РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тры браты
 
Народнае апавяданьне
1
I
        
Тры браты канёў сядлаюць
І бацькоў перапрашаюць
Прад абразам на каленях
Просяць іх багаслаўленьня.
 
Брат найстаршы — паляўнічы,
Што ў бары дзічыну ліча,
I сярэдні брат — араты,
Што пільнуе поля й хаты,
I малодшы брат — поэта,
Закаханы ў гожасьць сьвету. —
Праз бары, яры, затокі
Едуць сёньня ў сьвет шырокі
Па прыгожую дзяўчыну,
Жонку, любку, гаспадыню.
Тры браты, дубы у полі,
Галавой сягаюць столі,
Як асілкі маюць грудзі
Й не жанаты... Кажуць людзі:
— “Час даўно ўжо, што й казаці,
Мець бацьком нявестку ў хаце:
Покуль з жыцьцем разьвітацца,
Ўнукаў хочацца даждацца!”
 
Ў дзень прыгожы, яснавокі
Едуць брацьці ў пуць далёкі.
За сялібай, над ракою
Лёс кідаюць: хто кудою?
Старшы брат зьвяртае ўправа,
Праз чароты, ціну става
 
Ў бор кіруецца, што з хаты
Чуць відаць, як пас зубчаты.
Срэдні — з песьняй удалою
Едзе проста прад сабою,
Едзе ўдаль, дзе каласіцца
Мора срэбнае пшаніцы.
Меншы — ўзяць уліва хоча,
Бо там шчасьце лёс прароча,
Дзе ў вадзе цьвітуць лілейкі,
Божы краскі-самасейкі,
Дзе ў бязьмежнасьць вабяць далі,
Дзе так ясны сонца хвалі!
 
Едуць, едуць, ад’яжджаюць,
Чуць відаць, зьнікаюць, таюць...
Толькі пыл яшчэ клубіцца
Ды калышацца травіца
На пяшчыстай на сьцяжынцы,
Ля бацькоўскага дзядзінца.
        
        
ІІ
        
Ўецца вузкая дарога
Каля лесу, ля густога.
То крутнецца у лагчыну,
То завернецца ў гушчыну,
Абыходзіць елак сплёты,
Праз дрыгву йдзе, праз балоты.
Едзе старшы брат вясела,
Бор шуміць-гудзе наўкола,
Сіні цень яго хавае,
Сонца косы раскідае,
Шэпчуць хвойкі маладыя,
Байкі, казкі залатыя,
Павявае пах маліны,
Ўспамінае чар дзяўчыны.
 
Ўецца вузкая дарога
Ў моры жыта залатога.
То — управа крутанецца,
То — уліва павярнецца,
Абыходзіць сенажаці,
Йдзе праз грэблі і праз гаці...
Едзе срэдні брат ахвоча,
Едзе ўдзень і едзе ўночы:
Ясна сонца яго грэе,
Прахалодай вецер вее,
Жыта шэпча яму казкі,
Навяваюць думкі краскі,
Чырванеючы ў травіцы,
Аб дзяўчыне-чараўніцы.
 
Ўецца вузкая дарога
Каля возера ціхога...
Абыходзіць мора кветак,
Стужкай ўецца праз палетак
Ў даль нязнаную, дзе горы
Ў неба гінуць сінім моры.
Едзе меншы брат, сьпявае,
Песьняй божы сьвет вітае.
Яму шле праменьні сонца,
Вабіць цень густы ў старонцы,
Неба, сонца, хмаркі, дрэвы,
Пчолаў гуд і птушкаў сьпевы,
Матылі на канюшыне
Ўспамінаюць аб дзяўчыне...
        
        
III
        
Ў чыстым полі пры каліне
Тры крыжуюцца дарогі.
На растані — крыж убогі,
Студня, плот, садок і хатка,
А у хаце — дзеўча з маткай.
А й харошая-ж дзяўчына —
Сінявокая Галіна!
Яе вочы — дзьве пэрлінкі,
Як дзьве раньнія расінкі,
Яе косы — жыта хвалі,
Што на сонцы дасьпявалі,
Яе вусны, як маліны,
Стан, як стромкі ствол сасьніны,
Голас сьпеўны, пераліўны
Будзіць сум і вабіць дзіўна...
 
Старшы брат мінаў ураньні
Крыж і хатку пры растані.
Да крыніцы, дзе каліна,
Па ваду ішла Галіна.
Йшла, ішла, яго спаткала,
Усьміхнулася, і стала..
Старшы брат вачэй ня зводзіць,
Кроў баржджэй у жылах ходзіць,
Сэрца б’е, бы птушка ў клуні
Й, сьмяючыся да красуні,
Ён назад каня вяртае,
Бо знайшоў, чаго шукае
Сватам верне да дзяўчыны,
Ў якой вусны, як маліны.
 
Срэдні брат быў упалудні
Каля хаткі, каля студні:
З вязкай сьвежай канюшыны
З поля, з працы йшла Галіна.
Йшла, ішла, яго мінула,
Абярнулася й зірнула..
Хлопец стаў. З чароўнай сілай
Сэрца шчырае забіла.
Штосьці сэрца просіць, хоча,
Й, на дзяўчыну ўзьвёўшы вочы,
Ён назад каня вяртае,
Бо знайшоў, чаго шукае:
Сватам вернецца да Галі
Ў якой косы — жыта хвалі…
 
Меншы брат быў на заходзе
Каля хаткі пры гародзе.
З сенажаці, з лугавіны
Гнала ужо кароў дзяўчына;
Йшла, ішла, яго сустрэла
I пагляд спаткала сьмела.
Меншы брат уздрыгануўся,
Да дзяўчыны ўвесь рвануўся.
Мары, сны адбілісь сэрца
На твары, як у люстэрцы:
Ўвесь ня свой — назад вяртае,
Бо ўжо сон — на яве мае:
Сватам верне да Галінкі,
Ў якой вочы, як пэрлінкі.
 
                                   *
 
На дзядзінец узьяжджаюць
Тры браты, бацькоў вітаюць,
Просяць іх багаслаўляці,
На вясельле людцаў зваці.
Тры банкеты, тры вясельлі
Справіць бацька да нядзелі,
Тры красуні, тры дзяўчыны
Ўвойдуць заўтра да радзіны.
        
        
IV
        
Яшчэ сонца ня вітае
З-за кароны цёмнай гаю,
Яшчэ ў лесе, у гушчары
Туману клубяцца хмары,
А ўжо перад старшым братам
Ясны сокал ляціць сватам,
Ляціць сватам да Галіны,
Ў якой губкі, як каліны.
 
Яшчэ сонца ня відаці
Над мурогам сенажаці,
Яшчэ кропелькі расіцы
Жутла зьзяюць на пшаніцы, —
А ўжо перад срэднім братам
Мал жаўронак ляціць сватам,
Ляціць сватам ён да Галі,
Ў якой косы — жыта хвалі.
 
Яшчэ сонца не сьмяецца,
Бліск з нябёсаў ня ліецца
Яшчэ толькі гаснуць зоры,
Сьпяць у лесе птушкаў хоры,—
А ўжо прад малодшым братам
Салавейка ляціць сватам,
Ляціць сватам да Галінкі,
Ў якой вочы — дзьзе расінкі.
 
Старшы брат выкуп багаты
За любую ўносіць ў хату:
Многацэнных кунаў скуры,
Гарнастайкі, собаль буры,
Мёд пахучы, бурштыновы,
Бору, соснаў пах здаровы.
 
Срэдні брат у хату зносіць
Выкуп свой, прыняці просіць:
Раскладае зьвіткі лёну,
Жыта з роднага загону,
Воўну белую, пшаніцу, —
За дзяўчыну-чараўніцу.
 
Меншы брат з каня зьлязае,
Йдзе у хату і выймае
Златалітыя пярсьцёнкі,
Што з чужой прывёз старонкі,
I пытаецца, як ласкі,
Аб дзяўчыне сваей казкі.
 
                                   *
 
Так у хаце пры растані
Брацьці зьехаліся ўраньні.
На сябе яны зірнулі,
Дзіўна твары адвярнулі,
Усьмяхнуліся панура...
Ой, там будзе, будзе бура,
Бо няма вастрэйшай звадкі,
Як з-за дзеўчыны-загадкі!
        
        
V
        
Сумна, сумна, як каліна
Ўвосень дождж з галін страсае.
Сумна, сумна, як дзяўчына
Дробны сьлёзы вылівае:
 
— “Ой, чаму, чаму я, маці,
Сьлёзы мушу праліваці?
Каб была я сонцам ясным,
Каб была я ветрам буйным,
Каб была імглою раньняй,
Каб была крыніцай тою
З жыватворнаю вадою, —
Я-бы любых абагрэла,
Абсушыла-б суха цела,
Абхінула-б мглою белай,
Аджывіла-б думкай сьмелай!”
 
Так заводзіць прычытаньні
Дзеўча ў хатцы на растані,
А у полі вецер вее,
Дробны дождж над полем сее...
Сьпяць браты у сьне глыбокім
Пры кургане, пры высокім.
Іх і дождж сьцюдзёны мочыць,
Ім і сонца паліць вочы,
Іх і вецер буйны сушыць,
І каршун парой варушыць,
Груганьнё кругом лятае,
На грудзёх у іх сядае,
I вочы дзюбай заглядае...
 
Што-ж так моцна там паснулі?
Ці-ж і граганьня ня чулі?
Ці-ж іх сонца ня збудзіла?
Й навальніца не змачыла?
 
Ой, дарма чакаеш, бацька,
Трох сыночкаў да нядзелі
На гучное на вясельле!
Ў жменю лепш вазьмі лшаніцы,
Пасей яе па вадзіцы,
Як пшаніцу пазжынаеш,
Тады дзетак прычакаеш:
Бо навекі ўжо, відаці,
З-за харошага дзяўчаці
Паляглі ў крывавай бойцы
Тры браты, тры братабойцы!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.