаўтрае – дзесьці.
I ў сваім падарожжы,
захоплены
хараством сэрабраных сузор’яў
ці вячорнае медзі растопамі, –
забываўся,
што сяньня,
што – ўчора.
 
Аж тут рынулі чорнаю хмараю,
разьліліся чырвонаю плямай
дні інакшыя:
з жудзяй, з пажарамі,
з горкай мглою дымоў над палямі...
Сьмерць...
Руіны...
Крыжы і пажарышчы...
Роспач, голад,
калецтва, жалобы...
Аб прыгожасьці тут не размарышся!
Граць, сьпяваць –
на якую хваробу!
Занямовеў музыка...
Спалоханы,
зь непатрэбнай іскрыпкай пры сэрцы
мерыў гора ён доўгімі крокамі,
і хацеў,
і баяўся памерці.
Ўсюды, ўсюды
крывавымі зданямі
уставала насустрач
сягоньня.
Сьвет увесь быў суцэльнаю ранаю,
бессэнсоўным
і велічным сконам!
Стаў музыка пад спаленай хвояю,
цесна йскрыпку прыціснуў, ударыў –
жудкім гімнам тузе незагоенай
далучыўся да гулу пажараў.
Скрозь мацьнелі акорды,
скрозь дужалі,
ўгору йшлі з шэптаў лісьцяў пажоўклых
да грымотаў... Аж ніткаю кужальнай
абарваліся рэзка...
і змоўклі...
Дзіка крыкнуў музыка
(сугуччамі
адгукнуўся асіньнік асеньні),
і разьбіў сваю йскрыпку пявучую
аб сівое-сівое каменьне...
 
Мгла лягла на рудыя папелішчы,
спавіла сьвет калекі
й музыку...
I падзеўся ён недзе ў мяцеліцы
п’яным п’яных падзей...
Не прыклікаць.
Хай, галуб, выйдзеш,
выйдзеш на досьвітку
на засланае лёнам аўсяньне...
Лёгкі ветрык разгортвае вопратку,
навакола –
бой сьценяў і зьзяньняў,
небам – хмары шыпшынна-ружовыя,
ў сэрцы –
ціхае, яснае сьвята...
Ды музыку гарачымі словамі
не прыклічаш...
Ня пойдзе па хатах...
I ня будзе цудоўнай пяшчотаю
песьціць зноўку пявучую йскрыпку –
роспач,
жахі крывава-сьмяротныя
засыпаць песьняй лёгкай і сыпкай!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.