РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
1
        
1

        
        Мы наступалі. Надвор’е выдалася такое, што горш не прыдумаеш: увесь дзень ішоў дождж напалам са снегам. Не падсохлая яшчэ ад вясновага разводдзя зямля зусім раскісла, гразь на дарозе перамяшалася са снегавой кашай, у якой агідна хлюпалі нашыя змакрэлыя ногі. Пад вечар, да таго ж, усчаўся напорысты, віхурны вецер. Увесь час мяняючы кірунак, ён апантана круціў над шляхам. Наперад часам немагчыма было зірнуць – золкая снегавая макрэдзь сляпіла вочы. Угнуўшы голаў, я бачыў толькі, як мільгалі заляпаныя гразёй кірзачы камандзіра роты Ананьева; мокрая плашч-накідка на ягонай спіне надзімалася крутым пухіром, камроты ўгінаўся, хапаючыся рукой за капюшон, накінуты на самаробную, з мацерчатым казырком фуражку, і, злосна мацюкнуўшы бога і надвор’е, рашуча крочыў па гразкай дарозе. Перакураў мы не рабілі.
        Калі пачало змяркацца і раскіслы, у лужынах, прасёлак завярнуў на касагор, Ананьеў павярнуўся тварам да калоны і нейкае паўхвіліны прайшоў так, задам наперад. Ён зіркаў на строй, хоць, мусіць, не шмат што ўбачыў на прыцьмелай дарозе. Рота расцягнулася, і старшы лейтэнант, моршчачы хударлявы, з бачкамі на шчоках твар, нягучна паклікаў:
        – Старшына Піліпенка!
        Аднак Піліпенка, мабыць, не чуў і засяроджана брыў у непагодным паўзмроку акрай дарогі.
        – Глушэц стары! – буркнуў Ананьеў. – Заснуў, мабыць.
        Не чакаючы ягонага загаду, я выйшаў з калоны і хуценька падбег да старшыны. Піліпенка няўцямна ўскінуў насустрач немалады ўжо, не чыста голены і крыху брузглаваты твар, але тут жа згледзеў наперадзе цыбатую постаць камандзіра роты і ўсё зразумеў адразу. Са спазнелай паспешнасцю старшына крутануўся да свайго ўзвода (строй якога быў даволі бязладны, болей дакладна – не было ніякага строю). Разбрыўшыся па дарозе, аўтаматчыкі зморана валакліся ў мілыоткіх прыцемках – хто бокам, хто ўгнуўшы голаў, а хто і адвярнуўшыся ад напорыстых парываў ветру. Брылі, дзе каму здалося зручней: па ўзбочыне, па-над шырокай, поўнай снегавой слоты канавай і нават за канавай – па краі аблепленага мокрым снегам палетка.
        Пазнавата спахапіўшыся, Піліпенка сцішаным голасам, каб не пачуў камроты, пачаў падганяць байцоў. Трое ці чацвёра пярэдніх заварушыліся жывей або, можа, зрабілі выгляд, што заварушыліся, іншыя ж проста пакінулі без увагі яго каманду-прынуку. Вядома, прамінуць такое камандзір роты не мог і, са злой цікаўнасцю сочачы за марнымі намаганнямі ўзводнага, выйшаў на ўзбочыну.
        – Ану, варухні нагой, ядрона вош! Жыва мые!
        Камроты – не ўзводны. Аўтаматчыкі паскорылі крок, заднія пусціліся нават подбегам, усе прыкметна заварушыліся. Ананьеў болей не падганяў, толькі пачакаў-памарудзіў з прыдзірлівай строгасцю на худаватым насупленым твары, і строй памалу пачаў выроўнівацца.
        Тым часам Піліпенка сышоў на ўзбочыну і пакорна спыніўся збоч ад камандзіра роты. Той, безуважны, аднак, да старшыны, зноў гукнуў у калону:
        – Ваніна ка мне!
        Каманду ўраз падхапілі, перадалі далей, – камроты цярпліва прасачыў за гэтым, прыдзірліва ўзіраючыся ў валюхастыя постаці сваіх аўтаматчыкаў. Ён чакаў камандзіра другога ўзвода, але, замест яго, на дарозе з’явілася Пулька, маленькае вяртлявае сабачанё, якое тыдзень назад аднекуль прыбілася да роты і якое прытуліў у сваім узводзе малодшы лейтэнант Ванін. Ананьеў выказаў цярплівасць, нават нейкую да часу затоеную цікаўнасць да гэтага, і вось ужо некалькі дзён другі ўзвод забаўляўся з гэтым кудлатым, па-маладому гарэзлівым шчанюком.
        Пулька з рухавай бесклапотнасцю прабегла краем дарогі, але раптам згледзела камандзіра роты, нібы зразумеўшы штось, гаўкнула і кінулася назад да Ваніна. Баец у доўгай палатцы, рог якой валокся па гразі, знарок тупнуў ботам – снегавое слізгоцце з-пад ног шырока пляснула на сабачанё, тое крыўдліва віскнула і кінулася за канаву. Аднак канава тут была шырэй, чым здалося: Пулька да жывата правалілася ў снег, распырскваючы слоту, выскачыла на той бок і трывожна замітусілася, не ведаючы, як выбрацца на дарогу.
        Ванін прыпыніў бег і крута павярнуў у строй.
        – Абармот! Ты што робіш? У цябе галава на плячах ці кацялок нямыты?
        – А чаго яна брэша?
        – Не тваё дзела! Ану, лезь цяпер, даставай!
        Лезці за канаву баец, аднак, не хацеў і памалу забіраў убок, далей ад камандзіра чужога ўзвода. Пулька некалькі разоў сунулася ў макрэдзь, але скрозь было глыбока, і яна, павіскваючы, адскоквала назад. Тады Ванін рашуча сігануў у набрынялую снегам ваду і пераняў сабачанё на рукі.
        – Дарма, – сказаў Ананьеў. – Трэба б таго абармота прымусіць.
        Ён, як гэта часта рабіў, неяк раптам павярнуўся і, нібы забыўшы пра ўсіх, хутка пакрочыў па дарозе.
        На хаду ўжо нас дагнаў Ванін, тулячы пад ватоўкай мокрую Пульку, якая адразу сцішылася там, вытыркнуўшы з-за пазухі маленькую чорную мордачку і дзве мокрыя лапкі. Узводны не паспеў яшчэ абазвацца, як наперадзе з ветраных прыцемак з’явіўся наш нампаліт лейтэнант Грыневіч. Захутаны ў даўгаватую для яго невялічкага росту палатку, ён крыху прычакаў камандзіраў і запытаўся ціхманым, з хрынатой голасам:
        – Што там здарылася?
        – Ды вунь дурань адзін Пульку ў ваду загнаў, – стрымана сказаў Ванін. Нампаліт страсянуў наліплы на плячах снег і пайшоў побач.
        – А наогул – нашто вам сабака?
        – Як гэта нашто? – не зразумеў Ванін.
        – Каб хоць сабака, а то...
        – А то шчанюк карослівы... – скончыў за лейтэнанта Ананьеў.
        – Вот іменна. На месцы камандзіра роты я б загадаў прыстрэліць, і ўсё.
        – Хай жыве, – са змрочнай рашучасцю абвясціў Ананьеў. – Ці баішся: нас перажыве?
        Перш чым адказаць, Грыневіч зноў памаўчаў.
        – Нас гэта не датычыць. А вось брэша зусім недарэчы.
        – Калі на Піліпенкавых, дык дарэчы, – нязгодна падхапіў ротны. – Камандзір узвода не камандуе, дык хоць Пулька...
        Я ішоў ззаду за ўсімі і згледзеў, як Піліпенка, варухнуўшы каскай, неяк крыўдліва насцярожыўся пад мокрай палаткай.
        – Усэ вам Пылыпэнка! Шо, я буду гнаты кожнага? Бачытэ, яка дарога! – сказаў старшына, і твар яго зморшчыўся амаль у пакутніцкім выразе. Ананьеў рэзка азірнуўся.
        – Пры чым тут дарога! Камандзір размазня!
        – Камандзір...
        – Ага, камандзір! Бо камандаваць трэба! – выпаліў ротны.
        Усе непрыемна змоўклі: як заўжды ў такіх выпадках, злосць старшага лейтэнанта чапляла не толькі вінаватага, але і тых, хто быў побач. Здавалася, пасля Піліпенкі Ананьеў возьмецца за наступнага, і кожны адчуваў сябе гэтым наступным. Па схіле рота выходзіла на пагорак, вецер памацнеў; мокры снег з дробным дажджом сек па плячах і касках. Мы хуткім крокам абміналі калону.
        – Недзе паблізу немцы, – пасля гнятлівае паўзы паспакайнелым голасам сказаў камроты. – Падцягніце людзей. Падвоіць назіральнікаў па баках. Назначце слухачоў. Піліпенка, вам змяніць галаўны дазор!
        Старшына, адтапырваючы полы палаткі, здзіўлена развёў рукамі.
        – Так моі ж од півдня ішлы... Шчэ ёго час не выйшаў, – павярнуўся ён да Ваніна.
        – Што – ёго! – павысіў голас Ананьеў. – Я табе загадваю. Ці не зразумела?
        Камандзір роты злаваў, але я думаў, што прычынай тае злосці наўрад ці быў Піліпенка. Старшы лейтэнант нерваваўся ўвесь надвячорак, з таго самага часу, як роту аўтаматчыкаў вылучылі з палкавога рэзерву і павярнулі ўбок, каб заткнуць нейкую прарэху на фланзе. Батальёны пайшлі па бальшаку, а мы ўлезлі ў гразь на прасёлку, перайшлі балота, вымаклі, намарыліся ды яшчэ, у дадатак, засталіся без фурманкі з такім-сякім ротным майном, мяшком сухароў і патронамі. Праўда, ПНШ абяцаў, як пад’едуць тылы, паслаць фурманку следам за ротай, але, мусіць, здарылася няўпраўка, фурманка нас не дагнала, і мы, апроч таго што згаладнелі, маглі яшчэ і застацца без боепрыпасаў.
        Піліпенка бурчаў:
        – Кого я назначу? Попрыставалы усі.
        – А мне напляваць! – строга абарваў яго Ананьеў. – Хоць сам ідзі, калі назначыць не маеш каго.
        – Ну і піду, – змрочна гааабяцаў Піліпенка.
        – Толькі без «ну»...
        Старшына памарудзіў і адстаў на крок, апынуўшыся са мной побач. Выгляд яго зрабіўся зусім пакутніцкі, як заўжды, калі ён атрымліваў вымову ад начальства, што ўвогуле здаралася нярэдка. Справа ў тым, што Піліпенка служыў у дывізійнай АХЧ і толькі перад наступленнем за нейкую правінку быў пераведзены ў роту аўтаматчыкаў. Яго паставілі камандзірам узвода, але ўзводны з яго, здаецца, атрымаўся ніякі, і ён часта камандаваў недарэчы, а галоўнае – зусім не мог змаўчаць перад начальствам, калі тое, як яму здавалася, рабіла што-небудзь няправільна ці несправядліва.
        Як заўжды, даўшы выказацца камандзіру роты, у спрэчку ўступіў яго намеснік.
        – Як гэта вы дзіўна разважаеце... – азіраючыся, сказаў Грыневіч, – У вас жа ўзвод.
        – Якый цэ взвод? Двадцяць чоловік та й ті не ідуць, а валакуцця.
        – Быццам адны вашы так валакуцца... – папракнуў Ванін.
        – Так у тэбэ скількы? Трыццаць два. А у мэнэ двадцяць тры.
        – Мае ноч у ахраненні былі.
        – А мае копалы.
        Увогуле, слухаць гэта было не дужа прыемна, але спрачаліся ўзводныя не першы раз, і Ананьеў глядзеў на тое не строга. Праўда, ён заўжды быў на баку Ваніна, які, зрэшты, і сам мог абараніць сябе, толькі часам у малодшага лейтэнанта не хапала на тое ўпартасці. Піліпенка ж мог спрачацца бясконца.
        – Ладна, – ні да кога не звяртаючыся, сказаў Ванін. – Я сам змяню. Толькі трэба б і совесць мець.
        Ненастойлівы, быццам між іншым выказаны папрок малодшага лейтэнанта, аднак, зачапіў Піліпенку.
        – А што я для сэбэ выгадую? Вы глянтэ, які в мэнэ ваякі. Та й бісова дорога...
        Угінаючы голаў ад ветру, Грыневіч азірнуўся на старшыну.
        – Ну і што ж: баявая абстаноўка. А ў прысязе як сказана: стойка пераносіць усе цягаты і лішэнні ваеннай жызні.
        – Та чулы, – буркнуў Піліпенка.
        – Ось і кепска, што чулі, а байцам не ўнушаеце.
        На тое Піліпенка не адказаў. Мы прыпыніліся, бо камандзір роты, адвярнуўшыся ад ветру, з трафейнай цыгарэтай у зубах, пачаў шукаць па кішэнях запальніцу. Вецер апантана рваў полы ягонай накідкі, пад якой у старшага лейтэнанта быў кароткі шынэлак, падпяразаны абвіслай камсастаўскай дзягай з трафейным «вальтэрам» у кабуры. Іншага рыхтунка – партупей, сумак, компасаў – Ананьеў не прызнаваў і хадзіў ва ўсім салдацкім, вылучаючыся хіба што пагонамі з адною палоскай без зорак ды даўгалыгім ростам. Мы пачакалі, пакуль ён, заціснуўшы між калень палку, прыкурыў пад палою накідкі.
        – Што мараль чытаць, – холадна сказаў камроты. – Сам не ўломак. Адставакі ёсць?
        – Няма, – трошкі паспешлівей, чым звычайна, адказаў Піліпенка.
        З-пад капюшюна накідкі Ананьеў падазрона скасавурыўся на яго.
        – Правяраў?
        – Ну... – насцярожана адказаў старшына, і ўсім стала зразумела, што не правяраў.
        Камандзір роты хуценька акінуў позіркам байцоў, што, хлюпаючы абуткам, праходзілі міма.
        – Дзе Чумак?
        – Тут був, здаецца...
        – Був? А цяпер дзе?
        Піліпенка дужа пакутна хмурыўся, надзімаўся, і мне міжволі стала шкада старшыну. Як-ніяк з усіх камандзіраў у роце ён быў самы старэйшы, паводзіў сябе стрымана, з нейкаю нават годнасцю, але Ананьеў чамусьці не зважаў на тое і спаганяў са старшыны, мабыць, болей, чым з іншых. Ідучы побач, я напружана ўзіраўся ў постаці ягоных аўтаматчыкаў. Аднак дарма. Чумака, як на тое ліха, нідзе не было, і Ананьеў з прыкрасцю тыцнуў палкай у гразь.
        – Ось так і палучаецца! Знайсці і далажыць! – са злосцю загадаў ён і вылаяўся.
        Піліпенка моўчкі павярнуўся і валюхаста зашлёпаў па гразі. Ананьеў крыкнуў:
        – Адставіць! Вядзі ўзвод! – і штурхануў мяне ў плячо: – Васюкоў – бягом! I заадно глянь падводу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.