РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хадзяка
1
        А полуцні мутнага, шэрага, нуднага і кароткага дня самай познай восені па шляху, што з гораду, два салдаты вялі хадзяку. Усё быццам заснула ці задрамала. Па зялёнай руні там-сям хадзілі коні. Цяпер іх ніхто не пасвіў, не даглядаў.
        Не сёння-заўтра, з вечара ці ўночы, вываліць снег і белым пахавае і мёрзлую груду, і гразь, і рунь, і пачнеццазіма.
        Жывёла – і тая чуе. Свінні ў адзіночку забягаюць далёка-далёка ад гумён і гародаў на жыта, на лог, пад дубы, рыюцца ў лісці і так пільна кіруюцца, рупяцца, нібы хапаюцца загнаць запас на зіму.
        – Вось, воўчае мяса, куды ад вёскі забегла, – сказаў пярэдні салдат на адзінокую чорную свінню, што рылася на зялёнай руні далёка ад хат.
        Ён перакінуў вінтоўку з рукі на левае плячо і хацеў чым-небудзь парушыць невясёлую цішу восені: пахлопаў вязёнкаю аб ляжку, смыргануў пад чырвоным кончыкам задзёрыстага носіка і расправіў колкія, шылцам, вусікі.
        – Вунь бяжыць дзяўчынка зганяць, –дадаў другі, што ішоў адзаду ў хадзякі, маладзейшы, мурлаты і чырвоны, без вусоў. – Нашых нешта раз забралі панскія леснікі, увосень таксама, з жыта, па два рублі за лыч мусілі заплаціць. Якраз перад маім прызывам – памятую.
        Толькі хадзяка ўвесь час маўчаў, як бы лічыў ні да чога гутарку з сваімі канваірамі. Ён, бядак, пазяб. Падлажыўшы кіёк пад паху, глыбей сашчэпліваў старью худыя і дрыжачыя рукі ў абадраных рукавах выцвілага, залапленага, пасівелага, а некалі чорнага панскага пальцішка. Ён стаміўся і шкрабаў скурацянымі зношанымі апоркамі па дарозе. Яго мяжджэрысты, печаны твар пачырванеў, што было відаць і скрозь сівенькую, рэдкую і шорсткую шчаціну. А кароткія і тоўстыя, быццам жгуты, вусы, жоўтыя ад табакі, нервова краталіся пад загнутым гарбатым носам.
        Падыходзячы па шляху да гэтай вёскі, ён быццам ажывіўся і не так нізка хіліў касцістыя плечы пад убогім хатыльком. Схапіў кій з-пад пахі ў руку і дужэй цюкаў ім па зямлі і цікавей углядаўся навакол.
        Тым часам падбегла бліжэй дзяўчынка, але пакружыла ваўчком за бярозамі па жыце. I цікава пільнавала вочкамі салдат і абадранага старца.
        – Гэй, дзяўчынка! – гукнуў мурлаты, – як завецца ваша вёска?
        Яна нічога не адказала і пабегла шпарчэй і далей убок.
        Калі яны падыходзілі да лазні, адтуль з прымыльніку выйшлі хлопцы з дзедам і пачалі з цікавасцю прыглядац-
        ца. З лазні чуваць былі галасы, гоман і стукат мяліц.
        Тодаравы мялі свой лён.
        – Некага вядуць, – сказаў дзеду меншы хлопчык.
        – Вядуць, – адказаў дзед Тодар, прыглядаючыся слепаватымі вачмі.
        Сэрца ў яго білася, бо ён падумаў, ці не вядуць са свету па этапу ўнука, што быў на заработках.
        – Стой! – скамандаваў старшы салдат.
        Абодва сталі і знялі стрэльбы. Спыніўся і хадзяка і падпёрся кійком, безуважна і хмура гледзячы.
        З прымыльніку выйшлі ўсе і падступіліся бліжэй.
        – Чалавека вам прывялі, калі прызнаецеся да яго, – сказаў мурлаты і ўсміхнуўся.
        – Нам? Ці ён наш? – пытаўся дзед Тодар: – Нешта не ведаю такога...
        Хадзяка пераступіў з нагі на нагу, хлопнуў убогімі шкрабанікамі, стукнуў кійком па зямлі, для чагосьці кратаў вусамі, як прус на сцяне, зірнуў на ўсіх з-пад калматых броваў і ўтупіўся ў зямлю.
        – У паперах ён пішацца: Янка Непамятушчы... I заяўляе, што родам з вашае вёскі, – сказаў стары салдат.
        – Не, не ведаю... – спалохана прамармытаў дзед Тодар.
        – Пойдзем да старасты, калі так, – скамандаваў старшы, і мурлаты разам з ім узлажыў вінтоўку на плячо.
        Хадзяка падсунуў кій пад паху, глыбей сашчапіў рукі – маўкліва пайшоў між імі, шкрабаючы нагамі.
        Тым часам ад хат пачалі збірацца мімаходныя людзі. Усе абступілі беднага хадзяку і дзівіліся, як на воўка, мацаючы яго з усіх бакоў. I так грудам ішлі.
        Калі падышлі да Лявонавае хаты, хадзяка раптам стаў.
        – Ну? – спытаўся салдат.
        Усе прысталі дапытліва.
        – А во тут раней карчомка была. Еська гарэлачку прадаваў.
        – Праўда, некалі была тут карчма... – дужа здзівіўся дзед Тодар і паківаў галавою: – Была, была... ведае, гм.
        Пайшлі далей.
        
        
* * *

        
        У стараставу хату на незвычайнае для ціхамірнага тутэйшага жыцця здарэнне набухталася паўнютка людзей.
        Старыя паселі на лавах, паважна думаючы ў калматыя бароды. Маладзейшыя тоўпіліся ў парозе, а малеча, разявіўшы раты, вытрашчылі вочы на хадзяку і піхалі адзін аднаго наперад.
        Хадзяка сеў на зэдлік і быў безуважны да ўсяго на свеце. Побач селі абодвы салдаты.
        – Давай ты яму веры! – казаў, гледзячы міма, высокі рыжы Астап, які быў у шахтах і ведаў свет. – Давай ты яму веры, калі яны, такія, усё жыццё сваё так бадзяюцца. У Сібіры ён кажа, што з нашае вёскі; не прымем да сябе, ён даложыць начальніку, што – са Смаленшчыны, прыгадае сабе якую знаёмую вёску, адкуль меў таварышаў ці сам быў калі. У Смаленшчыне скажа, што – з Меншчыны. Так яго і цягаюць на казённым хлебе... Ды каб я так жыў, колькі ён з нашае вёскі.
        Салдаты курылі, мужыкі курылі. Шызы дым навіс і лез у глоткі. Хадзяка, закурыўшы, зайшоўся кашлем, душыўся, схапіўшыся за грудзі. Там у яго хрыпела, як слова ў мяхах у каваля.
        – Вунь, вунь, – уступіўся за яго кароценькі лысенькі Дзёма, – добра ў людзёх, хрыпіць у грудзёх. А як ногды фэх возьмем на сябе: свайго не прымем? Чалавек за тысячы вёрст цягнуўся на бацькаўшчыну, каб легчы на вечны супакой бліжэй да дзядоў-прадзедаў, а мы пратурым яго...
        Хадзяка ўсё хрыпеў.
        – На, на пацягні дымку з піпкі, лягчэй аддыхаеш, – сунуў яму ў зубы сваю піпку ласкавы Дзёма, прычапіўшыся да яго, як смала.
        Хадзяка аддыхаўся, злез з зэдліка...
        Блазнота з жахам рынулася ў бакі і зачапіла страхам дзяўчат і баб.
        – От-то, дурныя, – пачалі іх сароміць.
        – Ведаем мы іх, такіх, – гаманіў Астап. – Працаваць не хочуць, усё жыццё пражыруюць у свеце, а як пастарэе, знядужае, дык бяры яго, кармі, садзі на свой карак. Калі панаваў, тады, нябось, мы яму былі непатрэбны, тады ён і не ўздумаў на нас. Якую карысць ён даў нашаму вобчаству, ну якую? – напіраў ён на Дзёму.
        Дзёма адступаў, хоць і з боем.
        – Свайго, нашага прагонім, от што, – махаў ён пад носам Астапу рукамі, як вятрак крыллем.
        – Дык прыняць ці не прыняць гэтага невядомага нам чалавека ў сваё вобчаства? – пакрыў усе галасы стараста, выйшаўшы на пасяродак хаты і выставіўшы нагу ў жоўтым японскім боце.
        У хаце зрабілася зусім ціха.
        Хадзяка яшчэ ніжэй пахіліў сваю галаву і ні на кога не глядзеў.
        Стараста ўзяўся адной рукою за чорную бараду і чакаў адказу.
        – Каб ён, гэта, маладзейшы троху быў, – першы пачаў гамонку старым ціхім голасам дзед Тодар, – дык няхай бы зіму качаўся на печы, а ўлетку раёў сцярог бы ў мяне.
        – А сам ты што будзеш рабіць? – перапыніў яго Астап зняважліва.
        Хадзяка падняў на Астапа вочы.
        – Ну, што ты, стары, глядзіш на мяне, як воўк? – нібыта мякчэй, але варожа, сказаў Астап, троху адхіляючыся ад хадзякавага погляду. – Ну, што ты глядзіш? Цягаешся, валаводзіш людзей, язвіна ты сібірская...
        – Як ты сказаў? – глуха і з крыўдаю спытаўся ў яго хадзяка, пасунуўшыся з зэдліка на хату.
        Дзяўчаты, якія былі, запішчэлі, дзеці кінуліся наўцёкі да матак і напалохалі ўсіх баб, а мужчыны – хто ўтаропіўся, хто што.
        – Ці бачыў? Пакрыўдзіўся... – халадней прамовіў ласкавы Дзёма.
        Астап дужа збянтэжыўся, а потым падступіў ізноў і меўся ізноў нешта сказаць.
        – Не маеш права ні біць ні лаяць арыштаванага... ведаеш, – сурова падняўся старшы салдацік. – Я за яго адказваю перад начальствам... Што яшчэ такое?
        Астап вінавата адсунуўся. А стараста спакойна сказаў, абвёўшы ўсіх вачмі і ўхільна зірнуўшы на хадзяку:
        – Дык не прымаем цябе, чалавеча! Хто цябе ведае, хто ты такі.
        – Я і сам у вас не застануся, – падняўся хадзяка і ўжо болей не сядзеў. – Не застануся, бо ўсё тут не такое, як было даўней. I людзей тых даўно няма... А я думаў: во разжывуся, дасць Бог, намыю золата, царкву тут збудую, каб не хадзілі за дзесяць вёрст. А вы тут цяпер во якія...
        Усе яго слухалі моўчкі – не ведалі, ці ён праўду кажа, ці ён з іх смяецца.
        – Ды ўжо ж гадоў сорак як новую царкву маем... бліжэй... за пяць усяго вёрст, – вінавата прамармытаў дзед Тодар.
        – Ну, што ж, пераначуем і павядзём назад у горад, – сказаў старшы салдат. – У каго нам начаваць? – звярнуўся ён да старасты.
        – Хадзіце, землячкі, у маю хату, абначуйце ў мяне, – адгукнуўся дзед Тодар, пакуль стараста думаў.
        I ўсе пачалі разыходзіцца.
        Дзед вёў гасцей у сваю хату і, ішоўшы, ласкава казаў:
        – Як жа мне, землячкі, не прывітаць вас: я ж гэта быў спалохаўся, што ўнука майго з свету вядуць... Унук жа мой у свеце зарабляе, добры хлапец, – як не чуе, так няхай не вадзіць... А ў мяне і хата цёплая. Я заўсёды рад прывітаць падарожніка. Абначуйце ў мяне, а заўтра сабе і ў дарожку...
        Хадзяка маўчаў і сумна і нядбала шкрабаў скуранымі сваімі апоркамі па зямлі. Схіліў галаву – ішоў, здаецца, не маючы ніякае цікавасці да ўсяго, што было наўкол яго.
        Салдаты ж не слухалі ні старога гаспадара, ні старога хадзякі. Яны з салодкасцю чулі блізкасць цёплай хаты, гарачай стравы і ўсяго адпачынку.
        Бо ўжо цёмная ноч восені ахоплівала надвор’е, было трэба запальваць па хатах святло, а сцюдзёны вецер гуляў у пустым полі і налятаў адтуль у вуліцу.
        Вечаровая восеньская золь ціснула сэрца.
        – Не ўздумай начою ўцякаць, – пажартаваў мурлаты.
        – А ты сцеражы, – адказаў яму хадзяка.
        – Уцякаць... смейцеся вы з яго, старога, – уставіў сваё лагоднае слова і дзед Тодар.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.