РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пабожны мешчанін
1
        У 1916 годзе служыў я ў запасным палку ў Сібіры і на нейкі час быў камандзіраваны ў невялікі горад Катаргу, дзе і жыў на кватэры ў аднаго мешчаніна і ад нуды і не маючы іншых кніжак чытаў з ім разам «Жыція святых».
        Мешчанін гэты меў да вайны невялікую гандлёвую лазню і добра зарабляў. Калі ж і ў іхным горадзе зрабіўся быў вялізны лагер запасных палкоў і ў яго лазню таксама пачалі ганяць салдатаў, па тры дні на тыдзень і па дужа малой цане, ён, нягледзячы на ўвесь свой патрыятызм, лазню зачыніў і ўзяўся за гэтыя аграмадныя царкоўнаславянскія кнігі, якіх павінна было хапіць яму да канца самае доўгае вайны.
        Праўда, патрыятызм тут быў на свой асобны лад: мешчанін страшэнна не любіў «хахлоў», «жыдкоў», палякоў і «палячкоў». Палячкамі ж ён зваў нас, беларусаў, і надта засмучаўся і не хацеў даць веры, што я таксама – «палячок».
        А палюбіў ён мяне за тое, што я не прасмяхаў яго і цярпліва слухаў даўгімі восеньскімі вечарамі, пасля палкавое службы, размовы аб зачыненай лазні і аб святых.
        
        
* * *

        
        Ён дасканала ведаў і мог бясконца пераказваць з памяці жыццеапісанні ўсіх святых, іменні якіх насілі выдатныя катаржанскія жыхары і ўсе яго родныя і знаёмыя.
        Да тых святых меў ён большую ласку, да тых меншую. Мой цёзка, апісаны ў «Жыціях», яму, напрыклад, вельмі падабаўся.
        – Падумайце, мой дарагі, – казаў ён, хітра падміргваючы, – другі патшчаецца1 скрозь усё сваё жыццё, цярпіць голад і холад, змагаецца з пакусамі, у вярыгах2 мучаецца – і насілу-ткі трапіць у святыя. А ваш ангел3 быў грэшнікам і катам, піў і еў усмак, салодкасці ўсякае зазнаў, і толькі скочыў у кацёл з гарачаю смалою, як раптам і святы... Ці ж не ўдача?
        Я бачыў у хітранькіх і цвёрдых вочках хаваную зайздрасць да таго ўдачніка, якога ён называў маім святым і жыццё якога з другога тома «Жыцій», за люты месяц, ён вывучыў ужо на памяць.
        – А ведаеце што? – адказваў я на яго словы, – мне здаецца, што і вы, Інакенці Інакенцевіч, у тыя часы маглі б трапіць у святыя.
        Мешчанін саромліва апушчаў вочы або з лішняю стараннасцю хлябтаў са сподка чай. А потым, неспадзявана, гаварыў даволі колка:
        – Кгде уш нам уш выйсці замуж! То лі дело-та вы, хрістолюбівое воінство: пріемшы4 смерць на поле брані5, ко Господу Богу нашему на лоно праведное укготованы...
        – Дзякуй за ласку! – адбіваўся я жартам. – Не дужа тым часам хочацца на гэтае праведнае ўлонне.
        – Да што вы, да што вы! – быццам спалоханы, хапаў ён мяне за локаць. – Жэлаю вам здравствовать мнокгія лета! Я, знацца, – казаў ён далей цішэйшым голасам, – я толькі дзеля прыкладу, наогул толькі гаворачы, а вас хай Маці Божая бароніць і праведны Інакенці Іркуцкі, заступнік6 наш сібірскі!..
        
        
* * *

        
        Каб развеяць мае думкі, ён браўся цяпер за якое-небудзь цікавае, на яго погляд, жыццё святога ці святой.
        – Мае кнігі, мой дарагі, не поўныя, а вось некалі пазычаў я «Жыція святых» старога друку, у айца саборнага пратапопа, дык вось там-то ёсць гісторыі.
        – Напрыклад?
        – Напрыклад? Ды вось, напрыклад... На мяне кажуць, што я скнарыца, – казаў ён, горка ўсміхаючыся, – за лазню, значыцца, што прычыніў дзеля пэўных страт і ўсякага непарадку. А я так думаю: справядлівы Бог, як не захоча, то не асудзіць. Справа, бачыце, не ў скнарасці, а ў тым, як чалавек зносіць тую сваю скнарасць... – I ён апавядаў мне, як жыў некалі адзін святы, прападобны Арэхва, родам з Полацку, які гэтаксама меў грэх скнарасці, нічога старцам не дарыў і нават сабе кавалачка хлеба шкадаваў. – Не падумайце, як я, мой дарагі, – казаў ён, апавядаючы. – I вось Бог так даў, што ў святога Арэхвы ўкралі зладзеі кнігі. Кнігі ў той час былі дужа дарагія, бо ад рукі пісаныя. Святы Арэхва моцна затужыў і нават хацеў зрабіць самагубства. I як ляжаў ён ад таго няшчасця хворы, было яму зданнё: чарты і ангелы спрачаюцца за ягоную душу. Тыя кажуць: ён наш, бо ён за кнігі Бога зневажаў. Ангелы ж крычаць: пачакайце, з гарачкі і зняважыў, але калі абдумаецца – сцерпіць, а гэтым самым як бы міластыню сатварыць. Прачнуўся святы Арэхва, пакаяўся і зрабіўся затворнікам.
        – Ну што, цікавае жыццё?
        – Вельмі цікавае, – згаджаўся я.
        – Так, мой дарагі, цікавае, а мне яно дык нават блізкае... Разумееце: украдзеныя кнігі, зачыненая лазня...
        Пакуль я падбіраў зручнейшыя сказы, каб пацвердзіць яму, што і ён робіць міластыню, цярпліва зносячы зачыненую лазню і чытаючы «Жыція святых», пад вокнамі кватэры чулася шумная тупаніна, галосны гоман, можа быць, і трошку хмельны: ішлі з кінематографа мае вясёлыя сукватаранты.
        Ён хрысціўся, дзякаваў мяне за гарбату і ўцякаў хутчэй на сваю палову. Баяўся іхных жартаў.
        
        
* * *

        
        За кароткі час ён мне дакучыў. I я неяк сказаў яму, што чуў ад некага, быццам гэты іхны калішні сібірскі архірэй, Інакенці Іркуцкі, быў родам з Магілёўшчыны, сын звычайнага вясковага дзячка, на прозвішча Бекарэвіч, значыцца, таксама «палячок».
        Пасля гэтага ён так загневаўся на мяне, што болей не прыходзіў на гарбату і гамонкі, а калі мы спатыкаліся з ім у сенцах ці на падворку, дык не казаў ужо «мой дарагі», а толькі суха даваў «дзень добры».
        
        
        ––––––––––––
        1 Стараецца заслужыць на святога.
        2 У жалеззі, якое заядлыя манахі ўскладалі сабе на голае цела, пад кашулю.
        3 Той герой з хрысціянскіх апавяданняў, імя якога дае поп з календара хрышчонаму дзіцяці.
        4 Прыняўшы.
        5 Вайны, змагання.
        6 Абаронца.
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.