РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трасца
1
        Дзеялася гэта даўно, – тады, калі яшчэ дзяды нашы мусілі баяцца і пана, і Бога, і чорта...
        Дзеялася гэта тады, калі бедны чалавек мусіў за палена дроў цягацца па начы ў панскім лесе.
        Дзеялася гэта тады, калі цёмны чалавек, змарнованы цяжарам працы, усяго баяўся і ўва ўсё верыў, і нават хваробу сваю звязваў з усякімі зданямі...
        
        
        Трасца прычапілася к яму вясною, калі ён хадзіў уночы ў панскі лес красці дровы. Ноч была месячная і ёдкая. З хаты ён выйшаў, як папелі першыя пеўні. Па дарозе яму нічога не здалося. Ціха спалі будынкі. У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Ад сажалак цягнула веснавою мокрасцю. Чалавек спакойна пераступіў граніцу і падаўся глыбей у лес. Незабавам узбіўся ён на добры лом, папляваў у рукі і з прыемнасцю, але паціху, асцярожна завінуўся над паваленай бярэзінай. Хапаўся і дзеля таго троху лішне ўвагрэўся. Потым, не марудзячы, заткнуў сякеру ззаду за пояс, узваліў бярэзіну на правае плячо і, доўга не думаўшы, засігаў шыбчэй назад. Спярша лясіна не здавалася цяжкою. Аднак, калі выйшаў ён на поле, дзе пачыналася панаванне месяца і холаду, несці стала цяжка. Лясіна гнула яго ўніз і за кароткі час намуляла яму і правае, і левае плячо. Сам здзіўлены сваёю слабасцю, ён падумаў, што трэба адсячы кавалак макушкі, бо толькі гутаецца і замінае несці, а карысці з яе мала. Скінуў лясіну і прыстоіў; абцёр пот. I тады пачуў на спіне, пад кажушком, непрыемны дрыгкі халадок. «Э, ці гэта не бывае», – падумаў сам сабе, узяў сякеру ў рукі і нахіліўся, шукаючы, дзе б адсячы канец лясіны. Аж раптам неўспадзеўкі з подзівам заўважыў, што ззаду яшчэ нехта жывы поркаецца па зямлі. Прыгледзеўся пільней і па месяцы ўбачыў, што гэта нейкая баба. Не стаўшы адсякаць канца, падняў ізноў лясіну і моўчкі, не гледзячы назад, ішоў да самай хаты. Гэта яшчэ не быў страх, а ўсё ж ткі там, на спіне, дзе чуўся халадок, цяпер зрабілася аж надта цёпла.
        – Папсавала мне работу, – ціха сказаў ён сам сабе, злажыўшы бярэзіну ля хаты пад страху, сеў тут жа пад страхою і закурыў піпку.
        Тым часам пеўні прапелі ўдруга, ён падумаў: «Якога ліха баяцца», – і пайшоў у лес яшчэ раз.
        Разважаць аб зданях ён не хацеў, але цяпер мімаволі час ад часу пытаўся ў свае памяці: ці гэта ён бачыў жывую бабу, ці гэта яму толькі здалося? I цяпер ён не дужа смела ішоў туды, дзе, спадзяваўся, болей сухога буралому. У лесе быў яшчэ снег; бялеў і хрупаў пад нагамі, разганяючы дурныя страхі цішы і поцемкаў. Усё было ціха, нідзе ніхто не варушыўся, не здаваўся. Зараз трапіўся яму сухі пень. Хацелася курыць, ды адлажыў ужо дахаты, абчысціў збольшага пень ад кары, узваліў яго на плечы і маўчаком пасунуў к полю. Бабы не было. Па дарозе ён смела строіў здогады, што, мусіць, і яна таксама крала дровы, толькі не спазнаў яе – адкуль і хто. Так выйшаў ён па поле. У гразкім пераходзе хацеў паправіцца, каб лепей было несці, азірнуўся... аж сунецца тая баба! На спіне ў яго, пад кажухом, дзе было так горача, разліўся мокры холад, а троху ўмочаныя ногі занылі, як пасля доўгае і труднае хадні ці ад рэўматызму, – і засягаў, больш не азіраючыся. Тое, што блізка былі хаты з людзьмі, паддавала яму болей смеласці. Злосць яго ўзяла: чаго, думае сабе, учапілася за ім дурная баба, як той сабачы хвост за ваўком? «Ча яе за мною носіць?» – разважаў, абціраючы сцюдзёны пот і зашпіляючы каўнер, бо ёдкае паветра ахапіла яго ўсяго...
        Кінуўшы пад страхою пень, прыйшоў у хату, каб трошку адпачыць і сагрэцца. Жонка заварушылася, пачуўшы яго.
        – Ці ў дровы схадзіў? – спыталася.
        – Ага. Прынёс макушку і пенушок... дый яшчэ раз думаю схадзіць, – адказаў ёй, пыхкаючы ў светлаватай ад месяца хаце, аб той жа старой змоўчаў, каб не спалохаць жонку. «Яшчэ пабаіцца адна з дзяцьмі заставацца ў хаце», – так падумаў. Хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да світання, дык не стаў. I піць яму захацелася. Жонка, як на тое, устала паіць хлопчыка, дык і ён не ўцерпеў, напіўся і выпіў болей, чым можна піць, спацеўшы.
        – А я ўсё нейкую дурную сніла, – сказала жонка, кладучыся ізноў на пасцелю, і, відаць, манілася зараз, хоць каротка, пераказаць яму свой сон.
        Ён жа наўмысля не стаў слухаць і пайшоў у лес трэці раз.
        Пабрыў за гумны з цікаўнасцю і страхам: стрэне ён цяпер гэтую старую ці не? А ў жончыныя сны не дужа верыў, бо жонцы заўсёды нешта нейкае вярзлося. На полі нікога не было. Неба ачысцілася ад хмар, выплыў месяц у другой квадры. Усё асвяцілася спакойна-сонным яго святлом, ёдкасць спусцілася ў мокрыя нізіны, паветра пазванчэла, і дзесь адзаду, сярод хат, гаўкнуў сабака, за ім яшчэ другі. Чалавек супакоіўся, шыбка скакаў з сухога на сухое, каб угрэцца і пасмялець. Над цёмным лесам з’явіўся невялічкі, але рэзкі гэткаю парою вецер, і макушкі злёгку зашумелі, заківаліся. Ступіўшы цяпер у лес, напалоханы чалавек разы са тры пераксціўся зморанаю цяжкім пнём рукою, – не тое што для страху, але так, на ўсякае ўсё. I пачуў, што яму робіцца сцюдзёна не зусім так, як бывае звычайна. «Хоць бы трасцу не схапіць, – дзіўна аслабеўшы на кароткі час духам, падумаў ён і злаяў старую: – Прычапілася ж, падла, ні стуль, ні ссюль». Яе ж пакуль што не было, і пайшоў ён гэтым разам не туды, дзе знайшоў макушку і пень, а троху ўбок. Тут ён зараз сабраў ношку сухога палення, ды неяк трапіў у благое месца: пад нагамі хлюпала вада, ён яшчэ болей памачыў ногі, абрызгаўся вадою і ўпэцкаўся ў леташнія хваёвыя голкі, змешаныя з гразёю. Толькі ўзняў ён ношку на плечы, глядзіць, аж баба тая стаіць побач... Па ім прабегла палахлівая дрыготка. Стала ворашна і сцюдзёна... Маўкліва панёс ношку, – і цяпер самі сабою закалаціліся ў яго зубы: д-д-д-д... Хваравітая, мляўкая асцюдзянеласць пайшла па ўсім целе, і чалавек са страхам памысліў, што трасца апанавала яго. Цяпер ужо ён не мог саўладаць з дрыготкаю, барзджэй адкінуў колькі паленняў і панура выйшаў з лесу на поле. Прырода ўсё яшчэ ціхамірна спала, толькі як бы троху паслабела месячнае святло, і паветра пацямнела ў нізінах, а ядранейшым і святлейшым зрабілася, здаецца, над галавою. Там, дзе дагэтуль маўчалі хаты, закукарэкалі трэцім разам пеўні, у адным акенцы бліснула было святло, ды ізноў згасла: відаць, хацелі там ужо ўставаць, але ўбачылі, што яшчэ вельмі рана. Яго трасло і трасло... Рады, што падышоў да хат, кінуў ён ношку ля гумна і ўгрунь пабег у хату – мокры, спацелы, сцюдзёны.
        – Яшчэ прынёс? – прыхільна спыталася жонка.
        Ён маўчаў і мокрымі ад поту і ад вады рукамі раскручваў аборыну. Зубы яго ляскаталі, усё цела калацілася, а часам яго ўсяго няведамая сіла кідала з боку ў бок.
        Мляўкая асцюдзянеласць разлівалася ад патыліцы к сярэдзіне, усё цяплеючы і вяшчуючы гарачку. Жонка здзівілася яго маўчанню, боязка прыслухалася і тады пачула дробненькае зуб аб зуб: д-д-д-д... Яна схапілася з пасцелі і падышла ды нахінулася.
        – Што табе? Чаго маўчыш?–А ён усё маўчаў. – Што табе! – крыкнула ў упудзе і кінулася паліць лучыну.
        – Н-н-не п-п-па-л-і-іі, – насілу вымавіў, трасучыся ўвесь, мужык, а тады сцюдзёнымі, ліпкімі, як мярцвец ці жаба, пальцамі ўзяў яе за руку і пацягнуў к акну. Шлёпаў голаю, разутаю нагою і чвякаў другою, абутаю. I калаціўся як асінавы ліст пад вялікім ветрам. Яна з жахам зірнула ў акно... Прыхіліўшыся да яе вуха, ён стаў шаптаць, вымаўляючы склад за складам, слова за словам: ці не стаіць там, на месячным відным надвор’і, на гародзе, між блізкаю, віднейшаю пуняю і далячэйшым, цёмным гумном, пахілая чорная постаць? Жонка слухала і глядзела, як зачараваная. Тады раптам жахліва адшаснулася ад акна, хоць там, пэўна ж, нічога не ўбачыла, але і ёй здалося, што быццам нешта чорнае мільгаецца там уваччу. Яна рынулася к полу, схапіла там першае, што трапіла пад руку, – спадніцу – і, распасцёршы яе ў руках, захінула акно. У хаце зрабілася цёмна і нязручна, але затое забаронна ад надворнага ліха. Зачапіла яна спадніцу адным ражком за крук у сценцы, а другі падціснула пад налеснік. Край спадніцы апаў... Вузкая коска белага месяца няроўна праскачыла ў хату – і спалохала іх абаіх. Не палячы святла, памагла жонка мужыку ўзлезці на пол, на пасцелю, на якой ён і пракачаўся дзён дваццаць з гакам у хваробе і выпетрыў на шчэпку ад гарачкі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.