РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісты і залатое лісце
1
        ...Восень. Залатое кляновае лісце падае з дрэў, як мае лісты, неадпраўленыя каханай, з маіх пражытых гадоў. А я грэюся каля вогнішча на лецішчы ў Вязынцы, адзін, як цень ад клёна, які быў пасаджаны яшчэ маім дзедам. Навокал ціха, і толькі час ад часу электрычкі напамінаюць пра тое, што жыццё існуе не толькі ў маёй любімай вёсцы. Мне крыху сумна, але я прывыкаю да самоты, як кожны чалавек прывыкае да адчування, што ўсё праходзіць і нішто не паўтараецца. Нават сёлетняе залатое лісце клёнаў, якое, здаецца, нічым не адрозніваецца ад мінулагодняга, непаўторнае, як не паўторацца ніколі і мае лісты да Алесі. Я іх люблю перачытваць, нібы вяртацца ў мінулае лета, светлае, як лісце клёнаў, і самотнае, як дым ад вогнішча, у якім я палю залатое лісце...
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая Незнаёмка, атрымаўшы гэты ліст, Вы, відаць, здзівіцеся, што яго Вам напісаў Ваш сусед па лесвічнай пляцоўцы. Мяне завуць Міхась. З таго дня, як Вы пасяліліся побач, я думаю толькі пра Вас. Мне нават крыху сорамна, што я, сямейны чалавек, назіраю за Вамі, як нейкі маньяк. Я не маньяк, я проста самотны і вельмі, вельмі закаханы ў Вас. Я думаў, што гэтае пачуццё хутка пройдзе, як прайшлі вясна і той дзень, калі я Вам дапамагаў памяняць замок у дзвярах Вашай кватэры. Вясна прайшла, а Вы засталіся ў маіх думках і душы. Вы не палохайцеся майго прызнання, бо я не магу спадзявацца на Вашу ўзаемнасць. У Вас, відаць, ёсць харошы хлопец, які ў сто разоў лепшы за мяне, бо ён і малады, і нежанаты. Але я хацеў бы, каб Вы не адпрэчвалі майго захаплення Вамі. Я пішу вершы, і таму ўсё, што не магу выказаць у звычайным лісце, Вы зможаце вычытаць у маіх паэтычных радках. Прабачце, што Вас турбую.
        
         Табе шчэ дваццаць, мне ўжо сорак пяць,
         Табе шчэ жыць, а мне ўжо ўспамінаць,
         Нібы шукаць у прыску вугалі
         Чырвоныя, як кроў маёй зямлі,
         Дзе ўжо я жыў, дзе сёння ты жывеш,
         Нібы агню аддадзены мой верш,
         Які згарыць, і застанецца тло,
         Як ад цябе ў маёй душы святло,
         Калі цяпер ты выйдзеш з цягніка.
        
         Цягнік ідзе, нібы цячэ рака,
         Куды нікому двойчы не зайсці.
         І ты пайшла, але ў маім жыцці
         Усё-ткі ты была, як гэты дзень,
         Як гэта сонца ў восеньскай вадзе.
         І жыць табе, а мне ўжо ўспамінаць...
         Табе шчэ дваццаць, мне ўжо сорак пяць...
        
        Так, мне ўжо сорак пяць. Было б мне трыццаць, я не пісаў бы Вам, а проста зайшоў бы да Вас у госці з вялікім букетам руж. Вы любіце ружы? Я зайшоў бы да Вас і сказаў бы, што я Вас кахаю і жыць без Вас не магу. Наша знаёмства крыху не паэтычнае, і таму ў сваім вершы я ўявіў, што я з Вамі пазнаёміўся ў цягніку... Яшчэ раз прашу прабачэння, што пішу Вам.
        Ваш сусед з кватэры № 46».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Добры дзень! А я ўжо ведаю, што Вас завуць Алеся! Сёння пра гэта даведаўся ў нашай суседкі цёткі Надзі. Яна вельмі хваліла Вас. А яшчэ я даведаўся, што Вам гэтую кватэру купіў Ваш сябар, які займаецца бізнесам. Нешта яго я ні разу не бачыў... Але, паверце, галоўнае цяпер для мяне – я Вас бачу амаль кожны дзень. Вы ж не заўважаеце мяне...
        
         Я ведаю, што вам не да мяне,
         Бо ў вас сваё жыццё і спадзяванні.
         Ды весні дождж вам піша на вакне
         Мае санеты пра маё каханне
         Да вас,
         адной, як гэтая вясна,
         Што сёння нас дажджом сваім яднае
         І дзеліць, як Кітайская сцяна,
         Што з неба прарастае, як з Кітая...
        
         Я ведаю, што вам не да мяне,
         Але дазвольце вас кахаць здалёку.
         І пройдзе тлум, бы вечнасць праміне,
         І выгляне вам сонца з­за аблокаў,
         Нібы агонь прарэжацца праз дым
         Ці праз асфальт трава на свет праб’ецца.
         І час пражыты будзе залатым,
         І новы век для вас адной пачнецца...
        
        Прабачце, што турбую Вас. Але паверце мне, што я не магу не пісаць Вам!
        Ваш сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая мая суседачка! Мая чароўная Алеся! Сёння бачыў Вас, як Вы ішлі дахаты. Вы былі такой прыгожай! Слоў няма... Я наогул люблю бландзінак.
        
         Вы самая прыгожая на свеце,
         І гэта немагчыма перадаць
         У словах, у якіх агонь і вецер,
         Што ў белых ружах, як у снезе, спяць.
        
         Вы самая цудоўная на свеце –
         І гэта мне малітвай паўтараць,
         Якая адзіноту мне асвеціць,
         Нібыта Храм, дзе свечкі не гараць.
        
         Вы самая чароўная на свеце,
         Як зорак недасяжнае святло,
         Як успаміны аб мінулым леце,
         Што з вамі праз маю душу прайшло...
        
        Вы сапраўды самая прыгожая! Даруйце, што турбую Вас!
        Сусед з кватэры № 46».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Мая каханая! Вы сёння плакалі на лавачцы перад нашым пад’ездам, і я гэта бачыў. Даруйце, што крыху шпіёню за Вамі. Вы мне толькі скажыце, хто Вас пакрыўдзіў, і я Вашаму крыўдзіцелю так пакажу дзе ракі зімуюць, што ён на ўсё жыццё запомніць, што такіх, як Вы, дзяўчатак нельга крыўдзіць. Вас трэба толькі любіць. А я Вас кахаю!
        
         Я табе пасылаю лісты,
         Як будую між намі масты,
         На якіх не сустрэцца з табой,
         Бо дарогі размыты журбой...
        
         Ну а ты ўсё маўчыш і маўчыш,
         Як высокая зорка ўначы,
         Да якой мне ляцець праз гады,
         Да якой мне, нібы да вады,
         Праз пустыню маўчання ісці,
         Дзе пясок, як агонь у лісці,
         Што вятрамі ўздымаецца ўвыш.
        
         Ну а ты ўсё маўчыш і маўчыш
         І мае ці чытаеш лісты,
         У якіх я зусім не святы,
         І святым мне ніколі не быць,
         Бо кахаць мне цябе і любіць
         Там, дзе неба размыта слязой,
         Як дарога вясновай вадой...
        
        Даруйце, што зноў турбую Вас.
        Ваш закаханы сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Вітаю Вас! Гэта зноў я – Ваш сусед. Амаль гадзіну хадзіў за Вамі па горадзе, а Вы мяне і не заўважылі. А можа, заўважылі, ды не падалі выгляду? Але як бы там ні было, я амаль гадзіну быў побач з Вамі. Мне хацелася падысці да Вас, калі Вы стаялі ў чарзе па білеты на цягнік. Куды гэта Вы сабраліся ехаць? Не з’язджайце толькі назусім, бо я без Вас прападу... Зноў ноччу не спалася, пісаў вершы, прысвечаныя Вам.
        
         Я не знаю, чаму вас кахаю,
         І не трэба мне гэтага знаць,
         Бо і так тут без вас прападаю...
         Як не хочацца мне прападаць!
        
         Ападае лісцё мне пад ногі,
         І, глядзіш, хутка выпадзе снег,
         Замяце паміж намі дарогі,
         Ды не знікне ваш сонечны смех
         Ува мне, як не згасне ніколі
         Сонца ў небе, пакуль мне кахаць.
         Я пайду, як праз вечнасць, праз поле,
         За якім вашы Храмы стаяць...
        
         Я не знаю, чаму вас кахаю,
         І не трэба мне гэтага знаць,
         Бо і так тут без вас паміраю...
         Як не хочацца мне паміраць!
        
        Паміраць я не збіраюся! Нельга паміраць, калі побач жыве такая прыгожая дзяўчына! Вы не здзіўляйцеся, чаму я пішу пра зіму, калі зараз на вуліцы лета, бо без Вас мне і лета не лета, а сапраўдная зіма...
        Ваш сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Каханая мая Алеся! Цэлы месяц не бачыў Вас! Баяўся, што Вы некуды пераехалі і мы ўжо ніколі не ўбачымся, а самае галоўнае – я Вам не перадам свае лісты з вершамі. Які я быў шчаслівы, калі ўбачыў Вас сёння раніцай на вуліцы! Вы яшчэ больш папрыгажэлі!
        
         ...А сонца ўзышло над зямлёю,
         Нібыта сусветны пажар,
         Каб я не сустрэўся з табою,
         А знік у вандроўнасці хмар,
         Якім на зямлю апусціцца,
         Нібыта вярнуцца дамоў,
         Дзе можна пра ростань забыцца,
         Дзе вера, надзея, любоў
         Жывуць, не знікаюць, як цені
         Таго, што даўно аджыло,
         Дзе нашы з табой летуценні
         Зжаўцелым лісцём замяло,
         Каб сонца ўзышло над зямлёю,
         Нібыта сусветны пажар,
         Каб нехта сустрэўся з табою,
         Я ж знік у вандроўнасці хмар,
         Як травы ў снягах прападаюць,
         Як дождж прападае ў пяску,
         Каб слова святое «кахаю»
         Вуглілася на языку,
         Бо сонца ўзышло над зямлёю...
        
        Вы маё сонца! Толькі не смейцеся з мяне! А даруйце мне за тое, што я Вас кахаю...
        Ваш сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая Алеся, Вы зноў некуды прапалі на цэлы тыдзень. Каб Вы ведалі, як мне цяжка на душы, калі ў Вашай кватэры цішыня. Я адчуваю сябе адзінокім і нікому не патрэбным. Вы скажаце, што я не адзін, што ў мяне ёсць жонка, дзеці. Так, у мяне ёсць жонка, ёсць дзеці, але... І я адчуваю сябе здраднікам. Праўда, пра маю «здраду» ведаем толькі Вы і я. І ці ёсць здрадай мае лісты да Вас і вершы? Я не хачу апраўдвацца, і калі мае адносіны да Вас – грэх, то я самы вялікі грэшнік.
        
         Жыццё – не верш, яго не перарыфмаваць,
         І ты жывеш, нібыта мой забыты верш,
         Які да смерці мне цяпер успамінаць.
        
         І ўжо, як верш, сваё жыццё ты не парвеш,
         Бо новы дзень, як снег, як чысты ліст паперы,
         Дзе ўжо ў цябе, як і ў мяне, замкнуты дзверы,
         Нібыта дзверы могуць сёння зберагчы
         Нас ад жыцця, якое навакол, як мора,
         Дзе вые вецер, як сабака, уначы,
         Дзе ўсё было даўно, але, нібыта ўчора,
         Быў новы дзень, як снег, як чысты ліст паперы,
         І для мяне ў цябе былі адкрыты дзверы,
         Як неба, нам заўжды адкрытае, над намі.
        
         Жыццё – не верш, яго ўжо не перапісаць.
         І мы жывём, нібы трава, што пад крыжамі,
         Дзе нам травой, нібыта вершам, стаць...
        
        Вершы мае сумныя. Сумныя, бо я жыву не так, як хачу. Я хачу быць з Вамі! А Вас цэлы тыдзень не было дома! Абдымаю.
        Ваш Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Добры дзень, мая каханая! О, як мне сумна! Яшчэ гэтыя бясконцыя дажджы! Сёння зноў бачыў Вас, калі Вы вярнуліся дамоў на таксі. Як Вы прыгожа беглі па лужынах! Як сонечны зайчык! Толькі не смейцеся! Вы сапраўды мой сонечны зайчык, такі ж няўлоўны і такі жаданы ў час непагадзі.
        
         А гэта не дождж, гэта час наш ідзе
         І першае жоўтае лісце ў вадзе,
         Як зоркі ў нябёсах, якія вадой
         Цякуць паміж тым, што было і што будзе
         У свеце, дзе мне не сустрэцца з табой,
         Як з летам цяпер не сустрэнецца студзень.
        
         І я на агонь, як на вечнасць, гляджу,
         Схаваўшыся ў хаце старой ад дажджу,
         У хаце, дзе людзі даўно не жывуць,
         Дзе золатам пыл, серабром павуціна,
         З якіх павукі адзіноту плятуць
         Самотную, як пад дажджамі рабіна,
        
         Рабіна, што лісце губляе ў вадзе,
         І гэта не дождж, гэта час наш ідзе,
         Дзе мне не сустрэцца ніколі з табой,
         Як з летам цяпер не сустрэнецца студзень,
         Дзе зоркі ў нябёсах, нібы пад вадой
         Наш час залаты, час, якога не будзе...
        
        На жаль, я ніяк не адважваюся падысці да Вашых дзвярэй. Магу пахваліцца, я даведаўся нумар Вашага тэлефона. Цяпер не здзіўляйцеся і не злуйцеся, калі часам на званок падыдзеце да тэлефона, а там будзе толькі маўчанне. Ведайце, гэта я маўчу.
        Ваш закаханы Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая Алеся, вітаю Вас! Некалькі разоў набіраў нумар Вашага тэлефона. На жаль, Вас не было дома. Дзе гэта Вы прападаеце? Я Вас пачынаю раўнаваць. Як Вы лічыце: раўнаваць – гэта добра ці дрэнна? Калі чалавек раўнуе, ён кахае ці не? Ды што я Вам задаю пытанні... У Вас сваё жыццё, а ў мяне сваё, і нам ніколі не быць разам, бо мы розныя, як вясна і восень.
        
         Мне званка ад вас не дачакацца,
         І не трэба мне да вас званіць,
         Як у лета праз агонь вяртацца
         І агонь, нібыта вас, любіць.
        
         Сам званю, нібы іду з былога,
         У якім вас, як вясны, няма,
         А дарога ёсць, адна дарога
         Сумная, як нашая зіма,
         Доўгая, нібыта тэлефона
         Доўгія, бясконцыя гудкі.
        
         Свечкі, як антычныя калоны,
         Падпалю, каб асвяціць вякі,
         У якіх мне з вамі не сустрэцца,
         Колькі б мне да вас тут ні званіць.
         Праз агонь прайду, нібы праз сэрца
         Ваша, каб яшчэ вас больш любіць...
        
        Вы толькі не крыўдуйце на мяне з­за таго, што я Вас закідаў сваімі лістамі, як восень закідвае лістотай кветкі, якія, нягледзячы на холад, цвітуць і сваёй прыгажосцю радуюць усіх, хто праходзіць каля іх. Вы мая кветачка, самая, самая прыгожая!
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая Алеся! Прабачце мяне, што я зноў турбую Вас. Але я не магу не напісаць Вам, бо мінулай ноччу я амаль не спаў. У Вашай кватэры ўсю ноч іграла музыка і чуліся галасы незнаёмых хлопцаў. Мне не хочацца нават думаць пра тое, што Вы былі разам з імі.
        
         Вас у маім жыцці, на жаль, няма,
         Дзе вы маглі быць, там жыве зіма,
         А вас няма –
         Прыгожай, маладой, як першацвет,
         Самотнай, нібы ў сонечнай царкве
         Матыль, які жыве,
         Не знаючы, што на дварэ зіма,
         Дзе вас, як і ў маім жыцці, няма,
         Бо, дзе маглі б вы быць, – зіма
         І вечны сум, як неба над зямлёй,
         Дзе вас ніколі не назваць маёй...
        
        Яшчэ раз прашу прабачэння, што лезу ў Ваша жыццё.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая Алеся, вітаю Вас! Мінула два тыдні, калі апошні раз я пісаў Вам. Бачыў Вашага сябра. Мне ён не спадабаўся. Як Вы можаце сустракацца з такім «героем»?! Ну купіў ён Вам кватэру, дык няўжо разам з кватэрай ён мог купіць Вас?.. Хаця навошта я Вам пра гэта пішу? Вы ўжо даўно дарослая, і Вы самі вырашаеце, як Вам жыць і каго любіць. Хто я для Вас? Сусед, і не больш. Ну закахаўся. І што з таго? Колькі яшчэ ў Вашым жыцці будзе такіх закаханых!
        
         Што вам вершы мае, дарагая...
         Вам ад іх не лягчэй у жыцці,
         Дзе лістота цяпер залатая,
         Вам па ёй, як па прыску, ісці
         І не бачыць нябёс над сабою,
         Як не бачу я вас прад сабой.
        
         Як стралой, я працяты журбою,
         І ўся кроў мая стала журбой,
         Над якой не анёлы, а вершы
         Адзінока крыляюць, каб я
         У каханне вялікае верыў
         І шаптаў, як малітву: «Мая...»
         Ды маёй Вам не стаць аніколі.
        
         Паміж намі гады, як пажар,
         Паміж намі жыццё, нібы поле,
         Над якім, быццам божы ліхтар,
         Адзінокая поўня...
        
        Прабачце за турботы. Больш не буду пісаць. Бывайце...
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Добры вечар, мілая Алеся! Сёння раніцай я прачнуўся ад тэлефоннага званка. Падняў трубку, а там маўчанне. Мне чамусьці падумалася, што гэта Вы званілі мне. Прызнайцеся, што гэта Вы?
        
         Вы пазванілі, нібы дождж прайшоў
         У дзень спякотны на зямлю сухую
         І ажывіў далечу нежывую,
         Самотную, як нашая любоў
         Да дзён мінулых, дзе я з вамі быў,
         Нібы вада з агнём, агонь з вадою,
         Ды ўсё прайшло і стала ўсё травою,
         І над травой туман, як вечнасць, плыў,
         І мы знікалі назаўсёды ў ім,
         Нібы вада ў сухім пяску знікае,
         Нібы агонь, што на вятры згасае
         І ў сэрцах застаецца назусім...
        
         Вы пазванілі, нібы дождж прайшоў,
         Трывогі змыў, пакінуўшы самоту,
         Дзе я праз далеч, быццам бы з­пад лёду,
         Не ўспеў сказаць вам пра сваю любоў...
        
        Прызнайцеся, што Вы званілі мне!
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Гэта зноў я – Ваш закаханы сусед. Сёння бачыў Вас адну на праспекце Незалежнасці. Доўга ішоў следам за Вамі, але так і не адважыўся дагнаць Вас і прапанаваць разам схадзіць у якую-небудзь кавярню павячэраць...
        
         Магчыма, лепшыя мае гады прайшлі,
         Нібыта яблыні вясною, адцвілі
         І светла белымі пялёсткамі пад ногі
         Апалі, нібы снег, засыпалі дарогі,
         Якія ўжо да вас не прывядуць ніколі,
         Дзе неба ў зорках, нібы залатое поле,
         Якое з кожным днём усё вышэй, далей,
         Але, як вы, усё жаданей і мілей,
         Як і былое, што травою зарастае...
        
         Бывай, каханая, мяне зіма чакае,
         І я ўжо вам нічога больш не напішу,
         Як больш нікому не адкрыю я душу,
         Дзе вобраз ваш, нібы святы агонь, нашу...
        
        Мне сумна без Вас...
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Вітаю Вас, маё сонейка! На выхадныя адзін быў на лецішчы ў Вязынцы. Як хораша было наўкола і як было ў мяне пагана на душы! Вы не ўяўляеце. Пад клёнам, які вельмі люблю, я напісаў вось гэты верш.
        
         У вершах – агонь, адзінота,
         Як у вінаградзе – віно,
         Як мёд верасковы – у сотах,
         Дзе соты – у вечнасць вакно.
        
         І ты па-над вершамі плачаш,
         Нібы над магілай, дзе я
         Ужо анічога не значу,
         Хоць гэта магіла мая...
        
        Не ведаю, чаму так напісалася, але паверце, што гэта ад душы і для Вас. Прабачце за турбаванне.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Сонейка! Як мне хочацца пазваніць Вам! Але я цярплю, бо баюся натрапіць на Вашага сябра, які апошнім часам усё часцей прыходзіць да Вас.
        
         Успомніць раптам мне ваш нумар тэлефонны,
         Як вуліцу не пераходзіць на зялёны
         І не званіць, бо што казаць, нібы ісці
         Туды, дзе пыл ляжыць на залатым лісці.
        
         Спаліць блакноты, тэлефонаў нумары,
         Нібы вярнуцца ў свет, што, як і я, стары,
         І піць віно, як сонечныя ночы піць,
         Каб нумары ўсе тэлефонныя забыць
         І не званіць вам, бо чаго да вас званіць,
         Як вуліцу зноў пераходзіць на чырвоны.
        
         Але ўсё ж помню я ваш нумар тэлефонны,
         І пройдзе час, і я вам, пэўна, пазваню
         І разаб’ю ў кватэры вашай цішыню,
         Нібыта лёд, які нас раздзяляе сёння,
         І мо ў размове, бы ў вадзе, наш сум патоне.
        
         А сёння я стараюся забыць пра вас
         І той начны, як белы вецер, белы вальс,
         Які мне часта сніцца і які, магчыма, быў,
         Як вы і я, якіх наш Бог забыў...
        
        Гэта ўсё мае фантазіі. Адно сапраўднае – маё каханне да Вас. Бывайце...
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Каханая, вітаю Вас! Хутка восень. Я люблю восень, бо яна падобная на Вас. Яна светлая, як Вы... Яна прыгожая, як Вы... Яна самотная, як Вы...
        
         Сцюдзёнае паветра, як вада,
         Змывае лісце з дрэў, нібы пясок
         З пагоркаў залатых, з якіх відаць
         Жыцця асеннія святло і змрок,
         Нібы ад вогнішча святло і дым,
         Каля якога прыпыніўся час,
         Які для нас не будзе залатым,
         Бо залатое сёння не для нас.
        
         Мы любім серабро густой расы,
         Якую плавяць ночы з туманоў,
         Дзе травы, як русалак валасы,
         Дзе зоркі, як разбітая любоў
         Да золата, што восень нам нясе,
         Каб мы ў жыцці, нібы святло ў расе,
         Былі пад небам, дзе агонь і дым,
         Сцюдзёнае паветра, нібы снег,
         Як на руках, на лісці залатым
         У вечнасці на залацістым дне...
        
        Прабачце, што зноў засыпаю Вас сваімі лістамі.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая Алеся! Думаю толькі пра Вас... І не магу не думаць, бо сёння мне давялося пачуць праз сценку, як Ваш сябар крычаў на Вас. Як Вы можаце цярпець такога хама! Я хацеў выклікаць міліцыю і ўсё ж вырашыў не ўмешвацца ў Ваша жыццё. Але... Няўжо цяпер хамскія адносіны хлопца да дзяўчыны – гэта каханне? Не, гэта проста хамства! Вы не павінны яго цярпець! Няўжо Вам няма куды пайсці ад яго?
        
         Зноў вечар, як вечнасць, як вецер,
         І свечка стухае, як зорка,
         І зорка, як свечка, мой вечар
         Асвечвае, дзе мне зноў горка,
         Бо вечнасць, як вечар, як вецер,
         І мне
         не сустрэцца з табою,
         Бо ты засталася ў тым леце,
         Дзе вецер ляцеў над травою,
         Як вечнасць, дзе нам не сустрэцца,
         Згубіцца, як сцежкам у лесе,
         У часе, што, як вада ў рэчцы,
         Цячэ і спіць холадна ў снезе,
         Які заўтра стане вадою,
         Каб вечар, як вечнасць, як вецер,
         Успомніўся раптам з табою,
         Бо ты засталася ў тым леце...
        
        Прабачце, што турбую Вас і лезу ў Вашы адносіны з Вашым сябрам...
        Сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Мілая мая дзяўчынка! Прабачце, што турбую Вас. Бачыў Вас з падбітым вокам. Жах! І Вы не ўцяклі ад гэтага нягодніка? Навошта яго трываеце? Ён Вас кахае? Смешна ўсё гэта! А за што Вы яго кахаеце? За тое, што ён Вас абражае і б’ецца? Каб Вы ведалі, як мне балюча адчуваць сябе чалавекам, які не абараніў Вас.
        
         Агонь гучыць і ў цемнаце знікае,
         Нібыта ружы чорным снегам замятае
         Зіма, дзе нам з табой ніколі ўжо не быць.
        
         І я іду і ў цемнаце, як крык, знікаю
         І, як дарогу да святла, цябе шукаю
         І не знаходжу, не ўцякаю ад журбы.
        
         Агонь гучыць, але ніхто яго не чуе,
         Ён ува мне мяне ад цішыні ратуе,
         Нібы ў сухмень ратуе ціхі дождж траву.
        
         І я вяртаюся туды, дзе ў снезе ружы,
         Дзе позірк твой халодны, нібы сёння сцюжа,
         Дзе я адзін, як след твой на зямлі, жыву...
        
        Прабачце за ўсё.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мая чароўная Алеся, вітаю Вас. Сёння Вас бачыў, як ніколі, у добрым настроі. Спадзяюся, што Ваш сябар нарэшце папрасіў у Вас прабачэння... Калі Вы шчаслівая, тады і я шчаслівы. Вы па-ранейшаму не звяртаеце на мяне ніякай увагі! А я думаю толькі пра Вас! І пішу вершы...
        
         Я ў зялёных вачах застаюся тваіх
         Зноў на цэлую вечнасць, зноў толькі на міг,
         На які нам сустрэцца сягоння з табою,
         Як у спёку дажджу з маладою травою,
         Што на сцежцы між намі самотна расце,
         Быццам верш мой самотны на белым лісце
         Уначы, дзе адзін я, нібыта мой верш,
         У якім ты, нібы ў райскім садзе, жывеш
         І не знаеш пра гэта, бо побач вясна
         І між намі гады, як з туману сцяна.
         Але сёння сустрэцца нам дадзена Богам,
         Быццам прозвішчам нашым, што пад некралогам
         Зямнога кахання, якое памерла...
        
        Каханне маё не памерла! І ніколі не памрэ! Вы не верыце? Як хочаце...
        Ваш сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Добры вечар! Каб Вы ведалі, як мне сумна! На вуліцы яшчэ жнівень, а мне здаецца, што прыйшла зіма. І не проста зіма, а тая зіма, калі мне было дванаццаць гадоў і я быў закаханы ў Снягурачку, якую ўбачыў па тэлевізары. Вы ж памятаеце, чым казка пра Снягурачку канчаецца? Ну дык вось, пасля фільма я пайшоў у зімовы лес шукаць яе, каб прапанаваць ёй сваё сяброўства. Па дарозе прыдумаў верш пра каханне. Выбраўшы самую прыгожую паляну, я пачаў прасіць Снягурачку выйсці да мяне. Доўга прасіў і, калі вырашыў, што Снягурачка баіцца, на развітанне напісаў на снезе свой верш і сказаў: «Калі ты згодная сябраваць са мной, то дай адказ...» Ноччу амаль не спаў. Усё думаў пра Снягурачку, і калі развіднела, апрануўшыся ў бацькаў кажух і валёнкі, пабег у лес. На паляне ніякага адказу ад Снягурачкі на маю прапанову сябраваць я не знайшоў. Не было на снезе і майго верша. І я паверыў, што Снягурачка прыходзіла на паляну і забрала сабе на памяць мой твор. А раз яна мой верш забрала, дык у мяне ёсць спадзяванне, што ўсё ж некалі мы сустрэнемся і пасябруем на ўсё жыццё... Алеся, можа, гэта Вы тая Снягурачка, якую я нарэшце знайшоў?
        
         Навокал снег, нібы самотнае святло
         Таго, што ўжо даўным­даўно, як дзень, прайшло
         І ў невядомасці прапала незямной,
         Самотнай, як нябёсы ўночы нада мной,
         Дзе зоркі, як вуголле ў прысаку, гараць,
         І сумна мне, і нельга сёння сумаваць,
         Бо снег навокал, як анёльскае святло,
         Што на зямлю, каб мне святлей было, сышло
         І сыдзе, як вясной сыходзіць снег з зямлі,
         Дзе мы з табой, як лісце ў дуба на галлі,
         Трымаемся, чакаючы канца зімы,
         Каб вымавіць услых, што недарэмна мы
         Жылі сярод снягоў...
        
        Сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Дзень добры, Алеся! Сёння амаль не спаў. У гадзіну ночы мяне разбудзіла навальніца, і я да самай раніцы думаў пра Вас і пісаў вершы. Пісаў вершы і перачытваў лісты, якія напісаў Вам, але па сённяшні дзень так і не паслаў. У школе я быў закаханы ў аднакласніцу Зою і, замест таго каб прызнацца ёй у сваім каханні, пачаў пісаць лісты. Зоя лісты атрымоўвала, але мне на іх не адказвала і нават выгляду не падавала, што я ёй пішу. Не ведаю, колькі б яшчэ я пісаў Зоі, калі б на адной са школьных вечарын не пачуў са сцэны верш, у якім былі радкі пра тое, што ў хлопцаў губы не толькі для таго, каб заклейваць імі канверты з лістамі, а ў першую чаргу, каб цалаваць дзяўчат. Пачуўшы гэта ў прысутнасці Зоі, я надоўга перастаў пісаць лісты...
        
         ...І гром загрымеў, быццам трэснула неба,
         І дождж несусветны праліўся, як срэбра,
         На нашу з табою, як вечнасць, зямлю.
        
         Я дождж несусветны, як мора, люблю
         І ў ім патанаю сцюдзёным душою,
         Як вецер у садзе знікае вясною,
         Калі сад квітнее, нібыта ўскіпае,
         Нібы белы сцяг над сабою ўздымае,
         Каб здацца дарэшты ідучаму лету...
        
         Кідаю ў ваду, як свой сум, цыгарэту,
         Бо гром загрымеў, быццам трэснула неба,
         І дождж несусветны праліўся, як срэбра,
         Якое ў аблоках анёлы хавалі
         І замкі з аблокаў сабе будавалі.
        
         Ды гром загрымеў, нібы рухнулі вежы,
         І дождж, нібы шкло, пазасыпаў нам сцежкі,
         Каб нам не вярнуцца ніколі ў той свет,
         Дзе ты мне сказала халоднае: «Нет...»
        
        Але ўсё ж я веру, што прыйдзе час і я Вам прызнаюся ў сваім каханні і не пачую халоднае «нет...». Да сустрэчы!
        Ваш Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Прывітанне, Алеся! Ці памятаеце нашу сённяшнюю сустрэчу на лесвічнай пляцоўцы? Хацеў загаварыць з Вамі, але так і не асмеліўся... Я нейкі зусім нясмелы! Дарэчы, прыехаўшы ў Мінск, я цэлы год жыў на кватэры ў сваёй цёткі. Па суседству жыла дзесяцікласніца Тамара. Час ад часу, ідучы на вучобу, я з ёй сустракаўся на лесвічнай пляцоўцы. Не ведаю, чым я спадабаўся, але аднойчы мае стрыечныя сёстры перадалі ад Тамары запіску, у якой яна прызнавалася мне ў каханні і прапаноўвала сустрэцца. Я ўжо збіраўся вечарам ісці на сустрэчу, але з працы прыйшла цётка і сказала: «Я ведаю, куды ты збіраешся! Калі ты пойдзеш сустракацца з Тамарай, можаш не вяртацца дамоў, бо я цябе выганю! Маці ў яе развадная, і яна сама цягаецца з салдатамі!..» І на сустрэчу з Тамарай я не пайшоў. Дзяўчына яшчэ доўга перадавала мне запіскі, пакуль я не перайшоў ад цёткі жыць у інтэрнат свайго тэхнікума...
        
         Вашы вочы, нібыта дзве ночы,
         У якіх пачалася вясна,
         У якой вашы чорныя вочы,
         Як дзве кроплі начнога віна,
         Ля якога крыляюць анёлы,
         Быццам бы матылі ля агню,
         Што ўначы, і самотны, і кволы,
         Напаўняе святлом цішыню,
         У якой мы спаткаліся з вамі,
         Як агонь, як вада, як віно,
         І стагоддзі – у нас за плячамі,
         Як туман, як вятры, як радно...
        
        Ваш сусед Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Зноў у мяне адчуванне, нібыта на вуліцы зіма... Суседка скардзілася, што ў Вас у мінулыя выхадныя ўсю ноч грымела музыка. Я сказаў, што ёй гэта, відаць, прыснілася. Праўда, мяне не было дома. Ездзіў на лецішча.
        Усю дарогу думаў – чаму не баюся быць шчырым з тымі, каго кахаю? Можа, каб атрымаць адмову? Пасля школы я зноў пачаў пісаць лісты Зоі. Яна, як і раней, не адказвала. І ўсё ж надзей на сяброўства не губляў і дачакаўся ліста, у якім Зоя пісала, што яна вучыцца ў тэхнікуме, дзе трэба шмат чарціць, і ведаючы, што я вучуся ў архітэктурна-будаўнічым, папрасіла дапамагчы ёй зрабіць курсавую. Здавалася б, вось той чаканы момант, калі магу сустрэцца з дзяўчынай, якую кахаю, але замест таго, каб сустрэцца, я адпісаў, што ўжо няма таго хлопчыка, які быў гатоў бегаць за ёй...
        
         Зноў канчаецца дзень, як віно,
         Без якога глядзець праз вакно
         Немагчыма на зжураны свет,
         Дзе ў цямноцці знікаюць дамы,
         Як у снезе завейнай зімы
         Адзіноты губляецца след.
        
         Я ў цямноцці святло запалю,
         Запалю, бы прамоўлю: «Люблю
         Гэты снег, гэту ноч, гэты свет,
         Што ў мяне і ў цябе за вакном,
         Быццам сумныя вершы з віном,
         Што каханай чытае паэт...»
        
        Я мару пра той час, калі буду ўслых чытаць Вам свае вершы... Ці збудуцца мае мары?
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая мая, чароўная Алеся! Прабачце, што так часта пішу Вам. Праўда, пішу часта, але яшчэ ніводнага ліста не адправіў, хоць і на пошту хадзіць не трэба, бо нашы паштовыя скрынкі побач...
        У васемнаццаць гадоў нечакана для сябе заўважыў, што сяброўка маёй сястры Света вельмі прыгожая дзяўчына. Вершаў ёй я не пісаў. Плёў з дзьмухаўцоў вяночкі. І вось пляту вяночкі, жартую, а дзяўчаты полюць грады. Наплёў вяночкаў шмат, і калі Света сабралася ісці дамоў, я ёй падарыў іх. Самы прыгожы нават надзеў Свеце на галаву. Як яна радавалася! А які я быў шчаслівы! І не ведаю, што было б далей, калі б вечарам я не пайшоў у клуб і па дарозе не натрапіў на свае вяночкі з дзьмухаўцоў, якія валяліся ў дарожным пыле...
        
         Ізноў мае лісты, як восеньскае лісце,
         Табе пад ногі падаюць з майго жыцця,
         Якое светлым, як вясна, было калісьці...
         Лістоў маіх не бачыш, як наўкол смяцця
         Не бачыш ты, бо сёння восеньскае лісце
         Ляціць, нібыта сонца нехта, як вакно,
         Разбіў і праз яго да нас зіма, глядзіш,
         Свае снягі, нібыта белае віно,
         Пралье – і белым­белым стане чорны крыж,
         Што ля дарогі, па якой хачу ісці,
         Як па сваіх лістах, па восеньскім лісці
         Ізноўку да цябе, нібыта ліст апошні,
         Ісці...
        
        Штосьці даўнавата Вас не бачыў. Дзе Вы?
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся! Вітаю Вас! Некалькі гадзін стаяў на балконе, чакаючы Вашага вяртання дамоў, але так і не дачакаўся. Дзе Вы прапалі? Можа, дзе заблудзіліся, як у маскоўскім метро заблудзіўся я, едучы на сустрэчу з дачкой намесніцы галоўнага рэдактара «Литературной газеты»? Магчыма, калі б я тады прыехаў своечасова, то сёння б не ведаў Вас і не пісаў бы Вам лісты з вершамі...
        
         Я вас адну люблю, я вас кахаю,
         Нібы віно атручанае п’ю,
         І што атруту п’ю – не знаю,
         Бо я кахаю вас, бо я – люблю
         І буду толькі вас адну любіць,
         Нібы віно атручанае піць,
         І верыць, што я вечны, бо мне з вамі,
         Пакуль нябёсы, як анёл, над намі,
         Так хочацца сустрэцца, каб сказаць:
         «Кахаю вас і буду век кахаць...»
        
        Гэта ўсё шчыра і ад усяго майго збалелага сэрца.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Радасць мая, Алеся! Учора купіў букет белых руж, каб падарыць Вам. На жаль, Вас не было дома, і я кветкі аддаў нашай суседцы цётцы Свеце. Яна мой букет узяла, але на мяне паглядзела, як на вар’ята. Мо і сапраўды я звар’яцеў? Пішу Вам лісты з вершамі, сачу за Вамі, думаю пра Вас... А мне ж не дваццаць два гады... Вы нечым падобная на Марыну, з якой мяне пазнаёміла стрыечная сястра. Марына працавала ў нейкай канторы, куды я не мог проста так зайсці, таму я званіў дзяўчыне, прапаноўваючы сустрэцца. Як ні пазваню, усё чую: «Я вельмі занятая. Перазвані заўтра...» Званю заўтра. «Сёння іду адведаць сваю бабулю...», «Сёння ў мяне галава баліць...», «Сёння стамілася...», «Сёння няма настрою...», «Сёння...». І я перастаў званіць Марыне... Вы ж не Марына?
        
         Неба чорнае, як адзінота,
         У якой патануў маладзік,
         У якім, як у бомбе, самота,
         Як у горле раздушаны крык.
        
         Ты ідзеш па лістоце апалай,
         Па чырвонай, нібы вугаллё,
         І, як кроў закіпелая, алай
         І счарнелай, як тое галлё,
         Ад якога зляцела лістота,
         Каб палётам сваім нагадаць,
         Што мінецца і гэта субота
         І не трэба яе шкадаваць...
        
        Так, субота праляцела, а за ёй і нядзеля... А Вас я ўжо не бачыў амаль два тыдні...
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Добры вечар, мая чароўная Алеся! Некалькі разоў набіраў нумар Вашага тэлефона, але ўсё безвынікова. Дзе Вы? Няўжо некуды пераехалі, як у свой час некуды з Барысава пераехала Люба і не паведаміла мне свайго новага адраса? Яна сама пісала вершы. І мы зрэдку сустракаліся на літаратурным аб’яднанні пры газеце «Чырвоная змена». Перапісваліся... І адчувалася, што мы вельмі блізкія духоўна...
        
         Як хочацца да вас мне дазваніцца,
         Нібы траве вясною праз асфальт прабіцца
         І ўбачыць неба, як раку, якая
         Вясной усё наўколле затапляе,
         І тоне ў ёй самота, і самота
         Зноў нараджаецца, нібы лістота
         На чорных дрэвах, як на папялішчах,
         Дзе весні вецер плача, зімні свішча...
        
         Як хочацца да вас мне дазваніцца,
         Нібы вады ў спякотны дзень напіцца
         І ўбачыць неба, як раку, якая
         У спёку, як жыццё з мяне, знікае
         І зарастае, як травой, самотай,
         Дзе промні сонца горкай пазалотай
         На тым, што назаўсёды прамінула...
        
        Маё каханне да Вас не прамінула! Яно са мной, як маё сэрца, у якім толькі Вы!
        Ваш Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая мая Алеся! Я зусім без Вас засумаваў! І дома, і на працы думаю толькі пра Вас. Што здарылася, бо столькі часу Вы не начуеце дома? Можа, Вам патрэбна якая дапамога? Адгукніцеся! Хаця чым я магу Вам дапамагчы? Вершамі? Можа, вы вершаў зусім не любіце, а я ўсё пішу іх для вас і пішу. Для чаго? Для каго? Я Вас не ведаю, як і Вы мяне не ведаеце, як я не ведаў у свой час Іру, у якую быў па вушы закаханы. Пісаў для яе вершы, пасылаў лісты. І раптам пры сустрэчы яна мне кажа: «Адчапіся ты, хлапец, ад мяне! Няўжо ты не бачыш, што я куру, выпіваю, часта дома не начую? Няўжо можна такую, як я, пакахаць? Адчапіся!» І я адчапіўся. А ці трэба было адчэплівацца?..
        
         Мне хочацца цябе пацалаваць,
         Нібы сваю душу табе аддаць
         Хаця б на міг, каб зразумела ты,
         Што гэты свет мне без цябе пусты
         І я ўжо не магу ў ім болей жыць
         Адзін, нібы распяты на крыжы,
         Забыты ўсімі і табой забыты.
        
         Мне кожны дзень, што без цябе пражыты,
         Самотна-шэры, як турмы сцяна.
         Ты ж светлая, як божая вясна,
         Дзе мы з табой сустрэліся, каб жыць,
         Каб кожным днём пражытым даражыць,
         Нібы апошнім прад расстаннем днём,
         Нібы ў зіму счарнелую – агнём,
         Нібы ў пустыні – кропелькай вады,
         Дзе у адно з’яднаны я і ты...
        Ваш Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Вітаю Вас, мая адзіная! Думаў пра Вас, пісаў пра Вас. Цяпер сумую без Вас... І, думаючы пра вас, успомніў Аксану, якой я таксама пісаў лісты, а яна на іх нічога не адказвала. Пісаў доўга, і раптам мы выпадкова сустрэліся на праспекце, і яна, сказаўшы, што нікога ў яе дома няма, запрасіла мяне ў госці. І я пайшоў. Аксана была вясёлая. Нарыхтавала закусак, паставіла пляшку гарэлкі. Мы доўга сядзелі ўдваіх на кухні. Я чытаў ёй вершы пра каханне. Аксана пыталася: «Для каго гэта так прыгожа напісаў?» – «Для цябе...» – «Не веру...» – «Можаш не верыць, але гэта ўсё для цябе...» Кончылася наша сустрэча тым, што я выпіў пляшку гарэлкі і, зайшоўшы ў адзін з пакояў Аксаны, замкнуўся і лёг спаць. Раніцай, не развітваючыся, назаўсёды сышоў у сваё сумнае, адзінокае жыццё...
        
         ...І ўсё ж навошта я сустрэўся з вамі
         Пад небам веснавым, нібыта ў Храме,
         З якога выйсці не магу без вас.
         Не дождж ідзе, а мной пражыты час
         Без вас у гэтым свеце, дзе дажджы,
         Нібыта крык самотнае душы,
         Што хоча адзінокага спакою,
         Як сонца залатога над сабою
         Пад небам веснавым, дзе, нібы ў Храме,
         Нібы з анёлам, я сустрэўся з вамі
         І ўжо без вас далёкае знікаю,
         Нібыта пыл знікае ў час дажджу.
         І як мне жыць далей без вас – не знаю,
         А буду знаць – нікому не скажу!
        
        Нікому не скажу!!!
        Ваш Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Мілая мая, каханая мая Алеся! Каб Вы ведалі, як мне сумна без Вас! Учора бачыў Вас, калі Вы выходзілі з пад’езда. І Ваш выхад на вуліцу быў для мяне як усход сонца познім вераснёўскім ранкам. Я доўга не быў жанаты. Для мяне гэта не было трагедыяй, але мне хацелася мець сям’ю, і я ў трыццаць гадоў пачаў згаджацца на сяброўскія прапановы ажаніць мяне. З кім мяне толькі не знаёмілі! Нават адзін са знаёмых паэтаў прапанаваў пазнаёміць мяне са сваёй сястрой. Я згадзіўся. Прыйшоў да сябра ў госці. Сяджу, хвалююся, чакаю, калі прыйдзе мая будучая нявеста. А яна ўсё спазнялася з працы. Прыйшла... у форме малодшага сяржанта міліцыі. А можа, трэба было і закахацца? Ды не! Сэрцу не загадаеш!..
        
         А час, нібы агонь, даўно ўжо спапяліў
         Між нас прыгожыя нявечныя масты,
         І я, як тое, што мінула, на зямлі
         Адзін, і адзінокая, як радасць, ты.
        
         І чайкі, нібы попел белы, на вадзе
         Між нас па хвалях ціха ў новы дзень плывуць.
         І час агнём па травах праз душу ідзе,
         Крыжамі ўсходзіць на касцёл і на царкву.
        
         І толькі ўжо малітвамі сустрэцца нам
         Пад небам, дзе між намі спалены масты,
         І ў небе дым плыве ад іх, як белы Храм,
         Дзе поўня, нібы купал залаты...
        
        Мне сумна без вас...
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Радасць мая, Алесенька! Як цудоўна, што Вы ёсць! Калі б не Вы, можа, даўно б не было мяне на свеце. Дзякуючы Вам я жыву і радуюся жыццю і яно мае сэнс, бо я кахаю Вас. І няхай ніколі я ад Вас не дачакаюся ўзаемнасці, для мяне галоўнае – на свеце ёсць Вы.
        
         З вачэй я тваіх адзіноту,
         Як кропелькі горкага мёду,
         Хачу пацалункам сабраць,
         Каб разам з табой сумаваць,
         Як пчолы сумуюць па кветках,
         Калі адквітнелася лета
         І сонцам калінавым рэдка
         Раса ўжо бывае сагрэтай,
         Як неба, якое над намі.
        
         Я плачу тваімі слязамі
         Па тым, што мінула, як лета,
         І больш не паўторыцца гэтак,
         Як хочацца мне, анічога,
         Але застанецца дарога
         Заўжды да цябе, як былое,
         Самотнае і залатое,
         Як кропелька горкага мёду,
         Што мае сваю асалоду...
        
        Да сустрэчы.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся, шчасце маё! Вітаю Вас! Учора жонка мая заўважыла кіпу лістоў, якія я напісаў Вам, але так і не паслаў. Была сварка, і я ледзьве ўтрымаўся, каб не сысці з дому. Але, відаць, гэта некалі адбудзецца, і я прыйду да Вас. Прымеце? Хаця не трэба мяне прымаць, бо ці першы гэта раз, калі я сыходжу з дома. Я пасля сваркі з жонкай заўсёды выбягаў на вуліцу і падоўгу хадзіў вакол свайго дома, чакаючы, пакуль мяне паклічуць. Мяне ніхто не клікаў, але мне было прыемна, што святло ў маёй кватэры гарыць, а гэта значыць, што жонка мая не спіць і таксама перажывае... І ўсё ж гэта было вельмі даўно. Цяпер мы рэдка сварымся, а тым больш што я, думаючы пра Вас, не звяртаю ўвагі на тое, як да мяне адносіцца мая жонка...
        
         Каханне нашае, нібы сляза на вейцы
         Анёла, што глядзіць задумліва на нас.
         Да нас жа з неба снег ляціць, нібыта льецца
         Даўно пражыты намі наш самотны час,
         Каб мы не забываліся, што ўсё не вечна
         У гэтым свеце, у якім, як дзеці, мы
         Бяжым па першым снезе,
         як па Шляху Млечным,
         Бяжым, нібыта ў вечнасць, у святло зімы,
         Дзе нас усё ж сагрэе нашае каханне,
         А не слязой пад ногі холадна ўпадзе
         І разаб’ецца, як сусвет, і цёмна стане,
         І ў цемнаце патонем мы, нібы ў вадзе
         Патопу, што на нашае зямлі пачнецца
         Ізноў, каб потым зноў пачаўся новы час,
         Дзе будзе белы свет, нібы сляза на вейцы
         Анёла нашага, але – ужо без нас...
        
        Чакаю сустрэчы з Вамі.
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        «Алеся, вітаю! Не ведаю, як мне далей жыць без Вас! Але я добра разумею, што
        
         Ніколі, ніколі, ніколі
         Нам разам з табою не быць,
         Як снег, які выпаў на поле,
         Маёй не асвеціць журбы
         У горадзе шэрым, як неба,
         З якога ляціць гэты снег,
         Які толькі мне, можа, й трэба,
         Але ён мяне абміне,
         Бо нам не сустрэцца ніколі,
         Між намі, як поле, жыццё,
         Дзе снег, які выпаў на поле,
         Як з нашага шчасця лісцё...
        
        Я ўсё разумею, але маё сэрца не хоча слухацца мяне, і таму я ўсё мацней і мацней кахаю Вас! Я Вас кахаю! Я Вас кахаю!! Я Вас кахаю!!!
        Міхась».
        
        
......................................................................................................................................................................................

        
        ...І раптам залаты кляновы ліст упаў мне прама на руку, у якой я трымаю лісты, не адпраўленыя каханай. А куды ўжо іх адпраўляць? Няма куды. У кватэры за сценкай, дзе нядаўна жыла мая чароўная Алеся, цяпер жыве жанчына гадоў сарака. Кожны раз пры сустрэчы яна міла вітаецца са мной і пытаецца пра здароўе. Я ёй дзякую за ўвагу да мяне і таксама цікаўлюся, як яна пажывае. І больш ніякіх размоў...
        – Дзед! Навошта ты паліш лісты? – чуецца голас маёй унучкі Алесі, і я ўжо бачу, як мае лісты, не адпраўленыя каханай, гараць у вогнішчы разам з залатым кляновым лісцем...


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.