РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У панскай кухні
1
        Аддаў бацька Сымонку ў кухаронкі.
        – Адны вучаць на пісара, другія на папа, а мы, сынку, бедныя, дык выйдзі хоць на кухара, – казаў ён сыну. – Зямлі ў нас мала, дык трэба табе, галубок мой, пайсці ў свет...
        Завёз бацька Сымонку да аднаго вялікага пана, што жыў недалёка ад іхнае вёскі, і аддаў там у кухарскую навуку: служыць хлопчыкам на кухні і патрошку прыглядацца да работы.
        I прабыў там Сымонка ад восені да Каляд. А потым выйшла гісторыя...
        
        
* * *

        
        Было свята... Меўся ўначы прыехаць з Масквы пан. Быў ён адзінокі, дык увесь дом цяпер стаяў пусты, пануры, а Сымонку дык і страшны.
        Сядзелі яны ўдваіх з старэнькаю кухаркаю ў пустой і прастылай кухні.
        Лёкай, дзядзька Тамаш, страшэнны п’янчуга, пайшоў некуды п’янстваваць. Судамойка Рыпіна гуляла ў «людской» – так звалася хата для парабкаў.
        Дык яны сядзелі ўдваіх: старэнькая кухарка і Сымонка.
        Спачатку бабулька ўпраўлялася ля пліты, потым села ў крэсла, гукнула з каморачкі Сымонку і папрасіла, каб ён прачытаў ёй што-небудзь, бо ўвечары яе вочы слаба разбіралі друк, а Сымонка ўжо добра ўмеў і любіў чытаць, навучыўшыся за тры гады ў сваёй школе граматы.
        Чытаў, вядома, па-расійску, хоць шмат якіх слоў не разумеў тады, або ўспрымаў зусім наадварот. Напрыклад, слова «внешний» ён разумеў як «унутраны», «соперник» – як «прыяцель», а пад словам «современник» разумеў чалавека, які будзе жыць некалі няскора, няскора пасля нас.
        Такое там было ў яго з бабулькаю і чытанне. Яна дужа любіла гаманіць.
        Сымонка ўжо нарыхтаваўся ёй чытаць, а яна цяжка зварухнулася ў крэсле (бо надта ж была грубая і пухлая, хоць і нездаровая), потым падкруціла кнот у лямпе, ахінулася вязанаю хусткаю, па галоўцы Сымонку пагладзіла, цукерку мятную з кішэні дастала, яму падсунула на кнігу, а потым з сваёю аддышкаю загаманіла:
        – Ну, балазе ўправілася. I ўжо-ткі дачакалася... Сёння павінен прыехаць пан, – прывязе новага кухара, а заўтра сяду я на машыну, увечары буду ў сваім мястэчку. Досыць з мяне – наслужылася я за свой век. Не шкадую... Не падабалася мне тут. Нядобрая тут мясцовасць, нядобрая! Што ночачкі выюць праклятыя сабакі. I навыюць бяды... На ліха іх гэтулькі мае пан? Ні ён стралец, ні ён паляўнічы... I людзі невясёлыя. Тамаш цвярозы амаль што ніколі не бывае. Рыпіна з мужыком дражніцца ды вадзіцца, а бедная Анэта, мусіць, другой дарогі не ведае, як да мяне хадзіць і плакаць...
        Анэта была дачка старшага фурмана, вучоная, былая настаўніца, ці што. Яе звёў нейкі хлапец і кінуў. Яна вечна была засмучоная, жалобная.
        – Яшчэ як пан дома – сяк-так, весялей крыху, а як паедзе на дзён пяць у гэную самую Маскву – зусім закляты дом, і двор, і ўся ваколіца, – разважала бабулька. – Сеня, Сеня! – паклікала яна Сымонку.
        – Што, бабулька?
        – Што задрамаў, мой галубок? Ці, можа, аб чым задумаўся?
        – Не, я так сабе, бабулька!
        – Прасіла – не кажы: бабулька. Заві мяне Агап’я Мікулішна, адвыкай ад дзеравеншчыны.
        – Мне дамоў хочацца... Агапа Мікулішня.
        – Ах, мой хлопчык, як ты дрэнна вымаўляеш. Ну, нічога, не смуціся. Раскажы мне што-небудзь пра сваіх родных: што там у вас, як там у вас...
        – Там у нас цяпер мама вячэру налівае, за стол садзяцца, тата рукі мые.
        – Ну і добра, што мые. Гэта надта гігіенічна. А ў мяне ў даму цяпер, пэўна, гарбату п’юць або нявестка ў царкву на вячэрню пайшла. Налі-ка, Сенічка, мне там з пліты гарбаткі.
        Пакуль Сымонка налівае, яна кажа:
        – Каб была я цяпер у сваім мястэчку, у царкву таксама пайшла б, а то сяджу вось ды нуджуся. Ведаеш, мой галубок, збегай ты ў людскую па Рыпіну, пара ўжо пліту распальваць: пан, можа, з адзінаццатым прыедзе. Фурманы ўжо, пэўна, запрагаюць.
        
        
* * *

        
        Пакуль Сымонка напранаўся, дзверы расчыніліся, і з холадам увайшла чорная фігура заплаканай Анэты.
        Яны, сваім бабскім звычаем, пацалаваліся. З Сымонкам дарослыя людзі, як Анэта, яшчэ не лічылі патрэбным прывітацца.
        Потым Анэта села і, як зазвычай, заплакала.
        – Што добрага чуваць, Анэтачка? – спыталася ў яе бабулька.
        Анэта, не абціраючы сваіх вечна цякучых слёз, нейкім далёкім, безуважным голасам працадзіла:
        – Бацька паехаў ужо на станцыю, а дзядзька Тамаш п’яны зарыўся ў снезе пад плотам... Напіўся з кавалямі. Яны цягнуць сюды, а ён ірвецца, каб на станцыю вялі яго яшчэ піць.
        – Матачка найвышняя! – закапашылася старая. – Знацца, пан за паўгадзіны можа прыехаць, а ў мяне пліта яшчэ не распалена, Рыпіна збегла... Тамаш упіўся... Сенічка! Сенічка! Бяжы ты шыбенька, не марудзь, па Рыпіну.
        Сымонка пабег у людскую. У дарозе наскочыў на дзядзьку Тамаша з кавалямі, якія тузгаліся з ім, ведучы падпашкі. Ён заўважыў Сымонку і закрычаў п’яным голасам:
        – Сенька! Хто я табе?
        – Вы мне – дзядзька Тамаш, – адказаў Сымонка весела.
        – Ідзі сюды.
        Сымонка падышоў.
        – Я табе бог і цар! – схапіў дзядзька Тамаш Сымонку за вуха.
        Сымонка вырваўся і ўцёк.
        У людской было поўна людзей. Адзін парабак іграў на гармоніку польку, а ўся хата скакала. Сымонка знайшоў Рыпіну з садоўнікам, абняўшыся ў пары, і сказаў ёй, каб зараз бегла ў кухню. Яна ж была чырвоная, з падвышаным настроем і быццам не пачула, што сказаў ёй Сымонка. Сымонка насілу выбраўся назад у сенцы.
        Там, у куце, нехта сказаў, відаць, пра Рыпіну:
        – Яна круціцца з другімі, а ты глядзіш, дурань...
        – Нічога... дам рады, – адказаў дзіўна і нядобра яе мужык.
        Вярнуўшыся ў кухню, Сымонка далажыў пра ўсё бабульцы.
        Анэта, паслухаўшы, працадзіла:
        – Ці гэта ў іх гульня, цётачка! Адна нуда толькі...
        А бабулька пачала бубнець і жаліцца на Рыпіну, што не прыбегла зараз, і ўстрывожылася, каб мужык са злосці не зрабіў ёй ліха.
        – Натура такая ў маладзіцы. Дражніцца з мужыком, а ён думае нівесь што. Бокам ёй вылезе гэтае заляцанне з садоўнікам.
        Рыпіна так і не прыйшла з гульні. Прыслала потым дзяўчынку, аднаго парабка дачку, з навіною, што яна ўжо болей служыць не будзе, разлічыцца ў пана і паедзе ў Пецярбург.
        – Вось дурная! Вось то дурная! – бурчэла бабулька на Рыпіну, заняўшыся ля пліты, і паслала па яе Сымонку яшчэ раз: каб зараз прыходзіла, пакуль яшчэ не разлічылася...
        
        
* * *

        
        Не паспеў Сымонка выбегчы, як пад парадны ход пад’ехаў пан – і адразу завылі ўсе сабакі.
        Бабулька вярнула Сымонку і паслала яго спярша памагчы пану памыцца.
        Сабакі заўсёды вылі, як прыязджаў пан (мусіць, духам яго чулі), але сёння ўзнялі гэткае выццё, што пан нават загневаўся. Новага кухара ён не прывёз – не знайшоў, а можа, у цане з ім не сышоўся і наогул прыехаў не ў гуморы.
        Сымонка ніколі раней не наліваў пану вады на рукі з вялікага белага жбана і вельмі баяўся не ўладзіць яму. Але пан быў з Сымонкам ласкавы і спакойны, вучыў яго, як што рабіць: каб не ліў памногу і каб мыла не браў у свае рукі, а падаваў бы з мыльніцай.
        Калі пан абціраўся, уваліўся ў буфетную дзядзька Тамаш. Пан загадаў, каб Сымонка не пускаў яго ў пакоі, але дзядзька паспеў ужо ўвайсці і стаяў панура ля шкляных дзвярэй у калідоры. Ён хістаўся і гаманіў нешта сваё, п’яное, прасіў, каб пан дараваў яму.
        – Свіння. Вон пайшоў! – крыкнуў пан, а дзядзька ўпаў на калені і пацягнуўся цалаваць пану ў руку.
        Тады пан зрабіўся такім страшным, якім Сымонка ніколі яго не бачыў. Ен моўчкі, страшэнна паглядзеў на дзядзьку, потым раптоўна схапіў яго за карак і з усяе сілы кінуў на шкляныя дзверы. Пасыпалася шкло, дзядзька парэзаў рукі ідужапабіўся; ён застагнаў і лежачы мармытаў: «Нізвініця... нізвініця...» – што мела азначаць «выбачайце, выбачайце». Пан замкнуў пабітыя дзверы на ключ і схаваўся ў кабінет, а Сымонка пачаў цягнуць дзядзьку ў яго каморку. Дзядзька быў прыгнечаны і лёг, доўга не ўпінаючыся.
        Тады Сымонка, трохі напалоханы, трохі непрыемна ўзварушаны, пабег хутчэй па Рыпіну.
        Мімаходам ён разагнаў сабак, каб не вылі.
        Падбягаючы да людской, ён заўважыў, што ў людской цяпер не было ўжо той гульні – і, як відаць, здарылася нешта незвычайнае...
        На вуліцы людзі гаманілі прыцішанымі галасамі, а ў сенцах крычаў і плакаў Рыпінін мужык. У хату нікога не пускалі.
        Дзяўчынка, што прыбягала ў кухню, плакала ля дрэва і спачатку нічога не хацела казаць Сымонку, а потым, хліпаючы і трасучыся ад спалоху, усё яму сказала...
        Рыпіну забіў мужык.
        Забіў плашкаю. Два разы ўдарыў пасярод хаты, па галаве, і ніхто не бараніў яе. Яна кінулася хавацца пад ложак, а мужык даў ёй трэці раз з усяе сілы па галаве і патыліцы – і забіў насмерць. Парабчанскі стараста выгнаў усіх з хаты, Рыпіну пакрыў белаю пасцілкаю, а мужыка яе казаў звязаць поясам і пасадзіць у сенцах.
        Сымонка таксама закалаціўся, як і дзяўчынка, пачуў млявасць і холад на сэрцы і здранцвеласць у нагах.
        Сабраўшы сілу, ён хутчэй пабег у кухню. Аж там усё ведалі. Бабулька плакала і прыказвала:
        – Навылі, навылі праклятыя сабакі... Чула маё сэрца. Дня болей не застануся ў гэтым месцы... I ты, дзетка, не заставайся тут...
        Так і выйшла: за колькі дзён прыехаў па Сымонку бацька і ўзяў яго дадому, затое, што нядобра хлопчыку служыць у такім паганым панскім двары.
        Так і не выйшаў з Сымонкі кухар: застаўся жыць ён на бацькавым кавалачку зямлі, у беднасці, але з спакойным сэрцам...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.