РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ахвяры
1
2
3
4
5
6
7
8
Эпілог
1
        
1

        
        У зямлянцы было цёмна. Ніколі раней буржуйка, добрае вынаходства, цяпер ужо, здавалася, далёкіх часоў грамадзянскай вайны, не дыміла, звычайна наганяла лазневуго цеплыню хутка, і ў такі вячэрні час нярэдка адчынялі дзверы, каб выветрыць сухую духату. Цяпер жа цеплыню выдзьмула за адну хвіліну, як толькі адчынілі дзверы.
        На дварэ гуляла ранняя завіруха, злосная, як сама вайна, як нечаканае варожае нашэсце. Лес не шумеў – стагнаў многагалоса, то гудзеў трубна, то выў параненым воўкам, то плакаў мноствам дзіцячых галасоў. Вецер не прабіваў сцяну дрэў, а гнеўна кідаўся на зямлю з неба, праз вершаліны, слабеў у галлі, але асобныя яго струмені прарываліся ў «вокны» – у прагаліны ад паваленых для будаўніцтва лагера сосен,і ўзвіхрывалі калючы снег. Час ад часу такі ветраны абвал абрушваўся на зямлянку, на комін, і тады печ пыхкала полымем і дымам праз усе шчыліны.
        Хворыя грудзі начальніка штаба Брагінскага раздзіраў пакутлівы кашаль. Капітан споўз са свайго драўлянага вузкага тапчана на падлогу, на яловыя лапкі, накрытыя нямецкай плашч-палаткай. Такім быў «ложак» самага маладога жыхара зямлянкі камісара Ігара Кіпеня: чацвёрты тапчан не змяшчаўся; калі будавалі зямлянку, у каманднай групе было трое.
        Камандзір атрада Аляксей Іванавіч Ман сядзеў за сталом пад ліхтаром «лятучая мыш», язычок агню якога таксама хліпаў ад ветру ці дрэннай газы, і займаўся незвычайнай працай – выразаў з асінавай плашкі... міску. Атрымоўвалася гэта ў яго вельмі ладна. На стале апетытна бялелі ажно тры такія міскі – прадукцыя апошніх дзён. У атрадзе вастрасловы кпілі, што камандзір гандлюе міскамі і лыжкамі. Аляксей Іванавіч пасміхаўся ў сваю рыжую бараду. Было. Усё было. Вывозіў ён разы два свае міскі ў райцэнтр на рынак – хацеў уласнымі вачамі паглядзець на прадстаўнікоў новай улады – на немцаў, паліцаяў. Прадаваў свае вырабы камандзіру суседняга атрада даўняму сябру Цімоху Дзядзюлю. Толькі нікому не казаў пра цану: лыжка – абойма патронаў. Дзядзюля лаяў яго па-сяброўску: «Жмот ты! Гандляр! Шпекулянт!» Але не прызнаваўся, што лыжкі і міскі гэтыя памагаюць яму ў выглядзе лапцюжнага селяніна прабірацца ў Мінск і там куды больш выгадна выменьваць іх на рэчы не менш патрэбныя, чым патроны.
        Ман слухаў кашаль таварыша, і ў яго па-бацькоўску балела сэрца. На шырокай яго лысіне выступілі буйныя кроплі поту, не столькі, пэўна, ад натугі пры рабоце разцом, колькі ад жалю і спачування. Між іншым, лысіна яго здзіўляла і захапляла маладых – Брагінскага і Кіпеня: у сорак два гады такі «аэрадром для мух», як ён сам жартаваў. А яшчэ больш, бадай, усіх у атрадзе здзіўляла барада: пры такім «голым полі» на галаве густы зараснік у ніжняй яе частцы. «Ад чаго гэта так?» – спытаў нехта з цікаўных партызан. Аляксей Іванавіч сам адказаў: «У гэтай каробцы што знаходзіцца? Апарат, які думае. А там, дзе кустарнік? Сківіцы. Яны жуюць. Робяць зарадку. Ад таго і расце на іх».
        Брагінскі зноў зайшоўся ў кашлі, уткнуўшыся тварам у яшчарна-зялёную пляму плашч-палаткі.
        Аляксей Іванавіч перасмыкнуўся, як ад уласнага болю.
        – Лезь, Навум, на сваё ложа. Я выветру дым.
        Калі капітан лёг на канапу, падышоў і памацаў лоб.
        – Гарыш ты, брат. Ад раны ці ад прастуды?
        – Ад раны.
        – Усё ж лета маўчала.
        – Маўчала. Я маўчаў. А яна крычала.
        – Добра замерзне возера, прыляціць самалёт – адашлём цябе на Вялікую зямлю. Палечышся ў шпіталі.
        – Не палячу. Хочаце пазбавіцца?
        – Не крыўдзі мяне, хлопча.
        – Прабачце, Аляксей Іванавіч.
        З адкрытых дзвярэй шуганула снежным зарадам, а з печкі – дымам.
        – А, чорт! Во круціць!
        – Комін у нас нізкі.
        – Нізкі. Куплю ў Дзядзюлі бляху – скляплю трубы. Такія самавары паставім!
        – Вы ўсё ўмееце.
        Ман зачыніў дзверы і зноў. вярнуўся да хворага, зноў памацаў яго галаву.
        – Усё не ўсё, але што-нішто ўмею. Рабіў я і бляхаром. Вадасцёкавыя трубы кляпаў. Во стары жмот, Дзядзюля. Тэрмометр не прадаў. Папросіць ён у мяне...
        – У вас гэта сур’ёзна? Ці гульня?
        – Што?
        – Купля-прадажа.
        – Сур’ёзна.
        – Вы і мяне купілі?
        Ман засмяяўся.
        – Во гумарыст! Цябе Дзядзюля аддаў за так.
        – Каб пазбавіцца?
        – Зноў ты, Навум, гародзіш храновіну. Цябе я сам папрасіў. Гэта ж скарб – мець такога адукаванага вайскоўца.
        – Каб здаровага.
        – Хто ведае так зброю. I сваю. I – што важна – нямецкую. I тактыку.
        – Ніхто нас не вучыў партызанскай тактыцы. А дарэмна. Ніхто не думаў, што прыйдзецца ваяваць на сваёй зямлі.
        – Мы з табой нядрэнна ўжо яе асвоілі, нашу тактыку. I стратэгію адужаем. Усё адужаем. Не хварэй толькі.
        Брагінскага раніла ў пачатку вайны, пры абароне Мінска, калі фашысцкія танкі абыходзілі горад з поўначы. Раніла цяжка. Куля прабіла грудзі, правае лёгкае навылет. Армейскія медыкі вынеслі прысуд: не транспартабельны. Але знайшлася добрая душа – калгаснік з Раўбіч, адвёз у Мінск у бальніцу ўжо тады, калі ў горадзе гаспадарылі немцы, але не СД яшчэ – армейцы, якія пакуль што паблажліва, нават з пэўнай вайсковай гуманнасцю, той, што засталася ад першай сусветнай вайны, адносіліся да раненых, да хворых. Форму капітана селянін схаваў у сваім хляве, а дакументы прывёз і перадаў доктарцы, якая вельмі ж заклапочана прыняла раненага чырвонаармейца. Не адна яна – бадай усе дактары; сівы прафесар адразу закамандаваў: «У аперацыйную».
        Жыццё Брагінскаму ўратавалі. Але далячыць не здолелі: гітлераўцы пачалі выяўляць у бальніцах камандзіраў, палітработнікаў, яўрэяў. Капітана яшчэ з месяц далечвала ў сябе дома санітарка. Але і там стала небяспечна. I яго зноў адвезлі ў вёску, а пасля паўгода перадавалі з вёскі ў вёску, усё далей і далей ад горада, ажно пакуль не перадалі ў партызанскі атрад. I што асабліва дзіўна: увесь час захоўвалі яго партбілет і камандзірскае пасведчанне. Дзядзюля пасля казаў, у жарт ці сур’ёзна, зразумець яго заўсёды нялёгка, што цяжка было вывезці з горада не чалавека – дакументы яго. А для маладога камандзіра захаванне партбілета было, можа, даражэй за ўратаванне жыцця. Ён, напэўна, маліўся б, каб верыў у бога. Ніколі не быў здатны да тэатральных жэстаў, але перад людзьмі тымі падаў на калені, калі пакідаў іх хаты.
        Былы загадчык райза Дзядзюля толькі вясной ужо даведаўся, што за зіму ў другім кутку раёна добры знаёмы яго Манюк (скарочанае яго прозвішча не прызнаваў, лічыў піжонствам, бо добра ведаў вёску, дзе палавіна Манюкоў) арганізаваў свой атрад. Меншы, безумоўна, колькасна, але даволі баявы. Дзядзюля ажно прыраўнаваў: хто мог падумаць, што былы дырэктар спіртзавода такі арганізатар! Чаго добрага, абскача па баявых дзеяннях, бо бліжэй да шашы, да чыгункі. Загарэўся зуб у камандзіра, які лічыў сябе вышэйшым прадстаўніком савецкай улады ў раёне, далучыць атрад Манюка да свайго. Але ўжо дзейнічаў падпольны райком, і ён разважаў інакш: чым больш атрадаў, тым лепш, шырэй партызанскі фронт.
        У Дзядзюлі – трэць атрада абкружэнцы. А ў Мана – ніводнага, усе мясцовыя хлопцы, некаторыя служылі ў арміі, але толькі двое ці трое дараслі да камандзіраў аддзяленняў, не вышэй. Сам ён, праўда, камандаваў узводам у кавалерыі. Але калі тое было – дваццаць гадоў назад! Аляксей Іванавіч зайздросціў суседу, вайсковаму ладу ў яго атрадзе, там нават размовы вяліся на іншай мове – па-руску, па-армейску, з веданнем уставаў. А ў яго – што на калгасным сходзе: кожны – стратэг. Вось чаму, калі пазнаёміўся з баявым капітанам, адразу ж вырашыў: пераманіць. Але Дзядзюля вуха трымаў востра. Дружба дружбай, а тытун паасобку. Прыйшлося пайсці адкрыта:
        «Уступі мне, Цімох, Брагінскага. У цябе паўатрада камандзіраў, а ў мяне ніводнага. У мяне ён будзе начальнікам штаба, а ў цябе патроны набівае».
        Навум Барысавіч загадваў у Дзядзюлі аружэйнай майстэрняй.
        Але не за так аддаў Дзядзюля камандзіра. Гандаль быў ганебны. Нельга сказаць, што запрасіў камандзір ужо праслаўленага атрада, камуніст за чалавека – абразліва было б для Брагінскага, ганебна і для яго, Мана, хоць за лыжкі-міскі свае патрончыкі ён браў без пакут сумлення. Але ж гэта – праца рук яго. А Дзядзюля за чалавека запрасіў... сала тры пуды. Ганьба! I таргаваўся, можа, гадзіну. Сышліся на двух пудах. Сала, канешне, не было. Дзе яго ўзяць! Аддаў чортаў гандляр, як кажуць, напавер. Але пра даўжок не забывае, каторы месяц напамінае, пры сустрэчах і нават у баявых пасланнях робіць вучоную прыпіску PS: «А даўжок калі аддасі?» Ці яшчэ горш: «Сумленныя людзі з даўгамі разлічваюцца».
        Аляксей Іванавіч успомніў гэтую анекдатычную гісторыю, пра якую ён раскажа пасля вайны, і адказаў сябру ў думцы:
        «Во ты ў мяне, Цімашок, палучыш», – і, паклаўшы на стол разец, паказаў «лятучай мышы» дулю. Прысутнасць капітана яго не бянтэжыла.
        Брагінскі, як заўсёды, з цікавасцю сачыў за блуканнем думак у вачах камандзіра, здавалася, што яны прасвечваюцца і на лысіне яго, дзе блішчэлі кроплі поту, і нават варушацца ў зарасніку барады. Гэта была яго любімая забаўка з школьных гадоў: па твары адгадваць, пра што чалавек думае; у батарэі сваёй неаднойчы ашаламляў байцоў такімі адгадкамі, нампаліт дывізіёна так і называў яго: фізіянаміст.
        Аляксея Іванавіча ні разу не ашаламіў. Той спакойна адказваў: «Правільна, адгадаў. Пра што яшчэ думаць у такой сітуацыі?» А часцей пасміхаўся: «Пацэліў ты, Навуме, у белы свет як у капеечку».
        У той вечар Брагінскі асабліва сачыў за камандзіравым тварам. Такая ўвага адцягвала думкі ад болю ў грудзях і сцішала кашаль.
        – Аляксей Іванавіч, мне здалося, вы паказалі камусь фігу. Не мне?
        Ман засмяяўся.
        – Не, мой дарагі начальнік штаба. Не табе. Злосную – Гітлеру. Ласкавую – Дзядзюлю.
        – Вясёлая ў вас дружба.
        – Вясёлая. Не здзіўляйся. У мяне прывычка. Я ім, раённым работнікам, часта паказваў фігу, калі яны прыязджалі па спірт. Толькі энкавэдэшніку не адмаўляў. Каністры наліваў...
        – Баяліся?
        – Дрэнна ты думаеш пра свайго камандзіра. Але адкажу табе шчыра. Баяўся. Дзеянні гэтых саўработнікаў немагчыма было ў той час ні прадказаць, ні прадбачыць.
        – У які час?
        – Калі мяне з наркамата, палячыўшы ў санаторыі, паслалі на спіртзавод. Некаторыя зайздросцілі: пусцілі шчупака ў раку. Але які я шчупак! Нават не акунёк. Плотачка.
        Брагінскі ведаў, што больш года, другая палавіна трыццаць сёмага і першая трыццаць восьмага, як бы выпадала з біяграфіі Аляксея Іванавіча. Маўчаў ён пра гэты год. I малады ідэаліст не адразу нават сцяміў, што здарылася. Дзіўна. Чытаў жа пра суды над маршаламі, камандзірамі, ведаў пра арышт камандзіра іх палка, пра самагубства камдзіва. Верыў, што яны завербаваныя фашысцкай разведкай. Верыў да самай вайны. А калі ляжаў ранены ў бальніцы і яму адкрыта, адзін доктар – са злараднасцю, перадаваў пра трыумфальнае наступленне немцаў на Маскву, вера яго ў вышэйшую справядлівасць, у мудрасць правадыра пахіснулася. I тады яму не хацелася жыць. Добра, што Ванда хутка забрала яго ў сваю хату на Старажоўцы. Яе незвычайны аптымізм, а яшчэ больш перакананасць яе маці, работніцы хлебазавода, што нашы ўсё роўна перамогуць, вярнулі яму жаданне жыць і змагацца. А ў атрадах прага жыцця вырасла да таго, што думка пра смерць – не ў баі – ад старой раны аблівала потам. Не кашляў, сціхаў боль – і гэта ўжо было шчасцем. Больш за ўсё баяўся быць абузай для таварышаў.
        Брагінскі з замілаваннем любаваўся ўмелымі рукамі разьбяра, з’яўленнем на місачцы адмысловага ўзору – як бы галінкі з гронкамі вінаграду.
        – Для каго такая прыгажосць?
        – О, брат! – камандзір падняў на растапыраных пальцах бялюткую місачку над галавой, да ліхтара, нібы яна прасвечвалася, як шкляная. – Не пытай. Ёсць у мяне любоў. Сябровачка. Лідачка з Загайкі. Чатыры гадочкі. Ёй місачка. Толькі не выдавай маю любоў. Я – прымхлівы.
        Начштаба засмяяўся – ад шчасця, праява пяшчоты да дзіцяці асабліва кранула, свае двое недзе чакаюць яго. Дзе? Але зноў печка пыхнула дымам. I зноў ён закашляўся, праўда, на гэты раз не так пакутліва і працягла.
        – Ведаю адну бабулю. Травамі лечыць. Сціхне завіруха – паеду прывязу табе поўны набор траў. Да таго часу хлопцы лазню збудуюць. Выганім тваю хваробу, не бядуй. Пабачыш, якую я бочку зраблю для лазні. Жалеза на абручы дасталі. Каваль свой...
        – Молат не падніму.
        – Была б накавальня. А малатабойца мы табе дамо. Асілка.
        – Каваль з мяне... хіба ў тэорыі. Бацька так і казаў: галава ў цябе варыць, а рукі не для молата. Каваля хацеў з мяне зрабіць, але на сучасным узроўні – інжынера-металурга. А я адзін год павучыўся ў Днепрапятроўску і ў ваеннае падаўся. Прызнацца вам? Пасля шкадаваў. Вучыўся я выдатна і камандаваў, здаецца, нішто, але душа, як кажуць, не прынімала. Парадкі ваенныя. Можаце паверыць? За паўгода да вайны мяне камандзірам палка хацелі зрабіць...Дык як я спалохаўся! Нічога так не палохаўся. Начальнік штаба дывізіі зняважліва заключыў, калі я замахаў рукамі і нагамі: слізняк. Вы так не думаеце?
        – Ды не, што ты! Проста мы з табой цывільныя людзі.
        – Былі. Цяпер я стаў ваенным. Цяпер я рвуся ў бой. Калі абстралялі грузавікі на шашы і скасілі фрыцаў дзесятак, мяне ажно калаціла ад нейкай проста шалёнай радасці. Нядобра гэта? Загубіць людзей – і радавацца...
        – Добра. Гэта наша нянавісць. Без яе такога ворага не адужаць.
        – Так, нянавісць, – Брагінскі задумліва памаўчаў. – I любоў... Каб была нянавісць, павінна быць любоў. Як думаеце, Аляксей Іванавіч, эвакуіраваліся мае?..
        – З Оўруча? Адтуль нельга было не выехаць. Калі Гітлер сунуўся на Палессе? Там у ліпені рэкі разліліся больш, чым у вясновы паводак...
        – Залішне мы спадзяваліся на водныя рубяжы.
        Пэўна, і гэта іх збліжала – лёс сем’яў. Праўда, у камандзіра ўпэўненасці, што яго сям’я на Урале ці яшчэ далей, было больш: ён сваіх паспеў адвезці ў Барысаў і пасадзіць на поезд. Жонку і дзвюх дачок, немаленькіх ужо, малодшай дванаццаць. Больш балела сэрца па сыне, той служыў у арміі, на Поўначы. Які яго лёс напаткаў у карэльскіх лясах? Аднак дзіўна: пра дачок ён ахвотна расказваў таварышам, Брагінскаму, можа, больш, чым каму, – разумеў, што ў бяссонныя ночы думаюць яны аб адным і тым жа. Пра сына амаль не гаварыў, як бы прымхліва баяўся, што бацькоўскі боль і смутак дойдуць да хлопца ў хвіліну смяртэльнай небяспекі і адцягнуць яго ўвагу ў баі. Верыў у тэлепатыю, у прыкметы, такім выхавалі ў маленстве. Да вайны смяяўся з гэтых бабскіх прымхаў, са сноў, хоць яны нярэдка спраўджваліся. А цяпер ставіўся да ўсіх гэтых «дзівосаў» з сур’ёзнасцю, якой, аднак, саромеўся; даведаюцца – смяяцца будуць: член партыі, а верыць у чартаўшчыну ўсялякую. Здзіўляўся супярэчлівасці сваёй натуры і баяўся яе. Раней быў больш цэльны, да трыццаць сёмага. А пасля раздвоіўся і растроіўся. Праўда, пасля арганізацыі атрада пачалі зрастацца гэтыя палавінкі. А потым зноў трэскалі. Пасля з’яўлення Золатава. Вось і цяпер. Працуе разцом, нажамі, размаўляе з Брагінскім, а сам пазірае на дзверы і ўпотай думае: няхай бы Золатаў затрымаўся каля рацыі надаўжэй. Не можа ён пры ім лыжкі скабліць. I размаўляць так не можа – пра сям’ю, пра дзяцей, пра міскі, стравы, пра перажыванні свае, не камандзірскія – чалавечыя.
        I вось, калі ласка, яшчэ адна чартаўшчына з таго рада: толькі паспеў падумаць, а ён тут як тут – Золатаў.
        У адчыненыя дзверы шугануў вецер, абдаў лысую галаву халодным шротам, сняжынкі ажно зашыпелі на шкле ліхтара.
        Золатаў уваліўся ў вузкі праём дзвярэй галавой уперад, апрануты ў белы кажух і ў цывільную шапку са шкуры беляка. «Першы перайшоў на зімовую форму», – падумаў Ман.
        Ігар Кіпень, камісар атрада, малы, вяртлявы, усунуўся нагамі ўперад, што хлапчук на коўзанцы, затармазіў, схапіўшыся за верхні касяк дзвярэй, а то мог бы штурхнуць маёра каленямі ў зад, на стол наляцелі б, як было такое тры дні назад, калі ўсходцы абледзянелі.
        – Ну, надымілі! – фыркнуў Золатаў. – Не зачыняй дзвярэй, камісар.
        – У Навума – жар, – сказаў Аляксей Іванавіч.
        – Зноў жар? – спытаў Золатаў. Скінуў кажух, накрыў ім начальніка штаба. Але, адзначыў пільны камандзір, без тае ўвагі і клопату, які звычайна праяўляў да хворага капітана. Праяўляў настолькі падкрэслена, галосна, што бянтэжыў гэтым Брагінскага, здзіўляў Кіпеня і рабіў тую нядобрую раздвоенасць у камандзіра. Можа, не раздвоенасць, а нейкую няпэўнасць думак, пачуццяў, стаўлення. У Аляксея Іванавіча заўсёды была пэўнасць у адносінах да людзей, ва ўсялякім разе памыляўся ён рэдка ў ацэнках сваіх.
        Зусім простая і натуральная з’ява: чалавек любіць другога чалавека больш, чым іншых, што акружаюць яго, жывуць побач, разам працуюць ці ваююць. Ён разумеў адносіны Золатава, старэйшага гадоў на дванаццаць, да Брагінскага. Так ён, Ман, любіць равесніка свайго сына,рамантыка і фантазёра Ігара Кіпеня, любіць больш сардэчна, чым іншых у атрадзе, можна сказаць, па-бацькоўску. Гэтак жа палюбіў і Навума. На вайне, можа, і не да такой сентыментальнасці, але чалавек ёсць чалавек. А Золатаў любіць Брагінскага неяк не так. Аляксей Іванавіч адчуваў гэта сэрцам, а вытлумачыць розніцу не мог.
        Непадкрэслены, бадай, няўважлівы клопат Золатава аб Брагінскім – накінуў кажух, і ўсё – вытлумачыць лёгка. Золатаў чалавек аднаго настрою, спалучаць гаму пачуццяў не ўмеў, але настрой свой, няхай і цэльны, скрываць умеў. Пасля сеансаў радыёсувязі ён не першы раз з’яўляўся ў такім стане – усё роўна што морфій сабе ўкалоў.
        Золатаў, напэўна, выдаў бы сваю ўзбуджанасць тым, што крочыў бы па пакоі, каб знаходзіўся ў прасторным кабінеце. Але ў зямлянцы дзе пройдзеш? Клетка. Абышоў вакол печкі, накрыў Брагінскага кажухом, сеў з другога боку століка на лаўку, укапаную ў зямлю.
        Ман рэдка майстраваў лыжкі-міскі ў прысутнасці Золатава. Маёра гэта крыўдзіла, аднойчы ён раздражнёна спытаў:
        «Ты чаму хаваешся ад мяне?»
        Камандзір схаваў місачку пад стол, у кош.
        Золатаў узяў са стала вялікую міску, грубай работы – ці то негатовую яшчэ, ці то прызначаную для атраднай кухні, для самай празаічнай патрэбы, – пакруціў у руках, потым, здавалася, і нямоцна стукнуў ёй па калене і... пераламаў папалам.
        На міг, на вельмі кароткі міг, усталявалася нядобрая цішыня, якую называюць узрыўной. Брагінскі стаіў хворае дыханне. Але такая цішыня ў гэтай зямлянцы ўзнікала і раней. Узарвалася яна толькі аднойчы. Аляксей Іванавіч проста сказаў:
        – Брак. Сучок.
        Узяў палавінкі з рук Золатава, адчыніў дзверку буржуйкі і кінуў асінавыя «чарапкі» ў жаркае полымя. Папляваў на апечаныя пальцы. Ігар як бы раптам успомніў, што яму трэба рабіць. Пачаў грэць над печкай рукі, весела паціраючы іх, быццам пачуў штось вельмі прыемнае.
        – Што перадае Масква? – спытаў камандзір.
        – Нічога не перадавала Масква, – роўна і спакойна адказаў Золатаў.
        – Мы не слухалі Саўінфармбюро, – вытлумачыў Ігар словы начальніка асобага аддзела. Даўгахвалевы прыёмнік не слухалі ўжо тыдні тры – захоўвалі батарэі для рацыі. Але кожны раз у час сеанса сувязі прынімалі адкрытым тэкстам кароткі пераказ зводкі з франтоў – выпрошваў ён, камісар. Золатаў чытаў шыфроўкі камандаванню атрада. Разы два-тры сказаў: «Тут я прапускаю, гэта – спецыяльна для мяне». I менавіта тым, што не прачытаў, заваяваў поўны давер начальніка штаба.
        Ман усумніўся ледзьве не з першага разу, па адной, здавалася б, маленькай дэталі, хутка праверыў праз радыста групы, што чытае Золатаў не ўсё ці хутчэй не тое, што перадае Масква, нават тады, калі ўстанавілі сувязь з Беларускім партызанскім штабам: радыёграмы адтуль адрасоўваліся камандзіру атрада. Спачатку Аляксей Іванавіч абурыўся, але, верны свайму характару і лініі паводзін, абурэння не выказаў, а пасля, атрымоўваючы ад радыста поўны тэкст шыфровак, трохі забаўляўся: паглядзім, хто з нас лепшы разведчык.
        На гэты раз Золатаў нават не перадаў змест сваіх перагавораў з Масквой. Напэўна, добрую праборку атрымаў ад начальства.
        Ман пасміхнуўся, але тут жа тузануў сябе: не ўніжайся да злараднасці.
        Складаныя былі іх адносіны. Праўда, спакойны і цвярозы былы дырэктар спіртзавода не лічыў іх складанымі. Ускладняў іх для сябе аператыўны работнік. Ды з баязлівай насцярогай сачыў за іх адносінамі Брагінскі.
        Золатаў з’явіўся ў атрадзе тры месяцы назад, у канцы жніўня. «Зваліўся з неба на нашу галаву», – змрочна пажартаваў Кіпень Аляксею Іванавічу пасля адной непрыемнай размовы.
        Групу НКУС, сем чалавек, выкінулі на парашутах. Мяркуючы па тым, на які атрад група павінна была выйсці, пілот спусціў іх не там, дзе трэба. Пра гэта сведчыла і трохвёрстка ў планшэце камандзіра групы. Пакуль энкавэдысты блукалі па Лагойшчыне, ніхто карту не прачытаў – абмежаваны раён. Прачытаў толькі Ман: Чэрвеньскія лясы. Ды і задача ў Золатава была – не ў атрад ісці (атрад на выпадак незвычайных абставін), а пранікнуць у Мінск, каб весці разведку, рабіць дыверсіі. Канешне, пайсці туды ўсёй групай Золатаў не рызыкнуў галоўным чынам з-за рацыі. I пайсці нельга, і пакінуць радыста аднаго ў лесе баяўся. Маёр, мінчанін, добра ведаў горад, але не ведаў яго наваколле, і – што асабліва дзіўна – сам ён і групы слаба ведалі акупацыйны рэжым – размяшчэнне пастоў, прапускную сістэму, хутка пераканаліся, што дакументы, якія ў Маскве здаваліся бездакорнымі, па сутнасці ліпавыя, першы паставы выкрые іх фалынывасць. Гэта была агульная бяда. Групы НКУС, значная частка іх, інструктаваліся так (не адкрытым тэкстам, у падтэксце), што галоўная сіла ў тыле ворага павінна быць не ў Панамарэнкі, а ў Берыі, і яны не павшны аддаваць і крупінкі славы мясцовым партызанам, ш належыць дзейнічаць самастойна, а партызан браць пад свой кантроль, каб не забываліся, што існуюць органы дзяржбяспекі.
        Так пачаў дзейнічаць Золатаў, напачатку залішне ўпэўнена. Паслаў у Мінск разведчыка. Той не вярнуўся, тыдзень чакалі. Толькі пасля гэтага ўстанавілі сувязь з сялянамі, пачалі звяраць свае тэарэтычныя веды з рэальнай абстаноўкай. Зверка дала сумныя вынікі. Настрой упаў да нулявой адзнакі. Другі разведчык, мінчанін, напрасіўся сам пайсці ў горад і таксама не вярнуўся. Гэта нагнала амаль пашку на адважнага маёра, ён упэўніў сябе, што калі не абодва, то друп разведчык здрадзіў свядома. Золатаў пачаў падазрона адносіцца амаль да кожнага са сваіх людзей. Каго яму падабралі? Усе беларусы, ва ўсіх тут, у акупацыі, сваякі. Пачаў адступаць ад Мінска. Адыходзіў на паўночны ўсход, можа, інстынктыўна бліжэй да фронту, хоць добра разумеў, што, не выканаўшы заданне, выходзіць не мае права, нават адзін, палажыўшы ўсю групу, бо доказаў сваёй карыснай дзейнасці не прынясе, а без гэтага яму не даруюць. I так лічыў, што генерал мае на яго зуб, таму і паслаў сюды, дзе ён актыўна працаваў у гады «вялікай чысткі», хоць і дурню бачна, што для дыверсійнай работы ў горадзе ён падыходзіць менш, чым хто.
        Групе пашанцавала ўрэшце: зусім выпадкова яны сустрэліся з манаўскім атрадам. А ў атрадзе ў сваю чаргу ўзрадаваліся: вопытныя людзі, амаль усе, акрамя радыста, камандзіры, сярэднія ці малодшыя, а галоўнае – радыя, пра якую марылі даўно і ўпотай лаялі падпольны райком, які дзяліў такія «пасылкі» з Вялікай зямлі паміж атрадамі; іх абыходзілі, ільвіная доля заставалася штабу брыгады, а з асобных атрадаў – Дзядзюлю.
        Але хутка, раней чым хто, Аляксей Іванавіч зразумеў, што набытак іх не з радасных. Золатаў, спачатку ўпотай, але з лісінай хітрасцю, пачаў дзейнічаць з мэтай заняць месца камандзіра атрада. Гэта было так. Золатаў адразу сцяміў, што яму сапраўды такі пашанцавала – што трапілі яны ў невялікі атрад. Стаць камандзірам – яго ратунак. Толькі гэтым апраўдае ён невыкананне задання – нявыхад групы на Мінск. Цэлы атрад арганізаваў! А Мана спалохала не тое, што ў яго забяруць атаманскую булаву (Ігар жартаўліва і ласкава называў яго «бацька атаман»). Пасля напружанага роздуму нечакана ўспомніў, дзе ён бачыў Золатава раней. Во таемная сіла асацыяцыі! Як толькі ў атрад заглянуў ад Дзядзюлі былы начальнік аддзела НКУС суседняга раёна – уміг як высветліла. Там! Там ён бачыў Золатава – дзе яго пратрымалі без малога год. Нават сустрэча ўспомнілася да дэталяў: позна ўначы ў даўгім і цёмным калідоры новага, але змрочнага будынка па Савецкай вуліцы. I ён амаль спалохаўся. Мець такога чалавека побач ды яшчэ з яго жаданнем «выхапіць булаву»... Чаму сам Золатаў адразу не прызнаўся, што ён тутэйшы, мінскі? Пакуль не прагаварыўся адзін з яго байцоў. Ігару сказаў. I той па прастаце сваёй ляпнуў, як кажуць, у лоб:
        «Якаў Міхайлавіч! А да нас дайшлі чуткі, што вы мінчанін».
        Золатаў натапырыўся, як загнаны ў куток кот.
        «Хто гэта прыносіць такія чуткі?» – хоць адразу сцяміў, што выдаў яго хтосьці са сваіх, і моцна абурыўся. Хто? Дамаўляліся, што ў любой сітуацыі, ні ворагам, ні сваім, не выдаваць, хто ёсць хто, кожны з іх меў па два фальшывыя прозвішчы. Праўда, у атрадзе назвалі сапраўдныя. I, відаць, дарэмна, падумаў маёр. Нікому, выходзіць, нельга верыць, усе вакол – шпіёны.
        «Хто вам прыносіць такія звесткі?» – паўтарыў сурова.
        «Бачыў вас адзін наш партызан. Дзе вы працавалі – у абласным ці гарадскім упраўленні?»
        «Я камандаваў ротай Белпалка, – і растлумачыў, чаму не сказаў пра гэта адразу: – Мне ісці ў Мінск».
        Тлумачэнне такое Ігару і Брагінскаму здалося зусім натуральным: пры такой канспірацыі лепш, каб ніхто не ведаў, што ў горадзе ёсць людзі, якія могуць пазнаць разведчыка, можа, у яго найвышэйшае заданне – прашкнуць у штаб ці ў рэзідэнцыю гаўляйтара. Золатаў нават вырас у іх вачах. Сам камандзір групы збіраецца ў Мінск. Здавалася, што і Мана гэта магло б супакоіць: камандзіра палка, пастаянна дыслацыраванага ў сталіцы, мог сустрэць у любым месцы. Але не супакоіла. Наадварот: насцярожыла, калі ўспомніў, дзе ўпершыню ўбачыў Золатава.
        Аляксей Іванавіч пайшоў на бяскрыўдную хітрасць: сплавіць групу Золатава Дзядзюлю. Сказаў, што суседні атрад мае сувязь з Мінскам, што ў Дзядзюлі ў горадзе добрая агентура, таму калі групе трэба ў Мінск, то лепш мець справу з Цімохам.
        Золатаў нічога не адказаў, але згадзіўся наведацца да суседа. У паездку ўзяў усіх сваіх, нават радыста, – застрахаваўся. Але каб ён і згадзіўся перайсці, гэтага мала – трэба яшчэ згода вялікага хітруна Дзядзюлі.
        Калі засталіся ўдвух, Ман у той жа гуллівай форме, як усталявалася ў іх адносінах яшчэ да вайны і набыло новыя фарбы пры «ваеннай камерцыі», сказаў:
        «Цімох, хачу зрабіць табе падарунак. Ад жывога адрываю. Але для добрага сябра нічога не шкадую. Канешне, парачку скрынак патронаў ты не пашкадуеш. Не як плату. Як удзячнасць. Пакідаю табе групу Золатава. Арлы! Рвуцца ў Мінск. Выведзі іх на падпольшчыкаў».
        Дзядзюля прыжмурыў хітрыя вочкі пад чорнымі кашлатымі брывамі. I раптам без усмешкі паказаў кукіш.
        «На, адкусі хвосцік. Цалуй сам сваё золата».
        «Кулак ты, Цімох».
        «Чаму гэта я кулак? Кулак грабе пад сябе».
        «Але раздае дулі».
        «Во няпраўда! Гэта ганарысты бядняк круціць фігі ва ўсе бакі. А добры кулак і дулю пакідае ў сваёй гаспадарцы, на запас».
        Сарвалася акцыя. Любоў не загарэлася і з другога боку. У дарозе Аляксей Іванавіч спытаў у Золатава: «Не дамовіліся з Цімохам перайсці да яго?» – «А нам і ў вас добра».
        Мабыць, пераканаўшыся, што партызаны не прымуць адстаўкі таго, хто арганізаваў атрад, нават і тады, калі будзе такі загад з Масквы (Золатаў ламаў галаву, як атрымаць такі загад), маёр пайшоў у «лабавую атаку». Аднойчы за вячэрай, добра выпіўшы, катэгарычна абвясціў:
        «Я старэйшы па званні. Маёр! I камандаваць атрадам павінен я! З Масквой дамоўлена. Цябе, Аляксей Іванавіч, назначаю начальнікам штаба. Навума – камандзірам вучэбнага ўзвода...»
        Ашаломлены Ігар падскочыў да столі зямлянкі. Абурыўся. Закрычаў:
        «Не маеце права! Гэта узурпатарства! Ні з кім вы не дамаўляліся. Такія справы вырашае не НКУС, а падпольны райком. Як камісар я пратэстую. I зараз жа еду ў райком...»
        Брагінскі, таксама ашаломлены, моцна закашляўся. Душачыся кашлем, пачаў умольваць Золатава:
        «Якаў Міхайлавіч, вы не падумалі... Не падумалі. Вы новы чалавек. А Ман... ён ужо год камандуе атрадам. А атрад... ці зразумелі вы за такі кароткі час?.. гэта не толькі тыя людзі, што тут, у лесе, гэта і тыя, што ў вёсках. Яны кормяць нас, адзяюць, вядуць разведку... Аляксей Іванавіч – тутэйшы чалавек. Усіх ведае ён, усе ведаюць яго. А вас ніхто не ведае... прыйдзіце вы ў вёску... Хто вас ведае, Якаў Міхайлавіч?..»
        А сам камандзір маўчаў. Твар застыў, аледзянелі вочы, не выпраменьвалі ні цяпла, ні іроніі, ні ўдзячнасці сваім маладым сябрам. Толькі, магчыма, у вуснах, што непрыгожа скрывіліся, хацела з’явіцца ўсмешка, але не нарадзілася, амярцвела.
        Холад манаўскіх вачэй спалохаў Золатава: усё-такі за Манам семдзесят чалавек, а ў яго, Золатава, чацвёра засталося. Брагінскі і той не падтрымаў яго. Але адступаць ён не ўмеў, задумы заўсёды даводзіў да лагічнага, як яму здавалася, завяршэння. Адказаў Брагінскаму:
        «Вось і добра. Начальнік штаба і будзе займацца забеспячэннем атрада. А чым жа яшчэ яму займацца? – і хмыкнуў: – Планіраваць аперацыі? Наступленне на фронце?»
        Ціха, але з гневам пагразіў Кіпеню:
        «У райком ты можаш ехаць. Але з такім камісарам ваяваць я не буду».
        Аляксей Іванавіч падняўся з лаўкі, пацягнуўся ўгору, дастаў рукамі столь, скалупнуў наплыў смалы, панюхаў, задаволены ахнуў.
        «Які пах! – і спакойна сказаў: – А навошта шумець? Давайце збяром партыйную групу, і яна скажа, каму камандаваць...»
        Ігар засмяяўся: як проста! Мудрэц атаман! Золатаў папярхнуўся салам. Абдало яго халодным ліўнем. Зразумеў, што партызаны – не НКУС. Супраць партыйнай групы тут не выступіш. Як ён не падумаў?
        Больш да гэтай тэмы не вярталіся. Але пазней дыпламат і міратворца Ігар аформіў рашэнне райкома аб назначэнні Золатава начальнікам асобага аддзела двух суседніх атрадаў.
        Знешне ўсё ішло сваёй чаргой, але ўнутраную напружанасць кожны з чатырох адчуваў. Брагінскаму ўжо не рабіла асаблівай радасці апека Золатава, хоть ён па-ранейшаму быў уважлівы і ласкавы. А Ігар... Цяпер ён не адступаў ад Золатава не ад захопленасці вопытным чэкістам, а таму што з чэкісцкай пільнасцю сачыў за кожным крокам і не скрываў гэтага, нават адважыўся вымавіць за сеансы сувязі без яго. I Золатаў пракаўтнуў вымову ад хлапчука.
        Толькі Аляксей Іванавіч ніводным, як кажуць, рухам, ніводным уздыхам не выдаваў свой душэўны стан.
        ...«Сучок. Брак», – і ўсё. Хамства Золатава – знішчэнне плода яго руплівай працы, – безумоўна, абурыла, але Аляксей Іванавіч і брывом не павёў. Спытаў пра галоўнае, пра тое, што аб’ядноўвае заўсёды:
        «А што на франтах?»
        Ігара засмуціла, што радыст не сказаў і пяці слоў аб становішчы ў Сталінградзе. Новы радыст, ці што? Але камандзір ведаў, чым жывуць людзі – Сталінградам.
        – Давайце пагуляем у стратэгію. Няхай кожны з нас на нейкі момант уявіць сябе Галоўнакамандуючым. Што ён зрабіў бы? Дзе нанёс бы ўдар? У самым Сталінградзе? На Каўказе?
        – Галоўнакамандуючы не гуляе, ён думае. Не кожнаму дадзена гэта – думаць так, як таварыш Сталін.
        – Так думаць – безумоўна, не кожнаму. Але ў арміі ёсць паняцце: ваенная гульня. Мы яшчэ ў дваццатыя гады гулялі. Усе. Ад камбрыга да камандзіра ўзвода. На карце ствараліся сітуацыі, якія мелі месца на вайне. Брусілаўскі прарыў, абарона Царыцына, марш Тухачэўскага...
        – Каго? – Золатаў зрабіў выгляд, што не пачуў.
        – Паход на Варшаву ў дваццатым, – спакойна растлумачыў Ман. – Іншыя аперацыі. Мы ведалі іх вынік, але стратэгічнае, тактычнае рашэнне задачы – хто з нас, бязвусых камандуючых, ведаў? Аднак некаторыя, у тым ліку і я – верыце? – давалі такія нечаканыя рашэнні, – што камбрыг наш здзіўляўся. Мне гадзіннік падарыў. Во гэты! – дастаў з кішэні «цыбуліну» «Павел Бурэ», шчоўкнуў крышкай. – Во рэч! Дагэтуль ідзе.
        – Стратэгі, – зняважліва хмыкнуў Золатаў. А Брагінскі ахвотна падхапіў гульню:
        – Я ўдарыў бы тут, перад намі, на заходнім. Гітлер аслабіў тут сваю групу, кінуўшы сілы на поўдзень.
        – Правільна, Навум! А мы ў дапамогу рэйкавы канцэрт арганізавалі б. I бог за нас, дорыць раннюю зіму, – задаволена, быццам наступленне пачалося ўжо, пацёр над печкай рукі Ігар.
        – Ранняй зімы не будзе. Гэтая кругаверць ненадоўга.
        – У бацькі атамана кажуха няма, – засмяяўся Ігар. – Улетку згарэла камандзірская зямлянка, і ў ёй пагарэла зімовае адзенне.
        Золатаў узяў яшчэ адну міску, не новую, з якой елі ўжо.
        Брагінскі сцяўся: калі ён зломіць і гэтую, што сказаць яму? На словы асуджэння – не хопіць адвагі. Але змаўчаць – здрадзіць другому чалавеку, камандзіру, якога паважаў больш.
        Не, на гэты раз маёр узяў місачку па-ўзбекску, на пальцы, прымерыўся, як бы выпіў з яе.
        – Налі, камандзір, – і, можа, упершыюо прызнаўся ў сваім настроі: – Засмягла ў душы.
        – А ў мяне ў горле перасохла, – падтрымаў Ігар весела, бесклапотна.
        – Налівайце, мне што... – не па-камандзірску дазволіў Ман.
        Выпіўка ў атрадзе забаранялася, такім быу, бадай, першы пісьмовы загад камандзіра, якога ніхто не назначаў – выбралі самі партызаны, тады іх было ўсяго семнаццаць. Употай загад, канешне, парушалі, але адкрыта, на вачах у камандзіра, парушыў яго толькі Золатаў у першы ж дзень, адзначыў радасную падзею – сустрэчу з партызанамі.
        Тады Ман папрасіў:
        – Скажыце сваім байцам, каб не рабілі гэтага – у нас сухі закон.
        Золатаў здзівіўся такому парадку ў партызан; на фронце п’юць, «наркомаўскія» сто грамаў выдаюць; настроіўся супраць камандзіра: баптыст нейкі.
        Ігар, Золатаў, не тоячы задаволенасці, пачалі збіраць на стол.
        Камісар пабег на кўхню па вячэру. Золатаў дастаў з-пад тапчана бурдзюк і цадзіў з яго ў снарадную гільзу мутную вадкасць. Бурдзюк гэты быў прадметам здзіўлення і кпінаў. Дзядзюля прыязджаў, каб паглядзець на такое дзіва. Навошта ў экіпіроўку спецатрада ўключылі такі прадмет – у Беларусь, у асенні час! Хто будзе несці ваду з сабой? Тут не знаеш, як ратавацца ад яе, – ад балотаў і дажджоў. Але Дзядзюлю рэч падабалася, для якога прымянення – не сказаў. Адразу пачаў таргавацца: «Што возьмеш, маёр?»
        Ман засмяяўся:
        «Не прадавай, Якаў Міхайлавіч, гэты вялікі камерсант абавязкова ашукае. Хочаш, падковы прадамо? Не хочаш? Прыйдзе зіма – тады патанцуеш перад намі. Кланяцца будзеш».
        З таго часу бурдзюком ганарыліся гэтак жа, як вайсковай кухняй. У каго яшчэ ёсць кухня? Нават у Дзядзюлі няма. Асабліва значэнне бурдзюка вырасла пасля таго, калі група байцоў, што хадзіла на нарыхтоўку харчу, вярнулася, напоўніўшы гэты скураны мяшок «гаручым», – пужнулі паліцаяў, якія гналі самагонку; бутлю не данеслі б, разбілі б, а бурдзюк – адменная рэч; партызаны жартавалі: смачна булькае і спіну ад кулі закрывае, любая куля ў такой вадкасці захлынецца.
        Выпілі ўтрох. Камандзір, як кажуць, «на сухую» чэрпаў драўлянай лыжкай капусту, апетытна хрумстаў. Яму не падабалася, што ахвотна, бадай прагна, выпівае ранены капітан, тлумачыць, што яму робіцца лягчэй. Звычайна, калі Золатаў падбіваў на такую вячэру, Аляксей Іванавіч выходзіў з зямлянкі. Але куды пойдзеш у такую непагадзь? I ён сядзеў панура-нахмураны. А памочнікі весялелі і рабіліся залішне гаваркімі, без падагрэву часта маўчалі – усё перагаварылі, бавілі час тым, што расказвалі сюжэты прачытаных кніг, але займаліся гэтым маладыя – Ігар і Навум.
        – Аляксей Іванавіч, ты і тады не піў, калі цябе ставілі дырэктарам спіртзавода?
        – Ніколі не піў.
        – Як жа цябе паставілі?
        – Таму і паставілі, што не піў.
        Золатаў незвычайна развесялеў.
        – Во дзіва! Першы раз бачу цвярозага начальніка.
        – А што, у вашай канторы ўсе п’юць?
        Ігаравы пытанні бываюць па-дзіцячаму наіўныя і нечаканыя. Золатаў не любіў іх. Неаднойчы ўзрываўся. I тут уміг пазмрачнеў.
        – Не падабаюцца мне, камісар, твае кіўкі ў наш бок.
        – У чый бок?
        – Ведаеш – у чый. Мы ахоўваем дзяржаву ад ворагаў. I незалежна ад таго, хто з нас колькі п’е, «кантора», як ты называеш, наша, – моцна націснуў на слова «наша», – заўсёды цвярозая.
        – Аднак у вачах у вас часам дваіцца, – «лез у бутэльку» п’янаваты хлопец.
        – Ігар! – па-бацькоўску ўшчувальна спыніў свайго камісара камандзір.
        – Усё, Аляксей Іванавіч! Нямею. А пакуль я нем, то п’ю і ем, – маладосці ўсё-такі хацелася блазнаваць. – Налівайце, таварыш маёр.
        – Нацадзі.
        Ігар падняў ужо зморшчаны ў верхняй частцы бурдзюк, пабоўтаў.
        – Ёсць газа! – і зноў да маёра: – Якаў Міхайлавіч! Прадайце бурдзюк. Не мне. Атраду. Не пойдзеце ж вы з ім у Мінск.
        Напамінак пра Мінск быў для Золатава асабліва непрыемны, бо задачу начальства не адмяняла, пацвердзіла і ў сённяшняй радыёграме.
        Камандзір спецгрупы не адну ноч ламаў галаву – каго яшчэ паслаць, трэцяга. I самае страшнае было, што ён не верыў сваім, усім, пецярым. А вось гэтаму бязвусаму балбатуну, які на падпіцці бывае зусім несур’ёзным, верыў і апошнім часам выношваў думку паслаць да рэзідэнта Кіпеня. Самога Ігара ўгаварыць лёгка, ахвотна пойдзе. Але ці адпусціць Ман? Дрыжыць, як за сына. Памацаць?
        – Слухай, Ігар, ты казаў – у цябе нявеста ў Мінску.
        – Была.
        – Пашукаць не хочаш?
        – Ветру ў полі? – адразу адбіў Ман. – Яна ж не мінчанка. Што яе магло затрымаць? Хто добра абжыўся, і тыя разбягаюцца па вёсках – бліжэй да зямлі, там хоць бульбіна вырасце.
        Не, гэты корч не вывернеш – як ні пацей. Але які калун трзба, каб раскалоць яго? Быў такі «калун» у Золатава – ашаламіць чалавека нечаканым пытаннем.
        – Аляксей Іванавіч, адкуль у цябе прозвішча такое – нямецкае?
        – А ў мяне дзед – латышскі барон, – не міргнуўшы вокам, на поўным сур’ёзе адказаў Ман.
        У Золатава п’яна ашклянелі вочы. Брагінскі насцярожана сцяўся, быццам на яго замахнуліся. Не разумеў капітан, навошта спатрэбілася камандзіру такая хлусня, небяскрыўдная гэта гульня на вайне ды яшчэ перад чалавекам, які прыляцеў са спецзаданнем і якому сам ён, камандзір, вызначыў абавязкі – начальнік асобага аддзела. Асобага! Вельмі добра кадравы камандзір ведаў, што такое асобы аддзел. Некалі ён таксама спытаў пра паходжанне камандзіравага прозвішча, палахліва, бадай, сарамліва. I Аляксей Іванавіч не без смяшкоў, аднак сур’ёзна расказаў. Прозвішча яго Манюк. Але калі служыў у пачатку дваццатых гадоў у Чырвонай Арміі і неяк, у адказ на чыёсьці пытанне, растлумачыў сэнс слова «манюк», камісар, латыш, інтэрнацыяналіст, аматар нямецкай літаратуры, у арыгінале чытаў, параіў скараціць немілагучнае беларускае слова, зрабіць з яго мілагучнае нямецкае, са значным сэнсам. Так і запісалі, у той час армія з’яўлялася заканадаўцам, партбілет выпісалі на Мана.
        «У іх паўвёскі Манюкоў», – пацвердзіў Ігар.
        Той праўдзівы расказ развесяліў Брагінскага: якіх дзівос не бывае! А гэтая вясёлая мана спалохала. Навошта такія дзіцячыя забаўкі? Навошта дражніць гусей?
        А п’яны Ігар рагатаў з нечаканага жарту камандзіра.
        – Дык ты, значыцца, з баронаў? Аляксей Іванавіч! Таварыш барон! А што! Гучыць! Напішам немцам ультыматум і падпішам: «Барон Ман». Няхай ламаюць галаву, адкуль у бальшавікоў барон.
        Жарт камандзіра (расказалі і яму гісторыю гэтага прозвішча), Ігараў смех абразілі Золатава.
        «За дурня лічыце? Пажывём – пабачым, хто з нас дурань».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.