РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Панская сучка
1
I
        
        – Ну хто заступіць ім Лэдзі? Ніхто!..
        
        – Ах, гэткае няшчасце, гэткае няшчасце, пане мой! – казаў князь Вішнявецкі графу Пшаздзецкаму і знерваваны хадзіў па кабінеце.
        – О, так, так, каханы пане! – па служна патураў госць. – Я чуў, што пане князь даў за сваю Лэдзі каласальную цану?
        – Але ж не, пане мой! Не надта ўжо і дорага. Я аддаў Любамірскаму за маю гаротную Лэдзіньку некалькі душ падданых. Эт, у выселках, пане, жылі, у ройстах, рогам убіўшыся ў Любамірскага загоны. Ну, колькі сем’яў перагналі бліжэй сюды, а тых, рэшту, з кавалкамі балота, я адступіў суседу за Лэдзі. Ды не ў цане той справа, пане мой! А не ў цане! То ж гэткая мне страта...
        – О, так, так, каханы пане!
        – Няхай аджывяць мне маю Лэдзі, і я кіну за гэта ўдвойчы, утройчы болей – колькі хочаце! – сем’яў. Але ж яна ўжо – не жыве... Сканала мая галубка ўдосвецця, гадзіне а палове сёмай, пане мой. Ніякая ветэрынарыя не дала тут рады. Доктар спачатку даў надзею, што Лэдзінька напэўна ачуняе, і я меў тое безгалоўе – адпусціў яго дамоў, не пачакаўшы лепшае гадзіны. Мой уласны ветэрынар... але не! Я не магу, не магу супакойна ўздумаць на яго...
        I князь паплёскаў далоняй аб далонь...
        Нячутна адчыніліся ў кабінет дзверы, нячутна, як тая здань, даўся на вочы камердынер, з сівымі бародкамі ля вух і ў золатам вышытай фамільнай князеўскай ліўрэі.
        – Хлоп слухае яснавяльможнага пана!
        – Скажы камісару, пану Міхалу, што ветэрынара Будзьку аддаём у войска за няздольнасць у яго адмысловай працы. Выправіць заўтра ўранні.
         Граф Пшаздзецкі быццам меўся нешта сказаць, але, як
        на тое, дапіваў віно, ён папярхнуўся і закашляўся, а ў той
        час камердынер выйшаў.
        – Лэдзі! Лэдзі! – засігаў князь з кута ў кут. – Бач, мой пане, нарадзілася яна ў Ангелылчыне, і радавод яе не горшы, чымся якога літоўскага шляхціца з драбнейшых. О! Прывёз яе бацька Любамірскага, нябожчык пан Ксавэры, пухам яму зямелька. Ах, і што ж то быў за знаўца і цаніцель! Сынок цяпер старанна абкругляе валадарства, але пары слоў не звяжа, блазен, у сабачых справах. I вось я дастаў ад яго Лэдзі. Яна прыйшла ў мой дом. Пане! Я ж дрыжаў над ёю, я ж яе кукобіў... Заўжды спала яна, мая галубка, ля маіх ног. I навошта мне было спускаць яе з Сангушкавым кабялём? Скажэце, пане мой, навошта, а? Ці ж гэткія далікатныя, гэткія кволыя стварэнні Пана Бога прызначаны быць маткамі? Вось я бачу, яна ўся ў маіх вачах. Памятаеце, пане? Якая пластыка, а? Якое хараство правільных ліній? Якая духоўная выразнасць кожнага мускула, кожнае жылкі! А стойка? А як яна мяне любіла! А, пане мой, скажу зусім без перавышкі... ці ўва ўсёй Польшчы і Літве быў калі сабака лепшы за яе? Ай, Лэдзі, Лэдзі!.. На тых вялікіх ловах у Панятоўскага, дзе быў са сваім услаўленым сабакам кароль Прусаў, мая Лэдзі была лепшай за ўсіх панскіх і каралеўскіх сабак...
        – О, так, так, мой залаценькі пане! То ж гэткія Лэдзі нараджаюцца не вельмі часта сярод сабак, як геніі і таленты сярод людзей, – казаў Пшаздзецкі. – А паважуся спытацца: шчанючочкі... яны засталіся жывыя, Пан Бог хаваў?
        – Так.
        – Ну, то дзякаваць Пану Богу! Як мне здаецца, дык гора каханага князя павінна зменшыцца надзеяй на шчанючкоў. Уважаю на тое, што яны ж дзеткі слаўнай Лэдзі. Дый Сангушкаў сабака, я ведаю, добры сабака. Гадок ці паўтара – і ў каханага князя будзе некалькі добрых Лэдзі.
        – Так, так... Засталіся сляпенькія, нядужыя. Здохнуць.
        – Змілуйцеся, мой каханы пане! Пры добрым а пільным доглядзе, пры належным клопаце не могуць яны здохнуць, – выкачаюцца.
        – Але не, пане! Бач, яны нават лактаць не здолеюць, ім трэба ссаць.
        – Рацыя, рацыя, мой каханы пане. Але ж ведаю некалькі выпадкаў, што звераняткі, пакінутыя ў гэткім стане, гадаваліся.
        – Ну хто заступіць ім Лэдзі? Ніхто!..
        – Так, гэта рэч няпростая. Але памяркуем...
        Граф узяў жалезны кіёчак і біў вугалле ў каміне. Чырвоны водбліск ківаўся на яго вялікай і магутнай постаці. Даўгія вусы з гонарам віселі па баках вуснаў, што грэбліва, па-панску, выпіналіся.
        – Мне прыйшло ўдум штосьці добрае, мой каханы пане, – сказаў ён і павярнуўся галавою ў бок да гаспадара. – Сёння на паляванні стары палясоўшчык пераказаў мне цікаўную прыгоду. Можа, казка, можа, не. Спазнілася аднойчы ў полі мужычка з дзіцёначкам. Мядзведзь злавіў яе і з дзіцёнкам прыцягнуў у сваю мярлогу. Быў удавец, – мядзведзіца яго здохла, пакінуўшы дзяцей, – дык залучыў бабу, каб была ў яго за гаспадыню. Баба выкарміла медзведзянят разам са сваім дзіцёнкам. Мядзведзь, як рыцар, дбаў аб усёй сямейцы, прынасіў мёду, хлеба і ўсяго, што задавалася сцягнуць на полі ў мужыкоў, у вуллях, у зямца і абы-дзе. Калі медзведзяняты падраслі, добры іх бацька пусціў тую мамку на волю, нават паднёс, кажуць, яе хлапца да самага поля.
        – З гэтага выпадае, пане?..
        – З гэтага выпадае, мой каханы пане, што дабрачынная мужычка знойдзецца і для Лэдзіных сіротак!
        – Думка не благая! Толькі мне замінае тое, што нашыя хлопы яшчэ надта цёмныя, дурныя... Баба, напэўна, не зразумее, што маральнай крыўды для яе асобы тут няма, калі ходзіць аб выратаванні сіротак... А я, пане мой, хоць, можа, гэта смех, не хочу звязваць такіх, таго... такіх бабскіх пачуццяў з успамінкамі аб маёй Лэдзі. Не, не хочу!
        – О, то-то-то! У словах каханага пана чуецца даўгое быццё ў Ангельшчыне. А я скажу пану: я болей за каханага бавіў час у нашых блаславёных пушчах, і дух нашых хлопаў я, мой залаты пане, до-о-бра ведаю. Пане! Любая баба за гонар будзе лічыць і пойдзе з прыемнасцю... Пабыць у самым замку! – для іх-то гэта вялікае шчасце...
        – Так, мой пане. Але я, таго... не хацеў бы я, каб гэта пачалося ад мяне.
        – Божухна мой! Толькі міргніце аканому ці там войту...
        – А ўсё ж, таго, непрыемна. I толькі дзеля свае Лэдзі, дзеля яе бездапаможненькіх сіротак я складу ўсякую ахвяру. Ай, Лэдзі, Лэдзі мая! Яе ўжо няма.
        
        
II
        
        – Забіце, замучце – не паеду я!..
        
        Поўны клопату, стары войт Рымарчук зрання быў не ў гумары і ў думках пасылаў да ўсіх чартоў здохлую заморскую сучку. За яе, праклятую, то й дзіві, і сам страціш панскую ласку. Дапраўды, і не яго-то, войтаўскі, абавязак клапаціць аб тым, што дзеецца ў самым замку. Але ён – стары, зведаны служака, і на яго валяць усе труднейшыя і непрыемныя даручэнні. Рымарчук, ідучы ў чорную хату, клапатліва загінаў пальцы: ветэрынара да вайсковага начальніка выслалі (тут войт з прыкрасцю зморшчыўся, успомніўшы слёзы і выццё); ямку сучцы ў старым парку капаюць; з заказам на помнік у N. ужо паехалі; псара Яську, што забыўся наказаць апальшчыку сагрэць пакой, дзе шчаняткі, абсеклі; застаецца глаўнае і самае дрэннае: знайсці і даставіць у замак мамку. I як мага барзджэй. Каб цябе ліха – дзе ж яе так зараз знойдзеш? Але ведама, што ў пяцёх акругах ёсць мамкі. Толькі ўсё надта далёкія, вёрст за дваццаць, трыццаць і далей. Трэба гнаць пасланцоў па ўсіх, а самому трэба ехаць па самую бліжэйшую. Каля чорнай хаты ўжо прыбіралі яму вазок, але пасланцы не ўсе справіліся, і войт узлаваўся і падняў на іх голас, дражліва перавёў марудных бізуном, што насіў за поясам, як адзнаку войта. З крыкамі і лаянкаю сеў ён у вазок, піхнуў паваждая ў спіну і пакаціў па мамку...
        Бязлюднае снегавое поле супакойвала.
        Шэра і аднастайна было наўкола. Ані жывой душы. Прыдарожныя бярозы безуважна нудзіліся ў сваім сярэбраным прыбранні. На ўзгорачку, у кусточку, пырхала нейкая азызлая птушачка з чырвоным воллем. I сумныя ці няўважна-зачарсцвелыя вароны не агалашалі сваім грубым карканнем зімавых палёў.
        У мутна-бялёсых далях, за грабеннем, курганнем і гурбамі снегу маячылі зубчатыя сцены, вежы замкаў, званіцы, дзівосныя горы, агорнутыя воблачкамі. Ды не: мужыцкія там хаты, як завеяныя завірухаю грудкі гною, выплываюць здалёк, сярод адзінотных бяроз і калодзежных сох з вагамі.
        Уецца сіні дымок над страхою. Дзьмухнуў адтуль вецер і прынёс пах смаленай бяросты, дыму і жылля.
        Пуста на вуліцы, заваленай хваросцем і карчамі з ляда. Пратоптаны вузенькія сцежачкі ад хаты да хаты, да паграбні і да гуменца.
        Мятнулася з грэбнем і мычкамі лёну дзеўка і, спуджаная, таго ж часу дзесь прапала. За рогам стаяла грамадка мужыкоў з сякерамі за паясамі, у шапках-віславухах. Яны невясёла гаманілі аб нечым з дзедам, што нёс у рэзгінах рыжую асаку.
        Зазвінелі, заскрыпелі палазы пад вазком – бліжэй, бліжэй! I ўсе мужыкі, хапаючыся, скінулі шапкі да пояса.
        – Дзень добры, людзюхны!
        – Дзень добры пану войту!
        – А дзе тут жыве Таццяна Турботная?
        – А вунацька тама, просім пана, тамацька на рагу, за крыніцаю жывуць Турботныя.
        I колькі хлопаў паслужна замахалі рукамі і аблавухамі і пабеглі наперад паказваць.
        Нізкія хацінкі і пуні ўехалі ў зямлю. Малюпаценькія акенцы, як бельмы на воку ў жаласнага старца, тусклелі ў бедных пузырамі, у багатыроў – мутным і таўстым бутэлечным шклом. Саламяныя маты і падстрэшшы закурэлі. Хаты курныя, без каміноў, і дым пракурыў усе шчэлачкі. Стрэхі з нізкімі шчытамі і акапамі. Сцены абкладзены саломаю ці канаплянаю сувалкаю – дзеля цяпла. Гэта дом прыгонніка, панскага падданага, гэта яго звярынае логава.
        Пад’язджаючы да Турботных, войт непрыемна ўразіўся: на вуліцы, ля сцяны, стаяў царкоўны дзераўляны крыж.
        – Хаўтуры ў іх. Дзіцёнак у Турбоціхі памёр, – сказалі войту.
        Ён нізка нахінуўся і ўвайшоў у хату. Печ была толькі зачынена, і елкі дым яшчэ вісеў пад столлю і еў вочы. На лаўцы ляжаў пад белым грубым палатном, з венчыкамі на галоўцы, ссінелы маленькі дзіцёнак. Перад абразамі цеплілася жоўтым агеньчыкам чорная свечачка – падарунак якога-небудзь дзядзькі Ярмолы, тутэйшага зямца. Пад палком брыкала ў саломцы цялё; запёртая пад печаю курачка сакатала. У запечак забіліся, як звяркі, дзеці – дзяўчынкі. Сядзела ў кажухах некалькі спагадніц-цётак. Матка галасіла па дзіцяці:
        
А мой жа ты дзетачка,
А мой жа ты галубятачка!
Я ж цябе вынасіла, выхварала,
На прыгон у кашолцы насіла,
Сама жытца панскае жала,
Цябе снапочкамі ад сонца загараджала.
А ты ж мой дрыжоны сынулечка...
Хто ж мяне пад старасць прыгледзіць,
Кавалачак хлебца прыдбаець,
Хто ж мне прыгон служыць пасобіць?
        
        – Царства нябеснае, – пераксціўся войт і ўздумаў адразу пачаць гутарку аб справе.
        Бабы далі яму месца на лаўцы, змахнулі пыл хвартухом. Адна бабулька пачала гамаваць матку:
        – Супакойся, мая любая. Няхай Бог крые, як ты гаруеш, быццам па вялікім. Супакойся, рыбухна.
        Неспадзяваная ўз’яўка войта ўразіла ўсіх і сціскала. Усе чакалі.
        Абчысціўшы вусы ад лёду, Рымарчук не зусім адважна і не надта складна загаманіў:
        – Вось што, Таццяначка. Трэба табе цяпер жа ехаць са мною ў князеў палац.
        – Няшчасцейка ў мяне, пане любенькі... Аслабаніце, калі ласка панская. Не ведаю, навошта я тамацька патрэбна ў гэткі час?
        – Там... бач, мамкі патрэбны. Чалавечае малако на лекі, ці што, патрэбна, – няўдалымі словамі напалохаў ён баб.
        – Ой, нешта не так, паночку даражэнькі, кажыце нам усю праўду.
        – Рыхтуйся, Таццяна. Праўды вам заманулася. Можа, трапіцца ўсяго дзень які пабавіць, потым другую прывязуць.
        Баба бухнула ў ногі.
        – Паночку наш залаценькі! Абаронца наш! Змілуйцеся! Дайце ж мне самой пахаваць майго дробненькага.
        Войт змагаўся і не ведаў, як зрабіць. Здань панскага гневу палохала яго. Надаўшы паважнасці, Рымарчук злосна буркануў:
        – Няма там чаго... Зараз жа рыхтуйся!
        Баба абхапіла яго за ногі і завыла. Ён, нарэшце, выпрастаўся і закрычаў ужо грозна, як прызвычаіўся за шмат гадоў вайтоўства.
        Але баба раптам перамянілася.
        – Не паеду!! Забіце, замучце – не паеду я!.. Не пайду ад свайго сыночка. Не аддам яго малачко на панскія лекі... Не паеду!
        Гэта было навіною Рымарчуку. I ён замяўся, не ведаючы, што рабіць.
        – Ну, ну, ну... – казаў войт, – пакрычы, каб князь пачуў, дурное бабства. Сёння ж увечары прыязджай: паспееш пахаваць. Так і мужыку скажы. Ён дзе?
        – На прыгоне... У лесе калоды валочыць на сплаў, – адказалі бабулі за яе, бо маўчала.
        – Так і яму перакажыце.
        Войт паехаў.
        Па дарозе, воддаль ад цяжкага бачання, ён пачаў каяцца, што не ўзяў адразу. «Ну ды нічога; можа, прывязуць мамку яшчэ адкуль», – цешыў ён сябе.
        Насустрач ехаў хлоп з возам карчоў і, угледзеўшы войта, хапатліва збочыў, тапіўся ў снезе каля вязнуўшага каня і скінуў шапку. Сабачка яго заліўся ярым гаўканнем і кінуўся да вазка.
        Войт з задавальненнем працягнуў па сабачцы бізуном і ахінуўся кажухом цяплей.
        Бязлюднае снегавое поле ізноў супакойвала, але зараджала ў глыбакосцях душы нязнаную нуду.
        
        
III
        
        – Закапаць іх разам з Лэдзі!
        
        – Ну, войт, вязеш бабу? – сустрэў Рымарчука ля замка камісар увечары.
        Войт доўга меркаваў, як адказаць.
        – А ці з далёкіх ні аднзй не прывязлі, вашмосць? – спытаўся ён.
        – Хто ж павінен ведаць? Для чаго ёсць войт? Ты ездзіў па бліжэйшую?
        – Я, так, вашмосць. Незабавам, пане, прывязуць бабу.
        – А шчаняты дагэтуль некармлёныя! Сцеражыся, войце! Князь не падзівуе, што ты войт.
        А князь сядзеў на кукярэчках ля лубачкі ў пакоі шчанятак і бедаваў. Яшчэ трое шавяліліся і барохталіся, жаласна канькалі і лезлі адно на аднаго. А самы дробненькі ляжаў нерухома, убачку, закруціў галоўку і выцягнуў лапкі. Ён здыхаў. Стаялі сподачкі з малаком. Стаялі пачціва ля дзвярэй сівы камердынер і засмучоны псар Яська.
        – Мае гаротныя лэдзіняткі! Мае бяздольныя дробныя цюцечкі, – квохаў князь, гладзячы мякенькую шэрстачку, і з любасцю пачуваў, як піхаюць у яго руку голыя мордачкі і жаласна хныкаюць.
        – Ну, што ж баба? Дзе ж баба? – раздражнёна пытаўся князь, не гледзячы на людзей.
        – Няма яшчэ, яснавяльможны пане, – казаў камердынер, а Яська хмурыўся і маўчаў.
        – Хто паехаў па бліжэйшую?
        – Сам войт Рымарчук.
        – I гэнага старога дурня дагэтуль няма?
        Чалядзінцы маўчалі.
        – Зараз жа даведацца і прыслаць яго сюды. У-у, бэлдасы, – зусім выходзіў князь з прызвычаёнай ангельскай раўнаважнасці. – I пана Міхала гукнуць! – дадаў ён.
        Калі ўз’явіліся ўстрывожаны камісар і дрыжачы Рымарчук, князь быў грозен. Твар наліўся крывёю, мускул на шчацэ скакаў, нос пашызеў.
        – Дзівуйся, дзівуйся! – пацягнуў ён войта за палу жупана. – Ты замардаваў іх галоднаю смерцю. Яны ўміраюць... Гэты ўжо канае. Ты не маеш міласлівасці, закаржэлы хлоп. Ты правалаводзіў цалюткі дзень дарма, пся крэў твоя. Ты надта даўно войтам, агідны смерд. Ты прывык лупцаваць хлопаў, і цябе мала абходзіць труд бедных драбнютак мае бяздольнае Лэдзі. – Князь намагаўся стрымацца і не мог. – Да д’яблаў гэтага нягоднага лайдака, – неспадзявана для сябе зароў ён, звярнуўшыся да пана Міхала, – у найдалейшую вёску, простым хлопам яго, брыдкога, пад пільнае дагляданне старасты!
        I, пусціўшы Рымарчука, галасаваў:
        – Вон! Далоў з воч маіх, пракляты смерд!
        Войт, знямеўшы, паплёўся ў дзверы.
        – Слухаю яснавяльможнага пана, – пракулдыячыў пан Міхал.
        – Слухаеце? Вы – слухаеце! Работу трэба рабіць. Ідзеце сабе...
        I князь сам пайшоў у пакоі. Пан Міхал засіпеў штосьці на камердынера, на Яську, пасыкнуўся быў да шчанят і вопрамець рынуўся з замка.
        Перапуд пайшоў сярод чэлядзі і ўсіх людзей. Забегалі туды-сюды з ліхтарамі. Зазвінелі балабончыкамі хамуты. Сядалі вершнікі, гаўкалі сабакі. Пан Міхал кідаўся па двары і сыпаў праклёны і тэўхалі направа і налева. Паскакалі пасланцы ўва ўсе бакі сустракаць мамак. Гайдук памчаўся ў саначках на скараходзе па Таццяну. А войт сядзеў у пякарні, як хмара. Ніхто не важыўся ўмаўляць яго. А ён яшчэ не мог дасканала ўцяміць, што было, і прызвычаіцца да навіны. Адна думка свердліла галаву: як ён мог так зблагаваць? Паехаў сам-а-сам па бабу і не прывёз. Як ён не сцяміў тады? Але ўжо не паправіць, прапаў... Пан Міхал, зірнуўшы на момант, грэбліва і зларадасна ахапіў яго поглядам і буркануў:
        – Пся крэў! Наробіў бяды. Будзеш ты цяпер ведаць у мяне.
        Пад поўнач прывезлі Турботную і ўрынулі к шчанюкам.
        А пад ранне і тыя трое здохлі.
        Увесь замак ведаў і прыцішыўся перад гразою, чакаў князеўскага абуджэння.
        I князь прачнуўся.
        – Прачнуўся, прачнуўся, – зашасцела па ўсіх закутках замка, праняслося па двары і ў чорных хатах.
        Князь у халаце прайшоў да шчанятак. Яго адвярнула: брыдкая, нячыстая, зарумзаная бабішча забілася ў кут, як сава. Падхапілася і рушыла цалаваць князю ў руку. Ён з гідасцю адхапіў і схаваў руку за спіну. З нецярплівай цікавасцю падышоў да лубачкі і проста знямеў: гідкія, нечым аблітыя, ускалмачаныя, з вялізнымі брухамі, раскірэчыўшы каляныя лапкі, ляжалі нежывыя дзеці слічнай Лэдзі.
        Моўчкі пайшоў магнат у кабінет, пляснуў у ладкі і загадаў гукнуць камісара.
        – Ведаеце? – каротка спытаўся ён і не вітаўся, калі прадстануў пан Міхал.
        – Ведаю, пане яснавяльможны, няшчасце...
        – Чаму гэта?
        – Трэба ўважаць, баба абкарміла іх сваім папсаваным малаком, пане яснавяльможны.
        – Абкарміла? Ды як жа яна пасмела?! Можа быць, наўмысля? Можа быць, пачуццё пакрыўджанае маткі? О, якая грубасць, якая нялюдскасць у гэным дзікунскім куце! А можа быць, і сваволя? Так, так, безумоўна, сваволя. Тут усе распусціліся. Распусціўся войт, распусцілася чэлядзь, хлопы... Я не ведаю, дзеля чаго я маю камісара. Дзе выкапалі гэтую страшную бабу? Гэтую душагубку? У яе выгляд сапраўднай ведзьмы! Абкарміла, ха, ха! Накарміце ж яе самую так, каб аж піць папрасіла! Можаце ісці. Падбадрыце распушчонікаў. Ага... узвараціць ветэрынара Будзьку: няхай даследуе, чаму акалелі шчанюкі. Закапаць іх разам з Лэдзі!
        
        
IV
        
        – Як накарміць чалавека, каб аж піць папрасіў?
        
        Пан Міхал уцяшаўся, што бяда блізка што мінулася. Адылі ўцяшаўся з асцярогаю, каб ногды не давялося расчаравацца. «Накарміце ж яе самую так, каб аж піць папрасіла!» Чорт ведае, што гэта значыць? А трэба ўцяміць і ў дасканаласці выканаць; доля войта зусім няваблівая. Рымарчук – хлоп; узнесены панскаю ласкаю на высакосці вайтоўства – смерд; яму лягчэй зрабіцца ізноў тым самым, чым быў некалі. А пан Міхал – шляхціц, хоць і заняпалы; яму не знесці сораму. Трэба старацца. Балазе дагэтуль ішло баразною.
        – Скажы ты мне, Яська, як накарміць чалавека, каб аж піць папрасіў, а? – спытаўся ён, сустрэўшы сабакара.
        Той не зразумеў, прыняў за жарты і стараўся патрапіць пад панскі гумар; ён адказаў:
        – Накарміць трэба ўволю, ласкавы пане.
        – Накарміць? Ды мне па добрым абедзе курыць толькі хочацца, разумееш?
        – А мне – піць. Анегдай пасля смажонага селядца я паўкухля квасу выжлуктаў у кухара, ласкавы пане.
        – Ага, так, так, так! Па селядцу, значыцца?
        – Пасля лазні надта піць карціць, ласкавы пане.
        – Ага, пасля лазні яшчэ, Яська? Добра, добра, ты разумны хлоп, псар Яська.
        – Сабакары ўсе мудрагелі, – вышчарыўся Яська.
        – Ну, ідзі сабе да сваіх сабак, а то ізноў на што забудзешся.
        – Дармоўшчына была, паночку...
        – Ну, ну, пагамані ў мяне!
        Пан Міхал пасля размовы з псаром Яськам прасвятлеў. Хоць не выпадае так доўга гутарыць яму са смердам, нядаўна абсечаным, ды нічога: гэны смерд, чорт яму сябра, падаў добрую думку. Князеўская воля будзе споўнена як след.
        У садзе за старою афіцынаю аканома ліпела над заплытым стаўком старэнькая закінутая лазенька. Камісар загадаў, каб як найбарзджэй зрабіць у ёй парадак і пачаць грэць. У лазеньку ўмясцілі Таццяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе парацца. Ключ паклаў сабе ў кішэню пан Міхал.
        – Скрозь акенца даваць па пяць селядцоў уранні і ўвечары, а болей нічога не даваць. Няхай есць уволю, каб аж піцюхны пабажала. Цяпло ў печцы не спускаць дзень і ноч, ды болей пары паддаваць, а то азызне галубка, – казаў пан Міхал гайдуку, – паліць як найжарчэй, селядцы выбіраць як найсальней.
        Тры дні, тры ночы стагнала, хрыпела і драпала сцены знямоглая ад смагі, хворая, ашалелая баба.
        Ужо і Будзьку павярнулі. Ужо ён з радасці пацвярдзіў, пусціўшы ў ход усё сваё ветэрынарскае веданне, што, дапраўды, шчанятаў баба абкарміла малаком. Надта проста, што і сумысля, бо ўмеюць жа яны карміць сваіх, не абкармліваюць. Ужо князь, захапіўшы гатоўку ў глаўнай канторы і даўшы нарад фальваркам, закручаны ў мядзведжу поўсць, на шасцёрцы цугам шэрых з яблыкамі пакаціў у бясклопатна-вясёлую Варшаву, маючы далейшы кірунак на Парыж і Лондан, далей, далей ад старонкі дзікунства, згалення і забабонаў, што па дзіўной іроніі дае князю залатыя звонкія чырвонцы.
        Перад выязджаннем князя пану Міхалу надта карціла пахваліцца, як здагадна зацеяў ён тую ведзьму папрасіць напіцца, але не паважыўся турбаваць яго светласці драбніцамі.
        Варкатаў камісар пад нос сабе: «За Нёман, за Нёман...» і адзягаў патранташ, рыхтаваўся прайсціся па парошы з бутэлечкай «погжэбовэго» па зайчышках, а вось гайдук прыйшоў з паведамленнем, што баба сціхла.
        Знайшлі яе на памосце з абдрапанымі да крыві рукамі і грудзьмі, з шырока разяўленым ртом. Камісар збянтэжыўся і накінуўся на гайдука з папікамі і лаянкаю, чаму не сказалі раней, што яна ўжо такая. Са страху ён забыўся на сваю панскасць, прутка сарваў з пляча торбачку, выхапіў пляшку і частку «погжэбовэго» ўліў у непрыгожы і страшны бабін рот...
        Пасля колькіх хвілін прыкрага для ўсіх чакання яна захрыпела і, душачыся, лыкнула ўліты ёй у самае горла спірытус.
        Узвалілі яе на розвальні, прыкрылі паверх кажуха дзяругаю. Паважны і хмуры Яська павёз яе дамоў.
        
        
V
        
        – Вечны спакой!
        
        Магнат Вішнявецкі ізноў уз’явіўся ў варшаўскіх салонах, асабліва цікавы і, як казалі далікатныя пані і паненкі, «невыслоўна адухоўлены» пасля самоты ў сваіх беларускіх пушчах. Усе ведалі, што славутая Лэдзі, якою вабіўся кароль Прусаў на пышных ловах у Панятоўскага, без пары згінула. Граф Пшаздзецкі пазычаў у князя грошы і не ў меру вёрз лухту аб яго новых поглядах, памеўшых поўную незадачу пры першым датыканні з кансерватызмам хлопаў.
        Гутарка аб гаротнай Лэдзі зрабілася моднаю ў арыстакратычных салонах.
        А маладзенькая жартаўлівая баранеса Фалыд-Фэйл гарэзліва пяяла засмучонаму князю на жалосна-смяхотную мелодыю:
        
Гаў-гаў-гаў, сучачка!
Гаў-гаў-гаў, цюцечка!
Вечны спакой!
Без пары згінула,
Дзетак пакінула,
Вечны спакой!
Ой, лэдзінятачкі,
Дробны шчанятачкі,
Вечны спакой!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.